Ave, “Магутны Божа”

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

Сёння ў Магілёве вялікім гала-канцэртам урачыста закрываецца XV Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Адметнасцю юбілейнага фестывалю сталася адсутнасць традыцыйнага конкурсу харавых калектываў і вакалістаў, затое — яшчэ больш шырокая, чым звычайна, разгорнутая канцэртная праграма фестывалю, які доўжыўся працягам 10-ці дзён.

 /i/content/pi/cult/125/539/Magutny Bozha.jpg
Безумоўна, кульмінацыяй сёлетняга “Магутнага Божы” сталася свята звона. У ім узялі ўдзел не толькі званары з усіх куткоў Беларусі, але і з Расіі і Латвіі. Яны мелі магчымасць і прадэманстраваць сваё майстэрства, і набыць новы досвед падчас майстар-класа.
Сярод канцэртных праграм — выступленні італьянскага калектыву “Маладзёжнага аркестра з Асці”, сербскага хору “Sveti Jovan Bogoslov
”. Сярод расійскіх калектываў — Дзяржаўны камерны аркестр “Віртуозы Масквы”, канцэртны хор Маскоўскай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага, Дзяржаўны аркестр “Гусляры Расіі”, узорны ансамбль “Перазвон”. Падчас фестывалю адбыліся 4 канцэрты арганнай музыкі, у якіх выступілі Ігар Алоўнікаў (Беларусь), Людміла Голуб (Расія), Георгій Куркоў (Украіна) і Міхаэль Шонхайт (Германія).
Само сабою, амаль ва ўсіх праграмах удзельнічалі беларускія калектывы: акадэмічны хор і сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, музычная капэла “Санорус”, хор хлопчыкаў Рэспубліканскага каледжа мастацтваў, вакальны гурт “Славяне”.
Асаблівае месца на сёлетнім фестывалі займалі таксама выступленні магілёўскіх артыстаў — аркестра рускіх народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі, камернага аркестра і хору Магілёўскай гарадской капэлы.
Акрамя ўласна канцэртаў, адбыліся выстаўкі “Званы праваслаўя” Л.Дударэнкі і “Пятае Евангелле” Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.Масленікава, прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя “Культура ў прызме духоўнасці”.
Яркай падзеяй фестывалю сталася правядзенне хрэснага ходу. У Магілёўскім абласным драматычным тэатры быў паказаны спектакль “Адвечная песня” Тэатра беларускай драматургіі.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: падчас адкрыцця фестывалю.
Фота Алега ФАЙНІЦКАГА,
БелТА

(Матэрыял пра
XV Міжнародны фестываль
духоўнай музыкі “Магутны Божа”
чытайце ў наступным нумары.)