Залатая табакерка і “геаграфія” Сухадольскага

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Батальныя “панарамы” жывапісца з Гродна

/i/content/pi/cult/309/5316/pic_5.jpgІмя гэтага мастака, ураджэнца Гродна, мала каму вядомае. Праўда, у 15-м томе "Беларускай энцыклапедыі" (2002 г.) яму прысвечана некалькі радкоў, дзякуючы Леаніду Дробаву, які практычна першым у Беларусі на пачатку 1970-х гадоў напісаў: "Януар Іванавіч Сухадольскі (а гаворка пойдзе менавіта аб ім - Б.К.) - беларускі жывапісец-баталіст. Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы і Расіі". Дадам, што ў музеі Дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль" знаходзіцца некалькі батальных карцін Я.Сухадольскага, прысвечаных узяццю рускімі войскамі крэпасцей Абасабад, Эрзерум і Ахалцых.

Між тым, жыццё і творчасць жывапісца заслугоўваюць таго, каб захавацца на скрыжалях усёй нашай выяўленчай культуры, нароўні з імёнамі яго славутых землякоў з гродзенскай зямлі Льва Бакста, Жака Ліпшыца, Аляксандры Экстэр, Іллі Гінцбурга. Па магутнасці таленту баталіста і шырокіх ведах у нацыянальнай і сусветнай гісторыі (асабліва- эпохі Напалеона і часоў ваенных паходаў Расіі супраць персаў і туркаў), па майстэрстве панарамна "кампанаваць" шматфігурныя кампазіцыі, гістарычна дакладным адлюстраванні грандыёзных бітваў, а таксама баявых коней і ўсялякіх ваенных атрыбутаў і аксесуараў яго можна смела параўнаць хіба толькі з рускім жывапісцам Васілём Верашчагіным. Думаю, Сухадольскі ў гэтым сэнсе перасягнуў А.Кіўшэнку, Л.Лагорыа, М.Дзмітрыева-Арэнбургскага, А.Сытава, І.Мошкава, батальнае мастацтва якіх у XIX ст. карысталася вельмі вялікай папулярнасцю. Можна дапусціць, што некаторыя творы такіх выдатных баталістаў, як расіянін Ф.Рубо і паляк Ю.Косак, былі створаны не без уплыву "панарамных" карцін нашага земляка. Дарэчы, частка палотнаў Сухадольскага была напісана па непасрэдным заказе генерал-фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча для яго гомельскага палаца, уладальнікам якога апошні стаў у 1834 годзе.

Мастак нарадзіўся 19 верасня 1797-га ў сям'і збяднелага беларускага шляхціча. Гродна ў выніку Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай толькі-толькі ўвайшло ў склад Расійскай імперыі, і ў гэтым жа горадзе адбылося адрачэнне ад улады апошняга Караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага Станіслава II Аўгуста Панятоўскага. А ў 1801-м, калі Януарыю споўнілася чатыры гады, Гродна стала цэнтрам губерні.

У Януарыя былі тры браты: Райнольд, Яцэк і Валянцін. Так здарылася, што ва ўсіх траіх, актыўных удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830 - 1831 гг., лёс склаўся трагічна. Старэйшы, Райнольд - таленавіты паэт, музыкант, аўтар "Паланэза Касцюшкі", былы член арганізацыі філарэтаў, гвардзеец 5-га палка пешых стралкоў - загінуў 8 верасня 1831 года пры штурме Варшавы царскай арміяй таго самага генералфельдмаршала Паскевіча. Яцэку і Валянціну "пашанцавала" больш: яны трапілі ў рускі палон. Валянцін усё ж уцёк з палону, тайна перайшоў мяжу і апынуўся ў Парыжы, дзе і скончыў свае дні. Яцэк з няволі вярнуўся на радзіму, але ягоная псіхіка была цалкам падарваная зведанымі ліхімі нягодамі...

А што ж наш герой, у якога лёс, у адрозненне ад трох братоў, склаўся даволі шчасліва? У 1807 годзе тата, Іван Сухадольскі, адправіў хлопчыка ў толькі што створанае Напалеонам Вялікае Герцагства Варшаўскае, да свайго брата, перакананага прыхільніка французскага імператара. Праз тры гады зусім юны Януарый быў прызначаны ў 5-ы Польскі корпус, якім камандаваў князь Юзэф Панятоўскі. Тут, галоўным чынам, служылі палякі, беларусы і літоўцы. Але самога імператара ён пабачыў у Варшаве толькі ў сярэдзіне снежня 1812 года, калі Напалеон разам з обер-шталмейстэрам пры штабе Вялікай Арміі генералам Арманам Каленкурам прыбыў туды проста са Слоніма пасля свайго паражэння ў Расіі. Пазней Сухадольскі напіша карціну "Напалеон і Панятоўскі", дзе адлюструе праезд палкаводцаў на конях па плошчы разбуранага горада. На першым плане - забіты конь, справа - паранены салдат з барабанам, удалечыні- вершнікі і млын на фоне дыму пажарышча...

/i/content/pi/cult/309/5316/pic_6.jpgАле больш, чым ваенная служба, Сухадольскага вабіла рысаванне. Яшчэ самавукам ён імкнуўся капіраваць вядомых тады баталістаў. Трошкі пазней, у перыяд службы ў польскім гарнізоне, Сухадольскі, ужо будучы афіцэрам, знаходзіў час, каб наведваць урокі жывапіснага майстэрства ў прафесара Варшаўскага ўніверсітэта Антонія Брадоўскага, буйнога прадстаўніка польскага класіцызму. А першы поспех да Януарыя прыйшоў у пачатку 1820-х гадоў, калі ў Варшаву прыбыў рускі імператар Мікалай I. У яго гонар была арганізавана выстаўка, на якой экспанавалася і карціна Сухадольскага "Смерць Варненчыка". Уладзіслаў III Варненчык у 1440-х гадах быў каралём польскім і венгерскім, сынам Уладзіслава Ягайлы ад чацвёртай жонкі, рускай князёўны Соф'і. Ён арганізаваў паход супраць туркаў султана Амурата, але пад Варнай пацярпеў няўдачу, і 10 лістапада 1444-га 20гадовы кароль быў забіты ў баі.

Палатно выклікала ў цара такія станоўчыя эмоцыі, што ён тут жа пажадаў яго набыць. Але мастак проста падарыў карціну Мікалаю Паўлавічу. А той, у сваю чаргу, абдарыў мастака залатой табакеркай. Аднак гэтая сяброўская сустрэча маладога жывапісца і расійскага імператара не перашкодзіла таму, што ў 1831 годзе Сухадольскі ўслед за братамі прыняў удзел у польска-беларускім паўстанні, пасля падаўлення якога быў вымушаны выехаць у Еўропу. Дарэчы, ёсць сведчанне, што той царскі падарунак- табакерку - мастак перадаў на патрэбу паўстання. Ёсць таксама звесткі, што сын Сухадольскага пазней прыняў удзел у паўстанні 1863 г. і некаторы час правёў у турме.

Амаль два гады Януарый Іванавіч жыў у Рыме. Тут, дзякуючы рэкамендацыйным лістам малодшага брата імператара Напалеона I- Жэрома Банапарта, які тады знаходзіўся ў ссылцы ў Італіі, і яго пляменніка Луі-Напалеона (будучага прэзідэнта Францыі), пазнаёміўся з выдатным баталістам і дыпламатам Арасам Вернэ, што ўзначальваў французскую Акадэмію мастацтваў у Рыме. Думаю, менавіта Вернэ аказаў самае моцнае ўражанне на Сухадольскага ў сэнсе яго цікавасці да батальнай кампазіцыі, у распрацоўцы адпаведнай "харавой" карціны вялікіх памераў. Арас Вернэ быў чалавекам, які адчуваў сябе ўтульна заўжды: уваходзіў у палітычную эліту і пры Банапарце, і ў гады Рэстаўрацыі. Тройчы пабываў з французскай арміяй у Алжыры, быў і ў Расіі, дзе хвацка пісаў карціны на любы заказ. Ён - аўтар цікавых палотнаў, прысвечаных напалеонаўскім перамогам пры Танжэры, Фрыдландзе, Ене, Ваграме; маляваў паўночна-афрыканскую экзотыку, стварыў у Луўры роспіс плафона ў зале егіпецкіх старажытнасцей; пісаў жывапісныя кампазіцыі для Версаля Напалеона III. З юнацтва засталася ў маёй памяці яго эрмітажная карціна "Бітва на моры", якая паводле "стыхійнай дынамікі" нагадвала марскія баталіі Івана Айвазоўскага. Словам, Сухадольскаму было чаму павучыцца ў маэстра Вернэ. Дарэчы, па творах А.Конан Дойля, Шэрлак Холмс даводзіўся Арасу Вернэ ўнучатым пляменнікам! Вось так!

Падкрэслю, што сяброўства Сухадольскага і Вернэ доўжылася да 1863 года, г. зн., да самой смерці выдатнага француза. І не памылюся, калі скажу, што менавіта пад уплывам Вернэ Януарый Іванавіч у розныя гады стварыў некалькі бліскучых карцін, прысвечаных напалеонаўскай эпосе. Сярод іх - пасапраўднаму эпічнае "зімовае" палатно, з сотнямі чалавечых фігур, коней, вершнікаў, павозак, - "Пераправа войскаў Напалеона праз Бярэзіну". Яшчэ можна ўзгадаць такія цікавыя карціны з гэтага ж цыкла, як "Бітва на востраве Сан-Дамінга" - пра ўдзел польскіх легіёнаў у падаўленні антыфранцузскага паўстання неграў-рабоў на востраве Сан-Дамінга (цяпер - Гаіці), "Самасьера"- таксама пра драматычны лёс польскіх салдат-кавалерыстаў (швалежэраў), якія летам 1808 года былі накіраваны Напалеонам на скарэнне Іспаніі, а 30 лістапада на перавале Самасьера прынялі цяжкі бой, дзе страцілі шмат салдат. Дарэчы, гэты бой Адам Міцкевіч згадвае ў сваёй паэме "Пан Тадэвуш".

 І яшчэ адно палатно з таго ж цыкла - "Смерць Кіпрыяна Гадэбскага ў баі пад Рашынам". Гэтая бітва адбылася між палякамі і аўстрыйцамі 19 красавіка 1809 года, калі генерал Юзэф Панятоўскі ўсё ж аддаў праціўніку Варшаву, але змог захаваць сілы для далейшага наступлення па вызваленні польскіх земляў ад аўстрыякаў, за што атрымаў Вялікі Крыж Ганаровага Легіёна. Кіпрыян Гадэбскі, літаратар, афіцэр Польскага рэспубліканскага легіёна ў Італіі, аўтар аповесці "Грэнадзёр-філосаф" - пра крушэнне надзей французскай рэвалюцыі 1789 года, - менавіта ў гэтым баі загінуў ва ўзросце 44 года.

А вось яшчэ адна смерць, увасобленая пэндзлем мастака, - смерць самога маршала Францыі Юзэфа Панятоўскага, якога ў маладосці называлі "Prince charmant" ("Чароўны князь"). Гэта здарылася ў час "Бітвы народаў" пад Лейпцыгам, у кастрычніку 1813 года, калі Напалеон прайграў бітву з аб'яднанай арміяй Расіі, Прусіі, Аўстрыі і Швецыі. Пасля першага дня 16 кастрычніка 8-ы Польскі корпус Панятоўскага (менавіта ў гэты дзень ён стаў маршалам Францыі) страціў трэць салдат, а дывізія яго намесніка Яна Дамброўскага- палову байцоў. Панятоўскі, прыкрываючы адступленне напалеонаўскіх войскаў, быў паранены куляй у бок, і кінуўся на кані ўплаў у раку Эльстэр, дзе і патануў. Я ўзгадаў раман А.Дзюма "Віконт дэ Бражэлон": там Д'Артаньян жартам кажа, што маршал Францыі не можа патануць, таму што ён мае хаця б маленькі кавалачак дрэва - маршальскае жазло. Але Панятоўскі такое жазло атрымаць не паспеў. Сухадольскі якраз і паказаў момант, калі цяжка паранены маршал на белым кані набліжаецца да берага ракі: яму засталося жыць зусім мала... Праз чатыры дні цела маршала знайшоў рыбак Ян Хрысціян Фрыдрых. Спачатку труну пахавалі ў варшаўскім касцёле Святога Крыжа, а ў 1817 годзе перанеслі ў крыпту касцёла Святога Леанарда ў кракаўскі Вавель...

...У 1837 годзе Сухадольскі вярнуўся на радзіму. Не ведаю, ці дараваў яму цар за ўдзел у паўстанні, ці той удзел быў нязначным, ці такі жывапісец-баталіст вельмі быў патрэбны дзяржаве, але факт застаецца фактам: мастак па рэкамендацыі Мікалая I быў прыняты ў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, а ў 1839 годзе, па высокім царскім загадзе, за карціну "Штурм крэпасці Ахалцых 15 жніўня 1828 г." Сухадольскі стаў акадэмікам батальнага жывапісу. З таго часу слава мастака-баталіста расла як на дражджах і на тэрыторыі Расійскай імперыі, і ў некаторых краінах Захаду, дзе выстаўляліся ягоныя творы.

Большасць сваіх карцін мастак пісаў і як сведка, і як гісторык-дакументаліст, і таму яго творы могуць служыць цудоўным дапаможнікам для вывучэння кульмінацыйных падзей руска-турэцкіх, руска-персідскіх і іншых войн, а таксама эпізодаў, звязаных з удзелам нашых землякоў-беларусаў у ваенных драмах XIX ст. Па адным пераліку карцін Сухадольскага можна ўявіць сабе "геаграфію" галоўных інтарэсаў мастака: "Пераход гары Саганлуг і ўзяцце лінейнымі казакамі і мусульманскімі войскамі рэдута..." (сюжэт з вайны 1828 г.); "Штурм крэпасці Карс 23 чэрвеня 1828 года", "Штурм Ачакава 8 снежня 1788 года", "Здача сцягоў пры Джаван-Булаке", "Фельдмаршал Паскевіч прымае дэлегацыю жыхароў Эрзерума", "Заключэнне Туркманчайскага міру", "На прыёме ў Візір-пашы", "Здача крэпасці Абасабад", "Перамога пад Ялдавай" і іншыя.

Пэўнае месца ў творчасці Сухадольскага займае і тэма паўстання 1831-га, якой мастак прысвяціў некалькі палотнаў. Асабліва цікавая карціна "Сцэна з 1831 года": адлюстравана разбураная беларуская вёска, на ўскраіне якой, на фоне спаленага дома і адзінокага ацалелага коміна, ляжыць паранены паўстанец, яму дапамагае дзяўчына...

Канешне, жорсткі крытык можа знайсці ў творах Сухадольскага і нейкую кампазіцыйную аднастайнасць, і залішнюю "параднасць". Аднак, што б там ні казалі, Януарый Сухадольскі як таленавіты жывапісец-баталіст унёс вельмі значны ўклад у выяўленчую культуру, і ў гэтым жанры ў XIX ст. яму амаль што не было роўных.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"