Хаім Суцін. Па той бок міфаў

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Сёння мы заканчваем распавядаць драматычную гісторыю жыцця нашага земляка, “дзівака са Смілавічаў” Хаіма Суціна. Нягледзячы на тое, што трыццаць гадоў з дараваных яму Богам пяцідзесяці ён пражыў у Францыі, — мастак таксама належыць і нам, беларусам.

/i/content/pi/cult/308/5300/pic_54.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 4 - 5.)

Суціна не выносіла і жонка Леапольда Збароўскага, сябра і "апекуна" мастака- пані Ханка Цыроўска. Асабліва тады, калі Суцін "высоўваў наперад няголены падбародак і выцягваў шыю а-ля Мадзільяні". Наогул лічыла яго хамам і невукам. А гэты "невук", хаця і дрэнна гаварыў пафранцузску, ды і ў рускай мове быў далёка не дока, тым не менш, цудоўна ведаў Бальзака і Фрэйда, Пушкіна і Дастаеўскага, мог бясконца размаўляць пра таямніцы жывапісу Рэмбранта і заўсёды з захапленнем слухаў Мадзільяні, калі той на памяць дэкламаваў "Боскую камедыю" ўлюбёнага ім Дантэ або вершы Верлена і "Песні Мальдорара" Латрэамона. Менавіта ўсё гэта ставіла ў тупік усіх, хто ведаў Суціна. Многія проста губляліся ў здагадках: хто ж на самай справе гэты дзівак, які прыехаў немаведама адкуль?

Мае рацыю наконт Суціна пісьменнік Андрэ Мальро: "Ніхто не даведаецца з ягонага жывапісу, калі ён быў хворы ці здаровы, бедны ці багаты, шчаслівы ці не..." У тым жа ключы гаворыць і блізкі прыяцель Суціна, выдатны скульптар Жак Ліпшыц (таксама наш зямляк, родам з Гродзеншчыны): "Суцін быў для мяне загадкай, мешанінай супярэчлівых імпульсаў. Я неаднойчы ставіў перад сабой пытанне: Суцін добры чалавек ці дрэнны, а можа, неўрасценік? Ніяк не мог зразумець, што з ім рабіць: любіць яго, шкадаваць або ненавідзець? І ніяк не мог знайсці адказу..."

Мадзільяні- Модзі, як яго называлі сябры, - не займаўся такой глыбакадумнай філасофіяй. Для яго Суцін быў ясны, зразумелы і абаяльны, нягледзячы на маленькі рост, вузкія напаўзакрытыя вочы пад пачырванелымі павекамі, шырокі нос і тоўстыя губы, звычайна складзеныя ў горкую грымасу. Не кажу ўжо пра тое, што ў першыя парыжскія часіны Суцін у сваёй заляпанай граззю вопратцы выглядаў, як вясковы правінцыял, з нямытымі вушамі і рукамі, ніколі не ведаўшы ванны. Але арыстакратычны і элегантны Модзі апякаў яго і сардэчна адорваў сваім сяброўствам, не патрабуючы нічога ўзамен.

 Дык вось, каб адпомсціць Ханцы за "непавагу да Суціна", Мадзільяні ў яе адсутнасць намаляваў партрэт свайго сябра проста на дзвярах аднаго з пакояў Збароўскіх. Партрэт адлюстроўваў галаву, плечы і ўсю фігуру Суціна да самых каленяў. Згорблены, ён стаіць, насунуўшы на лоб чорны фетравы капялюш, а вакол ягонай галавы - яркія каляровыя плямы. "Ну, прапалі дзверы!" - сказаў Леапольд Збароўскі, які баяўся сваёй жонкі як агню. "Наадварот,- спакойна адказаў Модзі. - Ты потым дзе-небудзь прадасі іх за цэлую тону золата". Дарэчы, пасля смерці Мадзільяні адзін дасціпны амерыканец набыў гэты арыгінальны "твор" за 130 тысяч франкаў!

...А першая сустрэча Хаіма і Амедэа адбылася ў "Вуллі". Мадзільяні тут ніколі не жыў, але часта праводзіў ночы ў майстэрні каго-небудзь з мастакоў. Тут, як пішуць розныя крыніцы, ці то Восіп Цадкін, ці то Жак Ліпшыц і пазнаёміў яго з Суціным. Хаця Павел Крэмень настойваў, што менавіта ён, і ніхто іншы, зрабіў гэтую добрую знакавую справу. Словам, знаёмства хутка перарасло ў надзвычайнае сяброўства, над сутнасцю якога суціназнаўцы і сёння ламаюць галаву. Я- таксама. Што магло звязваць настолькі розных людзей? З аднаго боку - дэндзі, прыгажун, шармёр, як сёння сказалі б, "мача", - Амедэа; з другога - Хаім, правінцыйны цяльпук, "губасты натхнёны вырадак", абадранец, які аддаў перавагу адзіноце напаўдзікага звера перад усёй мастацкай багемнай шуміхай. Бурны, шумны, некіравальны ў нецвярозым стане, заўзяты аматар жанчын Мадзільяні, на дзесяць гадоў старэйшы за свайго сябра, і- сарамлівы, маўклівы, далікатны "крот" Суцін, - характары больш кантрасныя не прыдумаеш!

/i/content/pi/cult/308/5300/pic_56.jpgДы і іхнія вобразна-пластычныя, стылёвыя манеры былі абсалютна розныя! У гісторыі мастацтваў падобная з'ява сустракаецца надзвычай рэдка. Тым не менш, гэта так... З майго пункта гледжання, іхняе сяброўства - не мімалётнае, не выпадковае, нават лёсавызначальнае- грунтавалася на двух, так бы мовіць, "кітах": на вялікай любові да мастацтва (гэта галоўны "кіт") і на прыхільнасці да алкаголю. Думаю, іх усё ж больш злучыла імкненне да вечных каштоўнасцей, да паэзіі, да класічнага жывапісу і таго новага мастацтва, да якога яны залічалі сябе, хаця ад якіх-кольвечы мастацкіх накірункаў прынцыпова адхіляліся. Галоўнае, што абодва адчувалі жыццё як боль, абодва ўмелі па-сапраўднаму спачуваць і наогул, як ні круці, аказаліся па-за кантэкстам кананічнага авангарднага мастацтва Францыі і ўсёй Еўропы ХХ стагоддзя, хаця практычна ўсе мастацтвазнаўцы лічаць, нібыта гэта не так.

Я ўпэўнены, што ў гэтым сяброўстве двух людзей было нешта значнае і чуллівае: блізкасць выдатных талентаў і глыбока ранімых душ; блізкасць, магчыма, адчутая інтуітыўна, па-за банальнымі клятвеннымі словамі. Так бы мовіць, сутнасць аказалася больш простай. "Ён - геній", - казаў пра Суціна Мадзільяні. "Гэта ён, Модзі, прымусіў мяне ў сябе паверыць", - казаў Суцін. І, у той жа час, усё дзіўна. Пульсуючая плоць жывапісу Суціна і яго дзіўныя "малазначныя", часта смешныя, амаль сатырычныя персанажы, "маленькія людзі", першасныя і грозныя з'явы быцця зусім не падобныя на строгую лінейнасць карцін Модзі з іх філіграннай фактурай і пільна, рупліва прадуманай плоскасцю. Суцін выплюхваў на паверхню палатна ўвесь свой нястрымны тэмперамент, непрыманне спакою і вонкавай прыгажосці, захапляючыся толькі ўбачаным і асабіста перажытым, а Мадзільяні выліваў свае ўражанні ў адточаную, стрыманую стылёвую сістэму.

 І яны, аднак, прымалі і разумелі адзін аднаго, ведалі сабе цану, і, канешне, кожную ўдачу або няўдачу "абмывалі"... А Модзі такія "абмыўкі" яшчэ дапаўняў наркотыкам. Прычым Суцін, па натуры не будучы п'яніцам, піў, каб забыцца, каб апынуцца, магчыма, у асяроддзі візуальных жыццёвых карцінак, спрыяльных для яго творчасці, ці нават каб схавацца далей ад невыноснага побыту, асабліва- першым часам яго прабывання ў Парыжы...

Уяўляю, як Мадзільяні ставіўся да некаторых дзівацтваў свайго сябра. Напрыклад, аднойчы, у /i/content/pi/cult/308/5300/pic_55.jpgлетні час, Хаім з дапамогай Збо (Збароўскага) прыцягнуў у сваю майстэрню проста з бойні, якая была непадалёк ад "Ля Руш" на вуліцы Данцыг, цэлую тушу быка разам з крукам, падвесіў яе пад столь на кавалку пашараванага шнура і натхнёна маляваў, не звяртаючы ўвагу на паступовае разлажэнне тушы, на смурод гнілога мяса, неймаверны рой мух, на грамавыя пратэсты Шагала і іншых суседзяў. Шчаслівы, мастак скакаў вакол сваёй "здабычы", захапляючыся жывасцю колераў і багаццем адценняў. Ён шчыра верыў, што "нацюрморт" з тушай быка стане яго шэдэўрам, бо ў сусветным мастацтве не было нічога падобнага, не лічачы луўрскай карціны ўлюбёнага ім Рэмбранта... Таксама натхнёна ён мог маляваць і смярдзючых куранят, і тухлых рыб, і мёртвых птушак. Заканчвалася ўсё гэта "дзейства" прыходам паліцэйскіх або работнікаў санітарнай інспекцыі. Вядомы верш Бадлера "Падаль" я заўсёды ўзгадваю, калі бачу рэпрадукцыі карцін Суціна, дзе вантробы птушак або быкоў выглядаюць як каштоўнасці, адкрываючы аднолькавую для вачэй прыгажосць матэрыі, незалежна ад таго, да чаго яна належыць, якая з'ява ці факт стаіць за адлюстраваннем...

А тая суцінская карціна з тушай быка насамрэч стала шэдэўрам. У параўнанні з абадранай скурай на палатне Рэмбранта туша быка Суціна выглядае як жорстка скалечанае чалавечае цела, а шыя нагадвае чалавечую галаву. Пах смерці яшчэ доўга зыходзіў ад жывапісу Суціна, да найвялікшай занепакоенасці калекцыянераў, якія казалі, што такія палотны "можна глядзець, толькі заціснуўшы нос"...

У час маёй сустрэчы з вядомым мастаком Міхаілам Шэмякіным у Мінску творца расказаў мне дзіўную гісторыю. Аказваецца, Уладзімір Высоцкі, блізкі сябра Міхаіла, аднойчы пабачыў у ягонай парыжскай майстэрні новую аўтарскую літаграфскую серыю "Чэрава Парыжа" (па матывах Э.Заля), у якой былі, у прыватнасці, бліскуча адлюстраваны тушы быкоў. Вось тут Шэмякін і распавёў Высоцкаму пра Хаіма Суціна, паказаў яму цудоўныя рэпрадукцыі яго карцін- якраз на тэму "разабраных туш" быкоў. І Уладзіміру Сямёнавічу так спадабаліся суцінскія "карціны-нацюрморты", што ён прыйшоў у бурнае захапленне: "Дык гэты Суцін- проста геній!" А праз некалькі месяцаў, прыкладна ў 1978 годзе, прысвяціў Шэмякіну свой верш "Тушаноша", у якім былі такія словы:

Суть Сутина: "Спасите наши туши!"

 Бывала, Суцін вешаў у сваёй майстэрні на матузе курыцу і маляваў яе. Мухі таксама наляталі роем, і смурод разносіўся па ўсім двары. А майстра чакаў моманту, калі на ёй з'явяцца жоўтыя, як масла, гнілыя сіне-зялёныя адценні, якія здаваліся жывапісцу самымі цудоўнымі. Курыца, як і карова, бык, рыба, птушка, былі своеасаблівымі сімваламі дзяцінства. Неяк Жак Ліпшыц сказаў С/i/content/pi/cult/308/5300/pic_57.jpgуціну, што праз знаёмага з Беларусі перадаў грошы сваім бедным бацькам. І спытаў Хаіма (тады ўжо багатага), ці хацеў бы ён такім жа чынам дапамагчы сваёй сям'і ў Смілавічах. Суцін адказаў рэзка: "Няхай здыхаюць!" А потым паспрабаваў апраўдацца: "Пра маці я не кажу. А вось бацька... Ты не ведаеш, як ён са мной абыходзіўся..." І расказаў, што бацька яго вельмі жорстка караў, часта зачыняў на ноч у куратніку, і таму Суцін адчуваў сапраўдную нянавісць да яго, да гэтых курэй...

Усе суцінскія творы падобнага роду маюць багатую колеравую гаму і сваёй магутнасцю выклікаюць глыбокае ўражанне: напрыклад, мёртвая перапёлка на крэсле яшчэ, здаецца, дрыжыць у перадсмяротнай агоніі; або яшчэ адзін нацюрморт: фазан, які вісіць паміж акном і люстэркам умывальніка, побач - міска з яблыкамі і падсвечнік... Канешне, усе яго нацюрморты цікавыя не толькі па сваёй структуры, фарбах, фантастычным рэалізме вобразаў - яны, мне здаецца, валодаюць яшчэ адной дзіўнай якасцю. У іх ёсць штосьці хваравітае, кволае, што асабіста мяне насцярожвае і нават палохае, бо як бы ўзнікае вострае адчуванне насільнай смерці, не мае значэння каго: жывёлы, птушкі або чалавека...

А вось, здаецца, адна з апошніх яго работ - "Маці і дзіця", створаная ў 1942 годзе. Тут Суцін змог перадаць тое, што ў іншых яго палотнах схавана, - шчырае чалавечае пачуццё. Хваляванне маці за дзіця - відавочнае, і, хутчэй за ўсё, карціна заснавана на ўспамінах дзяцінства, калі маленькі Хаім, хворы, ляжаў на руках у маці. Што тут: фрэйдысцкая туга па дзяцінстве, па мацярынскай пяшчоце, альбо імкненне вярнуцца ў той, напаўзабыты, свет, насуперак сабе?

 "Канцэптуальны" жывапіс Суціна- гэта свайго роду "Grand Guignol" (парыжскі бульварны тэатр, які стварыў асобы стыль "тэатра жахаў") - з кашмарнымі вобразамі, мяцежнымі лямантамі, з таямнічымі ценямі, лініямі, дзіўнымі трохвугольнікамі і сферамі, дзе кожны элемент жыве сваім жыццём. Суцінскія партрэты, можна сказаць, гэта персанажы яго дзяцінства, гэта па-сапраўднаму тэатр жудасці, у якім акцёры, іграючы метамарфозы жыцця, паўстаюць у трагікамічных масках і позах.

/i/content/pi/cult/308/5300/pic_58.jpgА прырода? Чым не такі ж тэатр? Тут усё гнецца, круціцца, скача; дрэвы ўжо не дрэвы, мёртвыя птушкі - не птушкі: тут пануе жудасць і гвалтоўная смерць. Пры поглядзе на некаторыя палотны становіцца проста не па сабе. Але за гэтай вонкавай пачварнасцю яго фантастычнага жывапісу можна ўбачыць у заварожаным свеце людзей, птушак, жывёл, прадметаў і самой прыроды глыбокую любоў Суціна да жыцця. Гучыць парадаксальна?

Вось што кажа Марэўна: "Суцін аднойчы расказаў мне, што летам, пакрыўдзіўшыся на бацьку, ён хапаў кавалачак хлеба і цыбуліну і збягаў з дому ў поле, дзе спаў у пастуховай хаціне, альбо ў лес і, зручна ўладкаваўшыся на дрэве, прыслухоўваўся да яго жыцця. Ён узіраўся ў разнастайнасць адцення лістоты, у тое, як ружовыя і залатыя промні сонца на захадзе прабіваліся праз цёмныя галіны; ён убіраў у сябе шум ветру, крыкі птушак, буханне пугачоў і засынаў, укалыханы лесам, удыхаючы свежы лясны водар... Слухаючы расказы Суціна, я думала, як гэтыя вечары і ночы ў палях і лясах умацавалі яго і фізічна, і маральна- яны адцягвалі ад цяжару хатняга жыцця і ўзбагачалі яго ўражаннямі..."

Ці не адтуль, з дзяцінства, з'явілася ў Суціна дзіўная любоў да адлюстравання дрэў? Яны былі заўсёды для яго моцнымі, жывымі істотамі: калышуць галінкамі, быццам махаюць крыламі; вось яны выстраіліся ўздоўж дарогі, па якой тупаюць два хлопчыкі, узяўшыся за рукі. Вось іншая карціна - таксама з дзеткамі і дрэвамі, якая намалявана незадоўга да смерці мастака. Хлопчыкі бягуць са школы ў сваю вёску. Навальніца заспела іх у лесе. Яны спалохаліся і прамоклі пад дажджом. Але зараз вецер падганяе іх і прасушвае адзенне, прыветныя дрэвы быццам бы падражніваюць, паляпваюць іх сваімі волкімі галінамі. І ўжо заходзячае сонца бліскае ў лужынах, а ў полі, па баках дарогі, пацяжэлыя ад вільгаці каласы пачынаюць выпрастоўвацца, кланяючыся валошкам і макам. На іншым палатне - іншыя дрэвы...

Магчыма, гэта былі нейкія прывіды, уяўленні мінулага, міражы, якія ён, як дзеючы вулкан, гарачымі фарбамі выкідваў на палатно, і суцінскі свет выглядаў быццам пры землятрусе, напоўненым хаосам і катаклізмамі. Хіба гэта не памяць дзяцінства, хай і далёка не светла-блакітнага, радаснага дзяцінства? Не доказ таму, што Суцін у думках пастаянна вяртаўся ў свае Смілавічы? Аб гэтым ён шмат разоў спавядаўся Марэўне - жанчыне, якой ён цалкам давяраўся ў сваіх інтымных перажываннях. І, чытаючы яе ўспаміны, я таксама ёй давяраю, прынамсі, больш, чым іншым "успамінацелям" і "суціназнаўцам".

Марыя Вараб'ёва-Стэбельская была рускай, родам з Чэбаксар ("Марэўнай" назваў яе Максім Горкі). У 18 гадоў стала вучаніцай Маскоўскай школы дэкаратыўнага мастацтва. Потым - Парыж, жыццё ў "Вуллі", кафэ "Ратонда", акадэмія Каларосі, сяброўства з будучымі геніямі новага мастацтва, любоўныя інтрыжкі з Барысам Савінкавым і Восіпам Цадкіным, бурны раман з Дыега Рывера, як вынік гэтай любові - нараджэнне дачкі Марыкі, ад'езд у Лондан і, урэшце, дзве кнігі мемуараў, якія я лічу ўнікальнымі выданнямі для аб'ектыўнага разумення гісторыі мастацкага Парыжа першай трэці ХХ стагоддзя. Марэўна была таксама таленавітай мастачкай і пакінула шмат твораў, у тым ліку рысаваных партрэтаў Суціна. Так што цяжка пагадзіцца з тымі біёграфамі Суціна, якія, нібыта згаварыўшыся, сцвярджаюць, што Суцін, у адрозненне ад Шагала, ніколі не ўспамінаў сваю малую радзіму. Прыгадваў! І не толькі ў размовах з Марэўнай і іншымі блізкімі сябрамі, але і ў сваіх палотнах, хаця канкрэтныя мясціны і не ўказваў...

...Для Мадзільяні і Суціна самым утульным месцам адпачынку была кавярня "Ратонда" - на скрыжаванні бульвараў Распай і Манпарнас, дзе добра можна было пачаставацца бутэрбродамі з вяндлінкай, круасанамі і кавай з вяршкамі. Гаспадар кавярні Віктор Лібіён у якасці платы за ежу і віно замест грошай стараўся браць з мастакоў малюнкі і жывапіс, і ў яго назбіралася цудоўная калекцыя твораў Суціна, Мадзільяні, Кіслінга, Фужыты, Лежэ і іншых пастаянных наведвальнікаў. А сярод іх, акрамя жывапісцаў, скульптараў і літаратараў, былі і такія цікавыя асобы, як Барыс Савінкаў, Леў Троцкі, Юлій Мартаў, Чарлі Чаплін, Мэры Пікфард, некалькі разоў тут бачылі Уладзіміра Леніна. Трошкі пазней пабываў тут і Уладзімір Маякоўскі. Помніце яго радкі: "Париж фиолетовый,/ Париж в анилине,/ встал за окном "Ротонды"?

Быў яшчэ адзін піцейны дом, дакладней - сталовая ў двары на авеню Мэн, якая належала арганізатарцы так званай Свабоднай рускай акадэміі ў Парыжы, эмігрантцы Марыі Іванаўне Васільевай. Тут, у сталовай, больш размаўлялі пра палітыку (што часта заканчвалася бойкай), танцавалі пад вар'яцкую музыку Цадкіна, яго "вярблюджае танга", пілі забаронены абсент, віскі і сумесь джына з гарэлкай. Гэтым "яршом" частавалі амерыканскія салдаты-франтавікі, якія тады кватаравалі ў Парыжы. Калі паліцэйскія выяўлялі тайнік з алкаголем, "маленькая жанчына з энергіяй дынаміту" мадам Васільева з усмешкай адказвала, што гэта "адзіны сродак ад іспанкі".

Любімымі гасцямі Васільевай былі Суцін і Мадзільяні, якога нехта ў "Ратондзе" называў "прыгажуном", "богам", а хтосьці - "безразважным і п'яным, як рамізнік". Суцін, больш цвярозы, заступаўся за выпіўшага сябра: "Не чапайце яго! Ён не рамізнік! Ён - юнак эпохі Адраджэння! Проста гэта асяроддзе не падыходзіць яму, вось у чым бяда!" А Модзі ўпадаў у шаленства і, не зважаючы ні на што, крышыў шклянкі, талеркі, крэслы. Суцін яму дапамагаў. Але Васільева, дарэчы, равесніца Модзі, ім усё даравала...

Павінен сказаць, што ў перыяд вайны Парыж моцна змяніўся ў сэнсе мастакоўскіх узаемаадносін у межах чалавечай "палітры". Многія мастакі пайшлі добраахвотнікамі на фронт абараняць Францыю: хтосьці загінуў у баях; хтосьці, як Апалінэр, Кіслінг, Сандрар, Брак, Цадкін, быў цяжка паранены. Некалькі чалавек заставаліся ў Парыжы: зза слабага здароўя ў армію не ўзялі Суціна, Мадзільяні, Рыверу, Манэ-Каца, хаця яны вельмі хацелі запісацца ў легіён. Шагал і Баранаў-Расінэ з'ехалі на радзіму, а Пікаса, якому вайна была "да лямпачкі", ад арміі адкруціўся: "Іспанія- краіна ў вайне нейтральная, а я іспанец!". Каб выжыць, Суцін уладкаваўся на завод "Рэно", потым разгружаў вагоны на вакзале Манпарнаса. Справа для яго звыклая. А начаваў пераважна ў майстэрні былога віцябчаніна Аскара Мешчанінава на вуліцы Фальегеры. Дапамагаў яму матэрыяльна, канешне, і Леапольд Збароўскі.

 Менавіта ён, добры Збо, у красавіку 1918 года ўгаварыў Суціна, Мадзільяні і Фужыту з жонкой разам з ім паехаць на поўдзень, у Кань-сюр-Мэр, што пад Ніцай. Яны пасяліліся на віле "татулі Кюрэля" з відам на мора. Так аказалася, што Суцін не толькі ўпершыню за час свайго жыцця ва Францыі пакінуў Парыж, але і ўпершыню пабачыў мора. І, уражаны прыгажосцю мясцовай прыроды, шчыраваў за мальбертам, не ведаючы адпачынку. Па словах Леанара Фужыты, ён "працаваў, змагаючыся з паводкай фарбаў. На падлозе ля яго ног ляжалі стосы газет, рукі да самай шыі былі запэцканы". Але прыйшоў час, калі той жа Фужыта назваў Суціна "яшчаркай". Справа ў тым, што Міжземнае мора на Суціна чамусьці стала навяваць млявасць, санлівасць і апатыю; ды і моцны гоман галасоў суседзяў па віле яго раздражняў. Словам, ён вярнуўся ў Парыж, але хутка, зноў па патрабаванні Збо, адправіўся аж на тры гады ў маленькае цудоўнае мястэчка Серэ ва Усходніх Пірэнеях, дзе да вайны часта бывалі Пікаса, Брак, Андрэ Дэрэн.

Ішоў 1919 год. Модзі застаўся ў Парыжы. Здароўе яго станавілася ўсё горш, але ён па-ранейшаму многа піў і з лёгкага гашышу перайшоў на "цяжкі" какаін, узмацняліся і застарэлыя сухоты. Нішто ўжо не магло яго ўратаваць. У студзені 1920 года Збароўскі прыйшоў да яго, каб неяк суцешыць, аднак у адказ пачуў: "Што б са мной ні здарылася, ты не турбуйся. У асобе Хаіма Суціна пакідаю табе вялікага мастака... А сам я пакідаю гэта балота. Ведаю ўсё, што можна ведаць, і хутка буду толькі жменькай пылу..." Увечары 24 студзеня 1920 года ў бальніцы Шарытэ 35-гадовы мастак памёр. Пасмяротную маску з яго знялі Кіслінг і наш зямляк Ліпшыц. А Суцін у гэты час быў далёка і на пахаванні не прысутнічаў, хаця амаль усе суціназнаўцы пішуць, быццам бы Суцін у ліку шматнацыянальнага натоўпу парыжскай інтэлігенцыі праводзіў сябра на могілкі Пэр-Ляшэз...

 Новая старонка жыцця Суціна адкрываецца ў 1923 годзе, пасля таго як у снежні мінулага года ў Парыж прыехаў калекцыянер з Пенсільваніі доктар Альберт Барнс, аматар новага французскага жывапісу. Праз Збароўскага ён купіў у Суціна адразу 52 карціны за вялікія грошы, і фінансавыя цяжкасці для мастака скончыліся. Акрамя таго, Барнс даў мастаку гарантыю, што хутка зробіць некалькі яго выставак у Еўропе і ЗША пры моцнай рэкламе. У Суціна - уявіце сабе! - з'явіліся чорны амерыканскі аўтамабіль з асабістым вадзіцелем, чорны шаўковы смокінг, тузін модных шэрых капелюшоў аднолькавых формы і памеру, шыкоўны двухпавярховы дом на бульвары Эдгар Кінэ, праўда, ванную ён выкарыстоўваў у якасці сметніка, аддаючы перавагу лазні на вуліцы дэ ля Гётэ. Ягоныя пазногці больш не пазначаліся фарбай, якая ўядалася, калі ён маляваў далонямі і пальцамі, выкідаючы раз'юшана свае пэндзлі; чорныя валасы зазіхацелі цяпер новым брыялінавым бляскам. Ён, што вельмі дзіўна, нават стаў пазбягаць нядаўніх сяброў-небаракаў і "пажыўных" месцаў, дзе часта бываў раней. З задавальненнем чытаў філасофскія опусы Бернсана і штудзіраваў кніжку "Свецкі чалавек" - пра тое, як сябе дастойна паводзіць у культурных колах.

Словам, Суцін ужо меў магчымасць сабе дазволіць усё, пра што мог толькі марыць яшчэ ўчора мастак-забулдыга, які па волі лёсу іскрамётна ўзляцеў на вяршыню Алімпа. Аднак пастаянна не давала спакою цяжкая язва страўніка, ды і па характары ён заўсёды заставаўся чалавекам нервовым, бурклівым, малапрыветным. Але такія метамарфозы, часам драматычныя і незразумелыя для абывацеля, часта адбываюцца з таленавітымі людзьмі ў перыяд нейкіх жыццёвых змен...

Ад бацькі са Смілавічаў прыйшоў ліст. Суцін расказвае Марэўне: "Ён кліча мяне пагасцяваць, але, з іншага боку, трэба быць пільным. Калі я вырашу ехаць, мяне, канешне, пусцяць. Аднак ці выпусцяць назад? Уся мая праца тут, ты ведаеш. Хаця ў мяне і былі цяжкасці, але зараз я зарабляю столькі, колькі мне трэба. А там, хто ведае, што чакае мяне і мой жывапіс. Нават тут я галадаў спачатку. Ніхто не хацеў купляць творы - яны пужалі людзей. Што, калі бацька зноў пачне мяне праклінаць альбо называць слімаком? Што, калі побач з ім я зноў стану ўсяго толькі жаласным, нікчэмным, хворым сынам?.."

А калі Марэўна пачала ўгаворваць Хаіма ўсё ж пабачыць родныя месцы, беларускія палі і лясы, якія ён так любіў і па якіх не раз маркоціўся, калі прасіла забыць мінулае і дараваць тату (маці ўжо памерла), Суцін адказаў: "Усё гэта толькі словы, мы ж не ведаем, як там жывуць... А што тычыцца бацькі... Так, ён таксама піша, маўляў, даруй за тое, што збіваў цябе, але гэта, на яго думку, ішло толькі на карысць. Цяпер, кажа, ты стаў спадаром. Просіць мяне не раскідвацца грашыма, а іх назапашваць. У гэтым мой тата - вечны скнара. Хаця ён і мой бацька, але здаецца зусім чужым. Ён ніколі не любіў мяне, а зараз просіць яму дапамагчы! Я дашлю яму грошы, і хай робіць што хоча. Маці ўжо не вярнуць. Але сам я ў Смілавічы не паеду- тата быў да мяне занадта несправядлівым...". Помніце, што раней на гэты конт ён адказаў Ліпшыцу?

Незадоўга да смерці Суцін сустрэне прыгожую жанчыну - Мары-Берту Аранш, якая да гэтага была жонкай вядомага нямецкага мастака Макса Эрнста. Менавіта яна і стане апошняй любоўю Хаіма. Калі ў Парыж увайшлі немцы, Суцін павінен быў хавацца. Спачатку, гуляючы па горадзе, апускаў брыль капелюша на вочы - думаў, што такім яго ніхто не пазнае. Ён не еў нічога, акрамя бульбянага пюрэ і вадкіх супоў. Яго хударлявасць стала палохаць. Валасы на галаве выпадалі. Не ведаю, чаму ён, як яго землякі, не з'ехаў ў ЗША, дзе яго ветліва сустрэлі б як ужо знакамітага жывапісца. Але замест гэтага знайшоў прытулак у доме на вуліцы План у сяброў Мары-Берты Аранш. Адтуль, ухутваючыся з галавы да ног, выходзіў толькі ўначы. Хутка хтосьці з жыльцоў дома усё ж высачыў яго і данёс акупацыйным уладам. Суціну пашанцавала: ён ледзь паспеў збегчы з кватэры. Шлях ляжаў у рэгіён Сантр, былую правінцыю Турэнь, дакладней, у гарадок Шампань-сюр-Ванд. Але мастак пакутаваў усё мацней. У пачатку жніўня 1943 года адбылося прабадзенне страўніка. Прыйшлося везці хворага ў гарадок Шынон, каб зрабіць там аперацыю, пра што настойліва маліў і сам мастак. Аднак Мары-Берта заўпарцілася: маўляў, такую складаную аперацыю могуць зрабіць толькі парыжскія хірургі, таму рызыкаваць не трэба. Заказала машыну хуткай дапамогі.

Але адразу ў Парыж не паехала, заадно вырашыла забраць карціны Суціна, якія захоўваліся ў розных месцах. А пакуль адбывалася гэтая недаравальная валтузня, прайшло амаль двое сутак. Калі Суціна з усімі мерамі перасцярогі на вясковай павозке (а не схаванага ўнутры катафалка, як пішуць некаторыя мастацтвазнаўцы) прывезлі ў акупаваны Парыж, ягоны страўнік быў ужо цалкам разбураны. Але, як кажуць, надзея памірае апошняй. Знайшоўся добры ўрач, які на свой страх і рызыку, нягледзячы на суровую забарону аказваць медыцынскую дапамогу яўрэям, пагадзіўся пакласці бедалагу ў сваю клініку. 8 жніўня аперацыя была зроблена, але надта позна. Ператаніт перамагчы не ўдалося...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"