“Заслугоўвае быць прынцам жывапісу...”

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

Беларускія і французскія “цаглінкі” Міхаіла Кікоіна

/i/content/pi/cult/311/5399/15-2.jpg

 Міхаіл Кікоін - яшчэ адзін яркі прадстаўнік той часткі шматаблічнай, разнамаснай мастацкай эміграцыі, якая ў першай чвэрці ХХ ст. склала так званую Парыжскую школу. У фундамент яе паклалі свае "залатыя цаглінкі" найноўшай выяўленчай культуры Еўропы выхадцы з Беларусі. Жыццё кожнага з "рускіх парыжан", як іх называлі ў Францыі, перапоўнена дзіўнымі міфамі і неправеранымі "фактамі", якіх ніколі не было, ды проста выдумкамі мастацтвазнаўцаў, што перапісвалі адно ў аднаго найбольш "маляўнічыя" месцы з біяграфій творцаў. Самае цікавае, што чым буйнейшы, мацнейшы, маштабнейшы мастак, тым больш пра яго складваецца міфаў і легенд. Словам, с'est la vie...

"Міф" пра Кікоіна пачынаецца адразу з вызначэння месца яго нараджэння. Большасць даследчыкаў указваюць на Гомель - тагачасны горад Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі; іншыя, іх колькасць не меншая за першую групу,- на Рэчыцу (тады - мяжа Мінскай і Магілёўскай губерняў). Ёсць і трэцяя версія - гарадок Рэжыца Віцебскай губерні (цяпер г. Рэзэкнэ, Латвія). Але гэта - наўрад ці. Іншая справа, што ў Рэжыцу магла пераехаць сям'я Кікоінаў, але ўжо пасля нараджэння сына. Тата Міхаіла служыў у банку, дзе спецыялізаваўся на выдачы доўгатэрміновых пазык пад залог нерухомасці, г. зн. займаўся іпатэкай, і, магчыма, яму даводзілася па доўгу службы змяняць месца работы і пражывання. Канешне, практычна ўсе бацькі марылі, каб спадкаемец пайшоў па іх слядах і прадоўжыў, так бы мовіць, "дынастычную" лінію продкаў. І таму старшы Кікоін уладкаваў сына Міхаіла - куды, як вы лічыце? Правільна: у камерцыйную школу.

Але - вось незадача! Хлопчык вельмі любіў рысаваць, і ўсе сшыткі размалёўваў рысункамі, а ў "камерцыйных" навуках быў поўны прафан. Яго настаўнік гэта ўсё зразумеў і, відаць, угаварыў старэйшага Кікоіна ў 1907 годзе адправіць Мішу ў Мінск - у прыватную Рысавальную школу Якава Кругера, выхаванца парыжскай Акадэміі Р.Жульена і Санкт-Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Падрабязнасцей такой метамарфозы не ведаю: чаму, напрыклад, у Мінск, а не ў бліжэйшы ад Рэжыцы Віцебск, дзе ўжо тады цягам некалькіх гадоў паспяхова працавала не менш вядомая на тэрыторыі Беларусі школа-майстэрня Юрыя Пэна? Праўда, існуе версія, што ў 1904-м сям'я Кікоінаў пераехала з Рэжыцы ў Мінск. Магчыма... Так ці інакш, у Мінску 15-гадовы Міхаіл пазнаёміўся са сваім равеснікам Хаімам Суціным, і гэтае знаёмства перарасло ў сяброўства на два дзясяткі гадоў. Шмат пазней, у 30-я, яны сустракаліся вельмі мала: кожны ішоў у мастацтве сваёй каляінай і ў кожнага былі свае клопаты, свае непрыемнасці і свае радасці, новыя планы і новыя сябры...

 Але гэта было потым. А пакуль кожны дзень Кікоін і Суцін наведвалі школу Кругера, якая з 1906 года працавала на вуліцы Петрапаўлаўскай (цяпер - вугал пр. Незалежнасці і вуліцы Энгельса). Праз гады Кругер пісаў: "У маю школу прыходзілі - за многія кіламетры, пешкі, з мястэчак і вёсак - басаногія падлеткі з гарачым жаданнем развіваць свае здольнасці". "З гарачым жаданнем" стаць мастаком апынуўся тут і наш герой. Разам з Суціным рысаваў натуру, гіпсавыя злепкі, вывучаў перспектыву і святлацені, будаваў кампазіцыю, слухаў лекцыі па гісторыі мастацтва... Мінск таго часу быў ужо ў сэнсе культуры далёка не правінцыйны горад: працавалі Мастацкапрамысловы музей, археалагічна-этнаграфічны музей, дзейнічала Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, шумела мастацка-літаратурнае кафэ "Селест" на Захар'еўскай. Так што атмасфера горада ў нейкай меры спрыяла духоўнаму станаўленню ўчарашніх правінцыялаў. Але што прымусіла хлопцаў з'ехаць у Вільню, дакладна невядома. Простае жаданне прадоўжыць удасканаленне свайго майстэрства? Ці натуральнае імкненне змяніць ціхае становішча губернскага горада на былую сталіцу ВКЛ, якая ў пачатку ХХ ст. мела вельмі высокі "рэйтынг" у мастацкай прасторы Імперыі? Так ці інакш, пры матэрыяльнай падрымцы аднаго "спонсара" (вось ён, той "зручны момант"!) абодва яны, Кікоін і Суцін, з'ехалі ў Вільню, дзе сапраўды, у адрозненне ад спакойнага Мінска, віравала насычанае мастацкае жыццё і квітнела цудоўная Рысавальная школа знакамітага Івана Трутнева.

Тут да 1912-га і правучыўся Міхаіл Кікоін з Суціным. Тут абодва яны сустрэлі і яшчэ аднаго зямляка, з мястэчка Жалудок, - Пінхуса (Паўла) Крэменя і таксама пасябравалі з ім на доўгія гады. Павінен сказаць, што з гэтай унікальнай школы Трутнева ў розныя часы выйшлі многія бліскучыя дзеячы мастацтва чатырох народаў, якія ўнеслі потым значны ўклад у беларускую, польскую, літоўскую, рускую выяўленчую культуру. Ды і ў французскую - таксама. Будучыя "парыжане" Суцін, Кікоін і Крэмень за тры гады навучання атрымалі тут у рэаліста Трутнева, выхаванца пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, даволі моцную акадэмічную падрыхтаванасць. Акрамя таго, іншы педагог, Іван Рыбакоў, быў заўзяты прыхільнік найноўшага французскага жывапісу, і перш за ўсё - імпрэсіянізму і Сезана. Думаю, што менавіта гэта больш за ўсё прыцягвала юных сяброў. Словам, перад тым, як ірвануць у Парыж, яны былі зусім не правінцыйнымі няўмекамі, а ўжо мелі за плячыма відавочны вопыт валодання пэндзлем і алоўкам.

Завяршыўшы навучанне, тры таварышы рознымі шляхамі, амаль адначасова (Крэмень - трохі раней), летам 1913 года апынуліся на Манпарнаскім вакзале сталіцы еўрапейскай культуры - Парыжы. Зямля, якая іх нарадзіла, для гэтых мастакоў назаўсёды засталася толькі, мабыць, у рэдкіх успамінах, а не ў востранастальгічных, як у Марка Шагала і Надзеі ХадасевічЛежэ, фарбах...

 Першыя парыжскія месяцы ў сэнсе ўпарадкавання побыту былі ў Кікоіна, урэшце, як у большасці эмігрантаў з Усходу, сапраўды цяжкаватыя. Хаця я чуў, што тут, у Парыжы, даўно пражываў ягоны стрыечны брат, які дапамог першым часам. Ну, а потым у вечнага аптыміста і жыццялюба Міхаіла Кікоіна ўсё пайшло сваім парадкам: спачатку - жыццё ў майстэрнях скульптара Жана-Аляксандра Фальгіера - "СітэФальгіер", потым у легендарным "Вуллі" (La Ruche)- інтэрнацыянальным інтэрнаце-калоніі маладых мастакоў у пасажы Данцыг на Манпарнасе, дзе Кікоін пражыў больш за ўсіх мастакоў-"вуллеўцаў"- амаль 15 гадоў (!); знаёмства з землякамі Цадкіным, Шагалам, Мешчанінавым, Ліпшыцам, а таксама з Мадзільяні, Архіпенкам, Рыверай, Фужытам, Кіслінгам, Паскіным, Лежэ, Пікаса, Мацісам, Бракам, Марэўнай; наведванне так званай Акадэміі Фернана Кармона і Акадэміі Дэ ля Гранд Шам'ер. Канешне ж, Міхаіл (у Парыжы ён стаў Мішэлем) удзельнічаў у мастацкіх выстаўках Асенняга салона і Салона Незалежных, не прапускаў мастакоўскія і літаратурныя кампаніі, якія "засядалі" за бакалам віна ці кубачкам кавы ў кафэ "Ратонда" або "Дом", дзе горача абмяркоўваліся шляхі новага мастацтва.

А калі даводзілася цяжка, каб зарабіць на харчаванне, Кікоін мог займацца фотарэтушшу, распісваць шыльды і, напрыклад, ілюстраваць папулярны ў літаратурна-мастацкім асяродку Парыжа часопіс "Махмадзім". Хаця ў тыя "блаславёныя", але галодныя і халодныя часы, калі пра славу і прызнанне можна было толькі марыць, практычна ўсе мастакі, за вельмі рэдкім выключэннем, не адмаўляліся ад дробнай заказной "халтуры" або любой іншай "чорнай" работы, далёкай ад творчасці...

Калі пачалася Першая сусветная вайна, Кікоін, як і Суцін, і Мадзільяні, пайшоў на ваенны зборны пункт, каб запісацца дабравольцам у французскую армію і трапіць на фронт, але яго не ўзялі з-за хваробы. Якраз у гэты час, восенню 1914 года, ён узяў шлюб са сваёй зямлячкай - Розай Бунімовіч. Неўзабаве нарадзілася дачка Клэр, а праз пяць гадоў, у 1920-м, - сын Жак, будучы геолаг і мастак. Так што няпраўда, як многія пішуць, што Кікоін, маўляў, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Ягоны ўдзел абмежаваўся тым, што ён пару тыдняў капаў траншэі і маляваў ваенныя напаўразбураныя ўмацаванні ў Ісі-ле-Муліно, а потым, калі яшчэ ішла вайна, у 1917-м, з'ехаў разам з Суціным у гарадок Сэрэ, каб натхнёна пісаць там казачныя сонечныя пейзажы. Забягаючы наперад, скажу, што таксама няпраўда і тое, як пішуць "знаўцы", што мастак разам з сям'ёй пад час Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў фашысцкім канцлагеры і быў як быццам вызвалены саюзнікамі. Не: амаль усю вайну ён хаваўся ад нацыстаў у Тулузе - горадзе, які быў фашыстамі не заняты.

Дзякуючы Мадзільяні, з якім Кікоін нейкі час здымаў пакой і маляваў пейзажы ў Кламары, пазнаёміўся з маршанам Жоржам Шэронам, уладальнікам прыватнай галерэі на бульвары Мальзеро, 43, і хутка заключыў з ім кантракт - рэдкая ўдача для маладога мастака-чужаземца, які не меў яшчэ ніякай мастакоўскай рэпутацыі. Гэты маршан быў вялікі скупянда, плаціў мастакам капейкі (напрыклад, за карціну Модзі даваў ад 10 да 50 франкаў!). Але і гэта былі грошы. Затое сваю першую персанальную выстаўку Кікоін правёў- і даволі паспяхова - менавіта ў Шэрона, у ягонай галерэі ў 1919-м. Праз пяць гадоў Кікоін нарэшце атрымлівае французскае грамадзянства. У тыя часы ягоныя работы ўжо паспяхова прадаюцца ў галерэях і салонах. Ашчадзіўшы грошы, ён набывае вясковую "фазенду" ў Бургундыі ў раёне Анэ-сюр-Сэрэ, куды будзе ездзіць на працягу доўгіх гадоў. Хутка пасяляецца на вуліцы Жанцыі, у Манружы, пад Парыжам. У 1928-м тры палотны Мішэля Кікоіна ("Пейзаж", "Партрэт майго сына", "Галава мужчыны") былі прадстаўлены на Выстаўцы сучаснага французскага мастацтва ў Маскве, што мела ашаламляльны поспех у савецкага гледача, які ўпершыню пабачыў: у капіталістычным Захадзе- неблагое мастацтва, у тым ліку эмігранцкае./i/content/pi/cult/311/5399/15-1.jpg

 У 1933-м ужо вядомы майстар набывае шыкоўную майстэрню на Манпарнасе, на вуліцы Брэзэн,- сваю апошнюю ў жыцці. Да гэтага часу за яго плячыма ўжо былі персанальныя выстаўкі ў некаторых парыжскіх галерэях, а таксама ў Нью-Ёрку і Лондане. Усяго ж мастак правёў у Еўропе і ЗША больш за 30 персанальных выставак, на якіх экспанаваў галоўным чынам цудоўныя пейзажы, партрэты, нацюрморты, ню, радзей - жанравыя сцэны. Многія з іх потым апынуліся ў музеях ЗША, Японіі, Ізраіля, адзін партрэт трапіў у Маскву.

У пачатковы перыяд творчасці Кікоін знаходзіўся пад некаторым уплывам імпрэсіяністаў, асабліва - жывапісу К.Пісаро. Потым галоўнымі арыенцірамі сталіся Сезан, Ван Гог, Банар і трохі пазней - венецыянцы і Рэмбрант. Менавіта апошні, з яго "вечнымі" тэмамі зямнога быцця, простымі, на першы погляд, сюжэтамі, за якімі хаваліся моцныя чалавечыя страсці і- адначасова - ціхае свячэнне душы, аказаўся найбольш сугучны Кікоіну. Невыпадкова ў 20-я гады і пазней ён малюе аўтапартрэты ў "рэмбрантаўскім" ключы, дзе яго палітра - гэта глыбокія, гарачыя тоны, сярод якіх вылучаецца вінна-чырвоны, што выклікае асацыяцыі і з Рэмбрантам, і з венецыянцамі.

Наогул кажучы, кікоінскі "шлях да сябе" быў складаны, паколькі ў тыя гады парыжскае мастацкае жыццё было так нашпігавана рознымі кірункамі- ад кубізму да фавізму і шматлікага экспрэсіянізму,- што разабрацца "што ёсць добра і што - дрэнна" было складана. Кікоін, праўда, даволі хутка знаходзіць сябе: ён як бы структуруе імпрэсіяністычную жывапісную тканіну, пазбягаючы пры гэтым утрыроўкі, якая была ўласціва радыкальным "левым", і, у той жа час, захоўваючы свежасць жывога, лёгкага, "паветранага" адчування. Так сама ён паступіў і з экспрэсіяністычным уплывам свайго сябра Суціна, з якім часта працаваў на Лазурным беразе, хаця стаўленне да жыцця ў абодвух было рэзка розным: адзін бачыў драматызм сітуацыі і ішоў на надзвычайную дэфармацыю аб'ёмаў ды абвастрэнне колеравых канфліктаў, другі, з-за сваёй паэтычнай натуры, пераводзіў той жа матыў у танальнасць амаль процілеглую. Кікоін аддаваў перавагу парыжскім вуліцам, чырвоным чарапічным дахам, рытмам пірамідальных таполяў, вясковым краявідам Бургундыі, гарам Лазурнага берага, напоўненых энергетыкай, гульнёй блакітных і ліловых тонаў у сонечным ззянні...

Мастачка Марэўна ўзгадвае: "Кікоіна я запомніла чалавекам, што вечна ўсміхаецца або смяецца, такім жа нястрымным, як і ягоныя чароўныя творы, на якія, мне здаецца, у значнай меры паўплываў Ван Гог, але ў іх няма пакут душы і напружанай дэфармацыі моцных і надзвычайных форм Суціна". Інакш кажучы, Кікоін быў мастаком сапраўды вялікага лірычнага складу, які цаніў у рэальным жыцці спакой, сардэчнасць, добрае святло прастога чалавечага быцця, і ў гэтых адносінах у чымсьці быў падобны да шагалаўскіх уяўленняў аб навакольным свеце. Нездарма буйны французскі мастацкі крытык Вальдэмар Жорж у 1950 годзе напісаў: "Кікоін заслугоўвае быць узведзеным у ранг прынцаў жывапісу". А ён ведаў, што казаў...

За чатыры гады да смерці, у 1964-м, Кікоін атрымаў Першую прэмію Салона мастакоў за карціну "Любоў - крыніца жыцця", а адну з апошніх работ прысвяціў сябру - даўно памерламу Хаіму Суціну, быццам бы адчуваючы, што яны хутка сустрэнуцца... У канцы кастрычніка 1968-га, ва ўзросце 76 гадоў, Кікоін задумаў намаляваць партрэт сваёй любімай натуршчыцы Евы і вярнуўся дзеля гэтага з поўдня Францыі ў сваю парыжскую майстэрню, у дом № 7 па вуліцы Брэзэн. Тут 4 лістапада, проста ля мальберта, мастак і памёр ад інфаркту...  

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"