Вырашыўшы звярнуцца да знакамітай пастаноўкі М.Пеціпа, сярод дзясяткаў існуючых рэдакцый гэтага балета японцы абралі менавіта тую версію, якая больш за 20 гадоў ідзе ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Ажыццявіць гэтую пастаноўку быў запрошаны яе аўтар - народны артыст СССР і Беларусі, прафесар Валянцін Елізар'еў. Разам з ім паехала і харэограф-рэпетытар нашага тэатра, заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Шаметавец.
- У Японіі,- распавяла Таццяна Рамуальдаўна, - не выкладаецца характарны танец, і я навучала тамтэйшых артыстаў, як ператварацца ў цыганаў, вулічных танцоўшчыц і тарэадораў. А пачатковае развучванне харэаграфічнага тэксту ажыццяўлялі нашы былыя салісты Аляксандр Бубер і Мікі Ватанабе: некалькі гадоў таму, замацаваўшы сваё каханне шлюбам, яны пераехалі на радзіму жонкі і ўжо гадуюць дваіх сыноў. Японцы - сапраўдныя працаголікі: рэпеціравалі да сямі гадзін на дзень. Да нас ставіліся, як да сапраўдных мэтраў...
У падрыхтоўцы спектакля былі заняты тры склады лепшых японскіх салістаў, - ён выклікаў сапраўдны фурор. Цяпер цягам года будуць распаўсюджвацца кампакт-дыскі з відэазапісамі пастаноўкі. А праз год, магчыма, тэатральная версія будзе адноўлена, але - з іншым складам артыстаў, каб прыцягнуць дадатковую ўвагу публікі.