Эканоміка новых падыходаў

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

У абласцях Беларусі праходзяць пасяджэнні выніковых калегій упраўленняў культуры аблвыканкамаў. Абагульняецца досвед, вызначаюцца чарговыя задачы і абмяркоўваюцца новыя падыходы да іх вырашэння.

 

 Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамара Паўлюковіч паведаміла "К", што агульная размова аб галоўным у развіцці абласной культуры адбылася 4 лютага. Вызначаны лепшыя аддзелы культуры: Кобрынскага, Камянецкага і Пінскага райвыканкамаў. Акрэслена і бліжэйшая перспектыва: развіццё сельскіх тэрыторый, паляпшэнне якасці культурных паслуг за кошт інавацый.

Начальніку аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзеі Жук, чый аддзел па леташніх выніках стаў першым у вобласці, інавацыі бачацца ў планавай рэалізацыі адмысловых творчых праектаў з выкарыстаннем найноўшых інфармацыйных тэхналогій. База для гэтага была створана цягам мінулага года.

У гэты ж дзень, 4 лютага, вынікі працы за мінулы год падвялі на Гродзеншчыне. Як паведамляе "К" начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка, пад час пасяджэння калегіі былі, натуральна, акрэслены і перспектыўныя накірункі дзейнасці з прыцэлам на пяцігодку. Больш актыўнай, як падкрэсліў Аляксандр Лойка, будзе інвестыцыйная палітыка. Да прыкладу, маёнтак Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі ля Смаргоні запланавана цалкам адрэстаўраваць да 2014 года. Два мільярды для ажыццяўлення пастаўленай мэты выдаткоўвае Дзяржаўная інвестыцыйная праграма, больш чым паўтара мільярда рублёў - рэспубліканскі бюджэт... Пад рэалізацыю праекта выйграны і грант Еўрасаюза ў мільярд рублёў. Гродзеншчына ўпэўнена набывае статус не толькі краю адраджэння замкаў і сядзіб, але і рэгіёна, дзе гэты статус падмацоўваецца эканамічна.

А 7 лютага абласная калегія прайшла і на Магілёўшчыне. Удзельнікі пасяджэння, як паведаміла "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Святлана Казлова, сабраліся ў толькі што адрамантаваным абласным тэатры лялек. Перад пачаткам была прадстаўлена не толькі традыцыйная маштабная падборка метадычных распрацовак, але і выстаўка, што распавядала пра ўзаемадзеянне аддзелаў культуры са СМІ. Да прыкладу, студыя абласнога тэлебачання прапанавала 20 тэлефільмаў, створаных паводле этнаграфічных экспедыцый, ініцыяваных абласным метадычным цэнтрам...

Сярод сённяшніх неадкладных задач калегія вызначыла далейшае развіццё сельскіх тэрыторый са стварэннем належнай сацыякультурнай інфраструктуры, удасканаленне экспазіцыйна-музейнай дзейнасці, працяг аднаўлення гісторыка-культурнай спадчыны.