Імідж узамен за грошы?

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Мода на сацыяльную адказнасць

 

Яшчэ раз падкрэслім: лейтматыў Года прадпрымальнасці актуальны і для сферы культуры. У тым, што патэнцыял тут яшчэ далёка не вычарпаны, не сумняваецца, мусіць, ніхто. Беларускі Урад усё часцей закранае тэмы мецэнацтва, спонсарства ды ўсемагчымых іншых спосабаў дзяржаўнапрыватнага супрацоўніцтва. А такіх механізмаў можа быць незлічона шмат. У тым ліку і прымяняльна да тых устаноў, чые функцыі - назапашваць духоўныя скарбы і рабіць іх грамадскім здабыткам.

"Спонсары ў чарзе не стаяць"

Дырэктар Нацыянальнага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў адразу дзеліцца чарговай нетрывіяльнай ідэяй:

- Днямі мы маем падпісаць дамову з вядомай кандытарскай фабрыкай, пасля чаго рэпрадукцыі твораў з нашай калекцыі з'явяцца на каробках ад цукерак, - распавядае ён. - Без сумневу, гэта цудоўны спосаб папулярызацыі і саміх твораў, і музея ў цэлым...

 На рабочым стале намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людмілы Кірухінай - шыкоўны каляндар, дзе выяўлены не толькі факсіміле аркушаў старадрукаў, але і мудрыя выслоўі для штодзённых разваг.

Гэта апошні на сёння праект, у якім інтарэсы бібліятэкі і памкненні спонсара цалкам сышліся. Адзін з найбуйнешых беларускіх банкаў ужо не першы год прысвячае свае карпаратыўныя календары беларускай спадчыне. Дзякуючы яго "бензіну", атрымаўся прыгожы і карысны для ўжытку ўзор папулярызацыі айчынных кніжных рарытэтаў, патрымаць якія ў руках, па зразумелых прычынах, можа не кожны.

- Бывае, спонсар патрабуе змясціць свой лагатып самым буйным кегелем ды на самае пачэснае месца, - кажа вучоны сакратар "нацыяналкі" Алесь Суша. - Але ж тут, заўважце, фундатары абмежаваліся маленькім і сціплым надпісам у кутку вокладкі: каб не адцягваць увагу ад дызайнерскага ходу, заснаванага на выяве старадаўніх фаліянтаў...

Гады "перабудовы" моцна ўкаранілі ў масавую свядомасць анекдатычны вобраз "новага рускага". Але сёння ён відавочна састарэў. Мода на залатыя ланцугі сярод бізнесменаў ужо прайшла, саступіўшы месца іншым "трэндам". У значнай меры іх вызначае ініцыятыва ААН "Глабальны дагавор", чый галоўны прынцып - сацыяльная адказнасць.

- Тыя прадстаўнікі бізнесу, з кім нам даводзіцца супрацоўнічаць, - гэта адукаваныя інтэлігентныя людзі, якім уласціва пачуццё патрыятызму, - кажа Людміла Кірухіна. - Літаральна надоечы мела размову з адным прадпрымальнікам, што сам звярнуўся да нас з прапановай прафінансаваць вельмі цікавае выданне, датычнае яго роднай Тураўшчыны...

Але выпадак, калі мецэнаты або спонсары "знаходзяцца самі", здараецца даволі рэдка. Па словах дырэктара Нацыянальнага мастацкага Уладзіміра Пракапцова, "у чарзе яны не стаяць".

- І таму трэба ўмець іх зацікавіць, знайсці пэўныя канкрэтныя пункты судакранання, - працягвае ён. - І звяртацца па адрасе. Прыкладам, перамяшчэнне культурных каштоўнасцей за мяжу патрабуе вялікіх выдаткаў на страхоўку. Мы папрасілі аб дапамозе адну страхавую кампанію і атрымалі ад яе вельмі істотную зніжку. Памкненне спрычыніцца да папулярызацыі нацыянальнай культуры ўласціва людзям розных прафесій...

Але як шукаць гэтых людзей у двухмільённым Мінску, а ў рэгіёнах? Няўжо з дапамогай бізнес-даведніка, дзе змешчаны каардынаты тысяч фірм? Звяртацца да іх "наўдачу" наўрад ці вынікова.

- Мы стварылі і няспынна павялічваем своеасаблівае кола "сяброў бібліятэкі", куды ўваходзяць не толькі рэальныя, але і патэнцыйныя нашы партнёры, - распавядае Людміла Кірухіна. - Рэгулярна запрашаем на свае імпрэзы, і яны з задавальненнем іх наведваюць. Бо бібліятэка - гэта, пагадзіцеся, цудоўнае месца для сустрэчы інтэлігентных людзей.

Адпаведна, ужо сёння можа казаць пра пачатак фарміравання апякунскіх саветаў - хай сабе яны пакуль яшчэ не маюць ніякага юрыдычнага статуса. Дарэчы, "кола сяброў" ствараецца і вакол Нацыянальнага мастацкага музея, дзе таксама нярэдка ладзяцца прэстыжныя свецкія раўты.

Да прыстаўкі "мега-" пакуль не дацягнулі...

 Пагутарыўшы з Людмілай Кірухінай, зразумеў, што ў такой спецыфічнай сферы, як музейная і бібліятэчная дзейнасць, прастора для прыватнага капіталу шырэйшая, чым дзе яшчэ. Асабліва гэта тычыцца папаўнення фондаў.

Сёння вывезеныя калісьці каштоўнасці нацыі вяртаюцца ў краіну хіба ў рэдкіх, бадай адзінкавых выпадках, кожны з якіх здаецца сапраўдным цудам. Прычым справа тут - не толькі ў грошах.

Бібліятэкі іншых краін, дзе апынуліся вывезеныя з Беларусі рарытэты, наўрад ці калісьці будуць распрадаваць свае фонды. Яны згодныя падзяліцца тымі дакументамі хіба ў выглядзе лічбавых копій. Іншая справа - прыватныя калекцыянеры, якімі кіруе не дзяржаўная палітыка, а ўласныя інтэнцыі. Менавіта з іх паліц на сусветны кніжны рынак раз-пораз адбываюцца "выкіды" сапраўдных рарытэтаў беларускага паходжання. Але "выхопліваць" іх і далучаць да ўласных фондаў Нацыянальная бібліятэка можа не заўсёды.

- Стасункі паміж юрыдычнай і фізічнай асобай заўсёды даволі складаныя, асабліва калі гэтая асоба жыве далёка за межамі Беларусі, - кажа Людміла Кірухіна. - Тым болей, цяпер мы не маем магчымасці прамой закупкі выданняў...

Як і кожны грамадзянін, калекцыянер мае законнае права на свае "капрызы". Зазвычай прадавец хоча захаваць поўную ананімнасць, і нярэдка пры разліках ён прызнае толькі гатоўку - прычым, натуральна, не ў беларускіх рублях. У тым выпадку, калі ўладальнік кніжнага рарытэта жыве за межамі Беларусі, сітуацыя ўскладняецца яшчэ больш.

- На жаль, у замежных інтэрнэтаўкцыёнах сёння мы ўвогуле не можам удзельнічаць, - кажа Людміла Кірухіна. - Аператыўна адсочваем усю інфармацыю, але... Актыўна ўключыцца ў ход падзей не ўдаецца...

Зрэшты, гэта зразумела. Нацыянальная бібліятэка Беларусі - дзяржаўная арганізацыя, якая нясе справаздачу за кожны рубель бюджэтных сродкаў. А прадавец не будзе чакаць, пакуль вырашацца ўсе фармальнасці. Балазе ён ведае, што заўсёды знойдзе іншага пакупніка - такога самага прыватнага калекцыянера.

- Законы рынку вымагаюць вельмі аператыўнага рэагавання, - кажа Людміла Кірухіна. - І таму бібліятэкі ў такой сітуацыі зазвычай прайграюць...

 Але гэтая сітуацыя не з'яўляецца патавай. Яна лішні раз выяўляе тую нішу, што могуць заняць мецэнаты. Бо прыватная фірма або асоба, якая вырашыла зрабіць высакародны ўчынак, распараджаючыся ўласнымі сродкамі, не мусіць несці за іх жорсткую справаздачу. У такім выпадку алгарытм істотна спрашчаецца: памяняў у банку патрэбную колькасць купюр, заплаціў іх прадаўцу з рук у рукі, а потым з гонарам перадаў рарытэт бібліятэкарам.

- Не так даўно мы атрымалі інфармацыю пра тое, што ўнікальная калекцыя рукапісных кніг веткаўскіх старавераў можа быць прададзена за мяжу, - распавядае Людміла Кірухіна. - Мы звязаліся з калекцыянерам, які выступаў у ролі прадаўца, і папрасілі яго трохі пачакаць з продажам. А потым адразу звярнуліся да буйной фірмы, якая з'яўляецца нашым генеральным партнёрам.

 І ў выніку - "хэпі-энд". Рарытэты не толькі гарантавана засталіся на Беларусі, але і трапілі ў бібліятэчныя фонды. Перадача кніг адбылася ва ўрачыстай атмасферы і была зафіксавана на дзесяткі фотаі тэлекамер. Натуральна, што СМІ не абышлі ўвагай такую інфармацыйную нагоду, - балазе і бібліятэка ўмее добра рабіць піяр. Таму кожны атрымаў свае дывідэнды.

Але пакуль што такі шчаслівы фінал бывае не заўсёды. Ёсць і даволі сумныя прэцэдэнты.

 Пастаянны маніторынг рынку кніжных рарытэтаў, якім займаюцца супрацоўнікі бібліятэкі, не так даўно выявіў папраўдзе сенсацыйны факт: нейкі расійскі калекцыянер вырашыў прадаць "Малую падарожную кніжыцу" Францыска Скарыны!

Тлумачыць, што азначае кожная кніга першадрукара для Беларусі, думаецца, не выпадае. Гэта не проста рарытэт. Гэта - своеасаблівая "цаглінка" залатога запасу дзяржавы. Тым больш, на радзіме Скарыны засталося меней за 10% ад усіх яго выяўленых выданняў, а магчымасці папапоўніць іх лік з'яўляюцца крайне рэдка: зазвычай, замежныя ўласнікі такіх каштоўнасцей не хочуць развітвацца з імі ні за якія грошы.

 Але вось магчымасць з'явілася... Нацыянальная бібліятэка зрабіла ўсё, каб не змарнаваць шанц.

- Мы тэрмінова звярнуліся да патэнцыйных мецэнатаў, - распавядае Людміла Кірухіна. - Але, на жаль, выніку не было, і кніга вокамгненна "сплыла" ў іншыя рукі...

Натуральна, у дадзеным выпадку гутарка ішла зусім не пра тыя сумы грошай, якія могуць "заваляцца ў кішэні". Адсюль і высновы...

 Пад час гутаркі з Уладзімірам Пракапцовым задаў імпазантнае і бадай правакацыйнае пытанне: ці магчыма сёння ўявіць нейкі сапраўдны мецэнацкі "мегапраект"? Напрыклад, набыццё на аўкцыёне "Сотбіс" карціны Суціна - каб хаця б адзін твор мастака, урэшце, вярнуўся на яго радзіму.

Дырэктар Нацыянальнага музея даўно зарэкамендаваў сябе як генератар смелых ідэй і, увогуле, непераможны аптыміст. Але аптыміст ён "добра інфармаваны" - у тым ліку і пра настроі ў "калямастацкім" бізнес-асяроддзі. І таму шчыра адказаў: не, такога я пакуль уявіць не магу!

 Тым не менш, у нашых суседзяў падобныя "мегапраекты" ўжо не выглядаюць фантастыкай. Хтосьці вяртае на радзіму цэлую калекцыю яек Фабержэ, нехта - стварае і ўтрымлівае адзін з найпрэстыжнейшых у Еўропе цэнтраў сучаснага мастацтва...

- На жаль, развіццю мецэнацтва на Беларусі не надта спрыяе цяперашняя юрыдычная база, - кажа Уладзімір Пракапцоў. - Грошы на дабрачыннасць ідуць з прыбытку і абкладаюцца адпаведнымі падаткамі...

Але ж справа, без сумневу, не толькі ў грошах, але і ў стымулах іх траціць на культурную дзейнасць. Ці дастаткова іх у беларускіх бізнесменаў?

 Піяр і непіяр

Рэальны правобраз міфічнага Дзеда Мароза, візантыйскі святы Мікалай любіў дарыць падарункі ўпотайкі, каб унікнуць чалавечай славы. Ёсць мецэнаты, якія таксама лічаць за лепшае заставацца інкогніта. Пра аднаго з іх мне распавёў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Сяргей Вечар: нейкі таямнічы дабрадзей штогод папаўняе музейныя фонды каштоўнымі экспанатамі.

Але гэта - хутчэй, выключэнне з правілаў. Большасці мецэнатаў і, тым больш, спонсараў ананімнасць не ўласціва. Наадварот, яны прагнуць, каб іх імя грымела як найгучней.

 Як адзначыў Уладзімір Пракапцоў, музей сёння можа прадаставіць магчымасці для іміджавай рэкламы сваіх фінансавых партнёраў, і апошнія гэта вельмі цэняць.

- Прыкладам, многіх спонсараў прываблівае менавіта тое, што да кожнага праекта мы выдаём друкаваную прадукцыю, на якой можа красавацца іх лагатып, - кажа Уладзімір Пракапцоў.

Але куды лепшай прынадай для пазабюджэтных укладанняў мог бы стаць піяр у СМІ. Сёння яго магчымасці вельмі абмежаваныя. Пішучы пра тую ці іншую падзею, прафінансаваную канкрэтнай фірмай, мы, як і іншыя выданні, не згадваем яе назву (дарэчы, дадзены артыкул - не выключэнне). Бо гэтага сёння вымагае Закон аб рэкламе.

 - Натуральна, што такі фактар таксама вельмі моцна стрымлівае прыватную ініцыятыву, - кажа Уладзімір Пракапцоў. - Дый нават знаныя з гісторыі мецэнаты не хацелі заставацца інкогніта. Возьмем хаця б братоў Трацяковых, чыё прозвішча ад самага пачатку фігуравала ў назве галерэі. Ужыванне ў друку паняцця "адна галерэя" гэтых калекцыянераў, без сумневу, не задаволіла б.

■ ■ ■

 На думку Уладзіміра Пракапцова, спонсарства і мецэнацтва ў нас пакуль не мае належнай сістэмнасці - або, іншымі словамі, не стала добрай завядзёнкай, абавязковай для кожнага бізнесмена з сур'ёзнай рэпутацыяй. І неабходна, каб гэты, пакуль спарадычны, працэс развіцця адбываўся мэтанакіравана, маючы адпаведны юрыдычны грунт.

- Вельмі важна, што міністр культуры краіны распачаў захады ў гэтым кірунку, - кажа ён. - Бо патэнцыял у плане пазабюджэтнага фінансавання - вельмі вялікі. Прычым ім валодаюць не толькі "іміджавыя" ўстановы культуры, але і, скажам, раённыя музеі або бібліятэкі. І стымул працаваць у гэтым рэчышчы - вельмі сур'ёзны. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы, мы здолелі рэалізаваць усе задуманыя намі музейныя праекты, што наўрад ці атрымалася б у нас, калі б мы спадзяваліся толькі на бюджэтнае фінансаванне.