Рытм і лінія

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Яўген Ждан — мастак у краіне вядомы.

/i/content/pi/cult/309/5334/pic_21.jpgВыдатны сцэнограф, жывапісец, графік, атрымаўшы цудоўную падрыхтоўку ў педагогаў БДТМІ Я.Чамадурава і П.Масленікава, ён ужо ў першых сваіх спектаклях "Пасля балю" і "Фаўст" паказаў сябе арыгінальным тэатральным мастаком, які арганічна здолеў спалучыць рэалістычную вобразнасць з незвычайнай сімволікай і метафарычнасцю. Потым было шмат яркіх пастановак у Вялікім тэатры оперы і балета БССР, у тэатры Музычнай камедыі, дзе Я.Ждан пэўны час быў галоўным мастаком.

Але станковы жывапіс (партрэт, пейзаж, нацюрморт) заўсёды быў яго асалодай і любоўю. Вось гэтую сваю шчырую любоў Яўген Іванавіч і прадставіў у творах на суд гледача ў Палацы мастацтва.

Па вялікім рахунку, жывапіс/i/content/pi/cult/309/5334/pic_22.jpg Я.Ждана - гэта своеасаблівы пластычны водгалас яго галоўнай, першапачатковай прафесіі- сцэнографа, якая ўключае ў сябе такія рысы, як прывабная дэкаратыўнасць, выставачная "плоскаснасць", музычнасць рытмаў і ліній. А калі дадаць да гэтага пастаяннае імкненне мастака да духоўнага насычэння вобразаў, асабліва- у цыкле ікон беларускіх праваслаўных святых, то перад вамі будзе "эскіз" партрэта Яўгена Ждана. На выстаўцы таксама прыцягваюць увагу і некаторыя работы ў галіне тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва: эскізы касцюмаў герояў пастановак "Рэвізор", "Рыгалета", "Спартак", "Аіда", "Бахчысарайскі фантан", суперзаслона да спектакля "Дон Кіхот" і г. д.

Падкрэслю, што экспазіцыя сабрала толькі невялікую частку работ Я.Ждана. Большасць твораў ён перадаў на сваю малую радзіму - у карцінную галерэю пасёлка Сноў, а таксама - у дар Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку "Нясвіж" і Гарадскому гісторыка-краязнаўчаму музею гэтага горада. Да слова, пяць гадоў таму Яўген Іванавіч стаў ганаровым грамадзянінам Нясвіжа.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"