Бляск vs. эмоцыі

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

“Ідэальная” колькасць простых слоў

/i/content/pi/cult/310/5355/7-4.jpg

Нарадзіць яркую і цікавую ідэю, безумоўна, няпроста, аднак гэтак жа складана і ўвасобіць яе ў рэальнасці. Акурат пра гэта думалася пад час прэм'еры спектакля "Інфляцыя пачуццяў" Мікалая Рудкоўскага ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Як вядома, саму драматургічную ідэю аўтар заявіў яшчэ некалькі гадоў таму пад час Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Панарама" ў шэрагах іншых міні-работ, што прадстаўляліся ў рамках праекта "On-line". І вось задума, якая так ярка вылучалася на фоне іншых работ, набыла поўны фармат і стала асновай для спектакля на сцэне прафесійнага тэатра.

 У якасці рэжысёра-пастаноўшчыка выступіў Аляксандр Марчанка, склаўшы, па сутнасці, творчы тандэм маладых, аднак дастаткова спрактыкаваных у тэатральных справах творцаў. Маладыя акцёры засяродзіліся на стварэнні пазнавальных сучасных вобразаў-тыпажоў: ціхмяны хлопец (Дзмітрый Мядзведзеў) або адвязны панк (Кірыл Навіцкі), мэтанакіраваная бізнес-лэдзі (Вольга Скварцова)... Кожны з іх прыўнёс у пастаноўку рысы і інтанацыі сучаснага вірлівага жыцця, зарыентаванага адно толькі на поспех і знешні бляск. Ну, а ў ролі "цяжкай артылерыі" апынулася Таццяна Мархель - Бабуля. Яна, бы своеасаблівая "лакмусавая паперка", сваім акцёрскім існаваннем нібыта праяўляла сапраўдную прыроду слоў і ўчынкаў кожнага з герояў, прапануючы ў якасці жыццёвых "тэстаў" простыя на першы погляд рэчы: акунуцца на досвітку ў рацэ, адмовіц/i/content/pi/cult/310/5355/7-3.jpgца хаця б на некаторы час ад мабільніка або проста пачытаць газету (прыемна, што ёю ў спектаклі стала менавіта наша выданне).

На фоне шматлікіх "твораў пра каханне" п'еса Рудкоўскага вылучаецца тым, што ў цэнтр увагі ставіць не жарсці-пачуцці, а- адчуванні, эмоцыі, якія перажываюць людзі ў розныя часы свайго жыцця. Змешваючы час, проста на рэйках рэжысёр сутыкае персанажаў спектакля з іх мінулым, будучым. Бы ў старых добрых мульціках, ён дэманструе нам, што, у адрозненне ад дзяцей і старых, якія ўмеюць адчуваць свае сапраўдныя эмоцыі і не баяцца выглядаць наіўнымі і недасведчанымі, мы, людзі дарослыя і сур'ёзныя, вельмі шмат увагі надаём знешняму лоску, "паспяховаму" выгляду, забываючыся: нашмат важнейшае тое, што і як ты адчуваеш унутры сябе, да чаго інстынктыўна імкнешся. А ўсе мы імкнёмся збольшага да аднаго - гармоніі: у жыцці, у пачуццях, ва ўзаемаадносінах... Задача толькі ў тым, як знайсці тую "ідэальную" колькасць простых слоў і аргументаў для таго, каб данесці гэтую абсалютна празрыстую думку да іншых...

На здымках: сцэны са спектакля "Інфляцыя пачуццяў".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА