Сінонімы прадпрымальнасці

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

“Рэжысура” інвестыцый і фінансаў

/i/content/pi/cult/310/5350/3-6.jpg

З пасяджэння калегіі ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама

 15 лютага ў СДК аграгарадка "Лебедзева", што на Маладзечаншчыне, адбылося пасяджэнне калегіі ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама. "Рэжысура" сходу не пакідала месца для "акцёрскага фальшу". Тым больш, што гаворка вялася не толькі пра дасягнутае, але і пра набалелае: інвестыцыі, ахова гісторыкакультурнай спадчыны, развіццё ўстаноў галіны ў горадзе і сельскай мясцовасці і, вядома ж, падрыхтоўка да рэспубліканскіх "Дажынак". Адна з узнятых праблем на пасяджэнні калегіі ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама, так бы мовіць, - сацыяльна-эканамічная. І тычыцца яна найперш супрацоўніцтва дзяржавы з прыватным бізнесам, у дачыненні да адраджэння гісторыкакультурнай спадчыны. Не сакрэт, што стасункі гэтыя далёкія ад ідэалу. Але ўжо дакладна вядома: без прыватнага капіталу захаваць старадаўнія сядзібы Міншчыны будзе досыць цяжка. Пасяджэнне вызначалася дынамізмам, насычанасцю і нефармальнасцю. Потым начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч заўважыць, што факты і праблемы, агучаныя ў кожным з выступленняў, даюць досыць дакладнае ўяўленне аб стане сённяшняй культуры і стаўленні да яе на Міншчыне. Сапраўды, "рэжысура" абласной калегіі не пакідала месца для "акцёрскага фальшу". А месца сустрэчы Маладзечанскі раён - не выпадковае: сёлета там прымаюць Рэспубліканскі фестываль-кірмаш прадстаўнікоў сяла "Дажынкі".

 Інвестар, спонсар, мецэнат, прадзюсар... Словы, натуральна, вядомыя і палягаюць яны ў прасторы аднаго сінанімічнага шэрагу. І значэнне іх вядомае. Інвестар са спонсарам укладаюць у культуру і мастацтва грошы, чакаючы заўтрашняй эканамічнай аддачы. Мецэнат робіць тое ж, але - безахвярна, з прычыны ўласнага альтруізму. Прадзюсар у пошуках грошай наладжвае масткі паміж інвестарам, спонсарам, мецэнатам і творцам. Гэта - тэорыя, а на практыцы...

А на практыцы інвестар, жадаючы ўкласці грошы ў адраджэнне гістарычнай сядзібы, добраўпарадкаванне прылеглых парку і возера, каб уключыць іх у структуру дзейснага турбізнесу, ніяк не можа знайсці паразумення з мясцовымі ўладамі. Няма сістэмнасці ў спонсарства і мецэнацтва. У стане фарміравання знаходзіцца і інстытут прадзюсарства... Мы ўсе прыйшлі да разумення таго, што сітуацыя вымагае неадкладнага вырашэння. Бізнес і творчасць саспелі для ўзаемадапаўнення. Але каму і як рабіць першы крок?

 Бягучы год абвешчаны Кіраўніком дзяржавы Годам прадпрымальнасці. А значыць - энергічнасці і ініцыятыўнасці ў аб'яднанні высілкаў, у тым ліку і па развіцці нацыянальнай культуры і нацыянальнага мастацтва. Сённяшнія публікацыі "Соцыума" - менавіта пра гэта.

"Будзем знаёмыя: я - інвестар..."

 Пачну ледзь не з канца. Пад фініш пасяджэння слова ўзяў намеснік дырэктара аднаго з ТАА Міншчыны Уладзімір Адуцкевіч. Дазволю сабе ледзь не цалкам прывесці ягоную прамову, што надзённым зместам перагукалася з праблематыкай, узнятай папярэднімі выступоўцамі, але ўтрымлівала і безумоўны прадпрымальніцкі эксклюзіў.

- Я прадстаўляю "таямнічых" інвестараў,- пачаў Уладзімір Адуцкевіч,- якіх трэба прыцягваць да супрацоўніцтва... Дык вось, у 2006 годзе мы набылі старадаўнюю сядзібу ў вёсцы Сула Стаўбцоўскага раёна. Праўда, ад сядзібы заставаліся рэшткі. Мы ўзнавілі дом, дзе жыла пані Ленская, цяпер гэта музей. Дом прыслугі ператварыўся ў гасцініцу, карэтная - у кавярню. У адноўленай стайні знаходзяцца ўжо шэсць коней... Сума інвестыцый - каля двух з паловай мільярдаў рублёў. І вось якія праблемы я хацеў бы абмеркаваць. У складзе сядзібнага комплексу знаходзіцца парк - 4,5 гектара, які ператварыўся ў лес: гэта - землі дзяржлесфонду, дзе апрача парку- капліца роду Ленскіх, нічыя, але для перадачы яе нам няма прававой базы. Былое возера стала сёння балотам. Перадайце яго нам - мы зробім возера. Аднак - не: гэта - прыродаахоўная зона. Мы і лес ператварылі б за ўласны кошт у парк, але адсутнічае для гэтага прававая база. З названай прычыны мы не можам пакуль узвесці ў вёсцы крыты конны манеж... Нашы калегі з ЗША, Германіі, пазнаёміўшыся з сітуацыяй, гатовы фінансаваць канчатковую рэалізацыю праекта...

 Намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі, выслухаўшы бізнесмена, звярнуўся да залы са сваім бачаннем вырашэння праблемы. Маўляў, ці варта палохацца супрацоўніцтва з прадпрымальнікамі ў аднаўленні гісторыкакультурнай спадчыны? Урэшце, гэта- неасвоеная аддзеламі культуры ніша. А эфектыўнае выкарыстанне помнікаў культуры і гісторыі - справа неадкладная, заўважныя дывідэнды ад яе займее не толькі прыватны бізнес, але і раён, аддзел культуры...

Па словах намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Шчэцькі пытанне, узнятае інвестарам, вартае ўсебаковага разгляду. Начальнік упраўлення к/i/content/pi/cult/310/5350/3-5.jpgультуры Анатоль Акушэвіч загадвае ўнесці ініцыятыўныя прапановы намесніка дырэктара ТАА ў рашэнне калегіі...

Рэпартажную храналагічнасць артыкула парушыў толькі з той прычыны, што ўпершыню прысутнічаў пры зараджэнні канструктыўных - будзем спадзявацца - стасункаў паміж уладай і прыватным бізнесам. Гэты дыялог дзеля адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны падаўся выключна важным у маштабах не толькі вобласці, але і рэспублікі. Не скажу, што тэмы, якія ўзнімаліся ў іншых выступленнях, былі больш "лакальнымі" па значнасці, але палягалі яны, як думаецца, у прасторы даўно асвоенай і вымагалі не "рэвалюцыйных змен", а натуральнага ўдасканалення работы.

"Дажынкі" і...

 Начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч гаворку ў сваім выступленні вёў аб выніках рэалізацыі дзяржаўных і рэгіянальных праграм 2005 - 2010 гадоў, аб сённяшніх задачах, пастаўленых перад работнікамі культуры Міншчыны. Паспяхова выканана Дзяржпрагарма адраджэння і развіцця сяла. За пяцігодку ўзведзена і рэканструявана 12 аб'ектаў культуры... "Бягучы год, - адзначыў Антоль Акушэвіч,- надзвычай адказны, бо Міншчына, а дакладней - Маладзечна, прымае рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2011" і Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Ужо цяпер у горадзе поўным ходам рамантуюцца дарогі. Не менш напружанай стане праца і па творчым насычэнні згаданых знакавых для рэспублікі мерапрыемстваў..."

Але ў прамове начальніка ўпраўлення досыць выразна гучалі і праблемы. Леташні бюджэт, скіраваны на развіццё абласной культуры, склаў 177 мільярдаў рублёў. Пазабюджэтная дзейнасць прынесла дадаткова 14,5 мільярдаў. Але першыя месяцы 2011-га паказалі, што асобныя аддзелы культуры Міншчыны знізілі тэмпы пазабюджэтнай дзейнасці. Па словах начальніка ўпраўлення, недаравальна пазбаўляць сябе дадатковых крыніц фінансавання... Дарэчы, думка, што крэатыў і прадпрымальніцтва ў сферы культуры- сінонімы, гучала пад час пасяджэння неаднаразова. Стварэнне паўнавартасных сайтаў аддзелаў культуры, пошук прывабных паслуг, па меркаванні Тадэуша Стружэцкага, павінны працаваць на канкурэнтаздольнасць нацыянальнай культуры.

Аб прывабнасці культурнага "прадукту" казала і дырэктар Барысаўскай ЦБС Галіна Слесарэнка. Пры Цэнтральнай райбібліятэцы дзейнічае мастацкая галерэя. Летась тут было арганізавана 18 выставак, што наведала больш за пяць тысяч чалавек... Менавіта канкурэнцыя і пошук новых чытачоў спараджаюць бібліятэчныя ініцыятывы, рэалізацыя якіх заснавана на выкарыстанні найноўшых тэхналогій.

 Ва ўмовах канкурэнцыі дзейнічае і Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей, бо ў раёне апрача яго, як вядома, знаходзіцца і Нацыянальны гісторыка-культурны музейзапаведнік "Нясвіж". Краязнаўчы музей, па словах яго старшага навуковага супрацоўніка Вольгі Шкрабінай, акцэнт робіць на прапаганду мясцовых аўтэнтычных тэхналогій, скажам, кавальскай справы. Пра тое, што і аўтэнтыка можа прыносіць грошы, даводзіў загадчык арганізацыйнатворчага аддзела Любанскага раённага цэнтра культуры, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля "Верабейкі" Сяргей Выскварка: бабулі трэці год выступаюць па ўсёй Міншчыне, нават у начных клубах сталіцы, канцэрты - платныя, а "выканаўцаў прымаюць, як царыц". Але, па цвёрдым перакананні Сяргея Выскваркі, народную традыцыйную культуру варта "аддзяліць" ад самадзейнасці, бо фальклор немагчыма перавесці на самаакупнасць. З гэтай нагоды намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Шчэцька падкрэсліў, што планы па аказанні платных паслуг павінны быць дыферэнцыраванымі, узважанымі, разумнымі.

"Адраджаем сядзібу разам"

 Паказальным падалося і выступленне старшыні Міханавіцкага сельвыканкама Мінскага раёна Святланы Давальцовай. Хаця б з той нагоды, што яна прапанавала першасны, пакуль "безінвестарны", варыянт захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Справа ў тым, што сельвыканкам працуе ў самым шчыльным кантакце з мясцовымі ўстановамі культуры. Клубнікі і бібліятэкары займаюцца дэпутацкай дзейнасцю, уваходзяць у склад выканкамаў, працуюць з пенсіянерамі, ветэ/i/content/pi/cult/310/5350/3-4.jpgранамі, дзецьмі з небяспечных сем'яў... Культработнікі талакою з сельвыканкамамі пры падтрымцы аддзела і ўпраўлення культуры з 2005 года ўзяліся за паступовае адраджэнне сядзібы Ігнацічаў у вёсцы Калініна. Тут захаваліся дом, флігель, кармацэх, амбар, сіласная вежа, фрагменты ўнікальнага парку. Уласнікі гэтых аб'ектаў, як сцвярджае Святлана Давальцова, не ў поўнай меры ўяўлялі, чым валодаюць. Сельскагаспадарчае прадпрыемства выкарыстала сядзібу пад жыллё. Прыйшлося займацца высяленнем і абавязаць уладальніка прывесці будынак у належны стан...

 У 2007-м сядзіба была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Аб'ект знаходзіцца ў прывабным для турыстаў месцы: побач- траса "Брэст - Масква", рака Пціч, аграгарадок "Чурылавічы" з узорнай сацыякультурнай інфраструктурай... Цяпер вядзецца работа па стварэнні праекта ахоўнай зоны помніка культуры. Да справы ўрэшце падключыліся і ўласнікі гістарычнай каштоўнасці. Яны прафінансавалі першы этап інжынерна-геадэзічных вышукаў. Наперадзе - творчая праца па стварэнні гісторыка-культурнай даведкі, што будзе арыенціровачна каштаваць 40 мільёнаў. І толькі цяпер надышоў час выбару інвестараў. А ў тым, што яны праяўляюць усё большую цікавасць да Міншчыны, чытач, мяркую, пераканаўся з першых радкоў гэтага артыкула.

■ ■ ■/i/content/pi/cult/310/5350/3-7.jpg

 Намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі казаў пра вялікі творчы патэнцыял Міншчыны. Ад гэтага наўпрост залежаць і эканамічныя паказчыкі. Паводле леташніх вынікаў пазабюджэтнай дзейнасці, да прыкладу, вобласць выйшла ў рэспубліцы на другое месца. На ўзорным узроўні знаходзіцца эстэтычнае выхаванне падлеткаў, а гэта - праца на перспектыву: сённяшнія навучэнцы ДШМ заўтра стануць удзельнікамі мастацкай самадзейнасці, прафесійнымі носьбітамі культуры, пашыраць шэрагі клубнікаў, бібліятэкараў, музейшчыкаў.

...Пад час калегіі прагучала слушная думка: захаванне культуры - як захаванне навакольнага асяроддзя. Дык вось дэфіцыту на "чыстае паветра" ў "прысталічнай" вобласці няма: дыхаецца- лёгка!


Юрый ІВАНОЎ (фота),

 нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск - Маладзечанскі раён - Мінск

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"