Абменны курс

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

У першы дзень вясны пачынаюцца абменныя гастролі паміж Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам і Смаленскім дзяржаўным драматычным тэатрам імя А.С. Грыбаедава.

 

Падобныя гастролі, якія ўжо самі па сабе сталіся для нашага музычнага тэатра гэткім "гістарычным рарытэтам", патрэбны яму, бы свежае паветра. Праграма складзена так, каб ахапіць амаль усе кірункі працы тэатра. З класічных аперэт абрана "Лятучая мыш" І.Штрауса, з балетных праграм - нядаўна адноўленыя "Кармэн-сюіта" Ж.Бізэ- Р.Шчадрына і дывертысмент са "Шчаўкунка" П.Чайкоўскага. Захоча тамтэйшая моладзь мюзікл - пойдзе на рэвю "Аднойчы ў Чыкага". Рок-оперу? Паглядзіць "Юнону і Авось" А.Рыбнікава. Прыхільнікаў жа музычнай камедыі прывабіць "Аршын мал алан" У.Гаджыбекава. Шкада, вядома, што няма ў афішы ніводнага беларускага твора, але, будзем спадзявацца, тым з большай цікавасцю яго будуць чакаць у наступны прыезд.

Беларускія гледачы, у сваю чаргу, убачаць "Рэвізор" М.Гогаля, "Рамэа і Джульету" У.Шэкспіра, "Вішнёвы сад" А.Чэхава, "Грэх" паводле "Зыкавых" М.Горкага і "Benvenuto, Атэла!" К.Людвіга.