Ён зрабіў сваю біяграфію…

№ 27 (793) 06.07.2007 - 13.07.2007 г

З Анатолем Анікейчыкам я пазнаёміўся і пасябраваў у канцы 1960-ых. Тады яго майстэрня знаходзілася на вуліцы Гая. Памятаю, як я ўпершыню наведаў гэтую майстэрню. Перш за ўсё ўбачыў эскізы да будучага помніка Гастэлу, на паліцах стаялі партрэты У.Маякоўскага, П.Чайкоўскага, Б.Вішкарова, дзеда Пятра, на станках — эцюд да Бетховена, першыя пошукі “Папараці-кветкі”… І шмат чаго іншага…

Я памятаю тагачасныя размовы.
Адну з іх я тады запісаў. Мастак гаварыў: “Ніякія, нават самыя добрыя задумы не выратуюць ад забыцця нашы работы, яны пражывуць нядоўга, калі мы не ўжывемся ў вобраз”.
А на пытанне, як Анатоль разуме запавет Мікеланджала “Працаваць галавой, а не рукамі”, ён адказаў так: “Ведаеш, Барыс, у кожнай творчай прафесіі — галава, канешне, перш за ўсё. Ёсць мастакі, якія працуюць для сябе, для душы, і — па замове. Усё, што я раблю,— гэта для душы. Працаваць галавой— не значыць працаваць толькі розумам, а перш за ўсё — перакананнем. Трэба адчуць сваю ідэю сэрцам, крывёю, інакш яна будзе халоднай, сухой, індыферэнтнай. Рукі — гэта прафесіяналізм. Прафесіяналізм таксама патрэбны: можна мець цудоўныя душу і сэрца, але без таленту і майстэрства не выявіш сваіх перакананняў. Гэта датычыцца не толькі нашага брата мастака, а і акцёра, пісьменніка, музыканта… Таму што мастацтва — адзінае цэлае, і кожны яго від падпарадкоўваецца адным законам. І форма, і змест — таксама…
З такімі думкамі і перакананнямі прыйшоў Анатоль да сваёй “Купаліяны”. З гэтага ў снежні 1988 года і пачалася наша гаворка з майстрам у яго другой, апошняй майстэрні, што на вуліцы Сурганава, 42. (Запіс гутаркі таксама захаваўся ў маім архіве.)Думаю, яе ў юбілейны год Янкі Купалы можна агучыць. Тым больш, што “Купаліяна” Анікейчыка да гэтага часу, на мой погляд, з’яўляецца непераўзыдзенай ва ўсёй беларускай выяўленчай “Купаліяне”, асабліва што тычыцца купалаўскіх мемарыялаў.
— Янка Купала як унікальная асоба, як паэт і чалавек прыцягваў маю ўвагу з юнацтва, — гаворыць Анатоль Аляксандравіч. — Спачатку былі проста партрэтныя эцюды Песняра: шукаў жывы псіхалагічны вобраз — у розных ракурсах, рухах, поглядах. Яшчэ і яшчэ раз чытаў купалаўскія вершы, дакументы, успаміны, стэнаграмы выступленняў паэта. А потым разам з таварышамі— скульптарам Заспіцкім і архітэктарам Мызнікавым прыступіў да праектавання помніка на месцы пахавання праху Янкі Купалы на Ваенных могілках у Мінску.
— Так, гэты помнік вядомы. Мне ён вельмі падабаецца. “Мне сняцца сны аб Беларусі…” — гэты лейтматыў твора надзіва натхнёнага і чалавечнага. Трэба вельмі любіць Песняра,каб так падкрэсліць яго арганічную сувязь з роднай зямлёй, яго рамантычны пачатак, напружана затоеную думку…
— Любоў да Купалы — гэта адразу і назаўсёды. Я палюбіў яго паэзію, блізкую мне па духу, палюбіў самога гэтага Чалавека. Асобу. Можа, таму ён мне такі блізкі, што ў нечым лёс майго бацькі нагадвае ягоны лёс — лёс разумнага, таленавітага чалавека з народа. Бацька мой, Аляксандр Пятровіч, па прафесіі быў урачом, але кола яго інтарэсаў было досыць шырокім, ён захапляўся тэатрам, сябраваў з Уладзіславам Галубком.
— І ў 1937 годзе быў рэпрэсіраваны…
— Так, 16 жніўня 37-га органы НКУС арыштавалі бацьку. На следстве яго пазверску пыталі, зламалі рабро і руку, прымушаючы прызнацца ў тым, што ён “польскі шпіён”. У архіве маёй мамы, Надзеі Фёдараўны, захаваліся на гэты конт рэдкія па трагізме дакументы: копіі яе заяў на імя Сталіна, Яжова, Берыі, Вышынскага, на адрас калегіі Вярхоўнага суда БССР па разборы спраў аб дыверсіях і шпіянажы (была і такая калегія), у многія іншыя інстанцыі. Адказы былі аднатыпныя: “Вашы скаргі па справе мужа […] разгледжаны Галоўнай Ваеннай пракуратурай РКК і за адсутнасцю падстаў для перагляду справы пакінуты без задавальнення”.У 1949 годзе маме паведамілі, што Аляксандр Пятровіч Анікейчык памёр ад міякарда сэрца 14 чэрвеня 1944 года; затым, крыху пазней, напісалі, што ён памёр ад сыпнога тыфу. Хутчэй за ўсё, ён быў расстраляны яшчэ да вайны. Толькі 5 лістапада 1957 года Ваенны трыбунал Беларускай Ваеннай акругі перагледзеў справу майго бацькі. Пастанова 37-га года была адменена, а справа “за адсутнасцю складу злачынства” — спынена. І бацьку рэабілітавалі пасмяротна…
— Вельмі трагічнае было ў цябе дзяцінства — нічога не скажаш… Давай вернемся да Купалы…
— У Купалы мне падабаецца ўсё: знешнасць прыемнага чалавека, вялікая шчодрасць душэўная, талент, канешне, ды і лёс яго шчаслівым цяжка назваць, нягледзячы на званні і народнае прызнанне… Расказы цёткі Уладзі, яго сяброў і тых, каму проста давялося з ім сустракацца, малявалі непаўторны вобраз. Але зразумець, адчуць яркую, буйную, трагічную асобу да канца, здаецца, немагчыма…
— Потым быў мемарыял у цэнтры Мінска…
— Так, я праектаваў яго з сябрамі — Львом Гумілеўскім,Андрэем Заспіцкім, Юрыем Градавым і Леанідам Левіным. Праца над гэтым помнікам прынесла нам шмат шчаслівых дзён.
— Кампазіцыя, на мой погляд, вельмі ўдалая. Сёння гэты мемарыял стаў неад’емнай часткай нашай сталіцы, як, скажам, апякушынскі Пушкін у Маскве, або помнік Пушкіну разца Анікушына — у Ленінградзе. Наватарская задума, глыбіня, дэмакратычнасць, прастата вырашэння даюць яму “пуцёўку ў будучыню”. У гэтым, на маю думку, — галоўны сакрэт эстэтычнага ўздзеяння помніка на людзей. У цішыні, што акружае помнік, я, напрыклад, заўсёды чую водгукі яснай і мудрай купалаўскай паэзіі: “Вось так шляхамі год дагэтуль я ішоў / З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”
—Дзякуй за добрыя словы…
— І яшчэ аб помніку Купалу ў Араў-парку пад Нью-Йоркам…
— Гэта асаблівая старонка ў маёй творчай біяграфіі. Яшчэ ў 1949 годзе, працягваючы традыцыі сваіх бацькоў, група юнакоў і дзяўчат стварыла ў ЗША маладзёжны клуб “Араў-парк”. Сваёй мэтай ён ставіў прывіццё пачуцця любові да Радзімы продкаў падрастаючаму пакаленню. У апошнія гады ў Араў-парку нарадзіліся новыя традыцыі. Акрамя Дня незалежнасці і Дня працы тут сталі святкавацца Руска-беларускі, Украінскі і Польскі Дні— адпаведна ў чэрвені, ліпені і жніўні. У гэтыя даты ў Араў-парк з’язджаюцца сотні людзей з розных куткоў краіны. Помнікі Пушкіну, Шаўчэнку і Купалу — гэта падарункі рускага, украінскага і беларускага народаў амерыканскаму, нашым далёкім землякам, якія жывуць у ЗША. Ёсць там і помнік Міцкевічу — падарунак палякаў, і помнік Уітмену — сыну амерыканскага народа. Свой помнік Купалу я адкрываў у 1973 годзе разам з Андрэем Макаёнкам. Гэта былі непаўторныя хвіліны: людзі прыехалі сюды не толькі з Нью-Йорка, нават з Канады; паўсюдна чулася беларуская гаворка; помнік быў у жывых кветках. Мая мэта — у вобразе Купалы адлюстраваць стан светлай журбы. Пясняр як быццам глянуў на новы свет вачыма, поўнымі журбы і самоты. Нябачны вецер з-за спіны падняў каўнер ягонага паліто, змахнуў на лоб пасму валасоў. Ён глядзеў кожнаму ў твар, нібы пытаўся: ну, як вам тут, на чужыне?
— Мне здаецца, што гэты сум пераклікаецца з вершамі паэта, якія былі напісаны яшчэ ў 1909 годзе і звернуты таксама да далёкіх землякоў:...
Ці помніш ты пагляд нясмелы
Свайго радзімага сяла,
Адкуль паплёўся ў свет той белы,
Твая дзе маладосць сплыла?...
Край беларускі мірны, сумны,
Свой родны край ці помніш ты?..
— Менавіта так. Купалаўскі верш “Брату ў чужыне” я і паклаў у аснову ідэі гэтага помніка…
— Апошняя праца над вобразам Песняра — “Купала ў Ляўках”? Што тут ты хацеў паказаць?
— Там, у найпрыгажэйшым кутку Аршаншчыны, дзе чуецца нетаропкі гоман Дняпра, дзе спляліся ў цудоўным лясным узоры беластволыя бярозы, гнуткі арэшнік і дубкі, асабліва добра пісалася-думалася Купалу. Ён упершыню наведаў Ляўкі ў сакавіку 1935 года і назаўсёды палюбіў гэты край з яго добрымі людзьмі. Паэт прыязджаў туды штогод ранняю вясною і заставаўся да позняй восені; там быў створаны адзін з самых дасканалых яго вершаваных цыклаў, што ўвайшоў у гісторыю літаратуры пад назвай “Ляўкоўскі”. У дні святкавання стагоддзя з дня нараджэння Купалы там і быў адкрыты мой помнік Песняру, створаны на аснове ранняй станковай кампазіцыі “Восень паэта”. Я паказаў яго чалавекам ужо далёка не маладым, які шмат перажыў на сваім вяку, прайшоў шлях нялёгкі і вялікі, на якім былі і высокія ўзлёты, і трагедыі. Ён сядзіць з сукаватым кійком у правай руцэ, левай абапіраючыся на спінку лаўкі, да якой восеньскі вецер прыбіў пажаўцелы ліст. Задумаўся паэт, слухае покліч роднай зямлі. Восень Песняра…… У гэтым нарысе я не ставіў сваёй мэтай расказаць пра ўсю творчасць Анікейчыка — яна дастаткова вядома кожнаму, хто мае дачыненне да беларускай культуры. Хто, напрыклад, не ведае мемарыялы “Прарыў” ва Ушачах альбо “Праклён фашызму” ў Шунеўцы, помнік М.Гастэлу і яго экіпажу пад Радашковічамі, мемарыяльныя знакі ў гонар герояў-падпольшчыкаў у Мінску, помнікі на магілах П.Машэрава, С.Прытыцкага, М.Лынькова, цудоўныя партрэты А.Ахматавай, М.Багдановіча, Чэ Гевары, Ф.Кастра, бліскучую “Пушкініяну” з дзевяці твораў, рамантычныя кампазіцыі “Вясна Перамогі”, “Балада пра Шукшына”, “Бярозкі”, “Юнацтва”, “Заклік”? (Некаторыя творы чытачы “К” могуць паглядзець на юбілейнай выстаўцы Анатоля Анікейчыка, якая экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.)… Незадоўга до скону Анатоль сказаў мне: “Кожным творам мастак робіць сваю біяграфію. Таму нічога нельга рабіць, не даводзячы працу да канца. Супакойвацца можна толькі тады, калі ты вычарпаў усе свае магчымасці”.Анікейчык не вычарпаў свае творчыя, чалавечыя магчымасці. Ён рана пайшоў з жыцця (да сённяшняга 75-годдзя не дажыў 18 гадоў!), пакінуўшы няздзейсненымі і праекты помнікаў, і задумы новых кампазіцый, партрэтаў.
Апошнія месяцы жыцця ён думаў над помнікам Кастусю Каліноўскаму, паспеў зрабіць нават чарнавы эскізны праект; думаў над мемарыялам у Курапатах; усё часцей пагаворваў пра маючую адбыцца сваю персанальную выстаўку… Словам, планаў і спадзяванняў было шмат. І гэта натуральна: ён, як ніколі, адчуваў у сабе вялікі творчы запал. Здавалася, яго хопіць на ўсё: і на мастацтва, і на працу ў БДТМІ, дзе ён, прафесар, кіраваў кафедрай скульптуры, і на дэпутацкія справы (ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР), і на грамадскую дзейнасць, і на дыскусіі з аднадумцамі-сябрамі, і на сустрэчы з гледачамі, якіх у яго было мноства. Але яго не хапіла на ўсё. Не вытрымала сэрца…Але і сёння ён для мяне, для яго сяброў, для тых, хто прайшоў яго прафесійную школу майстэрства, для ўсіх прыхільнікаў яго творчасці — ён, народны мастак БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Камсамола Беларусі, застаецца заўсёды маладым, цудоўным, энергічным, валявым чалавекам, які вельмі шмат зрабіў для росквіту нацыянальнай культуры роднай Беларусі…

Барыс КРЭПАК