Юрыдычны механізм пад нікам “эфектыўнасць”

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

На пытанні чытачоў і рэдакцыі адказвае начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена Вештарт

/i/content/pi/cult/311/5382/12-1.jpg

Права на ініцыятыву і мясцовае кіраванне

18 лютага цягам дзвюх гадзін у Інфацэнтры "Культура-інфа" працавала "гарачая лінія" з удзелам начальніка юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алены Вештарт. Пытанні задавалі работнікі культуры і мастацтва, якіх хвалюе прававое забеспячэнне галіны. Дыялог ладзіўся па тэлефонах рэдакцыі, але пытанні можна было задаваць і ў он-лайн-рэжыме праз форум сайта газеты або з дапамогай нашай электроннай пошты. Адказы на іх друкуюцца асобнымі блокамі. Пэўная частка пытанняў, што задаваліся прадстаўнікамі рэгіёнаў, тычылася праблем, як кажуць, з аднаго шэрагу. Менавіта гэтая аднастайнасць агучаных момантаў "выкрышталізавала" найбольш вузкія месцы не толькі ў прасторы юрыдычных намаганняў нашых аддзелаў культуры, але і ў іхнім безумоўным праве на больш эфектыўнае выкарыстанне магчымасцей мясцовага кіравання. Вельмі "фактурнай" аказалася сустрэча і для журналістаў "К". Мы паспелі пагутарыць з Аленай Вештарт яшчэ да пачатку "гарачай лініі", атрымалі ад яе пэўныя каментарыі пасля асобных тэлефанаванняў. Усе журналісцкія пытанні пададзены ў артыкуле пад нікам "рэдакцыя". Мы вырашылі не групаваць узнятыя праблемы па тэматыцы і захавалі храналогію "гарачай лініі", каб перадаць яе дынаміку і выявіць надзённасць узнятых праблем.

Да пачатку "гарачай лініі" - 20 хвілін. Правяраюцца тэлефонныя апараты. Застаецца час, для, так бы мовіць, папярэдняй гутаркі.

РЭДАКЦЫЯ:

 - У раённых аддзелах культуры ўсё часцей вядуць гаворку пра неабходнасць увядзення адзінкі юрыста. Сям-там яны ўжо працуюць. І гэта, напэўна, апраўдана, бо часцяком радавому работніку галіны няпроста разабрацца ў шэрагу законаў, у дзясятках указаў, у сотнях пастаноў, сутнасць якіх тычыцца прававога забеспячэння дзейнасці сферы культуры. Прынамсі, наша рубрыка "Юрыдычныя тонкасці" пераканала: чытацкіх пытанняў да вас заўжды шмат...

Алена ВЕШТАРТ:

- Каб іх было меней, у Дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гг. пазначана падрыхтоўка Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, дзе мяркуецца аб'яднаць усе нарматыўна-прававыя акты, звязаныя з дзейнасцю нашай галіны... Сёлета мы пачынаем падводзіць пад гэты кодэкс навуковую базу. З Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў заключаецца адпаведная дамова. Такім чынам, у 2011 - 2012 гг. будуць выпрацаваны прапановы па канцэпцыі, структуры і змесце кодэкса. Мяркуецца прааналізаваць, у тым ліку, і замежны досвед. Безумоўна, будзем улічваць прапановы рэгіёнаў.

 РЭДАКЦЫЯ:

 - Зусім нядаўна на выніковай калегіі ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама выступаў інвестар, які наракаў на тое, што для далейшага адраджэння набытага сядзібна-паркавага комплексу не стае прававой базы. Цяпер, калі абвешчаны дзяржаўны курс на паяднанне высілкаў з прыватным бізнесам, што рабіць таму інвестару?

 Алена ВЕШТАРТ:

 - Каб адказаць на пытанне, трэба ведаць, з якімі канкрэтна праблемамі сутыкнуўся інвестар. Калі яны звязаны з атрыманнем парку і возера, якія інвестар хоча добраўпарадкаваць, трэба дзейначаць у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб зямлі або Водным кодэксам. Каб было менш праблем, мяркую, інвестару лепш стварыць на тэрыторыі рэспублікі сумеснае прадпрыемства.

 

А 10-й гадзіне прагучала першае тэлефанаванне:

 Васіль ЗАРУБА, начальнік аддзела культуры Столінскага райвыканкама:

- Добры дзень, Алена Пятроўна! Пытанне наступнае: ці плануецца распрацоўка і рэалізацыя сістэмы падтрымкі творчых праектаў на рэспубліканскім, рэгіянальным узроўнях? Маю на ўвазе дапамогу ва ўмацаванні матэрыяльнай базы ўстаноў культуры пад, скажам, канкрэтны і знакавы рэгіянальны фестываль. У Расіі, Польшчы, дакладна ведаю, такая сістэма дзейнічае... Пры дапамозе праграмы ЕС/ПРААН за чатыры гады раён атрымаў грантаў да 80 мільёнаў рублёў, у прыватнасці - на правядзенне ІІІ Міжнароднага пленэру ганчароў, што запланаваны на 2012 год з удзелам ледзь не дзесяці краін... Міністр культуры аднойчы закрануў гэтую тэму. Дык ці чакаць менавіта міністэрскай падтрымкі нашых ініцыятыў? На маю думку, сістэма грантаў павінна ахопліваць і рэгіёны...

Алена ВЕШТАРТ:

- Атрымаць гранты на здзяйсненне творчых праектаў можна і сёння, напрыклад, са сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У планах Міністэрства культуры - правядзенне конкурсу творчых праектаў. Сутнасць яго ў тым, што будуць разглядацца творчыя праекты, лепшыя з якіх мяркуецца фінансаваць за кошт сродкаў, прадугледжаных Міністэрству культуры на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў. Гэта нельга назваць грантам, але падтрымка лепшых ідэй запланавана.

 Васіль ЗАРУБА:

- Наступнае пытанне - эканамічнага кшталту, але датычнае і вашай кампетэнцыі... У раёне - 550 мільёнаў пазабюджэтных сродкаў, з іх - 500 мільёнаў, атрыманых у выніку платных паслуг... Гаворка - пра кампенсацыю і ўзнаўленне бюджэту па аплаце выдаткаў на камунальныя паслугі. Гэта, па сутнасці, 30 - 40 працэнтаў ад заробленага за год. Практычна ўсе сродкі ад арэнды памяшканняў сыходзяць у бюджэт. Я ўжо пра падаткі не кажу... Словам, асаблівых прыбыткаў не маем.

 Алена ВЕШТАРТ:

- Тут трэба памятаць пра тое, што калі вы займаецеся пазабюджэтнай дзейнасцю, дык выкарыстоўваеце пры гэтым пэўныя матэрыяльныя каштоўнасці, камунальныя і іншыя паслугі, якія набыты (аплачаны) за кошт бюджэту. Таму лагічна іх кампенсаваць. Трэба адзначыць, што ў дадзены час Міністэрствам фінансаў падрыхтаваны праект Палажэння аб накірунках і парадку выкарыстання сродкаў, якія атрыманы бюджэтнымі арганізацыямі ад дзейнасці, што прыносіць прыбытак.

Васіль ЗАРУБА:

- Вялікі розгалас сярод маіх калег займела пастанова № 582 Савета Міністраў па арганізацыі дыскатэк. Моладзь да 18 гадоў на начную дыскатэку пасля 22.00 хадзіць не мае права, бадзяецца вакол клуба. Мы губляем прыбытак. Затое маюць яго камерцыйныя дыскабары, дзе танцы - кожны вечар цягам тыдня. У нас жа - толькі па суботах і нядзелях. Грошы грашыма, але моладзь названага ўзросту знаходзіцца па-за кантролем дзяржаўных устаноў культуры. а гэта ўжо - праблема маральнага плана...

Алена ВЕШТАРТ:

 - Пагаджаюся, праблема - ёсць. Лепей падлеткаў справай заняць, бо ўсё роўна па дамах не разыдуцца...

 Васіль ЗАРУБА:

- Ды ў нас яны на клубных танцавальных вечарах заўжды пад наглядам былі...

Алена ВЕШТАРТ:

- Усё так. Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 582 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб арганізацыі правядзення дыскатэк і работы культурна-забаўляльных (начных) клубаў у Рэспубліцы Беларусь" дазваляе праводзіць разавыя начныя дыскатэкі з удзелам непаўналетніх па ўзгадненні з кіраўніком мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або з упаўнаважанай ім асобай. Словам, тут павінны сказаць сваё важкае слова мясцовыя выканкамы. Ніхто не сцвярджае, што разавая дыскатэка павінна праводзіцца толькі раз у год, а не, да прыкладу, раз на тыдзень.

 Васіль ЗАРУБА:

- Вялікі дзякуй, Алена Пятроўна! Усё ж патрэба ў такіх аператыўных зносінах іншым разам бывае ў нас вельмі вялікая. Дзякуй за адказы...

 ■

Не маглі не запрасіць Алену Вештарт да каментарыя апошняй сітуацыі.

РЭДАКЦЫЯ:

 - Чаму, на ваш погляд, у раёнах не ў поўнай меры выкарыстоўваецца Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні?

 Алена ВЕШТАРТ:

- Сёння, напэўна, будзе шмат пытанняў і па тыпавых штатах. Але часткова пытанні ўвядзення тых або іншых адзінак ва ўстановах культуры можна вырашыць на мясцовым узроўні... Тут тлумачэнне, падаецца, - адзінае: нашы аддзелы культуры недастаткова настойліва ўзнімаюць згаданыя праблемы перад выканкамамі... Урэшце, тыпавыя штаты нельга зрабіць ідэальным, тым больш, для раёнаў з рознымі магчымасцямі, умовамі і г. д. У аддзелаў заўжды ёсць права на ініцыятыву.

 РЭДАКЦЫЯ:

 - У многіх раёнах пры дамах рамёстваў няма салонаў па рэалізацыі сувеніраў. На наша пытанне "Чаму?" адказваюць: "Цяжкасці з ліцэнзіяй!"

 Алена ВЕШТАРТ:

 - З 1 студзеня 2011 года дзейнічае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 года № 450 "Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці", які, у прыватнасці, адмяніў ліцэнзію на рознічны гандаль (за выключэннем рознічнага гандлю алкагольнымі і тытунёвымі вырабамі).

РЭДАКЦЫЯ:

- У лексіконе аддзелаў культуры з'явілася словазлучэнне "юрыдычная асоба", і яно не заўжды адназначна ўспрымаецца. У чым тут тонкасці?

Алена ВЕШТАРТ:

- Сёння сама хацела пра гэта казаць... У раёнах установы існуюць пры аддзелах культуры. Але аддзел - гэта орган дзяржаўнага кіравання, які рэалізуе дзяржаўную палітыку ў сферы культуры на тэрыторыі адпаведнага раёна. Ён не можа займацца гаспадарчай або прадпрымальніцкай дзейнасцю. Установы ж культуры забяспечваюць рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2006 года № 631 "Аб структуры, функцыях і колькасці работнікаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў" (далей- Указ №631) у структуры аддзела культуры могуць быць сектары і групы. Ніякіх іншых структур, у тым ліку ўстаноў, не прадугледжана. Але некаторыя начальнікі аддзелаў культуры ставяць пытанне аб немэтазгоднасці надання статуса юрыдычнай асобы ўстановам культуры, якія ўваходзяць у склад аддзела культуры. Тут ёсць таксама пытанне, бо стварэнне асобных устаноў з правам юрыдычнай асобы патрабуе стварэння бухгалтарскай службы, увядзення пасад, якія будуць забяспечваць гаспадарчае функцыянаванне... Таму як выхад з сітуацыі можна прапанаваць наступнае. Стварыць раённую бібліятэку (РДК) з правам юрыдычнай асобы, а ўсе бібліятэкі (клубы) раёна ўключыць у склад такой бібліятэкі (ДК) у якасці структурных падраздзяленняў або філіялаў. Ці стварыць установу культуры змяшанага тыпу, у склад якой у якасці структурных падраздзяленняў або філіялаў увойдуць бібліятэкі, клубы, музеі. Такая ўстанова будзе мець бухгалтэрыю, гаспадарчы аддзел і іншыя службы. У адпаведнасці з асаблівасцямі раёна могуць быць варыянты. Але стварэнне ўстаноў, пазначаных вышэй, будзе адпавядаць патрабаванням Грамадзянскага кодэкса, Закону "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь" і забяспечыць цэнтралізацыю культуры на ўзроўні раёна. Пры гэтым аддзел культуры не будзе займацца неадпаведнымі для органа дзяржкіравання функцыямі і не будзе мець у сваёй структуры падраздзяленняў, якія не прадугледжаны Указам № 631, у тым ліку цэнтралізаваных бухгалтэрый, гаспадарчых груп. Цяпер у Мінкультуры вырашаецца пытанне фінансавання ўстаноў змяшанага тыпу.

 

Таццяна РАЖАВА, начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама:

 - Добры дзень! Пытанне па тыпавых штатах. У сённяшніх ніяк не ўлічваюцца нашы ўмовы. Калі з'явіцца новы расклад?

Алена ВЕШТАРТ:

 - Працэс зацвярджэння тыпавых штатаў культурна-асветніцкіх устаноў зацягваецца, бо цяжка ўлічыць самыя розныя ўмовы ўстаноў, розныя іх патрэбы. Так ці інакш, адбываецца пэўная нівеліроўка. Адсюль - і праблемы. Адным патрэбны інжынер-праграміст, іншым- юрыст... Таму, калі распрацавалі праект тыпавых штатаў і пачалі ўзгадняць у абласцях, узніклі пытанні. Узгадніць іх да канца пакуль не ўдалося. Тыпавыя штаты дзейнічаюць з 1998 года, і дазваляюць, зыходзячы з канкрэтных умоў i аб'ёмаў работы, уводзіць iншыя пасады спецыялiстаў i рабочых з дазволу органаў кiравання, якiя выдаткоўваюць сродкi на iх утрыманне. Мо так і варта пакуль вырашаць праблему?

Таццяна РАЖАВА:

 - Справа ў тым, што нашы фінансавыя органы наўпрост зацікаўленыя ў тым, каб выдаткі бюджэту не павялічваліся, а змяншаліся. І на новыя пасады ад іх - катэгарычная забарона.

Алена ВЕШТАРТ:

- Я ўсё цудоўна разумею. Калі на раённым узроўні ўсё няпроста, дык на рэспубліканскім-удвая.

 Таццяна РАЖАВА:

- Наступнае пытанне звязана таксама з фінансамі. Маю на ўвазе закупку імпартных абсталявання і музычных інструментаў. Нам патрэбны камп'ютар, манітор, сістэмны блок набыць можам хутка, а прынтар са сканерам - не, бо ў Беларусі такіх не вырабляюць, таму праплаты чакаем паўгода. Столькі ж "блукаюць" паперы па ўзгадненні закупак імпарту і па музычных інструментах. А ніхто з рэалізатараў не хоча трымаць для нас тавар... Ці прапісана гэтая сітуацыя ў праграме "Культура Беларусі"?

Алена ВЕШТАРТ:

- У пералік мерапрыемстваў Дзяржпраграмы , пры рэалізацыі якіх ажыццяўляюцца закупкі па імпарце, уключана закупка музычных інструментаў, тэхнікі абсталявання для непрафесійных (аматарскіх) і аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці, студый, гурткоў, аматарскіх аб'яднанняў, дзіцячых школ мастацтваў, тэатральна-відовішчных устаноў і інш

 Таццяна РАЖАВА:

 - Паводле дакументаў Міністэрства культуры, ЦБС як форма арганізацыі бібліятэчнага абслугоўвання не існуе. Якім далей плануецца дакументальнае забеспячэнне бібліятэк раённага ўзроўню?

Алена ВЕШТАРТ:

- А ў чым вы бачыце розніцу паміж цэнтралізаванай сістэмай і сеткай бібліятэк? Заканадаўствам прадугледжана стварэнне сеткі бібліятэк. Падрыхтаваны ўжо праект пастановы Міністэрства культуры аб прынцыпах стварэння бібліятэк і арганізацыі адпаведнай сеткі. Дакумент цяпер узгадняецца і хутка будзе прыняты. У вас райбібліятэка - юрыдычная асоба?

Таццяна РАЖАВА:

 - Не. Сельскія бібліятэкі-філіялы і падпарадкоўваюцца цэнтральнай.

 Алена ВЕШТАРТ:

- Тут трэба разабрацца ў арганізацыі. Калі структурнымі падраздзяленнямі ЦБ стануць сельскія бібліятэкі, ніякіх праблем не павінна ўзнікаць увогуле.

Таццяна РАЖАВА:

 - Так яно і ёсць. Проста няма пакуль дакументальнага пацвярджэння дзейнасці менавіта сеткі бібліятэк. І яшчэ пытанне, звязанае са спісаннем бібліятэчных фондаў. Мы апошнім часам не можам спісаць больш літаратуры, чым набылі. Штучна заніжаецца спісанне маральна састарэлых кніг. Прынамсі, так нам рэкамендуюць...

 Алена ВЕШТАРТ:

- Калі такое рашэнне прынята на абласной калегіі, яго трэба выконваць... Але гэтае пытанне не да юрыста - тут варта звяртацца да спецыялістаў, што займаюцца арганізацыяй бібліятэчнай справы.

Рыма ТКАЧОВА, дырэктар Крычаўскай ЦКС:

 - Добры дзень! Я хацела б задаць пытанне па штатным раскладзе. Мы ўжо жывём у новым стагоддзі, і планы, патрабаванні- усё гэта змяняецца. У нас ёсць Цэнтралізаваная клубная сістэма, куды ўваходзіць 16 устаноў культуры. А ў маім штатным раскладзе няма ні рэжысёра культурна-масавых мерапрыемстваў, ні гукааператара, без якога мы таксама не можам абысціся, ні кіраўніка дыскатэкі...

Алена ВЕШТАРТ:

- Я разумею ваша пытанне. Магу парэкамендаваць толькі тое, што ў тых тыпавых штатах, якія сёння дзейнічаюць, ёсць норма, паводле якой па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у расклад могуць уводзіцца і іншыя пасады.

Рыма ТКАЧОВА:

 - Дзякуй за адказ!

 Валерый МАРЦІНКЕВІЧ, дырэктар Ганцавіцкай дзіцячай школы мастацтваў:

 - Добры дзень! Склалася наступная сітуацыя. Курсы павышэння кваліфікацыі. Намеснік дырэктара два тыдні на курсах. Ці налічваецца надбаўка да акладу і прэмія за перыяд прабывання на курсах?

Алена ВЕШТАРТ:

- Работнікам, якія накіраваны на павышэнне кваліфікацыі, выплачваецца сярэдняя заработная плата. І калі яна вылічваецца, улічваюцца надбаўкі і прэміі.

Валерый МАРЦІНКЕВІЧ:

- Значыцца, калі чалавек на курсах, ён нічога не губляе ў плане заробку?

Алена ВЕШТАРТ:

 - У прынцыпе, так і атрымліваецца. Толькі трэба правільна вылічыць сярэднюю заработную плату. Ёсць "Інструкцыя аб парадку вылічэння сярэдняга заробку, што захоўваецца ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам", якая зацверджана пастановай Міністэрства працы краіны ад 10 красавіка 2000 года № 47.

Валерый МАРЦІНКЕВІЧ:

 - І яшчэ адно пытанне. Наша школа атрымала статус юрыдычнай асобы зусім нядаўна. Але пры гэтым мы не маем сваёй бухгалтэрыі. Як былі структурным падраздзяленнем аддзела культуры і карысталіся цэнтралізаванай бухгалтэрыяй, так і працягваем. Як юрыдычна правільна ў гэтай сітуацыі аформіць адносіны?

Алена ВЕШТАРТ:

- Трэба заключыць дагавор аб аказанні паслуг па вядзенні бухгалтарскага ўліку, і вас цэнтралізаваная бухгалтэрыя будзе абслугоўваць. "Інструкцыя аб парадку арганізацыі бухгалтарскага ўліку бюджэтнымі арганізацыямі і цэнтралізаванымі бухгалтэрыямі, якія абслугоўваюць бюджэтныя арганізацыі", зацверджана пастановай Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 2005 года № 15.

Валерый МАРЦІНКЕВІЧ:

 - Яшчэ адно пытанне ў звязку з папярэднім. Школа атрымала статус юрыдычнай асобы. А з работнікамі я павінен як пераафармляць адносіны? Мне сказалі, што я абавязаны сваіх настаўнікаў звольніць, а потым - зноў наняць...

Алена ВЕШТАРТ:

- Не, не абавязкова. Ёсць рашэнне выканкама, вы зарэгістравалі статут, пасведчанне атрымалі... Зачытайце мне гэтае рашэнне выканкама.

 Валерый МАРЦІНКЕВІЧ:

- "Стварыць дзяржаўную ўстанову адукацыі "Ганцавіцкая дзіцячая школа мастацтваў". <...> Зацвердзіць прыкладзены статут дзяржаўнай установы, даручыць дырэктару правесці дзяржаўную рэгістрацыю ўстановы".

Алена ВЕШТАРТ:

 - Гэта значыць, нічога не гаворыцца пра рэарганізацыю на базе той школы, якая існавала раней.

Валерый МАРЦІНКЕВІЧ:

 - Не. Гаворыцца, што на падставе Закону Рэспублікі Беларусь "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні" вырашана стварыць такую ўстанову... Па сутнасці, гэта рэарганізацыя...

Алена ВЕШТАРТ:

- Значыць, тут магчымыя варыянты. Найбольш аптымальны: звальняць сваіх супрацоўнікаў не трэба, патрэбна выдаць загад аб тым, што яны лічацца працуючымі ва ўстанове з канкрэтнага чысла, з пералічэннем іх пасад. Працягваюць дзейнічаць усе тыя кантракты, якія былі заключаны з работнікамі раней.

 Валерый МАРЦІНКЕВІЧ:

- Вялікі дзякуй!

 Наталля СІНЮКОВІЧ, начальнік аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама:

 - Дзень добры, Алена Пятроўна! І мяне, і маіх калег вельмі хвалюе сітуацыя, што склалася з пастановай Савета Міністраў № 582, якая, на жаль, ставіць у аднолькавыя рамкі і начныя клубы, рэстараны, бары, і сельскія клубы, дзе мы фактычна выконваем сацыяльны стандарт. Установы часам працуюць для 8- 10 чалавек... Таксама ў нас, у сельскіх клубах, ужо склалася адпрацаваная сістэма: на дыскатэках працуе настаўніцка-бацькоўскі патруль...

 Алена ВЕШТАРТ:

- Гэтае пытанне нам вядомае, мы будзем працаваць над ім. Хачу толькі нагадаць, што тая самая пастанова № 582 дазваляе вырашаць праблему на ўзроўні мясцовых органаў улады...

Наталля СІНЮКОВІЧ:

- Разава... Але ж у такім выпадку нам давядзецца штотыдзень прымаць рашэнні райвыканкама з гэтай нагоды, каб дазволіць знаходжанне асоб да 18 гадоў на дыскатэцы.

 Алена ВЕШТАРТ:

- Трэба адзначыць, што не рашэнне прымаецца, а правядзенне разавых дыскатэк узгадняецца з кіраўніком мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або з упаўнаважанай ім асобай. Можна ўзгадніць пэўныя дні, калі допуск непаўналетніх на дыскатэкі будзе дазваляцца і пасля пазначанага ў пастанове часу.

Наталля СІНЮКОВІЧ:

- У нас, у прынцыпе, падобная практыка ёсць у дачыненні да святочных дзён. Але, лічу, праблемы гэта не вырашае. Алена Пятроўна, і яшчэ адно пытанне: што чуваць па новых тыпавых штатах?

Алена ВЕШТАРТ:

- Як толькі зможам узгадніць іх з усімі аблвыканкамамі, Міністэрствам фінансаў, адразу ж зацвердзім. Пакуль прыходзім да згоды, якія пасады варта ўвесці ў тых або іншых установах культуры, паколькі паўсюль - розныя ўмовы працы, розная ступень забяспечанасці той жа матэрыяльна-тэхнічнай базай.

Наталля СІНЮКОВІЧ:

 - Абсалютна не.

Алена ВЕШТАРТ:

- І якое, на вашу думку, выйсце з сітуацыі? Скажам, у новых тыпавых штатах, што мы прымем, будуць пасады, не патрэбныя вам...

Наталля СІНЮКОВІЧ:

 - А калі, скажам, абазначыць структуру штатаў: пастаноўчая, рэжысёрская, тэхнічная группы - з прывязкай да колькасці калектываў устаноў, ліку насельніцтва... Тут жа і колькасць мерапрыемстваў іншая, і нагрузка для супрацоўнікаў. Мо даць магчымасць прымаць канкрэтныя штаты на месцах?.. Алена ВЕШТАРТ: - Зрэшты, так яно сёння і ёсць.

Наталля СІНЮКОВІЧ:

 - Магчымасць ёсць, але правесці гэтую ініцыятыву праз фінансістаў вельмі складана. Яны патрабуюць важкіх абгрунтаванняў.

 Алена ВЕШТАРТ:

- Гэткая ж сітуацыя - і на ўзроўні ўзгадненняў з Міністэрствам фінансаў. Ды і ў кожнага з аблвыканкамаў, паўтаруся, свой падыход: у розных абласцях часцяком патрабуюцца розныя пасады.

 Наталля СІНЮКОВІЧ:

- Ёсць свае моманты і ў павышэннях заробку. Пасля вераснёўскага павышэння заработнай платы ўпусцілі, дакладна зараз не ўзгадаю, ці то вядучых спецыялістаў, ці то метадыстаў. Няма ў пераліку і гаспадарчай групы...

 Алена ВЕШТАРТ:

- Але ў той пастанове Савета Міністраў пазначана павышэнне для работнікаў культурна-асветніцкіх устаноў. Гаспадарчая група - гэта не культасветустанова. У новых тыпавых штатах не будзе пасад для гаспадарчых груп, цэнтралізаваных бухгалтэрый, паколькі гэта не культасветустановы. Спрабуем патлумачыць абласцям, што гэта тыпавыя штаты ўстаноў культуры, а не тых жа бухгалтэрый, зацвярджаць якія для апошніх у Міністэрства культуры няма паўнамоцтваў. Таму пра канкрэтныя тэрміны пакуль казаць не выпадае.

Наталля СІНЮКОВІЧ:

- З 2006 года ўся гаспадарчая дзейнасць перайшла да аддзелаў культуры ад сельсаветаў. Менавіта таму сёння важная роля той жа бухгалтэрыі, каб планаваць працу. Ці не парадокс: начальнік гаспадарчай групы, які нясе адказнасць за сістэму ацяплення ў СДК нароўні з яго дырэктарам, атрымлівае 600 тысяч, калі кіраўнік установы культуры - мільён. Чалавек з адукацыяй не пойдзе на такія грошы.

Алена ВЕШТАРТ:

 - Магу толькі яшчэ раз сказаць: звярніцеся ў вашы фінансавыя органы, да старшыні райвыканкама, абмяркоўвайце найперш праблемы там. Бо грошы пойдуць усё роўна з мясцовага бюджэту.

Наталля СІНЮКОВІЧ:

 - Дзякую за адказы. Надзея ЖУК, начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама: - Добры дзень! Пытанне маё, думаю, не першае за сёння. Яно датычыцца наведвання 16-і - 17-і, амаль 18-гадовымі маладымі людзьмі дыскатэк у сельскай мясцовасці. "Генезіс" пытання пераказваць не буду, але прывяду адзін прыклад: на танцавальным вечары ў адным з СДК раёна міліцыя вылічыла дзяўчыну, якой толькі праз два месяцы споўніцца 18. У выніку на маё імя выпісана прадпісанне...

Алена ВЕШТАРТ:

 - Пытанне гэтае - не першае за сёння. Мусіць, яно яшчэ больш абвастрылася пасля ўвядзення з 1 студзеня адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе штрафу за допуск непаўналетніх на дыскатэкі...

 Надзея ЖУК:

- Так, штраф - ад 10 да 50 базавых велічынь...

Алена ВЕШТАРТ:

- Таму паўтару сваю рэкамендацыю, агучаную сёння неаднаразова: карыстайцеся пакуль магчымасцю дазваляць допуск непаўналетніх асоб на дыскатэкі па ўзгадненні з кіраўніком мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або з упаўнаважанай ім асобай. Надзея ЖУК: - Так і робім. Дзякуй за адказ!

 ■

Алена ВЕШТАРТ:

- Бачыце, якім актуальным стала дыскатэчнае пытанне пасля ўвядзення адміністратыўнай адказнасці?

РЭДАКЦЫЯ:

- А можна неяк абысці паняцце "разавае мерапрыемства"?

 Алена ВЕШТАРТ:

- Пытанне ў адказ: а што такое разавае? Можна ж узгадніць пэўныя дні. Мусіць, ніхто б не меў нараканняў. Увогуле ж, мяркую, многія пытанні з зададзеных сёння на "гарачай лініі" могуць паспяхова вырашацца на мясцовым узроўні. Наконт тых жа дыскатэк: калі ў раёне нармальная крымінагенная абстаноўка, наладжаны бацькоўскі і настаўніцкі кантроль, дык чаму б не дазволіць рашэннем райвыканкама наведванне дыскатэк 16і- 17-гадовымі ў пэўныя дні?

 

Вікторыя СВЯЖЫНСКАЯ, інспектар па кадрах аддзела культуры Полацкага гарвыканкама:

- Добры дзень! У нас узнікла такое пытанне. Нядаўна быў зменены пералік прафесій рабочых і служачых устаноў Міністэрства адукацыі. У прыватнасці, там з'явіўся радок "настаўнік установы пазашкольнага выхавання (навучання) у сферы культуры". У нас такая пасада заўжды называлася "выкладчык". Але мы не бачым ніякіх выгод пры пераводзе людзей з ранейшай пасады на "настаўніка ўстановы пазашкольнага выхавання (навучання) у сферы культуры". Мы прааналізавалі нарматыўную базу: для атрымання першай, другой, вышэйшай катэгорыі супрацоўніку патрэбна мець вопыт працы менавіта па апошняй спецыяльнасці...

Алена ВЕШТАРТ:

- Вы, мусіць, ужо ведаеце, што з 1 верасня 2011 года ў дзеянне ўступае Кодэкс аб адукацыі. І ўсё заканадаўства будзе прыводзіцца ў адпаведнасць з названым дакументам. У ім, у прыватнасці, няма паняцця "ўстановы пазашкольнага выхавання і навучання". Замест іх будзе ўведзены тэрмін "дзіцячыя школы мастацтваў". Адпаведна, і назва пасады "настаўнік ўстановы пазашкольнага выхавання і навучання" будзе заменена на "настаўнік дзіцячай школы мастацтваў".

Вікторыя СВЯЖЫНСКАЯ:

 - Так. І яшчэ пытанне. Справа ў тым, што згодна з нарматыўнымі актамі, якія рэгулююць працягласць працоўнага часу, існуе фармулёўка "выкладчык школы мастацтваў".

Алена ВЕШТАРТ:

- У пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2003 года №1134 "Аб устанаўленні скарочанай працягласці працоўнага часу асобным катэгорыям педагагічных работнікаў" у ліпені 2010 года ўнесены дапаўненні, згодна з якімі настаўнікам устаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры ўстаноўлена працягласць працоўнага часу 36 гадзін у тыдзень і 18 гадзін выкладчыцкай працы ў тыдзень на стаўку.

Вікторыя СВЯЖЫНСКАЯ:

- Некаторыя калегі ажыццявілі перавод з выкладчыкаў на настаўнікаў. Мы не рабілі гэтага, паколькі не было дакладнасці з працягласцю рабочага дня. Мо нам не варта спяшацца?

Алена ВЕШТАРТ:

 - Сапраўды, можа, вам варта пачакаць пачатку дзеяння Кодэкса аб адукацыі? Але за зменамі ў заканадаўстве варта сачыць больш уважліва.

Вольга ПАЛУНЧАНКА, загадчык Кіраўскай сельскай бібліятэкі Віцебскага раёна:

- Добры дзень! Наша бібліятэка знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Хацелася б даведацца, якімі нарматыўнымі дакументамі рэгулюецца догляд за прылеглай да ўстановы тэрыторыяй.

Алена ВЕШТАРТ:

 - Добры дзень! Адкажу на ваша пытанне проста: усё рэгулюецца рашэннямі мясцовых органаў улады.

 РЭДАКЦЫЯ:

 - Бібліятэкары задаюць пытанні аб магчымасці продажу дублетных экэзэмпляраў кніг. Ці могуць яны стварыць своеасаблівую букіністычную краму?

Алена ВЕШТАРТ:

- Прынамсі, ніякай забароны, з заканадаўчага пункта гледжання, для гэтага не бачу. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб бібліятэчнай справе", бiблiятэкі маюць права выключаць i рэалiзоўваць дакументы з бiблiятэчных фондаў у адпаведнасцi з заканадаўствам. Згодна з "Iнструкцыяй па ўлiку i захаванні бiблiятэчных фондаў у Рэспублiцы Беларусь", зацверджанай загадам Міністэрства культуры ад 28 жніўня 1998 года №300, выключаныя з фондаў бiблiятэк празмерна дублетныя i няпрофiльныя дакументы перадаюцца ў абменныя фонды для пераразмеркавання, а пры адсутнасцi попыту на iх з боку бiблiятэк- для продажу. Трэба адзначыць, што падрыхтавана новая рэдакцыя згаданай Інструкцыі.

 РЭДАКЦЫЯ:

- Усё гэта вельмі сімпатычна, паколькі сярод гэтых дублетаў ёсць і даволі прывабныя для кніжнікаў асобнікі.

Віктар ЗАХАРАНКА, начальнік аддзела культуры Нараўлянскага райвыканкама:

- Добры дзень, Алена Пятроўна! Хацелася б атрымаць кансультацыю. Калі зможам увесці ў штатны расклад аддзела культуры спецыяліста па абслугоўванні камп'ютараў?

Алена ВЕШТАРТ:

- Ужо літаральна сёння, калі вырашыце пытанне на мясцовым узроўні. У тых самых тыпавых штатах 1998 года існуе норма аб тым, што ў штаты ўстаноў з дазволу органаў кiравання, якiя выдаткоўваюць сродкi на iх утрыманне, могуць быць уведзены iншыя пасады спецыялiстаў i рабочых.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі:

- Добры дзень! Раскажыце, калі ласка, пра Палажэнне пра апякунскі савет: ці вядзецца па ім работа, калі яно будзе зацверджана і што будзе ў сябе ўключаць?

Алена ВЕШТАРТ:

- Добры дзень! Днямі праект пастановы аб стварэнні апякунскіх саветаў ужо ўнесены ў Савет Міністраў. Што гэты праект будзе ўтрымліваць? Першая норма такая: пры арганізацыях культуры могуць стварацца апякунскія саветы. Рашэнне аб іх стварэнні прымае кіраўнік арганізацыі, а ў адносінах да дзяржаўных арганізацый культуры - таксама Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншы дзяржаўны орган. У прынцыпе, вы самі можаце таксама прыняць рашэнне аб стварэнні апякунскага савета. Склад гэтага савета будзе зацвярджацца кіраўніком арганізацыі культуры. Яго функцыі - садзейнічанне развіццю арганізацыі, дапамога ў кіраванні ёй, аказанне зноў жа садзейнічання ў прыцягненні пазабюджэтных сродкаў фінансавання... Мы спадзяёмся, што ў бліжэйшыя месяцы гэты дакумент будзе прыняты.

РЭДАКЦЫЯ:

 - Хацелася б пачуць пра нейкія зрухі ў пытаннях унармавання такіх паняццяў, як спонсарства і мецэнацтва.

Алена ВЕШТАРТ:

 - На жаль, у нас у заканадаўстве гэтыя паняцці змешваюцца і асаблівых размежаванняў тут няма. Увогуле ж, кажучы простай мовай, мецэнацтва - гэта чыстае высакародства, а спонсар, уклаўшы грошы, мае найперш выгоду. Часцей за ўсё - у выглядзе рэкламы. Якія зрухі? Ужо з бягучага года ў Падатковым кодэксе з'явілася палажэнне аб тым, што пры ўвозе ў краіну каштоўнасцей з мэтай далейшай перадачы ў арганізацыю культуры, падатак на дабаўленую вартасць пры ўвозе не спаганяецца. І пры перадачы арганізацыі культуры пэўнай каштоўнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь - таксама. Усё гэта ўведзена з 1 студзеня 2011 года. У дадзены момант падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта аб некаторых пытаннях падаткаабкладання, дзе прадугледжваецца шэраг ільгот для спонсараў. Перш за ўсё, гэта вызваленне пры падаткаабкладанні пэўнай часткі прыбытку, што накіроўваецца ўстановам культуры.

РЭДАКЦЫЯ:

- Калі казаць пра рэкламу, дык яна і мусіць даваць у ідэале нейкую аддачу спонсару. Бывае, прэс-канферэнцыі праходзяць на фоне банераў з лагатыпамі тых самых фундатараў, але нават такую, не кажучы ўжо аб прамой узгадцы, інфармацыю пра іх згодна з заканадаўствам аб рэкламе мы выдаваць не можам...

Алена ВЕШТАРТ:

- ...Паколькі гэта будзе прыхаваная рэклама. Адзначу, што ў заканадаўстве тэрмін "мецэнацтва" не ўжываецца. У нас ёсць Указ Прэзідэнта ад 1 ліпеня 2005 года №300 "Аб прадастаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі". І ў ім акрэслена менавіта бязвыплатная перадача грашовых сродкаў, маёмасці, аказанне паслуг, выкананне работ. Дарэчы, сёлета Міністэрствам культуры запланавана падрыхтоўка палажэння аб конкурсе "Мецэнат культуры". Правядзенне конкурсу прадугледжана Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі".

Адказы на пытанні з электроннай пошты

 Кацярына ЛАБУКА, начальнік аддзела культуры Дубровенскага райвыканкама:

- Добры дзень, Алена Пятроўна! У сельскім Доме культуры - два супрацоўнікі, якія атрымліваюць профільную адукацыю завочна. Заліковыя і экзаменацыйныя сесіі ў іх адбываюцца адначасова. Ці магчымы на час адсутнасці асноўных работнікаў прыём іншага супрацоўніка, з якім будзе заключаны працоўны дагавор?

Алена ВЕШТАРТ:

 - У адпаведнасці з пунктам 4 часткі 1 артыкула 17 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей - ПК) працоўныя дагаворы могуць заключацца на тэрмін выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца працы. Згодна з артыкулам 292 ПК такі работнік прызнаецца часовым. Працоўны дагавор, заключаны на перыяд выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, спыняецца з дня, што папярэднічае дню выхаду апошняга на працу (артыкул 38 ПК).

Кацярына ЛАБУКА:

 - І яшчэ адно пытанне: ці магчыма датэрмінова скасаваць кантракт з пенсіянерам па ініцыятыве наймальніка ў выпадку, калі неабходна ўладкаваць маладога спецыяліста?

Алена ВЕШТАРТ:

- Звальненне па ініцыятыве наймальніка магчымае на падставах, вызначаных у артыкуле 42 ПК, у прыватнасці, неадпаведнасці работніка пасадзе, якую ён займае, ці працы, якую выконвае, у выніку стану здароўя, што перашкаджае працягу дадзенай працы; неадпаведнасці работніка пасадзе, якую ён займае, ці працы, якую выконвае, у сувязі з недастатковай кваліфікацый, што перашкаджае працягу дадзенай працы; сістэматычнага невыканання работнікам без уважлівых прычын абавязкаў, ускладзеных на яго працоўным дагаворам або правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, калі да супрацоўніка раней прымяняліся меры дысцыплінарнага спагнання; прагулу (у тым ліку - адсутнасці на працы больш за тры гадзіны цягам працоўнага дня) без уважлівых прычын і інш. Дадатковыя падставы звальнення па ініцыятыве наймальніка могуць быць прадугледжаны ў кантракце. Дадзеныя падставы адносяцца да ўсіх катэгорый работнікаў, у тым ліку і пенсіянераў. Небходнасць працаўладкавання маладога спецыяліста не з'яўляецца падставай для звальнення пенсіянера па ініцыятыве наймальніка.

 Іна АБРАМЧЫК, начальнік аддзела культуры Старадарожскага райвыканкама:

- Добры дзень! Хацелася б задаць такое пытанне: пры якіх умовах у аддзеле культуры можна ўвесці пасаду спецыяліста па кадрах або інспектара па кадрах?

Алена ВЕШТАРТ:

 - Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2006 года № 631 "Аб структуры, функцыях і колькасці работнікаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў" устаноўлены лік работнікаў аддзелаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў - не менш за чатыры. Пэўныя пасады аддзела ўводзяцца ў залежнасці ад канкрэтных умоў і аб'ёмаў работы. Па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў там можа быць прадугледжана пасада спецыяліста па кадрах (інспектара па кадрах).

Наталля БІСКУП, начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама:

 - Вас вітаюць з Мсціслава! Алена Пятроўна, хацелася б звярнуцца да вас вось з якім пытаннем. Аддзел культуры ажыццяўляе закупку паслуг па падпісцы і дастаўцы друкаваных СМІ на агульную суму 40 000 000 рублёў. Які від працэдуры закупкі неабходна правесці ў дадзеным выпадку, калі зразумела, што падобныя паслугі можа ажыццявіць толькі РУП "Белпошта", хаця цэны на друкаваныя выданні там вышэй, чым у ААТ "Белсаюздрук", якое дастаўкай СМІ па ўстановах культуры не займаецца?

Алена ВЕШТАРТ:

- Згодна з пунктам 3 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 лістапада 2008 года № 618 "Аб дзяржаўных закупках у Рэспубліцы Беларусь" (далей - Указ), закупкі тавараў, работ, паслуг пры арыенціровачным кошце закупкі ад 1000 да 8000 базавых велічынь ажыццяўляюцца з прымяненнем працэдуры цэнавых прапаноў. Асаблівасцей па закупцы паслуг па падпісцы і дастаўцы друкаваных выданняў СМІ заканадаўства не ўтрымлівае. Разам з тым, паколькі дадзены від паслуг у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 года №450 "Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці" падлягае ліцэнзаванню (дзейнасць у галіне сувязі), аддзел культуры можа размясціць заказ толькі ў асобы, што мае адпаведную ліцэнзію. Калі такой ліцэнзіяй валодае толькі РУП "Белпошта", працэдуры закупак не прымяняюцца (абзац пяты падпункта 4.1 пункта 4 Указа). Удакладніць пералік суб'ектаў, што маюць ліцэнзію на дзейнасць у галіне сувязі (дастаўка друкаваных СМІ), можна ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

Георгій ГАГАРЫН, начальнік аддзела культуры Іўеўскага райвыканкама:

 - Добры дзень! Просім растлумачыць, ці мае права аддзел культуры райвыканкама ажыццяўляць рознічны гандаль сувенірнай прадукцыяй, што створана работнікамі Іўеўскага раённага цэнтра рамёстваў і ўстаноў культуры. Пытанне ўзнікла, паколькі плануецца арганізацыя гандлёвага кіёска ў Іўеўскім раённым доме культуры.

 Алена ВЕШТАРТ:

- У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 79 Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ажыццяўляць дзейнасць, што прыносіць прыбытак, у адпаведнасці з устаўнымі мэтамі і прадметам дзейнасці могуць бюджэтныя арганізацыі, за выключэннем дзяржаўных органаў, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Аддзел культуры з'яўляецца дзяржаўным органам (органам дзяржаўнага кіравання), што рэалізуе дзяржаўную палітыку ў адпаведнай сферы на тэрыторыі адпаведнага раёна. У сувязі са сказаным, дзейнасць, што прыносіць прыбытак, аддзелам культуры не можа ажыццяўляцца. Разам з тым, у сістэму аддзела культуры ўваходзяць дамы культуры, метадычныя цэнтры, цэнтр рамёстваў, бібліятэкі, дзіцячыя школы мастацтваў, якія забяспечваюць рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры. Пры наяўнасці ў іх дакументах права на ажыццяўленне дзейнасці, што прыносіць прыбытак, мяркуем: Цэнтр рамёстваў і іншыя ўстановы культуры сістэмы адпаведнага аддзела могуць праводзіць дзейнасць, якая прыносіць прыбытак.