“Шыфр” Радзівіла Чорнага: РАДЗІВІЛ Ч. ПРЫПЫНІЎСЯ Ў РЭДАКЦЫІ “К” НА ШЛЯХУ З БАРЫСАВА Ў НЯСВІЖ

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Ці займее працяг гісторыя ўзнаўлення замкавых габеленаў з Нясвіжа?

/i/content/pi/cult/309/5313/6-1.jpg

Усё тое, пра што пойдзе гаворка ніжэй, не мае прэцэдэнту. Дырэктар Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А.М. Кішчанкі Рыгор Шэміт, даўні сябра "К", у мінулы панядзелак, якраз пад час рэдакцыйнай планёркі, паведаміў нам па тэлефоне: "Заўтра вязу ў Нясвіж адмысловы паўтор габелена "Наданне княскага тытула князю Мікалаю Радзівілу Чорнаму". Копія выканана на нашым камбінаце і будзе размешчана ў экспазіцыі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ў Нясвіжы". Пераканаўшыся, што нагода для сустрэчы - больш чым надзённая і эксклюзіўная, запрасілі кіраўніка камбіната наведаць па дарозе з Барысава ў Нясвіж наш Інфацэнтр "Культура-інфа". І зранку ў аўторак, 8 лютага, у рэдакцыі адбылася прэзентацыя габелена. Упершыню ўнікальны тканы выраб (ды і наогул - твор мастацтва!), прызначаны для аздаблення замкавых інтэр'ераў, быў прадстаўлены перадусім менавіта ў рэдакцыі нашай газеты. Пасля прэзентацыі мы пагутарылі з рэалізатарамі праекта і пераканаліся: пэўныя, узнятыя ў ходзе размовы, праблемы павінны займець самы шырокі розгалас, бо наўпрост тычацца захавання нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны.

Узнаўленне для замка

 Габелен "Наданне княскага тытула князю Мікалаю Радзівілу Чорнаму", створаны недзе ў ХVІІ стагоддзі, па меркаванні мастацтвазнаўцаў, упрыгожваў калісьці інтэр'еры Нясвіжскага замка. Ужо колькі часу арыгінал належыць польскаму музею ў Небарове. Дырэктар камбіната дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва Рыгор ШЭМІТ распавёў пра перадгісторыю ўзнаўлення:

- Кіраўніцтва Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" прыняло, скажам так, даволі рызыкоўнае, цікавае і, лічу, важнае рашэнне: паспрабаваць зрабіць узнаўленне паводле арыгінала, якое мы сёння ўпершыню прэзентуем. Наколькі ведаю, у Беларусі за дзяржаўны кошт так гістарычныя аб'екты яшчэ не аздабляліся... Выбралі габелен, што знаходзіцца ў Польшчы, туды выехалі нясвіжскія музейшчыкі, спецыялісты нашага камбіната, зрабілі фотаздымкі... Менавіта гэты габелен быў абраны намі таму, што імя Мікалая Радзівіла Чорнага непарыўна звязана з Нясвіжам... Габелен цікавы і складаны, бо ён - шматфігурны. Перадаць каларыстыку, стан душы персанажаў было даручана мастаку Ніне Васільеўне Пілюзінай - знанаму і вопытнаму майстру...

- Колькі часу заняла адказная справа?

- Габелен выконваўся тры месяцы. Займаліся гэтым самыя лепшыя ткачыхі камбіната: Алена Аляхно, Таццяна Патаповіч, Ірына Паланевіч, Ала Фядзісава.

- Чым адрозніваецца арыгінал ад сучаснага паўтору?

- Безумоўна, цяжка параўноўваць. Арыгінал, зразумела, старадаўні, месцамі цалкам выцвілы. І Ніне Васільеўне неабходна было дэталёва прадумаць, як захаваць асаблівасці старажытнай рэчы ў сучаснай выяве. Колер за стагоддзі змяніўся істотна... Работа, тым не менш, выканана. Хачу выказаць шчырую ўдзячнасць і мастаку, і ткачыхам за прафесіяналізм, адказнасць, карпатлівасць. Спадзяюся, што мастакі і мастацтвазнаўцы дадуць ацэнку нашай спробе аднаўлення старадаўняй спадчыны, выкажуцца, наколькі актуальная тэма стварэння ў Беларусі копій габеленаў для аздаблення замкавых комплексаў.

Цуд "з нуля"

Мастак Ніна ПІЛЮЗІНА - прызнаная ў Беларусі габеленшчыца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за габелены для Палаца Рэспублікі. Яна галоўную ўвагу надала момантам "тэхналагічным", што тычыліся мастакоўскіх прыёмаў габеленнага ўзнаўлення "з нуля".

- Сапраўды, ніхто гэтым раней у нас не займаўся. А работа была выключна складанай. Першасны малюнак давялося "расшыфроўваць", удакладняць, бо дзесьці былі зашытыя месцы, там-сям сустракаліся дэфармацыі, выгарэлыя фрагменты. Безумоўна, усё ўдакладнялася па фотаздымку, што зроблены ў натуральную велічыню і апрацаваны на камп'ют/i/content/pi/cult/309/5313/6-2.jpgары... Але быў яшчэ адзін кардон, на якім я ад рукі прамалёўвала адсутныя дэталі, бо на першым, камп'ютарна апрацаваным, праз густую аснову немагчыма было ўбачыць каларыт, тонавыя суадносіны. На падставе ўсяго гэтага і стваралася копія. Майстры на камбінаце - унікальныя, яны здолелі выканаць пастаўленую задачу. Габелен не надта вялікі: 90 на 160 сантыметраў, але ўвагі вымагаў надзвычайнай. Не буду хаваць: не адразу паразумелася з ткачыхамі. Але неўзабаве яны адчулі, чаго хачу я, а я разабралася, на які цуд здольныя яны... Паглядзіце, якія маленькія твары ў людзей на габеленавым малюнку. Трэба быць віртуознай ткачыхай, каб адлюстраваць гэтыя вусны, носікі, вочкі! Ніткі не фарбавалі, рабілі з іх вельмі тонкі меланж, які даваў патрэбную колеравую гульню. Словам, паразуменне было знойдзена: майстрыхі справіліся, ні тон, ні колер не пераблыталі, зрабілі за такі кароткі час нават больш, чым маглі... Стагоддзе таму квадратны метр шпалеры рабілі за год. У нашым выпадку паўтара квадратных метра выкананы за тры месяцы.

- Колькі сантыметраў ткалася ў дзень?

 - Па 2,5 - 3 сантыметры за змену. Калі ткаліся твары ці шрыфт надпісу, работа, натуральна, замаруджвалася.

- Што вас найперш зацікавіла ў працэсе ўзнаўлення?

- Кампазіцыя, складаная, нестандартная кампаноўка. Старых габеленаў маленькага памеру не бачыла, і гэта для мяне было адкрыццём.

- Польскі бок цікавіўся тым, што ў вас атрымалася?

 - Думаю, яшчэ пацікавіцца, бо сённяшняя прэзентацыя ў вашым Інфацэнтры- першая.

- А як лічыце, нясвіжцы прадоўжаць супрацоўніцтва з камбінатам, з вамі асабіста?

- Мы на гэта спадзяёмся... Калісьці даўно я была ў Дзінтары, наведала тамтэйшы замак, які тады рэстаўраваўся. Дык вось, я даведалася, што для інтэр'ераў яго лепшыя латышскія мастакі зрабілі габелены-шпалеры ў адпаведнасці з эпохай, па якой вялі аднаўленне замка. Падаецца, рашэнне - правільнае. Але поруч з сучасным бачаннем мінуўшчыны правамоцным лічу і стварэнне копій.

- Наколькі ідэнтычнай лічыце тэхналогію ўзнаўлення габелена?

 - Майстрыхі ў Польшчы падлічвалі: па аснове - восем нітак на сантыметр. Мы рабілі так: узялі па чатыры падвоеныя ніткі на сантыметр. Так што разыходжанняў не было.

І "старадаўняя" кафля...

Мы прадоўжылі гутарку з Рыгорам Шэмітам пра перспектывы камбіната імя А.М. Кішчанкі. Камбінат цяпер, як сцвярджае ягоны кіраўнік, знаходзіцца на плыву, але трэба рухацца наперад, толькі ў гэтым - залог заўтрашняй запатрабаванасці.

- Камбінат выканаў першы этап рэканструкцыі габелена XVII стагоддзя для Мірскага замка, - распавёў Рыгор Шэміт. - Габелен быў закуплены за межамі рэспублікі. Памеры - каля трыццаці квадратных метраў. Мы ездзілі па досвед у Прыбалтыку, прыглядваліся да рэстаўрацыйных прыёмаў, бо кожны габелен утрымлівае свае асаблівасці: маю на ўвазе і тэхналогію ўзнаўлення, і непаўторнасць колеравага спалучэння, якую трэба паўтарыць... Камбінату ўдалося выканаць няпростую работу. Гэты ўнікальны твор знаходзіцца цяпер у замкавай экспазіцыі, на фоне яго фатаграфуюцца ўсе дэлегацыі... Але адноўлены для Міра габелен патрабуе далейшай працы, бо сур'ёзная рэканструкцыя доўжыцца гадамі. Мы гатовы разглядаць пытанне аб далейшым аднаўленні мірскага габелена. Тое, што мы паспелі зрабіць за неверагодна кароткі тэрмін, прываблівае і пераконвае: камбінат здольны цяпер на многае.

Урэшце, барысаўскі камбінат- адзін з аналагічных прадпрыемстваў на постсавецкай прасторы, хто выжыў і пры падтрымцы дзяржавы працягвае развівацца. Маем 12 высокапрафесійных габеленшчыц, якія працуюць (вы ў гэтым пераканаліся) досыць аператыўна. Нашы вырабы ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, на іншых значных аб'ектах. А цяпер мы засвоілі і вопыт рэстаўрацыі, і выраб гістарычных копій.

- З якімі краінамі вы на сёння супрацоўнічаеце?

- З Расіяй, Узбекістанам, Польшчай, Украінай... Апрача габеленаў можам прапанаваць кераміку, тканыя, сувеніры, каміны, сцэнічныя касцюмы, "адзенне" сцэны, але самы сур'ёзны наш набытак - габелены.

 - А кераміка "пад даўніну" для нашых замкаў?

 - Мы займаемся і гэтым. Да прыкладу, у Мірскім замку выкананы значны аб'ём керамічных работ. Дарэчы, у гэтым месяцы выпусцім каталог твораў, якімі насычаны цяпер замак.

- Вернемся да габеленаў. Камбінат носіць імя славутага габеленшчыка Аляксандра Кішчанкі. Адна з вашых перспектыўных мэт - рэстаўрацыя ягонай спадчыны?

- І Аляксандр Кішчанка, і Генадзь Гаркуноў былі заснавальнікамі школы беларускага габелена. Дзякуючы ім развіваўся і камбінат... Але вось у чым праблема. Габелены Кішчанкі, да прыкладу, што ўпрыгожвалі Оперны тэатр да яго рэканструкцыі, патрабуюць абнаўлення. Лічу, гэтае пытанне нейкім чынам трэба вырашаць. Мы гатовы выканаць работы з мінімальнымі выдаткамі.

Занатаваў Яўген РАГІН

/i/content/pi/cult/309/5313/pic.jpgАд рэдакцыі.

"К" выказвае ўдзячнасць удзельнікам эксклюзіўнай прэзентацыі. Нагадаем, наш Інфацэнтр "Культура-інфа" працягвае працаваць у рэжыме інтэрактыўнага медыяўплыву на прастору нацыянальнай культуры.

З нясвіжскай ардынацыі

У гэты ж дзень, 8 лютага, апоўдні, мы звязаліся, натуральна, з Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам "Нясвіж". Як "Мікалай Радзівіл Чорны" дабраўся пасля прэзентацыі ў Інфацэнтры да родных замкавых сцен, які прыём "тытулаванаму князю" аказаны, ці ўтульна яму ў музеі?

- Не хвалюйцеся, усё цудоўна, - адказала рэдакцыі намеснік дырэктара "Нясвіжа" па навуковых пытаннях Галіна КАНДРАЦЬЕВА. - Узноўлены паводле арыгінала твор выкананы добра. У чаканнях мы не памыліліся... Якраз сёння ў музеі-запаведніку адбываецца чарговае пасяджэнне штаба па аднаўленні комплексу. Галоўнае пытанне дня - рамонтныя работы... Кіраўніцтва музея прыняло габелен як належыць. Натуральна, яго афіцыйная прэзентацыя прымеркавана да ўрачыстага адкрыцця Залы гісторыі нясвіжскай ардынацыі, дзе габелен "Наданне княскага тытула князю Мікалаю Радзівілу Чорнаму" зойме адно з пачэсных месцаў.

- Ці будзеце працягваць стасункі з Барысаўскім камбінатам па рэстаўрацыі і ўзнаўленні габеленаў?

- Думаю, будзем. Замкі на Беларусі адбудоўваюцца цяпер пры самай актыўнай дзяржаўнай падтрымцы. Вялікая ўвага надаецца і аднаўленню гістарычных інтэр'ераў. Так што названае супрацоўніцтва - самае перспектыўнае.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"