ЭНЕРГЕТЫКА ПРАФЕСІЯНАЛА

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Некалькі штрыхоў да партрэта Георгія Паплаўскага

/i/content/pi/cult/310/5358/9-1.jpg 15 лютага нашаму славутаму графіку і жывапісцу, народнаму мастаку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі краіны і Міжнароднай прэміі імя Джавахарлала Неру, акадэміку Расійскай акадэміі мастацтваў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Георгію Паплаўскаму споўнілася восемдзясят!

"Абраўшы сваёй музай Беларусь..."

 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага з 80-годдзем. Пра гэта паведамляе Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы. "Абраўшы сваёй музай Беларусь, Вы ў вялікай колькасці выдатных твораў праславілі веліч і прыгажосць роднай зямлі, стваральную працу нашых людзей. Яркі талент, вернасць рэалістычным традыцыям, патрыятызм і непаўторнае майстэрства прынеслі Вам заслужаны поспех і сусветнае прызнанне", - гаворыцца, у прыватнасці, у віншаванні Прэзідэнта.

З гэтых васьмі дзясяткаў амаль шэсць прыходзяцца ў мастака ўласна на творчасць! Дык што: прыйшоў час збіраць камяні? Але, добра ведаючы Георгія амаль паўвеку, павінен сказаць: не, ёсць яшчэ добры запас пораху ў парахаўніцах, каб падводзіць якіясьці канчатковыя вынікі!

Канешне, раней, здавалася б, часу было больш: і ў грыбы схадзіць, і парыбачыць, і ў шахматы згуляць, і з сябрамі пагутарыць ля вогнішча, і Набокава пачытаць, і - галоўнае! - усё паспець зрабіць у майстэрні ў перапынках між бясконцымі вандроўкамі па свеце! Цяпер ужо таго няма. Амаль што няма. Больш цягне пасядзець да позняга вечара ў майстэрні, падумаць, асэнсаваць убачанае, памаляваць алеем палотны, бо для найтанчэйшага афорта або мініяцюрнай кніжнай ілюстрацыі вочы ўжо не тыя...

Але жывапіс - своеасаблівы па колеры, пранізліва-прыцягальны, раздумлівы, - дзякаваць Богу, ідзе яму насустрач: вось колькі сёння ў майстэрні новых жывапісных работ - пейзажаў, партрэтаў, нацюрмортаў, карцін фігуратыўных, - зробленых акрылавымі і алейнымі фарбамі. Ды і ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы, на другім

паверсе, можна пабачыць яго цудоўную гістарычную кампазіцыю - роспіс па ляўкасе "Паход князя Ігара. XII ст.".

 ...Першая сустрэча з Георгіем у мяне адбылася восенню 1965 года, калі ён зладзіў сваю першую персанальную выстаўку у Мастацкім музеі БССР. Прысвечана яна была творчай паездцы па Атлантыцы на караблі "Малахіт". Гэтая экспазіцыя выклікала ў мяне вельмі добрыя пачуцці, і я напісаў артыкул, дзе знакаміты ягоны цыкл твораў "Здабытчыкі" назваў манументальным рэпартажам у гонар чалавечай мужнасці, а самога аўтара - суровым рамантыкам, схільным да дапытлівых разваг пра свет і пра сябе...

Час ішоў, і рамантызм творцы праяўляўся па-новаму, захоўваючы пры гэтым уласцівы яму вобразна-пластычны стыль. Стыль, які мне заўсёды падабаўся, бо ён заснаваны на ўласным аўтарскім ладзе мыслення, на стаўленні да людзей, на маральна-этычных асновах светаўспрымання, на паняццях Дабра і Зла, Любові і Нянавісці, Гуманізму і Антычалавечнасці. Усе гэтыя біблейскія катэгорыі для Паплаўскага ніколі не былі абстрактнымі і натуральна ўспрымаліся ім у працэсе асабістага жыццёвага вопыту.

 Георгій Паплаўскі па сваёй "каранёвай" натуры - вандроўнік. Аб'ездзіў увесь белы свет (акрамя Антарктыды): ад Аўстраліі да Кубы, ад Індыі да Мексікі і ЗША, ад Інданезіі да еўрапейскіх краін, ад Эфіопіі да Канады... Але лепш за Браслаўшчыну, як ён кажа, нічога не бачыў...

Вось такі нечаканы "паварот" у эстэтычным успрыманні навакольнага свету! Аднак нічога дзіўнага тут няма: Браслаўшчына ёсць Браслаўшчына. Шмат гадоў Паплаўскі аддаў гэтаму цудоўнаму куточку беларускай зямлі. Яшчэ ў сярэдзіне 1970-х Георгій з жонкай Наталляй, таксама таленавітай мастачкай, набылі менавіта там старэнькі драўляны дамок на хутары Раціні. І сям'я туды пастаянна наведвалася. Іншым разам Георгій выпраўляўся адзін - і ранняй вясной, і любімай восенню. Тут ён неяк асабліва ўспрымаў роднасць зямлі: высокае неба, шоргат чароту, неўтаймоўныя хвалі спелага жыта, ільну, люцэрны на ўзгорках

, узвышаныя і поўныя пачуцця ўласнай годнасці твары рыбакоў... Колькі за гэтыя гады зроблена работ у эстампе, малюнку, жывапісе, акварэлі на тэму Браслаўшчыны, мабыць, і сам мастак дакладна не падлічыць! І самае цікавае, што ні адзін твор не зроблены "мімаходзь", з халодным сэрцам...

 Дык хто ж ён ёсць, Георгій Паплаўскі? Як абрысаваць, хаця б эскізна, вобраз гэтага чалавека? Яго любімым часам дня раней была раніца, цяпер - позні вечар, калі ён - у майстэрні на дзявятым паверсе мастакоўскага дома № 44 па вуліцы Сурганава; месяц - кастрычнік, колер - бэзавы, а кветка - касач. Памятаеце яго цудоўны нацюрморт з касачамі? З дрэў - дуб, а лічба - "тры". Любіць жывёл - маленькіх, а птушак - вялікіх. Вольны час у бяздзейнасці - непрымальны

, але можа згуляць і ў азартныя гульні. У людзях творцу раздражняе подласць, нахабства і неабгрунтаваная прэтэнцыёзнасць бяздарнасці. А шчасце для яго - калі спакойна працуецца. Паважае мастацтва Мікеланджэла, Бялыніцкага-Бірулі і сваіх сяброў-аднагодкаў: Папкова, Толлі, Кармашова, Вейверытэ. З літаратуры - Маркеса, Быкава, Адамовіча, Ахматаву, Блока, Салжаніцына. У кінематографе - Бергмана, Феліні, Габэна, Ульянава. "Ягоны" тэатр - гэта Любімаў, Эфрас, наш Пінігін. Аддае перавагу музыцы Мусаргскага, Кабалеўскага, Вердзі, "залатых" "Песняроў" Мулявіна...

/i/content/pi/cult/310/5358/9-3.jpg

У дадзеным эсэ я спецыяльна не пералічваю творы юбіляра: іх вельмі шмат, да таго ж, яны вядомыя ўсім, хто цікавіцца выяўленчай культурай Беларусі. Скажу толькі, што ўсё жыццё Георгій Георгіевіч рысаваў і маляваў: мужных і працавітых людзей, пейзажы чужых краін і яго любімай Беларусі; аддаў немалую даніну і Вялікай Айчыннай, і Чарнобыльскай трагедыі, і космасу, і вечным біблейскім сюжэтам; праілюстраваў дзясяткі кніг, самых розных: ад твораў Быкава і Адамовіча - да Шэкспіра і Тагора, ад Купалы і Мележа - да Лангфэла, Пятраркі і Шылера... Словам, яму ёсць чым ганарыцца. А мы ганарымся тым, што ў нас у краіне жыве і працуе такі мастак.

У час нядаўняй нашай сустрэчы Георгій працытаваў мне цудоўную фразу Андрэя Таркоўскага: "Мы - распяцце ў адной плоскасці, а све

т - шматвымерны. Мы гэта адчуваем і пакутуем ад немагчымасці спазнаць ісціну. А ведаць і не трэба. Трэба - кахаць. І верыць. Вера - гэта веды пры дапамозе любові..." І я падумаў, што менавіта так жыве Паплаўскі, мастак, якому адкрыта асаблівае хараство - хараство ўнутранага руху. Таму што ён убірае ў сябе ўсю нервовую паўнату жыцця. У яго - сваё "візуальнае" асяроддзе, сваё разуменне свядомасці, свой прадметны свет, вобразы людзей, гістарычная памяць. Яго немагчыма ні з кім параўнаць, зблытаць, злучыць. Ён адзін такі - з асаблівым мысленнем, асаблівым "голасам", асаблівай эмацыянальнай і інтэлектуальнай энергетыкай...

 Фота аўтара

Рэдакцыя "К" сардэчна віншуе Георгія Георгіевіча з юбілеем! Зычым яму здароўя і творчага натхнення яшчэ на многія гады!

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"