Змены на будаўнічай пляцоўцы (пабываў тут прыкладна чатыры месяцы таму) бачныя, як кажуць, нават няўзброеным вокам. Да двух вежавых кранаў дадаўся яшчэ адзін- гусенічны, амаль завершаны работы ў цокальным паверсе будучага музея, і распачынаюцца - па ўзвядзенні першага.
- На дадзены момант заканчваем нулявы цыкл, засыпаем пясчана-гравійную сумесь у дэталі падлог, вядзём гідраізаляцыйныя работы, - распавёў прараб БУ-5 ААТ "Будтрэст № 1" Валерый Ігнаценка. - Таксама цяпер выстаўляем каркас першага паверха, перакрыцці, сцены, ліфтавыя шахты. Плануем завяршыць усе работы на гэтым паверсе музея прыкладна праз два-тры месяцы...
Кожны дзень на знакавым для ўсіх беларусаў аб'екце працуе 60 - 70 чалавек. Праца ідзе якасна і хутка ў любое надвор'е: і ў снег, і ў дождж...
- Цяпер працаваць лягчэй: на двары - адліга, - кажа вахтавы майстар БУ-5 ААТ "Будтрэст № 1" Сяргей Ігнаценка. - Ходзім цяпер не па лёдзе, як у марозныя дні, а па зямлі, што, натуральна, паляпшае ўмовы работы. А ад дажджу ў нас ёсць спецыяльныя непрамакальныя плашчы. Так што праца не спыняецца...
Праца сапраўды не спыняецца і працягваецца даволі шпарка дзякуючы як намаганням рабочых, так і своечасоваму падвозу неабходных будаўнічых матэрыялаў. А яшчэ і таму, што вялікая колькасць неабыякавых людзей з усіх куткоў нашай краіны спрыяе ўзвядзенню Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праз грашовыя ахвяраванні. Як вядома, згодна з Даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, яшчэ летась былі адкрыты дабрачынныя рахункі для збору сродкаў на ўзвядзенне новага будынка музея і стварэнне экспазіцыі. Як распавёў "К" намеснік дырэктара ўстановы Вячаслаў Казачонак, на канец студзеня 2011 года шматлікія арганізацыі і грамадзяне Беларусі ўжо пералічылі на гэтыя рахункі суму, якая складае амаль 30 мільёнаў беларускіх рублёў. Натуральна, гэтая лічба павялічваецца кожны дзень.
Фота Юрыя ІВАНОВА
Увага!
Для ўсіх неабыякавых людзей нагадаем: пералічыць грошы на ўзвядзенне новага будынка музея, дзе захоўваецца свяшчэнная памяць пра Подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, можна на наступныя нумары разліковых рахункаў:
Р/р 3642900000887, у беларускіх рублях, філіял 510 ААТ "АСБ Беларусбанк", г. Мінск, код 603, УНН 100235472;
р/р 3642900000858, у доларах ЗША, філіял 510 ААТ "АСБ Беларусбанк", г. Мінск, код 603, УНН 100235472;
р/р 3642900000917, у еўра, філіял 510 ААТ "АСБ Беларусбанк", г. Мінск, код 603, УНН 100235472;
р/р 3642900000904, у расійскіх рублях, філіял 510 ААТ "АСБ Беларусбанк", г. Мінск, код 603, УНН 100235472. Прызначэнне плацяжоў:
01 - для ўзвядзення новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны;
02 -на стварэнне экспазіцыі ў новым будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны;
03 - для ўзвядзення будынка Дэпазітарыя музея (фондавых сховішчаў, рэстаўрацыйных майстэрняў, памяшканняў падрыхтоўкі выставак).