Рукапісы і “Зенітка”

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

“Культурная сталіца Беларусі — 2011”

 

 "Дзённікі, напэўна, - самы масавы жанр літаратуры. Іх пішуць усе: школьнікі, якія яшчэ не цалкам авалодалі арфаграфіяй, і старыя акадэмікі, што ўжо забываюць яе..."

 Гэтыя словы належаць народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну, выстаўка да 90-годдзя якога працуе ў межах рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца" ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі Румянцавых і Паскевічаў.

Успаміны класіка склалі ці не самы вялікі і цікавы раздзел выязнога дакументальнага праекта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры "Іван Шамякін. Мае кнігі- мая біяграфія...".

Першая тэма выстаўкі, якая атрымала назву, дзякуючы дзённікам-успамінам "Роздум на апошнім перагоне", ахоплівае дзіцячыя і юначыя гады пісьменніка.

Другая тэма праекта ахоплівае творы пісьменніка, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай. Мастацкае слова дапаўняюць адметныя і цікавыя сувеніры, што нагадваюць пра падзеі вайны, сярод якіх - драўляныя фігуры партызанаў, юбілейны медаль "25 лет битвы под Ленино", а таксама сувенір "Зенітка" (копія ўстаноўкі, на якой служыў Шамякін), падораны Івану Пятровічу Ваенным саветам Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.

У сваю чаргу, экспазіцыйны раздзел "З крыніц жыцця" ахоплівае творчы шлях пісьменніка, які быў непарыўна звязаны не толькі з яго ўласным лёсам, але і з жыццём краіны. А таму апрача узнагарод за вялікую творчую працу і актыўную грамадскую пазіцыю, у межах выстаўкі прадстаўлены самыя значныя творы Шамякіна, у тым ліку шматлікія іх пераклады на замежныя мовы.

 Невыпадкова выклікаюць цікавасць ці не кожнага госця літаратурна-дакументальнага праекта пажоўклыя, але акуратна напісаныя старонкі са знакавых твораў Івана Шамякіна, якія дазваляюць прасачыць за хадой думак творцы.