Зазірнуць у фестывальнае “меню”

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Толькі лянівы не пісаў, што Маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт”, які пяць гадоў таму ўзнік у Магілёве, за даволі кароткі час свайго існавання паспеў стаць не толькі знакавай культурнай падзеяй краіны, але і своеасаблівым “заканадаўцам” тэатральных пошукаў, цікавых для маладых беларускіх творцаў. У чаканні шостага фестывальнага тыдня мы вырашылі высветліць, які ж “асартымент” прапануе аматарам гэтага віду мастацтваў “М.@rt.кантакт” у гэтым годзе.

Папраўка на кантакт

Рэя Куні тут не будзе!

Дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй НОВІКАЎ нязменна "трымае планку" творчага і арганізацыйнага складніка "М.@rt.кантакту". Штораз фестывальная афіша не стамляецца здзіўляць самых спакушаных у тэатральных справах. А тыя бурныя дыскусіі, што вядуцца ў фестывальным клубе, нярэдка выходзяць за рамкі абмеркавання канкрэтных пастановак, звяртаючыся да канцэптуальных пытанняў развіцця тэатральнага мастацтва на сучасным этапе.

- Андрэй Фёдаравіч, на п/i/content/pi/cult/310/5368/13-2.jpgарозе другой фестывальнай "пяцігодкі" якія прынцыповыя дасягненні і здабыткі "М.@rt.кантакту" вы можаце назваць?

 - Мы ніколі не гналіся за тым, каб прывозіць у Магілёў якія-кольвечы модныя і супердарагія "брэндавыя" пастаноўкі. Галоўнай задачай "М.@rt.кантакту" было - мець роўны, дастаткова высокі мастацкі ўзровень, прытрымліваючыся зададзенага маладзёжнага фармату. І, мяркуючы па тых водгуках у прэсе, што суправаджалі кожны фестываль, акурат гэта нам удалося.

- А якія "водгукі" на форум у горадзе?

- Мяркуйце самі: сёлета мы пусцілі ў продаж білеты на фестывальныя спектаклі роўна за два месяцы, і на дадзены момант 70 працэнтаў іх магіляўчане ўжо раскупілі!

- Значыць, інтарэс да "М.@rt.кантакту" ў горадзе сведчыць пра наяўнасць "свайго" фестывальнага гледача?

- Менавіта так. Прыкладам, сёлета шмат пыталіся, ці будзе ў фестывальнай афішы Арлоўскі тэатр "Свабодная прастора", які тройчы прыязджаў у Магілёў і заўсёды выступаў вельмі ярка, або Пермскі тэатр "Ля моста", што літаральна скарыў усіх сваім МакДонахам. Адчуваючы гэткі інтарэс з боку тэатральных прыхільнікаў, мы, канешне ж, запросім іх да нас яшчэ. Але ў гэтым годзе з вядомых гледачам калектываў будуць толькі Купалаўскі тэатр ды наш, усе астатнія - упершыню на форуме. Яны розныя па жанры, па стылістыцы існавання, але ў аснове ўсіх іх - добрая, высакаякасная літаратура: Гогаль, Набокаў, Зорын, Рот...

- Такім чынам, раблю выснову, што адзін з важных для вас крытэрыяў пры выбары фестывальнага спектакля- літаратурная аснова?

 - Так, прынцыповая пазіцыя "М.@rt.кантакту" - збіраць у афішы форуму найперш густоўны матэрыял. Прыкладам, я ніколі не запрашу на фестываль пастаноўку па п'есе Рэя Куні. І не таму, што гэта дрэнная драматургія. Яго п'есы - камерцыйныя, добра збітыя, і карыстаюцца вялікім глядацкім попытам. Яны - цудоўны варыянт для гастролей, дзе тэатры за кошт іх збіраюць гледачоў і, адпаведна, касу. Але гэта - не прадмет фестывальнай увагі.

- Што за час свайго існавання даў "М.@rt.кантакт" непасрэдна Магілёўскаму абласному драматычнаму тэатру?

 - Галоўнае і самае відавочнае - магчымасць бачыць у сваім тэатры, на ўласнай пляцоўцы калектывы, якія прадстаўляюць накірункі і тэндэнцыі, актуальныя ў сучасным тэатральным мастацтве. І, канешне ж, прыцягнуць увагу да самога нашага тэатра. Мы стараемся не кансервавацца, цешачыся з уласных "хатніх радасцей", а імкнёмся існаваць у кантэксце, і такім чынам, праз наш фестываль, абазначаем сябе ў сістэме каардынат сучаснага тэатральнага працэсу. Мы пазіцыянуем "М.@rt.кантакт" як фестываль камерны, інтэлігентны і эксперыментальны. Таму не проста запрашаем на форум цікавыя спектаклі- для нас важны менавіта сучасны тэатр, актуальныя пошукі, новыя формы. Адпаведна, перавагу аддаём найперш творчым эксперыментам.

- Якія ж цікавыя эксперыменты чакаюць гледачоў сёлета?

 - Скажу так: практычна кожны фестывальны спектакль - гэта эксперымент у той або іншай сферы. Прыкладам, "Каляда-тэатр" прапануе сваю версію "Рэвізора" - іх нечаканы, востры падыход да класічнага твора ўжо сам па сабе эксперымент, які, да слова, стварае цудоўнае дыскусійнае поле для разваг аб сучасным тэатральным пошуку. "Тэатр.DOC" прапануе, так бы мовіць, аўтэнтычны варыянт працы з сучасным тэкстам. І нягледзячы на тое, што сёння кажуць, нібыта новая драма памірае, акурат яны, з'яўляючыся адкрывальнікамі і "ідэолагамі" гэтага накірунку ў тэатры, будуць цікавыя для стварэння карціны аб літаратурна-сцэнічных пошуках пачатку ХХІ стагоддзя. Традыцыйна адным з важных момантаў "М.@rt.кантакту" з'яўляецца правядзенне майстар-класаў для нашых акцёраў. І сёлета мы таксама прадоўжым гэтую практыку. Запрашаем такіх знаных у сучасным тэатры прафесіяналаў, як Грыгорый Казлоў, Мікалай Каляда: перакананы, што шмат цікавага і карыснага яны змогуць даць пад час сваіх майстар-класаў.

- Ды ўсё ж, ці варта чакаць нечага новенькага ў самой структуры фестывалю?

 - Натуральна, "М.@rt.кантакт" - не закансерваваны форум: практыка і нашы назіранні за вынікамі работы прыводзяць да пэўных "паправак". Прыкладам, Майстэрня маладой рэжысуры ўжо не будзе існаваць у тым выглядзе, як раней, калі мы запрашалі рэжысёраў-пачаткоўцаў і давалі ім магчымасць на працягу фестывальнага тыдня стварыць разам з магілёўскімі акцёрамі невялікія міні-спектаклі. Практыка паказала, што, нягледзячы на творчы азарт, праца гэтая нікуды далей не развівалася. І таму сёлета мы ідзём іншым шляхам: у рамках майстэрні з нашымі акцёрамі будзе працаваць толькі адзін малады рэжысёр. Сёлета гэта - Яўген Карняг, які па выніках тыдня прадставіць сваю распрацоўку: эскіз пластычнага спектакля "Інтэрв'ю" па матывах казак братоў Грым. Вынік працы пакажа, ці вартая гэтая распрацоўка таго, каб ператварыцца ў поўнавартасны спектакль на нашай сцэне. Бо я перакананы: любыя творчыя пачынанні, асабліва- маладых, павінны мець перспектыву сваёй далейшай рэалізацыі, выхаду на прафесійную сцэну да шырокага гледача. У гэтым палягае і ідэя нашага форуму.

Агульныя кропкі дзёрзкасці

 З лабараторыі - у студыю

/i/content/pi/cult/310/5368/13-1.jpg Для рэжысёра Кацярыны АВЕРКАВАЙ, якая ў апошнія гады ўласным прыкладам абвяргае тэзіс аб адсутнасці цікавай маладой рэжысуры ў нашай краіне, "М.@rt.кантакт" стаўся своеасаблівым "шляхам" у прафесіі, тымі кропкамі, якія ў розныя гады шмат у чым вызначалі вектары творчых пошукаў.

- Кацярына, сёння вы - галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, але ж ваша ўзаемнае з тэатрам "знаёмства" адбывалася акурат дзякуючы таму, што ў розныя гады вы з'яўляліся ўдзельніцай фестывалю "М.@rt.кантакт". Якія з тых уражанняў запомніліся вам найбольш?

 - Першае, на што кожны раз звяртала ўвагу, прыязджаючы на гэты маладзёжны форум,- высокі ўзровень арганізацыі. Нас заўсёды добра і цёпла сустракалі, усё было дакладна распланавана: і праца, і культурная праграма. Гэта, пагадзіцеся, важна, ды і вельмі прыемна, калі ты, прыязджаючы на "М.@rt.кантакт", не пачуваеш сябе няёмка, а адразу ж акунаешся ў цёплую фестывальную атмасферу. І другое нязменна пазітыўнае ўражанне ад магілёўскага форуму - шырокая праграма, магчымасць знаёмства і абмену вопытам з шэрагам цікавых творчых калектываў.

 - А што наконт працы ў рамках фестывалю? Вы ж за час яго існавання паспелі праявіць сябе і ў фармаце Лабараторыі маладой рэжысуры, і як актрыса ў спектаклях "Не танцы" і "Cafe "Паглынанне" Яўгена Карняга. Дзе ж цяжэй?

- Галоўная спецыфіка Лабараторыі маладой рэжысуры палягала ў тым, што ты першапачаткова не ведаеш, з якімі акцёрамі давядзецца мець справу, так што, па сутнасці, атрымліваеш "ката ў мяшку". І твая задача - быць гатовым да таго, каб знайсці агульныя кропкі судакранання, адкрыць адно аднаго для таго, каб у выніку атрымалася супрацоўніцтва. Нам удалося знайсці гэтыя агульныя ноты практычна ў першы ж дзень, так што сам далейшы творчы працэс прыносіў творчую асалоду - акцёры працавалі з задавальненнем. Што ж да маёй акцёрскай працы ў пастаноўках Яўгена Карняга, дык іх можна назваць экстрэмальнымі: мы, акцёры, практычна перад кожным спектаклем не ведалі, як гэтым разам успрымуць яго гледачы. І таму кожным разам той выклік, з якім мы выходзілі, прыносіў пэўны выплеск адрэналіну ў кроў.

- Пасля такіх выхадаў ці страшна было прыйсці ў Магілёўскі тэатр як галоўны рэжысёр?

 - Скажам так: менш страшна, чым выходзіць на сцэну ў рамках "М.@rt.кантакту". Таму што я ўжо ведала палову трупы: каго - па лабараторнай рабоце, каго - бачыла ў спектаклях тэатра. Так што ішла да знаёмых і "не чужых" мне людзей.

- І чым жа вы іх "купілі"?

 - Працай. Агульная справа - толькі яна здольная стварыць атмасферу творчага і чалавечага даверу адно да аднаго. Усе без выключэння акцёры ў любым тэатры жадаюць іграць у добрых спектаклях.

- Што прадыктавала выбар "Падзеі" Уладзіміра Набокава ў якасці вашага рэжысёрскага дэбюту ў Магілёве?

- Па-першае, я даўно хацела паставіць акурат гэты матэрыял. І потым, "Падзея" - цудоўная аснова для глыбокага знаёмства з трупай, для добрай акцёрскай работы. Бо для мяне прынцыпова было пачаць не з "рэжысёрскіх" эксперыментаў, а менавіта з сутворчасці з акцёрамі. Дарэчы, у спектаклі занята практычна палова трупы, прычым як пакаленне мэтраў магілёўскай сцэны, так і маладыя акцёры.

- Ведаю, што вы шмат працуеце з моладдзю ў рамках тэатральнай студыі...

/i/content/pi/cult/310/5368/13-3.jpg- Так, сёлета мы набралі новы склад студыйцаў. На дадзены момант адбываецца навучальны працэс, трэнінгі, праца над эцюдамі- іншымі словамі, падрыхтоўка да таго, што ўяўляе з сябе тэатральная творчасць. Але ж у будучым, натуральна, мы плануем з імі і ўласныя пастаноўкі. Мая задача - "ажывіць" малую сцэну тэатра, вярнуць ёй першапачатковае прызначэнне эксперыментальнай пляцоўкі, якая будзе не дубліраваць вялікую сцэну, а, хутчэй, ствараць ёй творчую альтэрнатыву і своеасаблівую канкурэнцыю. На гэта я арыентую студыйцаў. Сёлета на малой сцэне мы запусцілі праект драматургічных чытанняў твораў, у якім яны таксама бяруць удзел, поруч з іншымі акцёрамі тэатра. Гэтыя знаёмствы з работамі сучасных беларускіх драматургаў выклікаюць непадробны інтарэс у калятэатральным асяродку. Ну, а неўзабаве, мяркую, з'явяцца тут і самастойныя эксперыментальныя пастаноўкі.

- У сёлетняй праграме "М.@rt.кантакту"- ажно два вашы спектаклі: "Офіс" Купалаўскага тэатра і "Падзея", прэм'ера якой і прымеркавана да фестывальнага тыдня. Як у чаканні фестывалю пачуваеце сябе ў ролі флагмана сучаснага беларускага маладзёжнага тэатра?

 - Неверагодна страшна! Калі б я фарміравала афішу, наўрад ці рызыкнула паставіць побач два свае спектаклі. Хаця б таму, што гэта не вельмі сціпла...

- Мы ж у чаканні "М.@rt.кантакту", які сустрэне прыхільнікаў тэатральнага мастацтва ўжо праз месяц, а таксама вашай прэм'еры на магілёўскай сцэне пажадаем зусім не сціпласці, а, найперш, - творчай смеласці і прафесійнай дзёрзкасці!