Толькі да 1-га красавіка!

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Мастакі з Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Польшчы, Ісландыі і Нарвегіі выказалі жаданне ўдзельнічаць у III Міжнароднай біенале акварэлі "Вада + фарба" ў Полацку. Пра гэта паведаміла загадчык Мастацкай галерэі горада Ларыса Лысенка.

Біенале будзе праходзіць з 3 чэрвеня па 7 жніўня бягучага года. Цягам больш як двух месяцаў палачане змогуць назіраць і аналізаваць акварэльныя работы прызнаных творцаў. "Тэма біенале- "Акварэль як творчая прастора", і арганізатары чакаюць ад мастакоў адлюстравання сваіх уяўленняў пра свет, мастацтва, асабістыя і грамадскія каштоўнасці, - адзначае Ларыса Лысенка.- Мінулым разам мы пабачылі акварэльную работу памерам 2x1,5 м, і прыйшлі да высновы, што самастойнасць акварэлі як мастацтва ўзрастае, яе нельга разглядаць толькі як "карцінкі", што ўпрыгожваюць галерэю або інтэр'ер. Гэта работы са сваёй філасофіяй, каларыстычнымі задачамі, таксама можна пабачыць акварэль нават як складнік канцэптуальнага твора..."

Заяўкі ад мастакоў будуць прымацца да 1 красавіка гэтага года. На запрашэнне да ўдзелу адгукаюцца і мастакі з усёй Беларусі. Арганізатарамі ж біенале з'яўляюцца Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік і Беларускі саюз мастакоў.