ПАВОДЛЕ СЦЭНАРЫЯ ПЕРШАЯ ДЗЕЯ РАЗГОРНЕЦЦА Ў АПОШНІ ДЗЕНЬ ЗІМЫ

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

28 лютага адбудзецца ўрачыстае ўручэнне Гомелю сертыфіката Культурнай сталіцы Беларусі і Садружнасці на 2011 год.

/i/content/pi/cult/311/5373/1-1.jpg

Кульмінацыя зімы

У апошні дзень лютага ў Гомелі запланавана мерапрыемства, якога з нецярплівасцю чакаюць усе, без перабольшання, жыхары горада над Сожам: адбудзецца афіцыйнае ўручэнне сертыфіката Культурнай сталіцы Беларусі і Культурнай сталіцы Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Плануецца, што з гэтай нагоды 28 лютага Гомель наведаюць міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка і міністр культуры Расійскай Федэрацыі Аляксандр Аўдзееў.

Аб гэтым распавяла "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Вольга Антоненка.

- У праграме запланаваных мерапрыемстваў, - паведаміла яна, - афіцыйная сустрэча дэлегацый Мінска і Ульянаўска (як вядома, гэты расійскі горад, нароўні з Гомелем, абвешчаны Культурнай сталіцай СНД у 2011 годзе) з прадстаўнікамі абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў. Пасля госці Культурнай сталіцы наведаюць з экскурсіяй Гомельскі палацавапаркавы ансамбль.

У далейшай праграме - прэс-канферэнцыя, выстаўка твораў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а кульмінацыяй гэтага насычанага культурнымі падзеямі дня будзе вялікі канцэрт, які пройдзе ў сценах абласнога драматычнага тэатра. У вячэрняй канцэртнай праграме чакаецца ўдзел шматлікіх сталічных гасцей: Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры", Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І. Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Дрынеўскага, балетнай пары і саліста з Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, а таксама 25 лепшых калектываў Гомельшчыны.

Кіраўнік Заслужанага калектыву краіны ансамбля "Сябры" Анатоль Ярмоленка расказаў, што з задавальненнем прыме ўдзел у свяце: "Шчыра радуюся, што Гомель атрымаў такі статус. Я сам і многія музыканты з "Сяброў" пачыналі, вучыліся тут. Гэты горад - сапраўдны цэнтр культуры, і мы, мяркую, таксама зрабілі пэўны ўнёсак для таго, каб ён стаў такім. У Гомеля - багатыя традыцыі, і цяпер ёсць магчымасць пазнаёміцца з імі напоўніцу".

Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам "К" дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў, мерапрыемствы ў рамках акцыі "Культурная сталіца Беларусі" пройдуць не толькі ў Гомелі, але і ў рэгіёне. Так, частка палотнаў Бялыніцкага-Бірулі ў хуткім часе будзе экспанавацца ў Добрушы. Там жа адбудзецца выстаўка адной карціны - твора Нінель Шчаснай, прысвечанага пісьменніку Івану Шамякіну, знакамітаму ўраджэнцу Добрушскага раёна, 90-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета. "Плануюцца таксама выстаўкі ў Рагачове, іншых гарадах Гомельшчыны. Такім чынам, жыхары рэгіёна таксама адчуюць свята культуры", - дадаў Уладзімір Пракапцоў.

Зрэшты, падзеі ў Культурнай сталіцы-2011 віруюць не першы тыдзень.