“А вы якія “Песняры”?

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

“Песняры” і “Беларускія песняры”: паціснулі рукі — і “разышліся” ў розныя бакі

/i/content/pi/cult/310/5353/6-1.jpg

Днямі прыхільнікаў творчай спадчыны Уладзіміра Мулявіна і ўсіх, хто цікавіцца нацыянальнай культурай, абляцела радасная вестка: адбылося прымірэнне Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" і "Беларускіх песняроў". Што гэта - канчатковае вырашэнне юрыдычных пытанняў? Ці нават крок да сумеснай дзейнасці? Сапраўдная гістарычная падзея? Ці ўсяго чарговы этап добра распрацаванай піяр-кампаніі?

Да таго ж, за гэтай падзеяй хаваецца не толькі гісторыя развіцця ўзаемаадносін паміж гэтымі калектывамі, але і, шырэй, цэлы пласт іншых творчых сутыкненняў, што сталі набываць сур'ёзную юрыдычную афарбоўку і шырокі грамадскі розгалас. А яшчэ - безліч этычных пытанняў, галоўным сярод якіх застаецца выбар паміж песняй (чытай: творчасцю) і адстойваннем сваіх законных правоў ці, наадварот, прэтэнзіямі на правы іншых.

Пра Глюка без "глюкаў"

 Бо гісторыкі музыкі ўзгадаюць і так званую вайну, што разгарнулася ў ХVIII стагоддзі паміж глюкістамі і пічыністамі (прыхільнікамі оперных рэформ Глюка і кампазітарскага традыцыяналізму Пічыні), і прычыны, з якіх так і не сустрэліся такія вялікія творцы, як Бах і Гендэль ці Вагнер і Вердзі, што былі сучаснікамі. А колькі непаразуменняў было паміж "Магутнай кучкай" і Чайкоўскім, колькі нерваў сапсаваў апошняму той жа Кюі! Кажуць, нават у арыгінале "Летапісу майго музычнага жыцця" Рымскага-Корсакава захавалася такая фраза, скасаваная пры наступных выданнях: маўляў, якая радасць, што памёр Чайкоўскі!.. Але ж якое шчасце для меламанаў, што ёсць і "Чаравічкі" Чайкоўскага, і "Ноч перад Калядамі" Рымскага-Корсакава - дзве прынцыпова розныя оперы (адна - лірычная, другая - камічна-фантастычная) паводле аднаго гогалеўскага сюжэта! Няўжо гэтыя творы так і не з'явіліся б, каб не тое негалоснае "спаборніцтва": хто лепей? Ці, можа, усё наадварот? І другая опера магла быць напісана раней, а не толькі пасля смерці аўтара "Чаравічкаў"? Калі б яны маглі дамовіцца палюбоўна...

А можа, усялякія непаразуменні паміж эмацыйнымі творчымі асобамі толькі на карысць мастацтву? Гэта ж якой колькасці камічных твораў свет мог не далічыцца, калі б не вечная барацьба паміж прымадоннамі і маладымі салісткамі, мэтрамі і пачаткоўцамі! З другога боку - колькі слёз і нават крыві было праліта з-за дробнага шкла, насыпанага саперніцамі ў балетныя пуанты, ці з-за падрэзаных шлеек на сцэнічных строях... Але гэта гартавала характар! Вучыла творцаў быць моцнымі і не здавацца. Ды ўсё ж - няўжо ім было б складаней у жыцці без такіх вось, часта трагічных, "трэнінгаў"?..

Што ж, хопіць мадэліраваць гісторыю. Лепей "змадулюем" у сучаснасць і паслухаем прадстаўнікоў усіх бакоў, што былі зацікаўлены ў вырашэнні "песняроўскага" канфлікту. Сапраўды, дзе межы паміж здаровай канкурэнцыяй-спаборніцтвам, што заўсёды толькі на карысць (і ў творчасці, і ў вытворчасці - ва ўсіх сферах!), і забароненымі метадамі, за якія ў час спартыўных матчаў узнімаюць жоўтую, а то і чырвоную, картку? Апошняе слова, пэўна, - не адно за юрыстамі, але і за самімі ўдзельнікамі з тых або іншых прычын узніклых канфліктаў. А першае- калі не за імі самімі, дык за тымі, хто мог бы выступіць "трацейскім суддзёй".

У цяперашнім выпадку такой інстанцыяй сталася Міністэрства культуры Беларусі, дзе і адбылася сустрэча Вячаслава Шарапава, Уладзіслава Місевіча, Валерыя Дайнэкі (вядома, у прысутнасці юрыстаў усіх бакоў), якая завяршылася папраўдзе гістарычным рукапацісканнем.

Амбіцыі і традыцыі

- Вельмі добра, - распавёў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Казловіч, - што "Песняры" і "Беларускія песняры" дамовіліся працаваць у міры і згодзе, не прыціскаючы адно аднаго. Міністэрства культуры падтрымлівае абодва калектывы, добра разумеючы, што кожны з іх па-рознаму працягвае справу і традыцыі Уладзіміра Мулявіна. Зразумела, што ва ўсіх творцаў ёсць свае амбіцыі, а без іх творчая асоба папросту не адбудзецца, і гэта таксама трэба разумець. Таму рабілася ўсё, каб спыніць недарэчнае супрацьстаянне. Тое, што прымірэнне адбылося ў самім Міністэрстве культуры, таксама не выпадкова. У гэтым, можна сказаць, і заключаецца наша гістарычная місія: ствараць умовы для плённай працы мастакоў і творчых калектываў. Але, падкрэслю, самі захады па прызнанні таварнага знака "Песняроў" сталіся вельмі важнай мерай. Бо гэты брэнд нядобрасумленна выкарыстоўвалі многія калектывы сумнеўнай якасці, што адбівалася на прэстыжы не толькі сапраўдных прадаўжальнікаў традыцый Уладзіміра Мулявіна, але і, шырэй, беларускай нацыянальнай культуры і ўсёй нашай краіны. Таму важна было паставіць кропку і на юрыдычным узроўні давесці, што правы на выкарыстанне нашага нацыянальнага брэнда належаць Беларусі і тым, хто сапраўды працягвае справу вялікага Песняра.

Вы чые, "Песняры"?

Мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Вячаслаў Шарапаў пачаў свой каментарый з ранейшых падзей, а завяршыў - перспектывамі:

 - Для нас вельмі важна, што адбылася рэгістрацыя таварнага знака "Песняры" ў Расійскай Федэрацыі. Бо Расія - гэта найбуйнейшы музычны рынак, дзе прысутнасць "Песняроў" павінна быць значнай. І гэтага прагне сам расійскі глядач! Апошнія ж гады ўзнікалі праблемы, бо юрыдычна Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры" не быў зарэгістраваны ў Расіі. Сёння сітуацыя змянілася. І Міністэрства культуры нашай краіны як заснавальнік ансамбля, і мы як юрыдычная асоба з'яўляемся праваўладальнікамі агульнавядомага таварнага знака, што, безумоўна, пашырае перспектывы і межы нашых магчымасцей.

На жаль, за апошнія гадоў восем з "Песнярамі" было звязана вельмі шмат негатыўных публікацый у расійскай прэсе. Бо, здаецца, не засталося такога расійскага горада, куды ў той або іншы час не завіталі б на гастролі якія-небудзь "Песняры". Якія менавіта - у гэтым і пытанне. Бо іх з'яўлялася столькі, што мы збіліся з падліку. І кожны калектыў сцвярджаў, што ён- сапраўдны, паказваў нейкія паперы... Таму першым пытаннем, што ўзнікала ва ўсіх дырэктараў філармоній, палацаў і дамоў культуры, было: а вы якія "Песняры"? Вядома, гэта трэба было спыніць. Шляхам вялікіх намаганняў мы даказалі агульнавядомасць таварнага знака "Песняры" ў Расіі: Распатэнт прызнаў агульнавядомасць гэтага знака з 1985 года, рашэнне ж было прынята ў жніўні 2010-га. Вядома, нашым наступным крокам была апеляцыя па ануляванні падобных таварных знакаў і адпаведная юрыдычная працэдура.

 Цяпер таварны знак "Песняры" належыць выключна нашай дзяржаве, а не тым або іншым прыватным асобам. Усё, што залежыць ад нас, мы зрабілі. І з гэтага часу, калі хтосьці будзе парушаць закон, дык умешвацца будуць адпаведныя інстанцыі. Мы ж зможам займацца адно творчасцю! Бо, на вялікі жаль, ільвіная доля сіл сыходзіла на высвятленне адносін, доказы сваіх правоў. Несалодка было і нашым адміністратарам, дамаўляючыся пра канцэрты, безліч разоў пераказваць гісторыю ансамбля і даводзіць нашу легітымнасць. Цяпер, дзякаваць богу, імідж "Песняроў", сапсаваны "разборкамі" - хто з н а с хто?, - будзе аднаўляцца, сітуацыя нармалізуецца. Тыя, хто сутыкаўся з чымсьці падобным, разумее ступень нашай стомленасці ад такіх нятворчых рэчаў. Тым не менш, гэта не перашкодзіла нам выконваць і перавыконваць планы, пастаўленыя перад намі кіраўніцтвам: мы выпусцілі альбом "Шчаслівасць" на вершы Янкі Купалы. Але казаць пра паўнавартасную творчую атмасферу, нават з псіхалагічнага пункта гледжання, пра невычарпальнае натхненне было цяжка.

Што ж да "Беларускіх песняроў", дык нам, на шчасце, удалося знайсці агульную мову практычна па ўсіх набалелых пытаннях, што калі-небудзь узнікалі паміж намі. І вельмі прыемна, што гэта адбылося ў юбілейны год - 70-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Спадзяюся, паміж нашымі калектывамі больш ніколі не ўзнікне ніякіх непаразуменняў, мы будзем спакойна суіснаваць на музычным рынку Расіі, Беларусі, Украіны і іншых краін. Бо стылёва мы абсалютна розныя калектывы, і ў кожнага ёсць сваё сфарміраванае кола слухачоў. Сёння ўсе разумеюць, што абодва калектывы прафесійна годныя і здольныя, у адрозненне ад многіх іншых, працаваць "жыўцом". Аднавіліся і асабістыя стасункі - з тым жа Уладзіславам Місевічам. Праблем ніякіх няма. Таму гэта, безумоўна, радасны момант для нас!

 Мы вельмі ўдзячныя Міністэрству культуры, што яно адыграла ў гэтым мадэратарскую ролю. Гэта робіць гонар і самому міністру культуры Паўлу Латушку як добраму дыпламату, і яго першаму намесніку Уладзіміру Карачэўскаму, які, праводзіўшы тую сустрэчу, адразу задаў ёй тон добразычлівага супрацоўніцтва. Дый і ў нас саміх, і, думаю, у нашых калег з ансамбля "Беларускія песняры" дзесьці ўнутрана выспела жаданне зняць вострыя моманты. Таму селі, пагутарылі, штосьці праяснілі для сябе.

- І разышліся ў розныя бакі?

 - Рынак Расіі, скажу зноў, вельмі вялікі. І двум калектывам на ім цесна не будзе. Мы не паўтараем адно аднаго. Быў нават прэцэдэнт у Беларусі, калі летась, 18 лістапада, праходзіў сольнік "Песняроў" у Палацы Рэспублікі, а 19-га - "Беларускіх песняроў" у Канцэртнай зале "Мінск". І нічога! Сабраліся дзве паўнюткія залы, ніхто нікому не перашкодзіў. Бо мы - два калектывы, у якіх адна каранёвая сістэма, але галіны разыходзяцца ў розныя бакі.

Наперадзе ў нас шмат новых планаў. Спадзяюся, сёлета выпусцім яшчэ адзін альбом, крыху іншай накіраванасці - найперш, на слухача. Таму там з'явіцца некалькі рускамоўных песень, хаця асноўную масу складуць беларускамоўныя. Калі альбом "Шчаслівасць" стаўся дэманстрацыяй нашых магчымасцей (не толькі ўсяго калектыву, але і кожнага з артыстаў), дык наша наступная задача - стварэнне шлягераў, хітоў, тых новых песень, якія разам з намі спяваў бы народ. Ну, а ў перспектыве- быў бы рады займацца яшчэ і жаночым калектывам, які сучасна апрацоўваў бы беларускія жаночыя песні. Пры ўсёй размаітасці фальклорных гуртоў, што існуюць у Беларусі, такога праекта нашай нацыянальнай культуры пакуль не хапае.

Ні з кім і ніколі!

 - Прымірэнне, - адказаў на наш тэлефонны званок Уладзіслаў Місевіч,- адбылося па просьбе Міністэрства культуры Беларусі. Назва нашага калектыву - "Беларускія песняры" - узнікла, нагадаю, яшчэ пры жыцці Уладзіміра Мулявіна. Гэта быў своеасаблівы кампраміс. Калі мы сышлі з ансамбля, стварыўшы асобны калектыў, дык прыдумалі, так бы мовіць, такую дзіцячую хітрасць: далучылі слова "беларускія". Такім чынам, атрымалася, з аднаго боку, самастойная назва, з другога - вельмі гаваркая, якая ўжо ў сабе самой быццам бы ўтрымлівае гісторыю і перадгісторыю ўзнікнення ансамбля. З гэтай назвай, дарэчы, нас у свой час прынялі ў "Белканцэрт". Дый з Міністэрствам культуры Беларусі ў нас ніякіх канфліктаў ніколі не ўзнікала, заўсёды былі толькі дзелавыя адносіны. Усялякія "разборы" аднімаюць здароўе, яны ўжо паводле сваёй сутнасці не могуць быць прадуктыўнымі. Таму жаданне Міністэрства культуры прымірыць нас было вельмі разумным крокам. Спадзяюся, гэта разумеюць абодва бакі. Бо ў кожнага з калектываў - сваё поле дзейнасці. На ніве культуры зацесна не бывае! Кожны можа знайсці і сваю нішу, і сваіх слухачоў, каб дарыць ім станоўчыя эмоцыі. І вельмі шкада, калі з-за якіхсьці непаразуменняў церпяць менавіта гледачы, пазбаўленыя магчымасці бачыць і чуць сваіх улюбёнцаў. Таму наш намер - ніколі і ні з кім не канфліктаваць.

 Сумаваць нам няма калі, на недахоп канцэртаў і выступленняў не скардзімся, хаця, як вы разумееце, у расійскім шоўбізнесе ўтрымлівацца няпроста. Але ёсць у нас і няспраўджаны пакуль абавязак перад беларускай публікай. Мы неяк "запусцілі" абласныя цэнтры. І хаця выступалі там на фестывалях ці іншых мерапрыемствах, гэта былі асобныя выхады ў гала-канцэртах. А хацелася б паказаць і сольнікі. Хаця, зразумела, арганізоўваць іх нашмат складаней: новае пакаленне, пэўна, не заўсёды хоча прызнаваць куміраў сваіх бацькоў. А часам і проста не ведае. Але гэтая праблема- агульная для ўсяго свету...

Замест клічніка - шматкроп'е

Разруліўшы сітуацыю з "Песнярамі", узгадаем яшчэ і "Лявонаў".

- Калісьці, - расказвае дачка Песняра Марына Мулявіна, - так называўся філарманічны ансамбль бацькі, перайменаваны пасля ў "Песняроў". Пазней, у 1996 годзе, Уладзімір Георгіевіч стварыў музычны калектыў з такой назвай як творчую лабараторыю для выхавання моладзі, сам праводзіў адбор музыкантаў. Сярод іх апынуліся Сяргей Мядзведзеў, Алег Усціновіч і Сяргей Осіпаў, яны працуюць у гурце і цяпер. Пасля смерці бацькі гэты калектыў працягваў дзейнасць, шмат гастраляваў. І калі ўзнікла неабходнасць у яго рэгістрацыі ў Расіі як юрыдычнай асобы, у 2006 годзе было зарэгістравана Таварыства з абмежаванай адказнасцю "Лявоны", заснавальнікам якога стаў Сяргей Мядзведзеў.

-Таварны знак "Лявоны", - адказвае на маё пытанне Вячаслаў Шарапаў,- таксама дзяржаўны. Ён быў зарэгістраваны на наш дзяржаўны калектыў у 2009 годзе. Таму што раней гэтыя хлопцы працавалі пад назвай "Песняры" (у мяне ёсць афішы з іх партрэтамі і назвай "Песняры"), а потым чамусьці вырашылі назвацца "Лявонамі". Дый на маёй памяці, на адзін з адборачных тураў да "Еўрабачання" пад назвай "Лявоны" выходзілі зусім іншыя хлопцы на чале з Паўлам Зайцам. І першы, з кім я кансультаваўся, калі вырашыў зарэгістраваць гэтую назву, быў менавіта ён, бо памятаю яго яшчэ па песнях 1990-х, калі ён працаваў у складзе мулявінскіх "Лявонаў". Ён сказаў, што будзе вельмі рады, калі з'явяцца маладыя хлопцы, якія выкарыстаюць назву "Лявоны" і выступяць як прадстаўнікі Цэнтра імя Мулявіна. Такі праект у нас быў, мы пачыналі захады па яго распрацоўцы. Таму мая пазіцыя адназначная: цяперашнія "Лявоны" могуць працаваць у структуры Нацыянальнага цэнтра, мы нават ім дапаможам. Яны могуць выступаць на нашай апаратуры (мы ўзгоднім графік), прыбытак ад канцэртаў паступае нам, яны працуюць па дамове. Чым дрэнная такая формула? Але яна іх не задаволіла. А што перашкаджае ім узяць новую назву і працаваць у гэтай стылістыцы, спяваць рэпертуар "Песняроў", калі няма юрыдычных праблем са згодай нашчадкаў Мулявіна? Але, думаю, і пад назвай "Лявоны", і пад любой іншай сабраць аўдыторыю ім будзе аднолькава праблематычна ў Беларусі. Бо глядацкая цікавасць да музыкі апошнім часам шмат у чым знізілася, прычынай чаго я лічу "фанаграмную эру": слухач часта не верыць, што яму прапануюць "жывое", сапраўднае мастацтва...

Кожны з бакоў намагаецца даказаць свае правы, звяртаючыся і да юрыстаў (маўляў, таварны знак і фірменнае найменне- розныя рэчы, адно другому не перашкаджае), і ў Міністэрства культуры. На думку Міхаіла Казловіча, супярэчання тут увогуле няма: "Лявоны" могуць свабодна выступаць у Расіі, у Беларусі ж- з дазволу "Песняроў". Можа, так яно і ёсць. Але пакуль у пройгрышы застаемся мы, беларускія слухачы. Бо не чуем выступленняў высокапрафесійнага беларускамоўнага гурта, які ў сваёй стылістыцы працягвае традыцыі Уладзіміра Мулявіна. У апошнім я пераканалася сама. Пакуль - па запісах.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"