Мажорны палёт, або 29 прыступак

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Не так даўно мне давялося стаць сведкам сустрэчы Міхася Дрынеўскага з чыноўнікам высокага рангу. Пабачыўшы маэстра, ён азірнуўся, нібыта прыцягваючы ўвагу грамады, і, дакрануўшыся да пляча Дрынеўскага, сказаў: - Дазвольце дакрануцца да каштоўнасці беларускай культуры!.. Прыкладна такія ж адчуванні перажыў і я, калі наведаў Міхася Паўлавіча, каб задаць яму сем пытанняў.

 Дрынеўскі

- Майму старэйшаму брату Уладзіміру бацька расказваў такую быльпрыпавесць. Нібыта 200 гадоў таму жыў у Польшчы святар Дрынеўскі. І было ў яго тры сыны. Двое пайшлі ў святары, а трэці... адмовіўся. Пайшоў у беларускую вёску Рудня і там плавіў руду. З металу адліваў лемяшы і насіў іх прадаваць у суседнюю вёску Тонеж. А таму, хто сустракаў яго і дапамагаў несці цяжкую кайстру, ён дарыў адзін з лемяшоў. Там, у Тонежы, ён і ажаніўся. Вось адкуль пайшлі Дрынеўскія.

Тонеж

- Пра назву маёй вёскі найлепш сказаў Адам Русак:

Ой, не едзь, мой мілы, ў Тонеж!

Не заедзеш, а патонеш!

Мінск

- Прыехаў я ў Мінск у 1963-м. А калі быў студэнтам 3-га курса, атрымаў кватэру. Іду неяк дадому, бачу: дзядзька з цёткай б'юцца. Я за жанчыну заступіўся, а тая на мяне з кулакамі! Ледзь ухіліўся. Падышоў да мужыка таго, па плячы паляпаў і сказаў: "Працягвай далей". Сёння шкадую, што ў бокс не пайшоў.

Мама

- Мама казала пра мяне: - Мішка ў мяне - самы лепшы! - і дадавала: - Калі Мішкі няма - нявесела... А я ёй: - У цябе чацвёра разумных сыноў, а пяты - музыкант...

Гумар

- З пачутага: "Ад Міхася Паўлавіча сыходзіш, дык крэм дарагі купляеш, каб маршчыны разгладзіліся..."

Здзіўленне

- Кожны новы дзень здзіўляе. Сёння, да прыкладу, здзівіўся, калі прынеслі рахунак на жаночы балетны касцюм: 6 мільёнаў рублёў. Найлепей, канешне ж, станоўчымі эмоцыямі здзіўляць.

Жаданне

- Згодзен з Рыгорам Раманавічам Шырмам: "Хачу, каб песня-сяляначка вырасла ў вялікасвецкую даму. І каб яна лунала ў свеце..." Гэта і маё жаданне.

 

Р.S. "Мажорны палёт"... Гэтыя словы я пачуў, калі патэлефанаваў Міхасю Паўлавічу: "Я адчуваў, пяцьдзесят на пяцьдзесят, што тэлефануеце вы, Юрый Сяргеевіч, - і дадаў: - Мажорны палёт!" У двух словах - нечаканая, сапраўды музычная, рэакцыя Дрынеўскага на тэлефанаванне. А куды ж, зрэшты, палёт? Мо па тых 29 прыступках мармуровай лесвіцы, што вядзе ў рэпетыцыйную залу Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча да новых творчых вяршынь.

 

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф