Гомельскія скарбы

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

“Культурная сталіца Беларусі-2011”

Выстаўка народнага іканапісу і фальклорнага мастацтва насельніцтва Гомельшчыны XIX - XX стст. адкрыецца 17 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Падзея адбываецца ў рамках акцыі "Культурная сталіца Беларусі2011".

Больш за 80 ікон, выкананых алейнымі фарбамі на дошцы, прадметаў этнаграфіі рэгіёна і тэкстаў, у якіх адлюстраваны ўяўленні простага народу пра святых і пакутнікаў, будзе прадстаўлена на выстаўцы. Усе матэрыялы - з фондаў Гомельскага палацавапаркавага ансамбля.

Як паведаміла загадчык аддзела па зборы музейных матэрыялаў і экспазіцыйнай дзейнасці гэтай установы Ганна Кузьміч, у тыя часы людзей цікавілі сюжэты, якія атаясамліваліся з каляндарна-абрадавым цыклам: Каляды, Нараджэнне Ісуса Хрыста, Радаўніца, абрад вяселля. Большасць створаных ікон суправаджаецца прымаўкамі, павер'ямі, апісаннем рытуалаў, замоў, відаў варажбы, звязаных са святымі нашай зямлі. Таксама можна пазнаёміцца з асаблівасцямі народнага касцюма, ручнікамі, якімі ўпрыгожваліся іконы, прадметамі традыцыйнага побыту беларусаў.

Па словах Ганны Кузьміч, прадметы і тэксты былі сабраны даследчыкамі пад час экспедыцый. Усё гэта - унікальнае мастацтва, якім цікавяцца не толькі ў нашай краіне, але і ў замежжы. Выстаўка пабывала за мяжой, атрымаўшы шмат станоўчых водгукаў.