Робін Гуды Цвяткова

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Сатворчасць як лёс. Слова пра рэжысёра

/i/content/pi/cult/310/5364/12-2.jpg

Колькі дзён таму, 14 лютага, Юрыю Цвяткову споўнілася б семдзясят. Але гэты юбілей адзначаўся ўжо без рэжысёра. Лёс склаўся так, што Юрый Мікалаевіч не дажыў да круглай даты два дзясяткі дзён... Сёння ж Уладзімір Мехаў, шматгадовы калега Юрыя Цвяткова, спецыяльна для нашай газеты згадаў колькі эпізодаў сумеснага творчага кіналёсу. Якім запомніўся Юрый Цвяткоў у час першай сустрэчы будучых калег? Як адрэкамендаваў рэжысёра Уладзімір Караткевіч? Чым запомніліся здымкі апошняй стужкі майстра?..

 

Цягам апошніх больш як трыццаці гадоў у беларускай кінадакументалістыцы праіснаваў такі адзіны "двухпрозвішчны" сцэнарыст (дазволю сабе напісаць праз дэфіс) - Мехаў-Цвяткоў. Стаяць гэтыя прозвішчы побач у цітрах васямнаццаці фільмаў.

Мне як сцэнарысту нямала давялося папрацаваць і з іншымі рэжысёрамі. Гэтак жа, як Цвяткоў зняў шмат фільмаў па сцэнарыях шэрагу аўтараў. Але не з кожным рэжысёрам у мяне, і, ведаю, не з кожным сцэнарыстам у Цвяткова ўзнікала пры сумеснай працы такое яднанне, аднадушша, узаемаразуменне, якія амаль заўсёды складваліся ў нас.

Недзе ў 1979 годзе, мне, работніку літаратурнай рэдакцыі радыё, патэлефанавалі з аб'яднання "Летапіс" кінастудыі "Беларусьфільм": блізіцца важная дата - 110-годдзе з дня нараджэння Леніна. У рэжысёра Юрыя Цвяткова маецца багатая фактаграфія дзейнасці правадыра на раннім этапе фарміравання партыі. Але ж гэта толькі матэрыял- сцэнарыя няма. Маўляў, ці не возьмецеся вы, Уладзімір Львовіч, аўтар сцэнарыяў дзвюх гісторыка-рэвалюцыйных дакументальных стужак, паглядзець, што з сабранага Цвятковым можа стаць асновай кінааповеду?..

Цяпер, праз трэць стагоддзя, разумею: у той дзень у службовы кабінет, дзе я сядзеў, у асобе Юрыя Мікалаевіча ўвайшоў мой лёс у дакументальным кіно. Паводле сюжэтнай лініі, выцягнутай мною з прынесенага ім багацця фактаў, неўзабаве нарадзіўся сцэнарый нашага першага фільма "Хутка, і чаго б гэта ні каштавала" - "баевічка" аб тым, як дэлегаты-бальшавікі нелегальна перапраўляліся праз Беларусь на скліканую Леніным канферэнцыю ў Празе. Карціна гэтая паклала пачатак вялікаму цыклу дакументальнай Ленініяны. Стваральнікі - Юрый Цвяткоў, аператар Вадзім Купрыянаў і я- у 1986 годзе атрымалі Дзяржпрэмію БССР...

Хто-ніхто з чытачоў, відаць, пасміхнецца: знайшоў, маўляў, чым хваліцца- узнагародай за Ленініяну! Ведаеш жа, што ў наш час экран вобраз Уладзіміра Ілліча не ідэалізуе - з усіх сіл развенчвае! Ведаю. Але не прымаю. Вось, да прыкладу, чытаю ў газеце: вядомы кінадраматург напісаў сцэнарый камедыйнага тэлесерыяла, фабулай якога з'яўляюцца стасункі Леніна з Інесай Арманд. А мы здымалі ў згаданым цыкле фільм "Гісторыя адной тэлеграмы" - пра тэлеграму Ілліча ў Мінск у сувязі з арыштам тут сына Арманд, Фёдара, на той час - чырвонага лётчыка, а раней, да рэвалюцыі, - царскага афіцэра. Здымаючы, кантактавалі з дачкой Інесы Фёдараўны - Варварай Аляксандраўнай, з іншымі сваякамі славутай рэвалюцыянеркі. І стаўленне адно да аднаго гэтых гістарычных асоб убачылі вартым высокай павагі.

 А пазнаёміліся мы ў 1966 годзе. На самастойнай яшчэ студыі дакументальных фільмаў (яна месцілася ў будынку Чырвонага касцёла каля Дома Урада) знакаміты Іосіф Вейняновіч здымаў па першым у маім жыцці сцэнарыі фільм "Вуліцы бяссмерця". У двары студыі я неяк убачыў Уладзіміра Караткевіча з бялявым маладым мужчынам. Тэмпераментна жэстыкулюючы, Валодзя нешта даводзіў. Павітаўшыся са мной, сказаў, што гэты юнача - так той быў адрэкамендаваны - таленавіты рэжысёр Юра Цвяткоў. Разам яны здымаюць стужку пра архітэктурныя помнікі старажытнай Беларусі. Так пры знаёмстве я даведаўся, што гісторыя нашага краю- прадмет цікавасці Юрыя Мікалаевіча. Ды не проста цікавасці, а вялікага інтарэсу, грунтоўных ведаў, магу цяпер сведчыць. Столькі гадоў быў звязаны з ім кіназваротам да малавядомых старонак мінулага краіны - што далей, то глыбейшай даўніны...

Яго не бянтэжыла, асабліва - пры рабоце ў апошнія гады, што з тае даўніны для экраннага расповеду не стае выяўленчага матэрыялу. Кіно ж гэта кіно: у дакументальным кінааповедзе сумнавата чуць адно толькі знятага расказчыка і не атрымліваць візуальнага ўяўлення аб тым часе і яго героях. Юрый Мікалаевіч выкарыстоўваў калісьці недапушчальнае ў дакументалістыцы - а цяпер нярэдкае - рэканструяванне падзеі, акцёра ў абліччы персанажа.

Так, прапанаваў я некалькі гадоў таму падаць у "Белвідэацэнтр" заяўку на стварэнне стужкі пра Аляксандра Савіцкага. На пачатку мінулага стагоддзя жыў на Палессі такі, як прынята іх называць, мясцовы Робін Гуд. Не даваў праходу багацеям, але карыстаўся сімпатыяй сялянскай беднаты. Доўгі час з'яўляўся цяжкім галаўным болем паліцэйскага ведамства. Урэшце быў высачаны паліцыяй і забіты пры перастрэлцы... Стаў на Палессі легендай і прататыпам героя рамана Леаніда Андрэева "Сашка Жэгулёў". Рамана, якім аўтар ганарыўся, але які быў спярша абсалютна не прыняты Максімам Горкім і паклаў канец сяброўству гэтых пісьменнікаў. Словам, быў для фільма, як мне здавалася, драматургічны стрыжань. Да таго ж, я калісьці апублікаваў у часопісе, а потым - у адной са сваіх кніг вялікае эсэ пра Савіцкага, у час працы над якім пазнаёміўся ў маскоўскім архіве з дакументамі паліцыі пра яго, зрабіў для сябе фотакопіі.

Юрый Мікалаевіч як героя фільма Савіцкага ўбачыў. Але каб расказваць не пра яго аднаго, а знайсці кагосьці яшчэ з падобным лёсам! Тады б тэма была: беларускія Робін Гуды. На адлегласці дзіўлюся, як гэта адразу не прыйшло мне ў галаву? А тады прайшоў месяц ці два, пакуль сцяміў: правобраз пушкінскага Дуброўскага беларускі шляхціч Павел Астроўскі - вось "напарнік" для Савіцкага! І, пры ўсёй павазе да Андрэева, па вядомасці "Сашку Жыгалёву" не раўняцца з "Дуброўскім". Адно бяда: фатаграфіі Савіцкага ў мяне ёсць, Астроўскага ж наўрад ці хто замалёўваў.

Аднак Цвяткоў "далучэннем" Астроўскага да Савіцкага загарэўся. Няма ягонага занатаванага аблічча? Глядач атрымае! І калі фільм "Робін Гуды з беларускімі імёнамі" здымаўся, было радасна бачыць, як з таго, што рабілася артыстам Віктарам Манаевым - то расказчыкам пра Астроўскага, то, у нейкай ступені, выканаўцам яго ролі, - вымалёўваўся нават знешні выгляд героя.

У біяграфіі рэжысёра Цвяткова нямала пастаўленых ім ігравых карцін. Пры здымках нашай апошняй дакументалістыкі як жа адчуваліся яго любоў да работы з акцёрамі, дастатковы вопыт у гэтым! Неігравое з ігравым арганічна спалучаюцца ў плыні гэтых дакументальных кінааповедаў.

 30 снежня, за два дні да Новага года, ён выйшаў з бальніцы. Трапляць туды апошнія два- тры гады яму даводзілася часта. Неабходнасць легчы на бальнічны ложак, здаралася, прыпадала на дні, калі запускаўся ў вытворчасць наш новы фільм, калі Юрый Мікалаевіч трапятліва чакаў пачатку здымак. А тут- на табе! Божухна, колькі тады нагаворвалі мы на свае мабільнікі! Бо сцэнарый карціны і рэжысёрская эксплікацыя абавязкова былі пры ім і ў бальнічнай палаце. Ледзь толькі боль крыху адпускаў, ён пачынаў тэлефанаваць мне, я ў бальніцу- яму: удакладнялі рознае для будучых здымак.

Сцэнарый задуманага фільма пра Тадэвуша Касцюшку яшчэ не быў здадзены ў "Белвідэацэнтр", дзе планавалася здымаць. Колькі часу перад тым Юрый Мікалаевіч прывёз мне запіс свайго бачання стужкі. Улічваючы тое і, вядома, узбагаціўшы матэрыял сваёй візулізацыяй, я павінен быў знайсці для перанасычанага падзеямі гістарычнага матэрыялу лаканічную і займальную апавядальную драматургію.../i/content/pi/cult/310/5364/12-1.jpg

 Засеў у Нацыянальнай бібліятэцы над літаратурай пра Касцюшку, нешта "выседзеў" і, задаволены, пазваніў Юрыю Мікалаевічу. Ды пачуў ад яго жонкі Таццяны Аляксандраўны сумнае паведамленне: ён зноў у бальніцы. Не ведаючы, у якім стане і настроі хворы будзе, калі яму патэлефаную, вырашыў не рабіць гэтага. Толькі папрасіў Таццяну Аляксандраўну перадаць яму, што мой варыянт сцэнарыя - гатовы...

І вось, 30 снежня чую ў тэлефоннай слухаўцы ягоны голас. Ён - дома. Хоча хутчэй прачытаць напісанае мною. Заўтра раніцай да мяне пад'едзе. Хоць не на машыне, як звычайна, прыязджаў да мяне, безаўтамабільнага, а на трамвайчыку, але прыедзе. Я запярэчыў: сам прыеду да яго са сцэнарыем. Прыехаў. Убачыў яго яшчэ больш схуднелым, бледным, але згаладалым па працы. Прачытаўшы прывезенае, узрадаваў мяне: сказаў, што не бачыць патрэбы штонебудзь у напісанае мною дадаваць, ці папраўляць у ім. Дачка мой машынапіс размножыць на камп'ютары, і адразу пасля навагодніх дзён ён аднясе сцэнарый у "Белвідэацэнтр". Тым больш, адтуль "падганяюць"...

Гэта была наша апошняя дзелавая размова.

Пасля Новага года ён зноў адчуў сябе вельмі кепска. І ўжо не ачуняў. Не дажыў дваццаці дзён да свайго 70-годдзя...

Уладзімір МЕХАЎ