“...Легенда” ў гонар Легенды

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

У Камернай зале нашага Вялікага тэатра, якая носіць імя Л.Александроўскай, усталяваны бюст легендарнай спявачкі.

/i/content/pi/cult/311/5391/10-4.jpg

Цырымонія яго адкрыцця была прымеркавана да 107-й гадавіны з дня нараджэння народнай артысткі СССР і ўпрыгожвалася не толькі ўспамінамі пра оперную зорку, архіўнымі запісамі яе спеваў, выстаўкай унікальных фотаздымкаў, але і разгорнутай канцэртнай праграмай "Памяці вялікай спявачкі", што сабрала салістаў розных пакаленняў.

На гэтае святкаванне, урачыста адкрытае генеральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімірам Грыдзюшкам, была запрошана пляменніца спявачкі - доктар філасофскіх навук Арыядна Ладыгіна, якая доўгі час прафесарствавала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, была адным з вядучых музычных крытыкаў, нязменна адгукаючыся ў беларускай і маскоўскай прэсе на ўсе значныя музычныя падзеі. Ды ўсё ж, па ўласным прызнанні Ладыгінай, галоўнай справай яе жыцця стала кніга пра Л.Александроўскую, азначаная як "дакументальна-тэатральны раман", - грунтоўная манаграфія з мноствам архіўных дакументаў, матэрыялы да якой яна збірала цягам некалькіх дзесяцігоддзяў, а потым склала ў бліскучы бестселер. Пад час вечарыны гэтая кніга, што ўжо сама паспела стаць мастацкім рарытэтам, была падорана загадчыку Камернай залы тэатра, заслужанай артыстцы Беларусі Тамары Глаголевай.

 Пад акампанемент Ларысы Талкачовай- дачкі колішняга галоўнага канцэртмайстра тэатра Сямёна Талкачова, якая ведала Л.Александроўскую яшчэ са свайго дзяцінства і імкнулася быць падобнай да яе, - гучалі фрагменты з улюбёных опер спявачкі і проста музычныя паднашэнні ў яе гонар. Выступалі і лаўрэаты прэміі імя Л.Александроўскай, і ўладальнікі стыпендый яе імя, і тыя, хто пачынаў пры ёй сваю спеўную кар'еру, і зусім маладыя выканаўцы, якія выхоўваліся на ейнай творчай спадчыне. Атрымаўся сапраўдны парад оперных салістаў: ад Віктара Чарнабаева, здольнага заставацца комікам пры любых абставінах, да Юрыя Гарадзецкага, які стаўся сімвалам "любоўнага напою" для ўсіх аматараў опернага мастацтва, ад прызнанай у нас і ў замежжы Алены Шведавай да Іны Русіноўскай, што толькі пачынае атрымліваць буйныя партыі (дарэчы, 24 лютага, быццам апраўдваючы "давер Александроўскай", яна ўпершыню праспявала Тоску ў аднайменнай оперы Дж.Пучыні).

Адной з самых незабыўных старонак вечарыны сталася Арыя князя Кізгайлы з оперы Дзмітрыя Смольскага "Сівая легенда" паводле Уладзіміра Караткевіча. Спяваў лаўрэат міжнародных конкурсаў Ілля Сільчукоў, манера якога вызначаецца асаблівым паглыбленнем у паэтычна-музычную змястоўнасць твораў.

 А на ўсё гэта глядзеў скульптурны партрэт Ларысы Пампееўны, выкананы Уладзімірам Слабодчыкавым без усялякай параднай помпы, надзвычай рамантызавана, узнёсла, парывіста...

 На здымку: загадчык Камернай залы імя Л.Александроўскай Тамара Глаголева каля бюста славутай спявачкі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"