Сюжэт для прадзюсара

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Інфацэнтр “Культура-інфа” працягвае шэраг сустрэч з вядомымі беларускімі кінематаграфістамі. Днямі сваімі думкамі наконт праблем беларускага кінамастацтва, інвеставання ў яго прыватнага капіталу і граматнага выкарыстання сродкаў дзяржавы ды прыватніка падзяліўся даўні аўтар нашага выдання — аўтар шэрагу стужак, сцэнарыяў, кніг успамінаў кінарэжысёр Уладзімір АРЛОЎ.

/i/content/pi/cult/310/5352/5-1.jpg

 - Абарона спадчыны - наша агульная задача. З цікаўнасцю сачу за публікацыямі на гэтую тэматыку на старонках газеты "Культура". Лічу, ваша рэдакцыя робіць вельмі важную справу, практычна ў кожным нумары падымаючы амаль невядомыя для шырокага чытача падзеі нашай багатай на дзівосы гісторыі. Гэтыя публікацыі - амаль гатовыя "стартавыя пляцоўкі" для напісання цікавых сцэнарыяў. З апошніх прыкладаў: артыкулы пра лёс геніяльнага мастака Хаіма Суціна ды пра ўнікальны фоталетапіс Паўла Валынцэвіча...

Лічу, для таго, каб беларускае кіно стала нарэшце паспяховым, хоць у межах нашай краіны, у сістэме нашай кінавытворчасці павінна нарэшце з'явіцца прафесія сапраўднага прадзюсара. Безумоўна, і сёння існуюць людзі, насупраць прозвішча якіх у цітрах стаіць слова "прадзюсар". Але, па сутнасці, яны выконваюць іншыя функцыі. Калі зазірнуць у слоўнік запазычаных слоў, то можна пабачыць, што ён дае наступнае тлумачэнне: "Прадзюсар - асоба, якая забяспечвае вытворчасць кінастужкі або тэатральнай пастаноўкі фінансамі і сочыць за іх расходам". Трэба дадаць: у часы рыначнай эканомікі прадзюсар рызыкуе яшчэ і сваім асабістым капіталам. Таму адносіны яго да выніку, які атрымаецца ў рэжысёра і ва ўсёй здымачнай групы, зусім іншыя.

Важнасць асобы прадзюсара-інвестара я асабіста адчуў на здымках сваёй шматсерыйнай тэлевізійнай стужкі "Пракляты ўтульны дом", якая стала ці не першым прыкладам удалага прадзюсіравання кіно ў нашай краіне. Дзякуючы прадзюсару мы ў няпростай сітуацыі 1990-х гадоў здолелі зняць стужку на гістарычную тэматыку, з шэрагам выдатных акцёраў, у тым ліку геніяльным Данатасам Баніёнісам, які пагадзіўся здымацца ў нас за неверагодна малыя грошы. Быў таксама спецыяльна прыведзены ў належны стан будынак знакамітай бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах...

Праз колькі гадоў пасля выхаду стужкі на экраны я завітаў на тое ж самае месца і жахнуўся знешняга выгляду пакінутага намі ў адносным парадку будынку: былі нават выламаны вокны разам з дубовымі рамамі ў рост чалавека!..

Думаецца, крокі дзяржавы па ўрэгуляванні адносін паміж дзяржаўным і прыватным капіталам у кінаіндустрыі могуць паслужыць каталізатарам для ўсёй інвестыцыйнай плыні ў культуры. Паколькі перад кінавытворчасцю стаяць сёння выключна важныя задачы рэалізацыі ініцыятыў з прыцягненнем пазабюджэтных сродкаў. Як бачна з матэрыялаў сённяшняга "Соцыуму", актуальныя яны ва ўсёй галіне.