“Падводныя плыні” гусляроў

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

“Курганы” шмат чаго нам гавораць...

/i/content/pi/cult/311/5390/10-2.jpg

Цікавы ланцужок: купалаўская паэма "Курган" (1910 г.) сталася аднайменнай дыпломнай кантатай І.Лучанка (1961- 1962 гг.), пазней разам з "Песнярамі" была перапрацавана ў паэму-легенду "Гусляр" (1971 г.), а цяперашні збег юбілеяў усіх гэтых твораў, дадаўшыся да 70-годдзя з дня нараджэння У.Мулявіна, даў штуршок далейшым "перапрачытанням".

Літаральна месяц таму мінчане маглі пазнаёміцца з тэатралізаванай версіяй "Гусляра" ў аранжыроўцы Аляксандра Крамко, пастаноўцы Ларысы Сімаковіч і выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча з запрошанымі салістамі (аўтар праекта - Вольга Брылон).

 Але ў цяперашняй рок-оперы ёсць і ўласная перадгісторыя. Спачатку праект пад кіраўніцтвам Андрэя Скарынкіна ўзнік як аўдыёзапіс, выдадзены на кампактдыску тыражом пяць тысяч асобнікаў, а эксперыментальны сцэнічны паказ твора стаўся "разыначкай" леташняга Дня беларускага пісьменства ў Хойніках. Нарэшце, адбылася і сталічная прэм'ера- у яшчэ больш адрэдагаваным варыянце. Але і гэта, як высветлілася, пакуль не ўсё. "Я ў фінал яшчэ "Малітву" далучу", - падзяліўся далейшымі планамі І.Лучанок, маючы на ўвазе не аднайменную песню Алега Молчана, а сваю ўласную, напісаную зусім нядаўна паводле першай рэдакцыі вядомага купалаўскага верша.

Так што распавядаюць "Курган" і "Гусляр" не толькі пра гісторыю ўладарнага Князя, што паклікаў на баляванне народнага творцу, але і пра нашу прагу да сінтэтычных жанраў, іншымі словамі- да музычнага тэатра ў яго самых розных праявах. Прынамсі, адной з галоўных адметнасцей цяперашняй рок-оперы стаўся яе відэашэраг, падрыхтаваны графікамі Беларускага тэлебачання пад кіраўніцтвам рэжысёра Ліліі Гразновай. Па выкарыстанай полістылістыцы, сумесі дакументальных здымак беларускай прыроды, традыцыйных буслоў-журавоў у паднябессі з радкамі купалаўскага рукапісу, кніжнымі ілюстрацыямі Арлена Кашкурэвіча і разнастайнымі камп'ютарнымі эфектамі, накіраванымі на паступовыя пераходы і нават ператварэнні аднаго ў другое, было відавочна, што над відэаролікам, блізкім да надзвычай паэтычнага, багатага на асацыяцыі "мульціка", працаваў цэлы калектыў майстроў.

Яшчэ адным пластом відэапартытуры сталіся харэаграфічныя кампазіцыі Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі. Складзеныя Аляксандрам Аляшкевічам паводле харэаграфіі Валянціна Дудкевіча і ўласных пастановак, яны выступалі не столькі дапаўненнем да музычна-паэтычнага зместу ці раскрыццём яго "падводных плыняў", колькі гэткім "падрадковым перакладам", пластычна-танцавальнай ілюстрацыяй. Гэта не замінала даволі персаніфікаванаму прачытанню купалаўскіх радкоў, імкненню шчыльна "засяліць" твор персанажамі. Акрамя каларытнага Князя, цудоўна ўвасобленага Анатолем Ярмоленкам, і быц/i/content/pi/cult/311/5390/10-1.jpgцам адхіленага ад мірскіх клопатаў, амаль сышоўшага з абразоў Гусляра (Андрэй Скарынкін), які спяваў ва ўнісон з басовым скандзіраваннем гітары, тут былі і капрызная прыгажуня Князёўна (Іна Афанасьева), і яе шчаслівы жаніх (Валерый Дайнэка), і просты сельскі хлопец - духоўны нашчадак Гусляра (саліст "Верасоў" Ян Маерс), і словы самога паэта (Вядучы - Валерый Анісенка), і каментарыі да падзей, зробленыя не толькі сведкамі, але і нашымі сучаснікамі (арт-група "Беларусы"). Пэўна, трэба было прадоўжыць гэтую лінію (рэжысёр - Ніна Осіпава) і зрабіць такімі ж паўнавартаснымі ўдзельнікамі спектакля тых маўклівых "акампаніятараў", што трымалі ў руках музычныя інструменты (аранжыроўка, звядзенне запісу і стварэнне інтрадукцыі - Святаслава Пазняка). Тым больш, што прыём непасрэднага ўдзелу музыкантаў-інструменталістаў (вядома, з жывым гукам) у сцэнічнай дзеі даўно стаў адной з "фішак" сучасных еўрапейскіх музычных пастановак. Тады, магчыма, такі ансамбль зможа выступіць і ў канцэртным аддзяленні, што было складзена з "песняроўскіх", лучанкоўскіх і наогул беларускіх песень у выкананні ўдзельнікаў праекта.

Фота Ігара КУЗНЯЦОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"