“Зносіць нельга захаваць”

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

Гродна чакае вынікаў “буму” на старыя будынкі

/i/content/pi/cult/311/5383/4-1.jpg

Гродна ўжо не першы год называюць Горадам музеяў, аднак цяпер гэтае паняцце праходзіць эвалюцыю ад журналісцкага эпітэта да юрыдычнага статуса. Пакуль ініцыятыва Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў знаходзіцца на разглядзе ў беларускім парламенце, адзін з галоўных яе "рухавікоў" - старшыня камісіі гарсавета па культуры, адукацыі і справах моладзі, дырэктар тэлерадыёвяшчальнага канала "Гродна Плюс" і фотамастак Аляксандр Ласмінскі ўжо сёння здолее правесці экскурсію па Гродне магчымай будучыні. Паняцця "горад-музей" сёння ў беларускім юрыдычным лексіконе няма. Але Аляксандр Ласмінскі лічыць, што такі прэцэдэнт стварыць неабходна, бо ён здатны надоўга вызначыць "вектар лёсу" як гістарычнага цэнтра Гродна, так і іншых адметных куткоў Беларусі.

 Музей у кожнай арцы

 Юрыдычная фармулёўка паняцця пакуль - у стадыі распрацоўкі. Але чыста інтуітыўнае вызначэнне горада-музея напрошваецца само сабою. Гэта той сегмент гарадской забудовы, дзе адметнасцю з'яўляюцца не толькі адзінкавыя помнікі спадчыны, але - у першую чаргу- само асяроддзе. Тыповы прыклад - Венецыя, чый архітэктурны ландшафт за апошнія стагоддзі амаль не змяніўся.

Што да Гродна... Нагадаем толькі дзве лічбы. На тэрыторыі гістарычнага цэнтра горада агульнай плошчай каля 200 га знаходзяцца 443 старадаўнія пабудовы ХІІ, XVI, XVIII - XIX, пачатку ХХ стст. Колькі з іх сёння рэальна задзейнічана ў турыстычным абароце? Хіба некалькі працэнтаў.

Беглы агляд архітэктурных адметнасцей іншых беларускіх гарадоў не патрабуе багата часу. Але адметнасці Гродна- гэта не толькі велічныя касцёлы, два каралеўскія замкі, Каложа... Па горадзе можна шпацыраваць гадзінамі, і вока будзе кожны раз знаходзіць новыя цікавыя дэталі і ракурсы. Што праўда, сёння такія нязмушаныя прагулянкі досыць праблематычныя. У будні дзень на пакручастых вулачках пануе імклівы трафік, які відавочна не адпавядае іх старадаўнім габарытам: на заснежаных ходніках там нават двум чалавекам цяжка размінуцца. А ўвечары - ціха, бязлюдна і таму нават трохі вусцішна.

Пераразмеркаванне руху транспарту і ператварэнне гістарычнага цэнтра ў суцэльную пешаходную зону - пытанне тэхнічна складанае, пра што ўжо неаднойчы казалі гродзенскія архітэктары. Тым больш, у "праграме дзеянняў" яно вельмі актуальнае. Губернатар Сямён Шапіра "прабівае" грошы на транспартнае кола вакол горада і некалькі шляхапровадаў. Паралельна, перадусім, трэба "ажывіць" і старыя вулачкі ў цэнтры, забяспечыўшы іх прывабным для гасцей напаўненнем.

 Галоўную турыстычную "артэрыю" Гродна - вуліцу Савецкую - раней я нават няспешнаю хадою прамінаў хвілін за дзесяць. Гэтым разам давялося патраціць утрая болей часу. Прычына ў тым, што знакаміты каваль Юрась Мацко і яго жонка Марыя адкрылі ў адным з утульных старадаўніх дворыкаў невялічкую арт-галерэю з каларытнай беларускай назвай. Завітаў з вялікім задавальненнем.

- Розныя музейчыкі на Савецкай павінны з'явіцца літаральна ў кожнай арцы, - дзеліцца задумамі Аляксандр Ласмінскі. - Адзін будзе прысвечаны нумізматыцы, другі - філатэліі, трэці- побыту гарадзенцаў...

Здавалася б, гэта з разраду фантастыкі. Але варта ўлічыць, што асноўныя выдаткі ў "каштарысе" стварэння музея - не толькі памяшканне і яго рамонт, а менавіта экспанаты. А з імі праблем акурат і няма - калекцыі Гродзенскага гісторыка-краязнаўчага музея налічваюць пад 200 тысяч адзінак захоўвання - у тым ліку і вельмі каштоўных. База не абы-якая. І калі раскрыць гэтую "скарбніцу"...

Бум на старыя будынкі /i/content/pi/cult/311/5383/4-2.jpg

Кожны з такіх музейчыкаў - рэальны шанц затрымаць турыста ў Гродне на пэўны адмежак часу. А, паводле вядомай формулы, час турыста - гэта грошы, якія ён траціць. Яна працуе ўжо хаця б таму, што кожны чалавек мае патрэбу ў ежы і адпачынку.

Пра тое, што турінфраструктура Гродна слабенькая нават па беларускіх мерках, мы пісалі ўжо неаднойчы. Але пэўныя зрухі - навідавоку. Прыкладам, не так даўно госці нарэшце займелі магчымасць заначаваць непасрэдна ў межах гістарычнага цэнтра: там паўстаў новы гатэль. У тым самым будынку адкрылася і арт-кавярня, дзе турыст, чакаючы свой боршч, можа аглядаць творы гродзенскіх мастакоў або ўдумвацца ў сэнс цытаты Пікаса, прачытанай... на фірмовай сурвэтцы. Праўда, багемнаму настрою не зусім спрыяе "папса" з вялізных калонак. Гэта як спалучэнне красовак са строгім касцюмам.

І яшчэ адзін парадаксальны факт: і гатэль, і кавярня паўсталі не ў старых мурах, а ў рэдкім для гродзенскага цэнтра новым будынку. Хаця "вакантных" плошчаў у гістарычных камяніцах нямала.

- Не так даўно мы з мэрам горада Барысам Казялковым правялі своеасаблівую "рэвізію" падвалаў на Савецкай, - распавядае Аляксандр Ласмінскі. - І, як высветлілася, многія з іх сёння пустуюць. Хаця гэта ці не найлепшае месца для кавярняў!..

Стаўленне мэра да развіцця інфраструктуры прыносіць свой плён. Аляксандр Ласмінскі адчыняе дзверы ў яшчэ не адкрытую кавярню - там пакуль толькі ідуць аздабленчыя работы, чый стыль збольшага адпавядае гістарычнай назве ўстановы. Гаспадыня ахвотна дэманструе самыя ўтульныя залы, размешчаныя акурат пад зямлёй. І сапраўды, больш стыльны інтэр'ер за неатынкаваную старую кладку не прыдумае ніводзін мастак! Як і лепшы антураж за гродзенскі дворык, у якім можна будзе папіць кавы ўжо ўлетку.

 Мяне даўно цікавіў такі парадокс. У добраўпарадкаванай гродзенскай "староўцы" па вечарах пуставата, а ў даволітакі занядбаным кракаўскім раёне Казімеж, дзе ногі шоргаюць па шчарбатай плітцы яшчэ савецкіх часоў, жыццё віруе кругласутачна. Разгаварыўшыся неяк з адным беластоцкім студэнтам, даведаўся, што ён прыехаў на ўік-энд у Кракаў... менавіта каб "патусавацца" па кавярнях. А потым я прачытаў, што за год такіх турыстаў набіраецца некалькі мільёнаў!

У Казімежы, які можна прайсці наскрозь за дзесяць хвілін, кавярняў каля 200, і самыя папулярныя з іх - менавіта тыя, што перадаюць аўтэнтычны настрой гэтых месцаў: старыя рэчы, парэпаныя сталы і ніякага намёку на еўрарамонт. На ім, думаецца, могуць сэканоміць і гродзенскія рэстаратары.

- На шчасце, сярод інвестараў ёсць людзі, якія шануюць не пластык, а дрэва, - кажа начальнік аддзела Віталь Мамачкін. - І яны аддадуць перавагу не "навадзелу", а менавіта помніку спадчыны, не палохаючыся дадатковых выдаткаў. Бо разумеюць, што гісторыя - гэта дорага, але... яно таго вартае!

Як адзначыў мой суразмоўца, сярод інвестараў не так даўно быў сапраўдны "бум" на старыя будынкі. І сапраўды, сёння многія з іх абцягнуты будаўнічай сеткай: там ідуць рамонтныя работы. Адпаведна, у спецыялістаў аддзела культуры паболела клопатаў.

- Да справы аховы спадчыны мы ставімся вельмі ўзважана і сур'ёзна,- кажа Віталь Мамачкін. - Гэта тычыцца і прапаганды, і кантролю. А інвестары ставяцца з паразуменнем.

Вектар лёсу Новага свету

 Раён Гродна пад назвай Новы свет лічыцца надзвычай цікавым узорам "нетыпавой" грамадзянскай забудовы - гэта скарб для аматараў архітэкурнай экзотыкі. Жыхары колішняга прадмесця будаваліся кожны на свой капыл, даючы волю ўласным фантазіям і ўяўленням пра прыгажосць. Таму "эканом-варыянт" класіцызму тут суседнічае з "народным канструктывізмам" або нават далёкім водгуллем ідэй кубістаў, выкананым у дрэве. І самае галоўнае - тут цудам ацалела атмасфера даваеннага Гродна.

Цудам - бо гэтая забудова не ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Таму ўжо сёння цэласнасць раёна парушана навюткімі прыватнымі катэджамі (якія наўрад ці калі зацікавяць гісторыкаў архітэктуры) ды, што яшчэ горш, некалькімі шматпавярхоўкамі. Сёння тыя дамкі, збудаваныя пераважна за польскім часам, яшчэ здатныя выконваць сваю першапачатковую функцыю - іх знос пакуль не дасягнуў крытычнай адзнакі, хаця некаторыя і спусцелі. Але ўжо ў бліжэйшым часе пытанне аб будучыні Новага свету стане, што называецца, "рубам".

 Адзін варыянт адказу на яго цалкам прадказальны і аргументаваны: з нуля забудаваць Новы свет сучаснымі шматпавярхоўкамі. Колішняя ўскраіна сёння апынулася амаль у цэнтры горада, дзе прыватнаму сектару не месца. Ды і былыя стандарты побыту ніяк не могуць задаволіць сённяшніх гродзенцаў. Многія жыхары Новага свету даўно мараць прыняць ванну ў сябе дома.

Адна праблема: такі падыход ну ніяк не стасуецца з дзяржаўнай палітыкай у справе аховы спадчыны. Ды і з канцэпцыяй горада-музея - таксама. Менавіта таму гродзенскія гісторыкі, работнікі культуры ды і проста неабыякавыя людзі прапаноўваюць альтэрнатыўныя варыянты лёсу Новага света. У якасці аргумента на сваю карысць яны могуць прывесці гістарычны прэцэдэнт.

У 90-я гады згаданая вышэй няпростая дылема паўстала і перад вільнюскім раёнам Ужупіс, або Зарэчча, застаўленым не дужа прыгожымі, але старымі камянічкамі, якія планамерна ператвараліся ў руіны. З аднаго боку - амаль цэнтр горада, а з іншага... можа, і непрыглядная, але - спадчына! І як тут правільна паставіць коску ў сказе "Зносіць нельга захаваць"?

 І тады на тэрыторыі квартала была самаабвешчана незалежная рэспубліка мастакоў, з усімі належнымі атрыбутамі: урадам, валютай і кансты/i/content/pi/cult/311/5383/4-3.jpgтуцыяй, дзе, у прыватнасці, зазначана, што "Чалавек мае права жыць побач з Віліяй, а Вілія- цячы побач з чалавекам". Вынікі былі цалкам заканамерныя. Ужупіс сёння не абмінае ніводзін турыст, які прыязджае ў Вільнюс. Раён стаў модным - з усімі наступствамі.

Слядоў капітальнага добраўпарадкавання ў Зарэччы не ўбачыш і сёння. Затое туды актыўна пацягнуўся прыватны інвестар. Спарадзіўшы дзіўныя, нават з інжынернага пункта гледжання, кантрасты: другі паверх дома стаіць без вокнаў і даху, а на першым абсталяваны шыкоўны рэстаран.

І гэта прытым, што "багемны" імідж застаўся", па сутнасці, на ўзроўні дэкларацыі: у звыклы дзень цікавых дзей у Зарэччы не пабачыш. А вось задумы адносна "турыстызацыі" Новага свету дазвання прасякнуты падзейнасцю ды інтэрактывам.

Адна з рэдкіх у Новым свеце камянічак - былы дом губернатара - сёння належыць гарадскому аддзелу культуры: там размешчаны школа мастацтваў і гарадскі метадычны цэнтр.

- Сумесна са сваімі партнёрамі з Даўгаўпілса, мы акурат надоечы падалі заяўку на транспамежны турпраект, дзе наша частка - гэта рэканструкцыя той самай камяніцы па вуліцы Рэйманта і пераўтварэнне яе ў Музей горада, - кажа Віталь Мамачкін. - Побач зробім домікі-майстэрні, дзе турысты змогуць самі папрацаваць з глінай або молатам. Будзем пастаянна праводзіць невялічкія канцэрты ды розныя імпрэзы, запросім рыцараў... Гэта будзе своеасаблівы цэнтр Новага свету...

 І, у той самы час, - пачатак яго турыстызацыі. Начальнік аддзела культуры спадзяецца, што рэалізацыя праекта здолее паўплываць і на лёс іншых дамкоў Новага свету: яны стануць прыцягальнымі для інвестараў. Як адзначыў Віталь Мамачкін, праца па наданні "новасвецкай" забудове статуса помніка спадчыны ўжо актыўна вядзецца. Але... Тут узнікае нямала пытанняў, якія патрабуюць узважанага адказу.

- Справа ў тым, што сярод сапраўды цікавых дамоў у гэтым раёне шмат той забудовы, якая ніякай каштоўнасці не ўяўляе: скажам, баракаў 60-х гадоў,- кажа начальнік аддзела культуры. - Таму спецыялісты сёння вызначаюць, якія будынкі вартыя статуса помніка, і выпрацоўваюць пэўны комплексны падыход у стаўленні да гэтага гістарычнага раёна...

 На думку Віталя Мамачкіна, "турыстычныя" будынкі павінны пакрысе выводзіцца з жыллёвага фонду. Аднак дэкан факультэта турызму і сэрвісу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Данскіх прытрымліваецца на гэты конт іншага меркавання:

 - Ёсць две прынцыпова розныя мадэлі развіцця турызму: егіпецкая, дзе турысты поўнасцю адасобленыя ад мясцовых жыхароў, і галандская, дзе турыст блукае па горадзе, які жыве сваім натуральным жыццём. Турыстычнае выкарыстанне Новага свету магло б стаць першай спробай увасобіць апошнюю мадэль на Беларусі. Тым больш, многія тамтэйшыя жыхары здатныя распавесці пра гісторыю раёна куды цікавей за прафесійнага экскурсавода, і нават гарбатай яшчэ пачастуюць!..

На думку спецыяліста, менавіта ў Новым свеце можна аднавіць тое шматнацыянальнае Гродна міжваенных часоў, якое ўжо выпадала лічыць страчаным: на першым паверсе - кавярня або майстэрня рамесніка, на другім- яго кватэра...

- Тыя жыхары раёна, якіх не задавальняюць тамтэйшыя ўмовы і старонняя ўвага, абяруць сучасныя кватэры,- дадае Сяргей Данскіх. - Але іх месца могуць заняць іншыя людзі - тыя, хто будзе жыць за кошт турпаслуг, самі з'яўляючыся, у той самы час, і "аб'ектам паказу". Бо турысты прагнуць убачыць не толькі творы мастака, але і яго паўсядзённы побыт,- такая ўжо псіхалогія чалавека...

Варта дадаць, што своеасаблівыя гібрыды майстэрні і галерэі ўжо сапраўды засведчылі сваю плённасць у іншых краінах. А здымкі бялізны, развешанай панад венецыянскімі вулачкамі, засталіся на флэш-карце бадай кожнага, хто пабываў у гэтым горадзе.

Адным словам, Гродна - гэта бязмежнае поле як для прымянення сусветнага досведу, так і для чыстага крэатыву. І будучыя выпускнікі факультэта турызму, які быў адкрыты ўсяго некалькі гадоў таму, без працы дакладна не застануцца.

■■■

На фоне штодзённых клопатаў ідэя горада-музея падаецца занадта амбітнай. Але, як бачым, грунт для яе рэалізацыі - навідавоку. І менавіта такія маштабныя праекты могуць зрабіць нашу туріндустрыю канкурэнтаздольнай у параўнанні з суседзямі, у якіх ёсць Львоў, Вільнюс, Санкт-Пецярбург. І, разам з тым, кардынальна вызначыць лёс Гродна.

 

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Гродна - Мінск