“Рэсурс, якім мы валодаем!”

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Чэслаў ШУЛЬГА, намеснік мініcтра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/308/5298/pic_51.jpg- Шаноўныя калегі! Дзякуючы каардынацыі дзейнасці нашых міністэрстваў, за мінулы год мы здолелі павялічыць аб'ём экскурсантаў, якія падарожнічалі па Беларусі, прыкладна ў 2,5 - 2,7 разы. У значнай ступені, гэта звязана менавіта з развіццём культурна-пазнаваўчага турызму. Гэта вельмі добрыя тэмпы, і калі нам удасца іх захаваць, - у чым я не сумняваюся, - да канца пяцігодкі кожны жыхар нашай краіны будзе як мінімум 2 - 3 разы на год выязджаць на экскурсіі.

Абсалютна перакананы, што толькі аб'яднанне нашых высілкаў дазволіць істотна павялічыць якасць паслуг, якія мы прапаноўваем, і, у той самы час, палепшыць фінансавае становішча аб'ектаў турызму, што знаходзяцца ў сферы культуры.

За мінулы год беларусы патрацілі на адпачынак амаль трыльён рублёў. Прыкладна палову з іх - на адпачынак у Беларусі. Паводле формулы, якой сёння прытрымліваецца сусветны турызм, у гэтую суму былі ўключаны грошы, заплачаныя турфірмам ці за ўваходны білет, ці за пуцёўку. Сродкі, якія атрымала турінфраструктура, сюды не ўваходзяць. Паводле сусветных стандартаў, лічыцца добрым паказчыкам, калі на кожны долар, выдаткаваны турыстам непасрэдна на турпаслугі, прыпадае яшчэ 5 - 7 долараў за дадатковы сэрвіс. Такія паказчыкі ўжо дасягнуты ў Германіі, Японіі, краінах Скандынавіі. Можаце сабе ўявіць той рэсурс, якім мы валодаем!

Нацыянальнае агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь не так даўно правяло маніторынг, які выявіў, што турысты, якія адпачываюць на Беларусі, трацяць на разнастайныя паслугі ў 2,5 разы меней, чым у Літве. У нас гэта лічба ў 150 - 170 долараў за адпачынак у 3 - 5 дзён, у Літве - 400, у Польшчы - 600, у Германіі - паўтары тысячы еўра. Гэта можа сведчыць толькі аб адным: на жаль, сёння мы не можам прадаставіць турысту тыя паслугі, якія ён здольны аплаціць. І нявыкарыстаны пакуль рэсурс вельмі вялікі. Сёння Павел Паўлавіч вельмі слушна адзначыў, што аб'екты культуры не здолеюць выйсці на поўнае самафінансаванне, але значна павысіць пазабюджэтны складнік яны, напэўна, могуць - у тым ліку і за кошт турызму.

Лілія Ананіч у сваім выступленні выказала вельмі слушную думку: асоба не можа быць асобай, калі яна сама пра сябе не гаворыць. Вы сёння, напэўна, звярнулі ўвагу на тое, што дарожныя знакі, якія дазваляюць знайсці шлях з Мінска да Міра, ужо ўсталяваны. Шаноўныя калегі! Калі на шляху да вашага аб'екта такія знакі паставіць забыліся, калі ласка, праінфармуйце ўпраўленне фізічнай культуры спорту і турызму вашага рэгіёна!

Другое пытанне. Штогод мы выдаём на розных мовах "Каляндар турыстычных падзей Беларусі", прызначаны арыентаваць турыста наконт таго, куды яму паехаць і што пабачыць. Як вы бачыце, яго памеры пакуль досыць сціплыя. Бо там прадстаўлены, напэўна, толькі 10% тых культурных падзей, якія адбываюцца ў краіне. Інфармацыю для гэтага ды іншых нашых рэкламных выданняў ад работнікаў культуры мы атрымліваем з вялікай цяжкасцю. Заклікаю падысці да дадзенай справы больш сур'ёзна. Гэта добрая магчымасць распавесці пра нас свету.

Яшчэ адно пытанне. Ведаеце такі стары прынцып, які практыкаваўся і ў былой ГДР, і ў іншых краінах? Перш чым выбрукаваць дарогі, людзям давалі магчымасць самім іх пратаптаць - так, як ім зручна. Тое ж самае тычыцца і графіка наведвання тураб'ектаў - напэўна, аб ім нам трэба сур'ёзна падумаць.

Прывяду канкрэтныя прыклады. У Расіі, адкуль да нас прыязджае каля 40% замежных турыстаў, дзяржаўныя святы, якія прыпадаюць на нядзелю, пераносяцца на іншыя дні. І часта мы сутыкаемся з такой сітуацыяй: у панядзелак прыязджае тургрупа з Расіі, а музейныя работнікі ў гэты час адпачываюць, і дзверы зачынены. Добра, што Нясвіжскі замак працуе без выхадных, і таму нам ёсць куды скіраваць расійскіх гасцей. Ды і ў Лідскім гатовы працаваць для турыстаў хоць кругласутачна - абы былі заяўкі на правядзенне іх праграм. Думаю, такія прыклады вартыя пераймання. Бо гэта - нашы грошы! Прывяду яшчэ адну сітуацыю. Турыст прыязджае на той або іншы аб'ект і вымушаны чакаць 3 - 4 гадзіны з прычыны нястачы экскурсаводаў. Нам трэба падумаць, як вырашыць гэтую праблему. Можа, прыцягваць у выхадныя дні пазаштатных супрацоўнікаў? Але калі турыст прыехаў на аб'ект, ён не павінен застацца без увагі!

Летась пад час правядзення сумеснай калегіі міністэрстваў культуры і спорту і турызму мы прыводзілі пераканаўчыя прыклады, якія сведчылі, што куды большую колькасць наведвальнікаў прыцягваюць тыя аб'екты, дзе праводзяцца анімацыйныя праграмы або ёсць пэўныя інтэрактыўныя моманты. Лічу, што тут мы маем вялікі рэзерв для сумеснай працы.

І апошняе. Звярніце ўвагу: за кошт сельскага турызму геаграфія падарожжаў па Беларусі павялічылася ў разы. Калі пазалетась у аграсядзібах адпачылі 56 тысяч турыстаў, дык летась - ужо 117. Яны пакінулі там 15 з паловай мільярдаў беларускіх рублёў. Натуральна, што гэты фактар адкрывае новыя перспектывы для сельскіх устаноў культуры - тых жа клубаў і бібліятэк. Мабыць, тут ёсць над чым падумаць.

Фота Юрыя ІВАНОВА