З нагоды ліста ў рэдакцыю

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

“Дыягназ” “зусім невядомаму”

 

Рэдакцыя "К" атрымала ліст ад Чытача. Менавіта так прадставіўся аўтар з Гомеля. Нягледзячы на ананімнасць, ліст падаўся нам цікавым у тым сэнсе, што, магчыма, не толькі Чытач такім чынам разважае пра некаторыя пытанні фарміравання іміджа Беларусі ў сусветнай культурнай прасторы і ўсведамлення значнасці здабыткаў выхадцаў з нашай зямлі ў гісторыі мастацтва.

Сутнасць ліста ў тым, што ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі вырашылі адкрыць Мемарыяльны пакой французскага мастака Міхаіла (Мішэля) Кікоіна, выхадца з Гомеля (паводле іншай версіі- з Рэчыцы), але быццам "зусім невядомага". І Чытача гэта вельмі збянтэжыла: як так? "За якія заслугі прапаноўваецца ўвекавечанне яго ў адным з вядучых музеяў Беларусі?"

Далей аўтар спрабуе паставіць мастаку такі "дыягназ": 1. У юным узросце эмігрыраваў у Францыю; 2. Усё жыццё прапрацаваў там; 3. Не стварыў у Беларусі "сур'ёзных" работ; 4. Не праводзіў тут сваіх выставак; 5. Не меў у Беларусі вучняў; 6. Не аказаў "хоць мінімальнага ўплыву на развіццё" нацыянальнага мастацтва: "абсалютная большасць беларусаў увогуле не бачыла яго карцін"; 7. Чаму Кікоін не прыехаў на радзіму ніводнага разу, а вось, маўляў, у Ізраіль завітваў тройчы і падарыў калекцыю сваіх карцін "не якомусьці з беларускіх музеяў, а- універсітэцкай галерэі ў Тэль-Авіве"? І робіць аўтар ліста выснову: няма ніякіх прычын адносіць замежнага мастака Кікоіна да беларускай выяўленчай культуры.

А хто ж яго адносіць да прасторы ўласна беларускай культуры? І што рабіць тады з Шагалам, які таксама ні разу не прыехаў пасля эміграцыі на радзіму, хаця ў 1973 г. наведваў і Маскву, і Ленінград? Ён таксама не падарыў Віцебску ніводнай сваёй карціны. А што з Суціным, другім вялікім мастаком- выхадцам з Беларусі, які па волі лёсу аказаўся на чужыне, як і яго сучаснікіземлякі О.Цадкін, А.Мешчанінаў, Н.Хадасевіч-Лежэ, Л.Бакст, Д.Стэлецкі, М.Башылаў і многія іншыя (глядзіце, каб назваць хаця б іх імёны, матэрыялы рубрыкі "Вяртанне імёнаў," цягам 2010- 2011 гг. надрукаваныя ў "К")?

Нават наш сучаснік, выдатны савецкі жывапісец Я.Маісеенка, ураджэнец Гомельшчыны, таксама не падарыў ні адной сваёй работы Бацькаўшчыне. Але гэта не перашкодзіла стварыць у Буда-Кашалёве цікавы музей, што носіць яго імя, таксама, як названая акалічнасць не зашкодзіла паўстанню Мемарыяльнага пакоя ў Доме дзіцячай творчасці ў Смілавічах, прысвечанага Х.Суціну і яго паплечнікам.

Дарэчы, літоўцы ўжо даўно праводзяць у сябе Міжнародныя пленэры Х.Суціна (а ён правучыўся ў Вільні, на той час, менш за тры гады); латышы ў Даўгаўпілсе (былы беларускі Дзвінск) стварылі Музей М.Роткі, які выехаў з нашай зямлі ў ЗША яшчэ да рэвалюцыі. Праўда, яны цудам набылі адну арыгінальную работу амерыканскага авангардыста. Цяпер гэты музей з'яўляецца цэнтрам прыцягнення замежных турыстаў, якія прыязджаюць у Латвію.

Хачу каторы раз нагадаць фразу Льва Гумілёва: "Беларусы, вы так шмат і шчодра раздалі чалавецтву. Калі ж вы, нарэшце, пачняце збіраць?".

Сёння мы - цывілізаваная еўрапейская дзяржава. І, перакананы, прыйшоў час вяртаць імёны і стаўленне да спадчыны забытых і напаўзабытых мастакоў (і не толькі мастакоў) на тую зямлю, якая іх нарадзіла.

 "Кікоін- радавы французскі мастак, які нічым прынцыпова не адрозніваецца ад мноства сучаснікаў. Галоўнае сцвярджэнне пра тое, што ён атрымаў вядомасць, абвяргаецца фактамі і не адпавядае рэчаіснасці". Гэтыя словы Чытача якраз і не адпавядаюць рэчаіснасці.

Не хочацца мне ўступаць у дыскусію з невядомым Чытачом, які чамусьці ўтойвае сваё імя, але ягонае адсыланне да савецкіх і англійскіх энцыклапедый, "якія не далі пра Кікоіна нават маленькай нататкі", а таксама падкрэсліванне сціплай ацэнкі яго твораў на аўкцыёнах - не пераконваюць. Ані.

 Дарэчы, яшчэ 30 гадоў таму востра абмяркоўвалася пытанне: ці трэба змяшчаць артыкул пра Шагала ў БСЭ? А што да аўкцыённых рыначных ацэнак карцін Кікоіна, дык яны, канешне, у параўнанні з моцна "раскручанымі" Ван Гогам, Суціным, Шагалам, Пікаса, Малевічам, Кандзінскім і да т. п., не параўнальныя. Самы высокі кошт работ Кікоіна на сённяшні дзень - больш за 80 тысяч еўра (палатно "Тая, што ляжыць", 73х115 см). А 20 гадоў таму аналагічная яго карціна каштавала 10- 20 тысяч еўра. Што ж будзе далей? Але, па вялікім рахунку, усе гэтыя рыначныя "аўкцыённыя метамарфозы" вельмі далёкія ад уласна мастацтва...

Дарэчы, нядаўна амерыканскія рабочыя г. Альбукерка (Нью-Ёрк) выкінулі на сметнік твор "мастацтва" - двухметровую кампазіцыю са шкловалакна, падобную на кактус. Аказваецца, яна каштавала як арт-аб'ект больш за 50 тысяч долараў! А калі б яе выставілі на аўкцыён, які быў бы канчатковы грашовы вынік?

Карацей кажучы, хопіць нам, беларусам, адчуваць сябе местачковымі "иванами, не помнящими родства!". Беларусь - краіна ў цэнтры Еўропы, якая ў сілу гістарычных абставін у розныя часы "падарыла" замежжу імёны соцень сваіх таленавітых "дзяцей", народжаных на яе этнічнай тэрыторыі. Ці не таму і сёння Суцін лічыцца выхадцам з "літоўскіх Смілавічаў", Я.Сухадольскі і Ф.Рушчыц - палякамі, Я.Маісеенка і Г.Ніскі - рускімі, і г. д.

 А вось што да другой праблемы, якая пастаўлена ў лісце - аб увекавечанні імёнаў сучасных беларускіх мастакоў,- дык тут аўтар мае рацыю. Канешне, трэба памятаць нашых выдатных творцаў, і гэта робіцца: ёсць галерэі і музеі З.Азгура, Л.Шчамялёва, Г.Вашчанкі, П.Масленікава, У.Стэльмашонка, В.Бялыніцкага-Бірулі. Праводзяцца рэгулярныя Міжнародныя пленэры таго ж В.Бялыніцкага-Бірулі, М.Шагала, В.Цвіркі, Я.Маісеенкі, М.Селешчука, А.Анікейчыка, Я.Драздовіча, І.Хруцкага, Ф.Рушчыца. У некаторых гарадах устаноўлены помнікі, мемарыяльныя дошкі мастакам...

 Але гэта работа не аднаго дня. І тут трэба ведаць меру: каму канкрэтна і за што? Патрэбен дбайны прафесійны падыход да кожнага "кандыдата" ў адпаведнасці з яго сапраўдным каштоўным унёскам у нацыянальную культуру краіны. І не трэба забываць, што, акрамя мастакоў, Беларусь нарадзіла і выдатных музыкантаў, архітэктараў, літаратараў, вучоных, артыстаў, імёны якіх таксама вартыя нашай духоўнай памяці.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"