Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"
Паняцці "маркетынг" і "агрэсіўны маркетынг" цяпер ведаюць усё больш работнікаў культуры не толькі ў горадзе, а і на сяле. Прычым не толькі ведаюць, але і актыўна карыстаюцца імі штодня. І сапраўды: без валодання найноўшымі тэхналогіямі "збыту" сваіх паслуг і прадукцыі, без пошуку форм працы, без наладжанай рэкламы не можа цяпер існаваць ніводная ўстанова дзяржаўнай або прыватнай формы ўласнасці.
Такая прэамбула - да матэрыялу з камандзіроўкі ў Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці. У рэгіёне наладжаная маркетынгавая дзейнасць - не прыхамаць, а надзённая практычная неабходнасць. Бо сёлета ўстановам культуры Гарадоччыны, як, дарэчы, і ўсёй Віцебшчыны, неабходна зарабіць на аказанні платных паслуг насельніцтву суму, якая складае 180 працэнтаў ад фактычнага ўзроўню мінулага года. А ў Гарадоцкім раёне ёсць што піярыць і чым зацікаўліваць патэнцыйных спажыўцоў нават з іншых рэгіёнаў Беларусі. Тут нарадзіўся Канстанцін Вераніцын - цяпер ужо прызнаны большасцю даследчыкаў як аўтар вядомай паэмы "Тарас на Парнасе", тут знаходзіцца самая халодная "кропка" краіны, а тутэйшы раённы Дом рамёстваў і фальклору - сапраўдная візітоўка і гонар мясцовых жыхароў. Нездарма калектыў гэтай установы ўганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтваў.
Але паспяховаму развіццю сацыякультурнай сферы раёна перашкаджае слабая матэрыяльная-тэхнічная база шматлікіх гарадскіх устаноў культуры. Так, Гарадоцкі ГДК і мясцовая Дзіцячая школа мастацтваў ужо даволі даўно чакаюць капітальнага рамонту. А супрацоўнікам таго ж раённага Дома рамёстваў катастрафічна не стае дадатковых памяшканняў для работы, як, дарэчы, і метадыстам Гарадоцкага РМЦ...
Народ пытаецца і прапануе
Памяшканняў не хапае...
За гады дзеяння Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла шматлікія сельскія ўстановы культуры Гарадоцкага раёна былі даведзены да ладу і цяпер выглядаюць, не раўнуючы, як новыя, чаго, на жаль, не скажаш пра ўстановы самога райцэнтра. Менавіта на гэта скіроўвалі маю ўвагу тыя суразмоўцы, з якімі гутарыў пра развіццё сферы пад час камандзіроўкі.
Святлана Андрэеўна, служачая, г. Гарадок:
- На жаль, у нашым гарадскім Доме культуры ніяк не зробяць рамонт. Праца там вядзецца добрая: магу згадаць выпускныя балі або навагоднія вечары, пра якія ведаюць і якіх чакаюць заўсёды... Але будынак ГДК - стары. Ці запланаваны сёлета рамонт?
Мікалай Фёдаравіч, рабочы, г. Гарадок:
- Наколькі ведаю, у Дзіцячай школе мастацтваў дах узімку пачаў працякаць шмат у якіх месцах. Думаю, трэба абавязкова зрабіць там рамонт, бо, вядома ж, інакш уся ўстанова пакутуе: унутры праводзіць нейкія работы не мае сэнсу, ды і для дзяцей і настаўнікаў умовы вельмі дрэнныя.
Людміла Гаравая, супрацоўніца РДРіФ, г. Гарадок:
- Наш Раённы дом рамёстваў і фальклору працуе вельмі даўно і станоўча зарэкамендаваў сябе не толькі ў Віцебскай вобласці, але і на Беларусі. Можна было б паспяхова працаваць і далей, але для таго, каб развіваць усе свае перспектыўныя задумкі, у нас абсалютна не стае вольных памяшканняў. Ды і сам будынак установы культуры - прыкладна стогадовага веку. Тут даўно трэба зрабіць рамонт, а таксама правесці цэнтральнае ацяпленне. Зразумела, што ўсё не ахапіць, але ж наша ўстанова, лічу, - вельмі перспектыўная. Можа, усе-такі прычакаем сёлета змен?
Школьнікі аграгарадка "Бычыха":
- Нам вельмі падабаецца, як працуе наш СДК. Там шмат цікавых праграм, на танцавальныя вечары да нас прыязджаюць нават з іншых паселішчаў... Толькі адно шкада: няма ў СДК ноўтбука, таму і дыскатэкі нашы не такія, як у горадзе...
Беларуская... "Антарктыда"
- Ці адчуваеце вы, як у нас сцюдзёна? - задала мне пытанне дырэктар сельскага Дома культуры аграгарадка "Бычыха" Святлана Шэнец.
І пытанне было не выпадковым, а цалкам слушным. Справа ў тым, што менавіта ў гэтым паселішчы Гарадоччыны фіксуецца заўсёды самая нізкая тэмпература на тэрыторыі рэспублікі. Таму Бычыха можа папраўдзе лічыцца, так бы мовіць, Антарктыдай у межах нашай краіны.
Ды і суседнія з Бычыхай вёскі пацвярджаюць гэты "халодны" статус. Напрыклад, побач знаходзяцца паселішчы з найменнямі, якія кажуць самі за сябе: Дражакі, Студзёнка...
Таму цалкам лагічнымі былі і мае пытанні ў адказ дырэктару: а ці "раскручана" ў Бычысе гэтая адметнасць? Ці ладзяцца, да прыкладу, тэатралізаваныя прадстаўленні, дзе галоўную ролю грае, скажам, Дзед Антарктыд або Дзядзька Ледавік? Ці ёсць у цэнтры сяла знак, што тут пастаянна фіксуецца самая нізкая тэмпература ў Беларусі? А мо "абыгрываюць" мясцовыя культработнікі (вядома, на карысць сабе і выкананню свайго плана платных паслуг) выгаднае геаграфічнае і метэаралагічнае становішча вёскі?..
І яшчэ адна ідэя, што нарадзілася пад час напісання артыкула. Для таго ж Дзеда Антарктыда можна было б зрабіць і жытло - дом са снегу і лёду, а яшчэ - ладзіць у Бычысе пленэры для ахвотных рабіць разнастайныя фігуры з лёду. Можна запрашаць на такія семінары як беларускіх скульптараў, так расіян і літоўцаў, балазе мяжа знаходзіцца не так далёка. А скульптуры маглі б пасля і далей стаяць пад адкрытым небам, утвараючы своеасаблівы музей, а супрацоўнікі мясцовага СДК зараблялі б грошы на білетах у гэтую ўстанову культуры "новага тыпу".
Аказваецца, праца ў гэтым накірунку супрацоўнікамі СДК пакуль не праводзілася. Але, як запэўніла мяне дырэктар установы Святлана Шэнец, ужо ў хуткім часе, святкуючы Масленку, культработнікі абавязкова паспрабуюць прапанаваць сяльчанам конкурс, звязаны з аграгарадоцкім "халодным брэндам"...
Ізноў вяртаючыся да тэмы артыкула, мушу зазначыць, што клубны маркетынг - гэта не толькі пошук новых відаў паслуг, але і працэс актыўнага ўздзеяння на рэальных і патэнцыйных наведвальнікаў, фарміраванне іх густаў. Таму ў кожным канкрэтным выпадку любы СДК і СК проста павінен вызначыць свае прыярытэтныя накірункі дзейнасці, зыходзячы, натуральна, з наяўнай матэрыяльна-тэхнічнай базы і кваліфікаваных кадраў.
Напрыклад, у СДК аграгарадка "Бычыха" створаны этнаграфічны куток, дзе сабраны розныя старадаўнія рэчы, а таксама вырабы мясцовых майстроў. Дык чаму б супрацоўнікам не праводзіць майстар-класы тых жа народных рамеснікаў? Або ладзіць пад кіраўніцтвам майстроў кароткатэрміновыя заняткі па вырабе сувеніраў (навагодніх, велікодных і гэтак далей)? За навучанне пэўнаму віду традыцыйнага мастацтва можна было б таксама браць грошы, хоць і невялікія, але ўсё адно важкія, калі ўлічыць, што такія майстар-класы цягам часу стануць паўсядзённай завядзёнкай і своеасаблівай візітоўкай установы культуры...
Але казаць пра тое, што ў гэтым СДК сядзяць склаўшы рукі, не выпадае. План платных паслуг за 2010 год амаль выкананы: факт складае амаль пяць мільёнаў рублёў. Ва ўстанове культуры - 14 відаў платных паслуг, сярод якіх самыя запатрабаваныя - клубныя вечары адпачынку, забаўляльныя праграмы, тэатралізаваныя прадстаўленні.
А ўсё таму, што з 2006 года пры ўстанове існуе тэатральная пляцоўка, на якой неаднаразова выступалі як мясцовыя ўдзельнікі дзіцячага і дарослага драматычных гурткоў, так і артысты з віцебскага Беларускага тэатра "Лялька". Працуе пры СДК і фальклорная група "Спадарыня", што ўжо сёлета, магчыма, займее званне "народная": адпаведныя дакументы пададзены ў Міністэрства культуры краіны.
Але нягледзячы на досыць выніковую працу, дырэктара СДК не можа не хваляваць выкананне плана платных паслуг 2011-га: сёлета супрацоўнікам установы культуры трэба зарабіць больш за 8 мільёнаў рублёў.
- Але я ўпэўнена, што мы справімся з планам, - кажа Святлана Шэнец. - За студзень бягучага года зарабілі блізу аднаго мільёна за кошт правядзення забаўляльных праграм, якія карыстаюцца нязменным попытам. Магчыма, зробім платным гурток эстрадных спеваў...
У планах культработнікаў - іншыя перспектыўныя задумкі, сярод якіх - правядзенне шэрагу тэатралізаваных прадстаўленняў на святы з беларускага народнага календара.
ГДК: "дзялянка" выніковасці
Гарадоцкі ГДК, без сумневу і перабольшання, - флагман па ўкараненні і ўвядзенні ва ўжытак новых форм і відаў паслуг, тая ўстанова, якая сваім прыкладам паказвае іншым гарадскім і сельскім установам культуры, як трэба і неабходна змагацца за кожнага патэнцыйнага наведвальніка, як прывабліваць і зарабляць сваімі крэатыўнымі знаходкамі.
Да вышэйсказанага прывяду толькі адну лічбу: калі ўсе ўстановы культуры Гарадоччыны зарабілі на платных паслугах агулам прыкладна 265 мільёнаў рублёў, дык ГДК прынёс на гэты рахунак амаль палову з названай сумы: 120 мільёнаў. Прычым 30 мільёнаў былі зароблены ў два апошнія тыдні снежня на правядзенні навагодніх вечароў. А цягам года ладзіліся шматлікія танцавальныя вечары, тэматычныя дыскатэкі, канцэрты, забаўляльныя праграмы і нават выпускныя балі. У далейшым установа культуры плануе аказваць платныя паслугі па відэаздымках, ладзіць вясельныя, юбілейныя і сямейныя ўрачыстасці, запісваць для ахвотных фанаграмы і аказваць камп'ютарныя паслугі. Балазе камп'ютарны фонд ГДК папоўніўся летась двума ПК.
Але і ў гэтай установе культуры ёсць яшчэ патэнцыял для развіцця і шчыравання на мясцовай маркетынгавай "дзялянцы". Бо, на жаль, не працуюць пры ГДК, скажам, курсы па авалоданні разнастайнымі прафесіямі: мадэльераў, дызайнераў або цырульнікаў, якія з поспехам прыносяць грошы ў іншых раённых і гарадскіх дамах культуры, дзе даводзілася бываць цягам камандзіровачных выездаў. Таксама можна было б стварыць каля ГДК Алею маладажонаў: яны ў гонар надзвычайнай падзеі садзяць дрэва, куды прымацоўваецца таблічка з данымі пра тое, хто і калі яго пасадзіў. Натуральна, сам рытуал пасадкі такіх дрэўцаў можна было б зрабіць урачыстым і відовішчным з дапамогай тых жа мясцовых культработнікаў. Гэтую паслугу даўно і вынікова ладзяць, скажам, у Заводскім раёне Мінска... На мой погляд, не стае ў Гарадоцкім ГДК і жаночага фітнес-клуба, салонных і камерных сустрэч, разнастайных найноўшых відаў дыскатэк...
І яшчэ. У вёсцы Астраўляны Гарадоцкага раёна нарадзіўся аўтар вядомай паэмы "Тарас на Парнасе" Канстанцін Вераніцын. Але ў раённым мерапрыемстве, прысвечанай гэтаму культурнаму дзеячу - Свяце народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору "Вераніцынскі фэст", - калектыў ГДК амаль не прымаў удзелу. А можна ж было ладзіць там тэатралізацыі, прапаноўваць сфатаграфавацца побач з Палясоўшчыкам Тарасам, праводзіць шматлікія конкурсы на платнай аснове, да прыкладу, на лепшае чытанне вершаў, спаборніцтвы за каштоўныя падарункі "ад Зеўса" і шмат чаго яшчэ... Нічога гэтага, на жаль, зроблена не было...
У тым ліку і адсюль як вынік - і невыкананне леташняга плана платных паслуг, што складаў 240 мільёнаў рублёў.
- Упэўнены, што з даведзенымі паказчыкамі мы справіліся б, - кажа дырэктар Гарадоцкага ГДК Андрэй Кандратовіч, - але нам катастрафічна не хапае памяшканняў, а таксама - аўтобуса, каб выязджаць з канцэртамі на раён. Каб былі вольныя плошчы, можна было б ладзіць і курсы па авалоданні новымі прафесіямі, і праводзіць больш вечароў на платнай аснове...
Праблемная сітуацыя з недахопам памяшканняў склалася з-за таго, што з самага пачатку дзейнасці ГДК у ягоным будынку месціцца Цэнтральная раённая бібліятэка, а цяпер яшчэ "кватаруюць" супрацоўнікі раённага метадычнага цэнтра, аўтаклуба, цэнтра прававой інфармацыі і навучэнцы тэатральнага класа школы мастацтваў. Асабліва цяжка даводзіцца супрацоўнікам мясцовага РМЦ: у невялікім пакойчыку размясціліся сем чалавек, а таксама - дырэктар аўтаклуба...
Да таго ж, цягам 35 гадоў галоўная ўстанова культуры раёна не зведала капітальнага рамонту. І калі першы паверх выглядае для непрыдзірлівага вока досыць няблага, дзякуючы пастаянным касметычным рамонтам, дык на другім на столі бачныя шматлікія плямы ад вады...
Усе праблемныя пытанні былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай лятучцы, ініцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Гарадоцкага райвыканкама Надзея БУРУНОВА і начальнік мясцовага аддзела культуры Вольга КАЎРЫГА.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Хачу распачаць гаворку пра маркетынгавыя хады, якія, на мой погляд, павінны выкарыстоўваць культработнікі Гарадоччыны для таго, каб выканаць план платных паслуг. Ведаю, што ўсім установам культуры Віцебшчыны, у тым ліку і Гарадоцкага раёна, неабходна зарабіць 180 працэнтаў ад фактычнага выканання плана мінулага года... Таму наша гаворка пра пошукі новых форм працы - вельмі надзённая і актуальная...
Надзея БУРУНОВА:
- Сапраўды, праца па выкананні плана платных паслуг у раёне ўжо другі год запар вядзецца вельмі напружаная. І гэты 180-працэнтны план даведзены не толькі культуры, але іўсёй сацыяльнай сферы: медыцыне, спорту і турызму... Што да культуры, дык, думаецца, варта сёлета ладзіць больш канцэртаў, у тым ліку - і абменных.
Вольга КАЎРЫГА:
- Таксама будзем уводзіць новыя віды паслуг. Цяпер іх - пяцьдзясят чатыры найменні, будзем і далей працаваць над разнастайнасцю форм работы.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Як вядома, стварэнне раённага брэнда - рэальная магчымасць прывабіць у рэгіён шматлікіх турыстаў і праз гэта павялічыць паказчыкі выканання плана платных паслуг. Да таго ж, брэндавы фестываль або свята - не толькі культурная праграма. Гэта і неабходнасць распрацоўваць ды ўводзіць атрыбутыку дадзенага свята, каб кожнаму ўдзельніку захацелася б купіць і прывезці дадому яго "часцінку". Напрыклад, раённы фэст, прысвечаны Канстанціну Вераніцыну, як падаецца, даволі перспектыўны. Можна было б прадаваць на ім шматлікія сувеніры: фігуркі Тараса-палясоўшчыка, візітоўкі, эмблемы, паштоўкі... І ўстанавіць у горадзе ды на сяле адпаведныя сімвалы - Гару Парнас, скульптуру Тараса, - ладзіць тэатралізацыі...
Надзея БУРУНОВА:
- Згодная. Трэба ствараць вакол гэтага свята адпаведную інфраструктуру і абавязкова ладзіць тэатралізацыі. У іх, на маю думку, няблага было б задзейнічаць супрацоўнікаў ГДК.
Вольга КАЎРЫГА:
- І мы будзем гэта рабіць. Таксама, магчыма, на радзіме Канстанціна Вераніцына, у вёсцы Астраўляны, з'явіцца музей, прысвечаны жыццю і дзейнасці пісьменніка. Мы цяпер сіламі гаспадарчай групы рамантуем Астраўлянскі СДК і нашы планы па размяшчэнні ў ім невялікага музея - цалкам рэальныя.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Тэатралізацыі на Ашмяншчыне, на Нясвіжчыне пераконваюць, што гэта - перспектыўны накірунак дзейнасці, бо іх можна і варта рабіць на платнай аснове... Але ў вашым раёне ёсць яшчэ адна нераскручаная "фішка"- маю на ўвазе аграгарадок "Бычыха", дзе стала фіксуецца самая нізкая тэмпература ў Беларусі. Можна і там ладзіць нейкія тэматычныя раённыя святы, запрашаць і рэкламаваць гэтае паселішча... Але тады мо варта падумаць і пра адпаведны сімвал - напрыклад, пра Дзеда Антарктыда, - альбо ўсталяваць у цэнтры вёскі адпаведны знак...
Надзея БУРУНОВА:
- Гэта цікавая задумка. Абавязкова падумаем пра тое, каб увасобіць яе ў жыццё. Тым больш, зімовыя мерапрыемствы ў нашым раёне можна ладзіць ажно да красавіка месяца...
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Якія яшчэ праблемы і задачы стаяць перад аддзелам культуры на бягучы год?
Надзея БУРУНОВА:
- Трэба надалей працаваць над паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы гарадскіх і сельскіх устаноў культуры, праводзіць больш выніковую работу з кадрамі. Але, канешне ж, галоўная праблема - нездавальняючая матэрыяльная база шэрагу гарадскіх устаноў культуры...
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Пэўна, у першую чаргу маеце на ўвазе цэнтральную ўстанову культуры раёна - Гарадоцкі ГДК?..
Надзея БУРУНОВА:
- Так. Праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт названага аб'екта культуры ўжо зроблена, на гэта пайшло каля 70 мільёнаў рублёў. Летась распачалі рамонт сваімі сіламі: замянілі санвузлы. Сёлета будзе выдаткавана 100 мільёнаў рублёў на рамонт даху ўстановы. Але, натуральна, толькі сродкамі раённага бюджэту мы гэты аб'ект не завершым. Будзем звяртацца ў абласное ўпраўленне культуры: можа, яны нам здолеюць дапамагчы.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Ведаю, што даволі даўно не працуе гарадскі кінатэатр, які знаходзіцца ў самым цэнтры Гарадка...
Надзея БУРУНОВА:
- Гэты аб'ект - сапраўды наш даўні галаўны боль. Але ён увайшоў у Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады. Там прапісана, што на рамонт Гарадоцкага кінатэатра плануецца выдаткаваць прыкладна 3 мільярды рублёў.
Вольга КАЎРЫГА:
- Дадам толькі вось яшчэ што: хоць гарадскі кінатэатр не працуе, у раёне функцыянуе кінаперасоўка, якой мы задавальняем патрэбы гараджан і сяльчан у фільмах. Але, канешне ж, цалкам вырашыць праблему гэта не можа.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Таксама наспела патрэба рамонту Гарадоцкай ДШМ і раённага Дома рамёстваў і фальклору...
Надзея БУРУНОВА:
- У 2012-м у Гарадку плануецца правесці абласныя дажынкі. Таму цалкам магчыма, што цягам 2011 - 2012 гадоў нам паступіць дадатковае фінансаванне з вобласці, і тады мы, спадзяюся, зможам давесці да ладу ўсе праблемныя аб'екты культуры райцэнтра.
Дэталь да агульнай карціны
Аўкцыён на перспектыву
Раённы дом рамёстваў і фальклору існуе ў Гарадку з 1994 года. Ва ўстанове паспяхова працуюць 14 гурткоў традыцыйнага мастацтва, - як кажуць, на любы густ, - і выкладаюць высокакваліфікаваныя майстры.
Прыкладам, у навукова-даследчай дзейнасці ў супрацоўнікаў РДРіФ ёсць чаму павучыцца: яны здолелі рэканструяваць традыцыйны гарадоцкі строй, пастаянна выязджаюць у навуковыя экспедыцыі на раён, выдаюць метадычную літаратуру, ладзяць разнастайныя выстаўкі...
Крэатыў мясцовых культработнікаў у выкананні плана платных паслуг - таксама навідавоку: пад час раённых святаў ладзяцца аўкцыёны па продажы разнастайных прадметаў, платныя майстар-класы, а ў салоне-краме, што працуе пры РДРіФ, вочы літаральна разбягаюцца ад шматлікіх вырабаў, выстаўленых на продаж. Летась установа зарабіла прыкладна сем з паловай мільёнаў рублёў. І гэта - не мяжа, лічыць дырэктар Алена Бараўцова.
- Гады два таму мы шылі пад заказ народныя касцюмы для Расонскага дзіцячага фальклорнага ансамбля, - кажа яна, - і толькі на гэтым зарабілі 16 мільёнаў рублёў. Таму, думаю, што перспектыва для нас - развіваць дадзены накірунак дзейнасці, а таксама прымаць больш актыўны ўдзел у раённым фэсце, прысвечаным Канстанціну Вераніцыну. Сёлета на гэтым мерапрыемстве плануем прапаноўваць жыхарам сфатаграфавацца ў народным адзенні, будзем запрашаць паглядзець батлейку, прадаваць стравы народнай кухні і сувеніры з эмблемай фестывалю.
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск - Гарадоцкі раён - Мінск
Фота аўтара