“Verus et fidus” Івана Шрэдэра

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Магутны разец афіцэра з Віцебшчыны

/i/content/pi/cult/310/5372/15-2.jpg

...Мы часта прыходзілі да гэтага помніка, які быў пастаўлены так, нібыта вырастае проста з самой Нявы! Сярод усіх піцерскіх манументальных работ ён тады здаваўся адным з самых натхнёных, нават больш, чым Медны вершнік. Заўсёды ўзнікала адчуванне, што мы прыходзілі не да вялікага, адважнага мараплаўца-падарожніка, аддаленага ад нас часам, а сустракаліся з мудрым, мяккім чалавекам, не па ўзросце зграбным і лёгкім. І ні адміральскі мундзір, ні корцік на поясе, ні яго дваранскае паходжанне не рабілі яго ўрачыстым, парадным, "збранзавелым", адчужаным ад людзей, якія яго наведвалі. Мы ўспрымалі Івана Крузерштэрна (гаворка - менавіта пра яго) проста як камандзіра карабля "Надзея", які цэлыя тры гады плаваў па марах-акіянах, а калі вярнуўся ў Кранштат, усіх уразіў тым, што за гэты час ні адзін чалавек з яго каманды не памёр і нават не захварэў! А надпіс на помніку, што быў адкрыты 6 лістапада 1873 года насупраць Марскога корпуса, абвяшчаў: "Першаму плавацелю вакол свету, начальніку 1-й кругасветнай экспедыцыі, заснавальніку айчыннай акіяналогіі, адміралу Івану Крузерштэрну". І што яшчэ цікава: гэты помнік мае адну адметнасць: ён з'яўляўся адзіным манументам у Санкт-Пецярбургу, які спінай быў павернуты да Вялікай Нявы. Усе астатнія, што знаходзяцца ля прыбярэжнай паласы, пастаўлены тварам да ракі...

Памятаю, як кожны год (23 лютага і 25 ліпеня, у Дзень Ваенна-марскога флоту) да гэтага помніка прыходзілі балтыйскія маракі і курсанты Ваенна-марской акадэміі, клалі да яго падножжа кветкі і- чамусьці - дробныя манеты. Потым нехта сказаў, што гэты манумент цалкам быў збудаваны на матроскія пятакі і афіцэрскія рублі, а не "па вышэйшым загадзе імператара".

Так, я і тады ведаў, што аўтарам помніка з'яўляецца таленавіты скульптар, акадэмік Іван Шрэдэр, які разам з Міхаілам Мікешыным працаваў над буйным манументам "Тысячагоддзе Расіі" для Ноўгарада, але хто ён і адкуль родам, было невядома. І толькі праз шмат гадоў, ужо ў Мінску, выпадкова даведаўся, што Шрэдэр - наш зямляк: з Віцебшчыны! Тут нічога дзіўнага няма: практычна ва ўсіх, праўда, вельмі кароткіх, біяграфіях скульптара нідзе не гаварылася пра месца яго нараджэння. Звестак пра канкрэтны пункт (горад ці маёнтак) Віцебскай губерні, дзе ён з'явіўся на свет, я таксама пакуль не знайшоў. Але высветліць ужо тое, што ён і ягоныя бацькі - з Беларусі, з Віцебшчыны, - гэта вялікая справа!

 Пра яго дзяцінства таксама нічога не вядома. Я толькі знайшоў той факт, што ягоны тата - Мікалай Іванавіч Шрэдэр- быў дваранінам. І што герб Шрэдэраў упісаны ў Агульны гербоўнік дваранскіх родаў Расійскай імперыі (ч. 13, с. 169): двое чорных бараноў трымаюць шчыт з адлюстраваннем белай чайкі на блакітным фоне, а на жоўтым - змей, які абвівае якар; зверху - рука з мячом; унізе, на стужцы герба, надпіс пра веру і давер: "Verus et fidus". Магчыма, род Шрэдэраў калісьці быў звязаны з морам. Але вядома, што ў 20-я - 30-я гады XIX ст. бацька працаваў на пасадзе губернатара Віцебска, Арла, Разані. І, дарэчы, ён як правадзейны стацкі саветнік валодаў не толькі шыкоўным домам, але і некалькімі сотнямі прыгонных сялян. Ён памёр у 1849-м, калі Івану споўнілася 14 гадоў.

 Што было далей? А далей шлях хлопчыка як сына двараніна ляжаў у адну з самых элітных навучальных ўстаноў Расійскай імперыі - Пажскі корпус Яго Імператарскай Вялікасці. Пасля вучобы камерпаж Іван Шрэдэр быў выпушчаны з "правамі трэцяга разраду" і чынам карнета лейбгвардыі ва Уланскі полк, і менавіта тут упершыню захапіўся лепкай і рысаваннем. Гэты кавалерыйскі полк быў сфарміраваны ў Варшаве і складваўся, у асноўным, з ураджэнцаў Беларусі і Польшчы. Шэфам палка быў спадчынны цэсарэвіч Аляксандр Мікалаевіч - будучы імператар Аляксандр II. Пры Шрэдэры камандзірамі палка былі спачатку Сяргей Безабразаў, потым, з 1849 года, генерал-маёр Карл Прытвіц, а пасля - палкоўнік Маўрыкій Берцье. Усе яны да захопленасці Шрэдэра рысаваннем адносіліся з разуменнем. Урэшце, у тыя часы падобнае "хобі" маладых афіцэраў падтрымлівалася начальствам, канешне, у межах разумнага. Менавіта ў ваенных установах пачыналася творчасць такіх "знакавых" асоб, як П.Фядотаў, В.Верашчагін, А.Гараўскі, Я.Сухадольскі, Г.Дзяржавін, А.Паляжаеў, М.Лермантаў, А.Купрын...

 А тут - Крымская вайна. І бравы карнет Іван Шрэдэр, які тады ахоўваў "прыбярэжжа Санкт-Пецярбургскай губерні", апынуўся сярод абаронцаў Севастопаля. Дзесьці побач, на 4-м бастыёне Малахава кургана, ваяваў і малады артылерыст, падпаручнік Леў Талстой. Можа, яны і сустракаліся? Пасля завяршэння Крымскай кампаніі і перафарміравання палка ў некалькі дзеючых і рэзервовых эскадронаў Шрэдэр у 1856 годзе быў звольнены з ваеннай службы "за болезнию для определения к статским делам, с переименованием в губернские секретари". Але ісці па бацькоўскіх слядах Іван Мікалаевіч не збіраўся. Чыноўніцтва было зусім не для яго: толькі мастацтва, толькі скульптура, і нічога больш! Нябожчык тата, на думку сына, хаця і быў выдатным чыноўнікам, мог бы яго зразумець: "Verus et fidus"!

 Наогул, тэма пад умоўнай назвай "З ваенных - у культуру і мастацтва" вельмі цікавая, і пакуль нікім грунтоўна не распрацаваная. А ўнікальных прыкладаў таму шмат. Дарэчы, падпаручнік Леў Талстой менавіта ў час прабывання ў арміі на Каўказе і ў Крыме стаў выдатным пісьменнікам, стварыўшы знакамітыя "Севастопальскія апавяданні". І мала хто ведае, што яго сатырычную "Песню пра бітву на рацэ Чорнай" распявалі салдаты і афіцэры на прывалах, і яна ўвайшла ў ваенны фальклор. Не ведаю падрабязнасцей таго, які асабісты баявы уклад унёс Шрэдэр у абарону Севастопаля, але несумненна тое, што гэты крымскі перыяд, гэты вопыт удзельніка вялікай расійскай драмы далі яму вельмі шмат для асэнсавання сваіх будучых мастацкіх гераічных тэм і вобразаў. Дастаткова сказаць, што яго разцу належаць помнікі кіраўнікам Севастопальскай абароны, з якімі мастак мог непасрэдна мець зносіны: Нахімаву, Карнілаву, Татлебену, а яшчэ - 12 бюстаў герояў-севастопальцаў для Гістарычнага музея ў Маскве.

 На першых парах пецярбургскага навучання Шрэдэру вельмі дапамог прафесар барон Пётр Клот, які, мабыць, хутчэй за ўсіх угледзеў ва ўчарашнім афіцэры талент скульптара. І менавіта з яго рэкамендацыі Іван трапіў у скульптурную майстэрню Мікалая Піменава. Яго творчая кар'ера развівалася вельмі паспяхова. Яшчэ будучы студэнтам, вылепіў цягам адной зімы дзесяць статуй для згаданага ноўгарадскага помніка!

Гісторыя стварэння гэтага грандыёзнага манумента вельмі няпростая, у чымсьці міфалагізаваная, асабліва што тычыцца аўтарства. Сёння ўсе ведаюць: аўтар- Міхаіл Мікешын, наш зямляк (пра ягонае жыццё і творчасць чытайце ў "К" №№ 14 - 15 за 2010 г.). Аднак гэта не зусім так. Калі б не Шрэдэр, магчыма, такога помніка магло і не быць. Нагадаю, Мікешын па пакліканні не быў скульптарам: ён скончыў Акадэмію як жывапісец. Але калі ў 1857 годзе ўрадам быў абвешчаны адкрыты конкурс на праект помніка, мастак рашыў рызыкнуць. Звярнуўся да свайго блізкага сябра-равесніка - бескарыслівага і ад/i/content/pi/cult/310/5372/15-1.jpgказнага Івана Шрэдэра, на якога ўскладаў вялікія спадзяванні, і атрымаўся цудоўны тандэм, які зрабіў немагчымае і надзвычайнае. Падкрэслю, Шрэдэр меў дачыненне і да задумы помніка: цалкам вылепіў яго скульптурны эскіз і мадэль у 1/5 натуральнай велічыні. Заўважу, што ў лік 129 чалавечых фігур (кожная да 3,3 метра ў вышыню) увайшлі і беларусы: палітычны і культурны дзеяч ВКЛ К.Астрожскі, архіепіскап, філосаф і пісьменнік Г.Каніскі, дзяржаўныя дзеячы ВКЛ Гедымін, Альгерд, Вітаўт, Кейстут. Словам, сябры, нечакана для ўсіх пасівелых акадэмікаў і прафесараў, выйгралі конкурс! Хто б мог падумаць, што сярод 57 праектаў журы выбярэ работу жывапісца, нядаўняга выпускніка Акадэміі, які да таго ніколі не браў у рукі разец, і "зялёнага" вучня скульптурнага класа!

Тым не менш, Мікешын праект падпісаў толькі сваім імем, і ў далейшым лічыўся як бы адзіным аўтарам манумента. Але, дзеля справядлівасці, падкрэслю: Шрэдэр асабіста вылепіў дзесяць буйнамаштабных статуй для трох асноўных груп навокал шара-Дзяржавы і раздзел гарэльефнага фрыза "Пісьменнікі і мастакі" з 16-і фігур. У стварэнні помніка па запрашэнні Мікешына прымалі пасільны ўдзел і іншыя скульптары. Але Шрэдэр трымаў на сабе асноўны груз работ. Хаця ён не быў прызнаны афіцыйным сааўтарам помніка, многія адгукаліся пра яго як скульптара, які "вынес на сваіх плячах тысячагадовы помнік". Тут я хачу згадаць цікавую заўвагу выдатнага рускага крытыка Уладзіміра Стасава: "Мікешын унёс самую лёгкую дозу ўласнай творчасці, усё астатняе зроблена іншымі мастакамі. Ён вельмі любіў скарыстацца паслугамі таварышаў і сяброў. Як вядома, уся скульптурная частка створана Шрэдэрам, Чыжовым, Лаверэцкім, Залеманам". Магчыма, і так, аднак гэта зусім не зніжае заслугу Мікешына як галоўнага творцы і "ідэолага" найскладанейшага скульптурнага ансамбля. Дапоўню, што Шрэдэр і для іншага мікешынскага помніка- Кацярыне Вялікай у Пецярбургу - асабіста выканаў скульптурны вобраз князя Чэсменскага, небезвядомага графа А.Арлова. Але хто пра гэта ведае?..

Наогул кажучы, з "сааўтарствам" і "ганарарамі" Шрэдэру не шанцавала з самага пачатку. Так, Першую прэмію за помнік у памеры 4000 рублёў уручылі Мікешыну, і яшчэ ён атрымаў ордэн Уладзіміра 4-й ступені і пажыццёвую пенсію ў памеры 1200 рублей у год. Шрэдэра спачатку ўзнагародзілі толькі ордэнам Анны 3-й ступені. Але потым па хадайніцтве аднаго буйнога ўрадавага чыноўніка ён усё ж атрымаў аднаразовую грашовую ўзнагароду: 3000 рублёў. Інакш кажучы, Мікешын, абсыпаны пашанай і славай, пасля гэтага набыў шырокую вядомасць менавіта як скульптар. Шрэдэр, не атрымаўшы і дзясятай долі заслужанай увагі, напэўна, вельмі пакрыўджаны, хутка выправіўся вандраваць па свеце. З Мікешыным ён больш ніколі не меў зносін...

У 1864 годзе мастак праехаў Еўропу, пазнаёміўся з найбуйнейшымі музеямі, а потым нечакана для ўсіх махнуў праз акіян і апынуўся ў Паўднёвай Амерыцы. Відаць, яму спадабаўся цёплы мацярык, бо цэлыя чатыры гады ён пражыў і прапрацаваў там. Пасля вяртання ў Пецярбург цалкам заглыбіўся ў творчасць, аднак лічыў за лепшае тварыць адзін, без усякіх "сааўтараў". Хутка, у 1869-м, быў удастоены звання акадэміка Акадэміі мастацтваў - за цудоўны партрэт А.І. Кірэеўскай.

Пачынаўся новы перыяд у жыцці Шрэдэра: калі з-пад разца выходзілі творы, многія з якіх прынеслі славу расійскаму мастацтву. Яго багатая творчая спадчына - гэта, у асноўным, манументальная пластыка і пагрудныя партрэты-бюсты. Адзін толькі пералік работ мастака ўражвае. Ім выкананы праекты помнікаў Кацярыне II для Царскага Сяла, географу і падарожніку М.Пржэвальскаму і прынцу П.Альдэнбургскаму, папячыцелю Марыінскай бальніцы для бедных, у Пецярбургу, адміралу Ф.Белінсгаўзену ў Кранштаце, Пятру Вялікаму і Аляксандру II - у Петразаводску, дэпутату 3-й Дзяржаўнай Думы графу А.Бобрынскаму ў Кіеве, а таксама статуі А.Суворава і М.Кутузава для параднай лесвіцы Галоўнага штаба горада на Няве. Сярод бюстаў - партрэты Д.Мендзялеева, мастакоў Ф.Бруні і І.Келера, адмірала А.Панфілава, нямецкага эпідэміёлага А.Гірша, туркестанскага генерал-губернатара К.Каўфмана для ташкенцкага Ваеннага сходу і іншыя. Як бачым, скульптурная "палітра" Шрэдэра - вельмі разнастайная. Праўда, некаторыя творы да нас не дайшлі: частка помнікаў ("царам і іхнім слугам") была "рэпрэсіравана" ў 30-я гады ХХ ст., частка - страчана "з тэхнічных прычын" (некаторыя потым былі рэканструяваны), частка загінула ў Вялікую Айчынную...

 Цікавая гісторыя помніка А.С. Пушкіну. У 1899 годзе Шрэдэр разам з архітэктарам Станіславам Аднавалавым стварыў двухметровы бронзавы бюставы помнік паэту (да яго юбілею) на трохметровым серым гранітным пастаменце. Помнік устанавілі на Каменавостраўскім праспекце, у садзе за будынкам Аляксандраўскага ліцэя. Пасля 1917 года пры "рэканструкцыі тэрыторыі" помнік кудысьці знік. Але, як аказалася, бюст дзіўным чынам захаваўся і праз шмат гадоў паступіў у фонд Дзяржаўнага музея гарадской скульптуры. І вось у сувязі з 200-годдзем з дня нараджэння Пушкіна, па ініцыятыве культурнай грамадскасці, гарадскія ўлады ў пачатку чэрвеня 1999 г/i/content/pi/cult/310/5372/15-3.jpgода рашылі ўстанавіць гэты бюст проста ля Пушкінскага Дома. І гэта справядліва. Думаю, што ў гісторыі скульптурнага "пушкіназнаўства" гэта адзін з лепшых партрэтаў паэта...

Іван Шрэдэр пражыў 74 гады і памёр у Пецярбургу ў 1909-м. Быў пахаваны на Нікольскіх могілках Аляксандра-Неўскай лаўры. Будучы некалькі гадоў таму ў Пецярбургу, я наведаў гэтыя могілкі, усклаў кветкі на магілы майго ўніверсітэцкага настаўніка Льва Гумілёва і яго вучня, таленавітага гісторыка (майго знаёмага) Аляксандра Панчанкі, прайшоўся па ўсёй тэрыторыі... Але надмагільнага помніка Івану Шрэдэру я не знайшоў. Як потым высветліў, яго магіла проста знікла, як і некаторыя іншыя, напрыклад, Анатоля Чайкоўскага - брата кампазітара, драматурга Фёдара Коні, Дзмітрыя Набокава - дзеда пісьменніка, першага авіятара Сяргея Утачкіна... Так, не заўсёды нашчадкам, на жаль, уласціва "любовь к отеческим гробам"...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"