Пад лэйблам “мэйнстрым”, або Знайсці прастору для “Беларускіх сезонаў”

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

Як “прадаць” сучасную айчынную музыку. Граматна…

 

Дзень абаронцаў Айчыны, што адзначаўся на гэтым тыдні, - адно з тых святаў, якія пакліканы дадатковы раз нагадаць аб патрыятычным выхаванні моладзі, а не толькі стаць нагодай для ўшанавання мужчын, гатовых здацца ў палон жаночых чараў. Таму патрыятызм і музыка - быццам бы зусім розныя сферы, што скрыжоўваюцца хіба на памежжы ваенных песень і маршаў. Але больш глыбокае ўнікненне ў кожную з іх дае ўсведамленне: усё на свеце ўзаемазвязана. І прагал у такім, на першы погляд, перыферыйным адгалінаванні "чалавеказнаўства", як навакольная музыка (а больш шырока - фонасфера, наша гукавое асяроддзе), вядзе да вялізнай яміны на шляху ўсяго светаадчування нашых сучаснікаў. Сапраўды, што мы ўкладаем у тэрмін "беларуская музыка" на дадзеным часавым адрэзку? Што і як з яе папулярызуем? Ці ўмеем зрабіць наш саўнд прывабным і запамінальным для айчыннага і замежнага спажыўца? І як, нарэшце, усё гэта стасуецца з нашым разуменнем патрыятызму?

Сабе ці людзям?

Ад высокага мастацтва, якое падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні, чакаюць, найперш, патрыятызму. Натуральна? Нават - безумоўна!

 Але пры гэтым "рыначны патрыятызм", заснаваны на формуле "купляй сваё, беларускае!" (у тым ліку ў сферы культуры), часта выдае за "сваё" падробку пад замежнае, толькі - у спрошчаным варыянце, на больш нізкім узроўні. А без гэтых іншаземных "лэйблаў" (тых жа англа-, рускамоўных песенных тэкстаў на эстрадзе) - маўляў, не набудуць. Дык ці магчыма "прадаць" (чытай: падтрымаць і ўвагай, і пакупніцкім рублём) сучасную беларускую музыку?

Як ні дзіўна, але цяпер наступіў менавіта той час, калі прадаць можна ўсё. Бо няма таго "мэйнстрыму", галоўнага кірунку, якому падпарадкоўваюцца ўсе і ўся. Такая разнавектарнасць культуры акурат і паклікана забяспечыць кожнага ў адпаведнасці з яго запытамі і патрабаваннямі. Толькі як ім сустрэцца - тым жа кампазітару і слухачу, каб кожны застаўся задаволены?

Цяперашняя практыка запаўнення тых жа філарманічных залаў (і, адпаведна, выканання планаў аказання платных паслуг насельніцтву) часцяком засноўваецца на ініцыятыве саміх творцаў. Маўляў, хочаш правесці вечар - выкупляй білеты і потым распаўсюджвай іх, як заўгодна. Узгадваецца нядаўні канфлікт паміж кампазітарам і выканальніцкім калектывам (па этычных меркаваннях, хацелася б, вядома, абысціся без прозвішчаў і назваў). Спачатку музыканты з радасцю бяруць новы твор у свой рэпертуар, а потым, бліжэй да яго выканання, што з розных прычын пераносіцца на ўсё больш аддаленыя тэрміны, уручаюць аўтару (зусім не піянерскага, прабачце, узросту і, тым больш, грамадскага статуса) стос афіш і білетаў. А калі той адмаўляецца, ставяць яму за прыклад кагосьці з пачаткоўцаў: маўляў, ён змог сабраць паўнюткую залу!

 Пакінем за дужкамі такі "забаронены" для творцаў прыём, як параўнанне з іншымі калегамі не на сваю карысць. Не будзем мусіраваць той факт, што ў замежжы і творы згаданага кампазітара выконваюцца (прычым не нашымі музыкантамі на гастролях, а іхнімі, тамтэйшымі, без усялякага ціску з нечага боку), і кампакт-дыскі выдаюцца. Няўжо ж у нас немагчыма знайсці для яго вытанчаных работ свайго, больш шырокага, спажыўца?

Пэўна, магчыма, толькі шукаць трэба не адно сярод ягоных сяброў-вучняў-блізкіх-родных (тыя і так прыйдуць, бо ведаюць, які мастацкі вынік іх чакае на канцэрце), а сярод усё той жа шырокай аўдыторыі. І гэта не павінен рабіць сам кампазітар! Бо ён што - будзе стаяць у падземным пераходзе і прапаноўваць: "Купіце, калі ласка!"? І, наадварот, ці зможа сагітаваць на ягоны канцэрт той, хто такой музыкі не чуў і слухаць не будзе? Але як тады паставіць знак роўнасці паміж тым, што хацеў бы прыдбаць для сябе, і тым, што прадаеш людзям? Пэўна, толькі падрыхтоўкай адпаведных спецыялістаў.

Менеджар ці "акадэмік"?

 - У свой час, - падзялілася сваім болем дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Элеанора Скуратава, - я распрацавала праграму выкладання менеджменту ў сферы культуры для нашай навучальнай установы. Меркавалася, што гэты курс будзе выкладацца для музыказнаўцаў, а таксама - факультатыўна - для ўсіх зацікаўленых. Дарэчы, тых зацікаўленых было не так мала! Але потым курс быў скасаваны, бо пайшла агульная для ўсіх навучальных устаноў тэндэнцыя зніжэння колькасці вучэбных гадзін. Дадзены курс я спрабавала выкладаць і на базе іншых устаноў, але там збіраўся зусім іншы кантынгент - тыя ж былыя работнікі гандлю. Але ж нават законы продажу, не кажучы ўжо пра іншыя складнікі прасоўвання "тавару" (а культура - гэта ж не толькі, як сёння прынята вызначаць, "прадукт"), не могуць быць універсальнымі абсалютна для ўсіх сфер. Ва ўсім ёсць свая спецыфіка! У тым ліку ў тым, як папулярызаваць эстраду, а як - разнастайныя авангардныя плыні.

У суседняй Польшчы, дарэчы, знакаміты на ўвесь свет Фестываль музычнага авангарда "Варшаўская восень", што "раскручваецца" ўжо больш за паўстагоддзя, стаў такім жа нацыянальным брэндам, як, да прыкладу, Шапэн. А малады польскі джазмен Мацей Абара, што днямі гастраляваў у Мінску, прыблізна так акрэсліў сваё творчае крэда: "Паездка ў Амерыку прывяла мяне да высновы, што мы ніколі не зможам граць джаз, як тамтэйшыя музыканты. Намагаючыся адно капіраваць ды пераймаць, мы будзем, у лепшым выпадку, толькі другімі. Значыць, выйсце - у тым, каб прапаноўваць штосьці сваё". Чым не залатыя словы?

"Беларускія сезоны". Дзе?

 Як тут не згадаць "Рускія сезоны" ў Парыжы і асобу Сяргея Дзягілева - вось у каго нам павучыцца б! Бо маюць рацыю тыя заходнія навукоўцысацыёлагі, якія запэўніваюць: на цяперашнім этапе прасоўванне культуры залежыць не толькі ад умення "прадаць" зробленае, але і, у яшчэ большай ступені, ад прадбачання таго, што будзе прадавацца не толькі сёння, але і заўтра. І, адпаведна, - ад умення накіраваць творцаў на стварэнне гэтага "мастацтва будучыні". Менавіта на гэтым быў заснаваны поспех дзягілеўскіх "сезонаў", хаця і яны не былі застрахаваны ад непрадбачаных фінансавых правалаў. Ён жа вазіў у Еўропу не апрабаваную класіку, а замаўляў творцам тыя тэмы, жанры, стылістыку, якія, на яго погляд, і здзівяць замежную публіку разам са знаўцамі сваёй непадобнасцю на ўсё іншае, звыклае, і, адначасова, будуць ім зразумелымі, блізкімі. Такімі, якія захочацца не проста "паглядзець ды пакласці на паліцу", а паглядзець і панесці з сабой. У кішэні ці ў душы - гэта ўжо не так важна.

"Пры чым жа тут патрыятызм, з якога пачынаўся артыкул?" - запытаеце вы. Пры тым, што нельга выхаваць яго наўмысна, адно на спецыяльных занятках ці ў спецыяльна адведзеныя для гэтага гадзіны. Калі і выхаваць такім чынам - ён тут жа скончыцца, як толькі завершыцца "адведзены" час. Каб гэтыя пачуцці любові да "свайго, беларускага" сталі ўнутранай патрэбай, трэба хаця б, для пачатку, знайсці сярод "беларускага" менавіта "сваё" - тое, што трэба менавіта табе. А для гэтага - хаця б ведаць, дзе шукаць.

Дык як знайсці менавіта "свой" канцэрт беларускай музыкі? Пакуль, здараецца, прыхільнік традыцыяналізму пакутуе на авангардных творах, аматар жа эксперыментаў - пазяхае на саладжавай "рэтракласіцы". І абодва застаюцца ўпэўненымі, што ўся астатняя беларуская музыка - такая ж. Значыць, яна павінна гучаць яшчэ часцей - розная і добрая, - каб была магчымасць пераканацца ў зваротным.

І яшчэ - як "пасляслоўе" да Дня ўсіх закаханых. Любоў - гэта калі любяць не таму, што наша - лепшае ў свеце, а... проста так, бо яно - наша, роднае. А чаму ж тады мы не распаўсюджваем такія меркі на нашу культуру? І часта цураемся сваіх талентаў да тае пары, пакуль яны не атрымаюць замежнага прызнання і не прыедуць да нас ужо быццам "замежнікамі"?

Вось і атрымліваецца: адно дзяржаўнымі намаганнямі ўсялякая "любоў" будзе не дастатковай. Для сапраўднай трэба не толькі азарэнне, але і цярплівасць. І намаганні з усіх бакоў - кожнага на сваім месцы.

Ад рэдакцыі.

Гэтая дыскусійная тэма вымагае далейшага разгляду. Спадзяёмся сваё зацікаўленае слова на старонках "Культуры" выкажуць кампазітары, выканаўцы, музыказнаўцы, а таксама арганізатары канцэртных мерапрыемстваў.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"