Па дарозе ў Вендараж

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Чатыры версіі аднаго крыжа

Традыцыя шанавання і трапяткога стаўлення людзей да каменных крыжоў ідзе са старажытных часоў і захоўваецца нават па сённяшні дзень. Пра гэта сведчыць і вядомая гісторыя з двума тураўскімі камянямі, якія сваімі абрысамі нагадваюць форму крыжа. Пры гэтым штогод яны нібыта растуць з зямлі як сведчанне своеасаблівага цуду для вернікаў.

Але ёсць на Беларусі і малавядомыя каменныя крыжы. Адзін з іх апісваў вядомы беларускі краязнаўца, этнограф Еўдакім Раманаў у пачатку ХХ стагоддзя. У тагачасным магілёўскім павеце па дарозе ў вёску Вендараж знаходзіўся ўнікальны помнік, звязаны з хрысціянскімі традыцыямі ў нашым краі. Гэта быў масіўны каменны чатырохканцовы крыж, неахайна высечаны з чырвонага граніту, вышынёй у паўтара аршына (трохі больш за метр). Пры гэтым на пярэднім баку, паверхня якога больш-менш гладкая, нанесены шэраг знакаў. Сярод іх высечаны невялікі крыж, лічба "1598", а таксама слова "Іван".

Першапачаткова, як адзначае Раманаў, крыж размяшчаўся на месцы тагачаснага (пачатку мінулага стагоддзя) гасцінца, але быў ссунуты крыху ўбок і там замацаваны. З гэтым цікавым помнікам быў звязаны шэраг легенд. У прыватнасці, мясцоваму насельніцтву падавалася, што з каменным крыжам звязана таямнічае і загадкавае забойства. Аднак што ж, на самой справе, мог першапачаткова сімвалізаваць гэты Вендаражскі крыж, акрамя надмагільнага знака?

Крыжы такога кшталту, па меркаванні Е.Раманава, устанаўліваліся ў старажытнасці ў некалькіх выпадках: яны маглі выкарыстоўвацца як пагранічны знак на мяжы двух уладанняў, альбо на месцы спаленых ці разбураных храмаў, колішніх могілак. Але існуе вялікая верагоднасць таго, што гэты крыж мае больш старажытную гісторыю і непасрэдна звязаны з язычніцкімі традыцыямі. Невыпадкова вызначаны шматлікія факты выкарыстання каменных крыжоў у якасці месца ахвярапрынашэння. На Беларусі нават у ХХ стагоддзі на камень клалі грошы, воск, лён, запальвалі свечкі.

Вось як апісвае такую з'яву Раманаў: "Черта эта присуща многим народам и идёт из самой глубокой древности и связана с возлиянием елея Иаковом на камень, на котором он спал. В нашей губернии она имеет большое распространение в северозападной части в Сенненском, Могилёвском, в частях Оршанского, Быховского и Рогачёвского уездов, примыкая в этом отношении к губерниям Минской и Витебской, где почитание камней распространенно ещё более".

А хутчэй за ўсё, крыж быў высечаны па загадзе мясцовага князя і ўсталяваны на месцы старажытнага капішча, а пасля мог выкарыстоўвацца і як надмагілле.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"