Гаворка - пра прыярытэты і задачы "Славянскага базару..." была прадоўжана і пад час выніковай калегіі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, пасяджэнне якой адбылося 18 лютага. Начальнік упраўлення Уладзімір Цярэнцьеў паведаміў "К", што праект канцэпцыі юбілейнага форуму распрацаваны і абмяркоўваецца, але не меншая ўвага надаецца цяпер таму, каб абласны цэнтр стаў сапраўды фестывальным горадам, насычаным яркімі і незабыўнымі мерапрыемствамі. Свята кухні, рыцарскія турніры, рамесніцкія падворкі, іншыя акцыі павінны, па словах Уладзіміра Цярэнцьева, ярка прэзентаваць нашу культуру.
Пад час абласной калегіі апроч фестывальнай тэмы ішла, натуральна, і гаворка пра развіццё культуры Віцебшчыны. Грунтоўна былі прааналізаваны леташнія здабыткі ў клубнай, бібліятэчнай, музейнай справе. Не менш грунтоўнай была і крытыка недахопаў. Галоўны прыярытэт - рэалізацыя Дзяржпраграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гг. У рабоце абласной калегіі ўзяў удзел намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш.