Фармат: рабочыя группы

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Другое пасяджэнне Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва адбудзецца на пачатку красавіка. Яго тэма — “Выхаванне: культура праз усё жыццё”. Пра гэта паведамілі карэспандэнту “К” у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

 

 Па словах сакратара Савета Таццяны Пархамовіч, праца гэтага кансультатыўнага органа будзе мець наступны фармат: перад кожным пасяджэннем праходзяць сустрэчы рабочых груп, удзельнікі якіх абмяркоўваюць пытанні, праблемныя сітуацыі, што неабходна вырашыць на Савеце.

 "Прычым для таго, каб высветліць складаныя моманты, на падрыхтоўчыя сустрэчы запрашаюцца спецыялісты іншых міністэрстваў і ведамстваў, якія могуць паўплываць на прыняцце канчатковага рашэння, - дадае Таццяна Пархамовіч. - Такім чынам, на сход Савета яго члены прыходзяць з ужо сфармуляванымі прапановамі, якія адрасуюцца не толькі Міністэрству культуры, але і Ураду краіны, асобным міністэрствам".

Напярэдадні другога пасяджэння профільная рабочая група абмяркоўвала пытанні мастацкай адукацыі дзяцей і моладзі. Сустрэча адбылася 9 лютага ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Пільную ўвагу прысутныя вырашылі надаць скарачэнню выкладання гуманітарных дысцыплін у школах, сітуацыі з-за недастатковай мастацка-эстэтычнай адукацыі пакалення, што падрастае сёння. Падрыхтаваная аўдыторыя, якая можа разумець, успрымаць мастацтва, змяншаецца, і перад Саветам стаіць задача знайсці аптымальныя шляхі вырашэння гэтай праблемы.

Да абмеркавання далучыліся рэктары творчых ВНУ краіны, спецыялісты Міністэрства адукацыі ды іншыя. Яны прыйшлі да высновы, што неабходна выпрацаваць новыя падыходы да сістэмы мастацкага і эстэтычнага выхавання, якія ўключалі б актыўны ўдзел устаноў адукацыі, культуры, а таксама СМІ. Вынікам дыскусіі стала прапанова аб стварэнні камісіі з прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі і Міністэрства інфармацыі, што каардынавала б дзейнасць у гэтым накірунку з улікам магчымасцей кожнага з ведамстваў.