Праект “Культурная сталіца”: місія выканана

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Іна ШАХОВІЧ, начальнік аддзела культуры Полацкага гарвыканкама

/i/content/pi/cult/308/5297/pic_48.jpg- Полацк заўсёды быў і застаецца асаблівым горадам - калыскай беларускай дзяржаўнасці, вытокам духоўнасці, нацыянальнай скарбніцай гісторыкакультурных каштоўнасцей. Сімвалічна, што менавіта Полацк узначаліў спіс беларускіх гарадоў, якія атрымалі пачэсны статус Культурнай сталіцы.

21 студзеня 2010 г. рашэннем Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на Полацк была ўскладзена адказнасць быць першай Культурнай сталіцай краіны, стаць узорам для іншых гарадоў рэспублікі. Менавіта на нашым прыкладзе, як на своеасаблівай эксперыментальнай пляцоўцы, адбывалася апрабацыя новага маштабнага праекта.

Мэты правядзення акцыі, думаецца, зразумелыя кожнаму: развіццё і ўзбагачэнне культурнага жыцця рэгіёнаў, падтрымка нацыянальнай культуры і мастацтва, павышэнне турыстычнай прывабнасці беларускіх гарадоў... Для ажыццяўлення пастаўленых мэт быў складзены разгорнуты план мерапрыемстваў акцыі.

У Полацку рэалізавана больш за 400 разнастайных праектаў, якія прайшлі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама і ў цесным супрацоўніцтве з Нацыянальным Полацкім гісторыкакультурным музеем-запаведнікам. Чым жа захапляліся нашы землякі цягам 2010-га? Гэта цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 200-годдзю з дня нараджэння І.Ф. Хруцкага, 600-годдзю Грунвальдскай бітвы, 100годдзю перанясення мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай. Ужо традыцыйна адбыліся Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі ў канцэртнай зале Сафійскага сабора, ХV Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі". Канешне ж, вялікую цікавасць выклікалі выступленні лепшых творчых калектываў Віцебскай вобласці... Пералік адметных падзей можна доўжыць!

Пад эгідай акцыі "Культурная сталіца Беларусі" адбыліся і іншыя мерапрыемствы, не ўключаныя ў план, сярод іх найбольш яскравыя: канцэрт салісткі канцэртнай залы Сафійскага сабора Ксеніі Пагарэлай у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі; сольны канцэрт піяніста Арсенія Садыкава ў Віцебскай абласной філармоніі; вечар арганнай музыкі з удзелам камернага аркестра "Еўропа-Цэнтр" у Мінску.

Заключным этапам правядзення рэспубліканскай акцыі стала нядаўняя маштабная прэзентацыя Полацка ў Мінску, якая дала магчымасць і сталічным жыхарам убачыць на лепшых канцэртных пляцоўках краіны выступленні выдатных творчых калектываў горада, Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь - полацкага тэатра "Пілігрым", а таксама наведаць выстаўкі са збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Адзначу асобна: у прэзентацыі прыняло ўдзел амаль 400 палачан.

Сёння магу сказаць з упэўненасцю: рэалізацыя мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі з'явілася важным фактарам актывізацыі культурна-грамадскага жыцця горада. У якасці своеасаблівых паказчыкаў гэтага працэсу можна адзначыць наступныя: горад загучаў у прасторы краіны як сучасны цэнтр культуры і мастацтва; палачане атрымалі магчымасць далучыцца да творчасці найлепшых мастацкіх калектываў і дзеячаў культуры; праект садзейнічаў павышэнню агульнага ўзроўню культуры жыхароў, фарміраванню асаблівых адносін да нацыянальнай духоўна-культурнай спадчыны. Варта адзначыць таксама павелічэнне турыстычнай прывабнасці Полацка (у 2010 годзе нас наведала на 20% больш турыстаў, чым у 2009-м).

Такім чынам, пераканана, мэта рэспубліканскага праекта "Культурная сталіца краіны 2010 года" па асноўных паказчыках дасягнута. Сёлета ён выходзіць на новы віток развіцця. І для атрымання яшчэ больш паспяховых вынікаў выказваем наступныя прапановы.

Найперш прапануем распрацаваць лагатып акцыі "Культурная сталіца Беларусі", магчыма, абвясціўшы рэспубліканскі конкурс. Пры складанні плана мерапрыемстваў пажадана, каб прыярытэт надаваўся тым відам творчасці, якія не прадстаўлены ў культурным жыцці горада. Важным элементам стала б арганізацыя гастрольнай дзейнасці лепшых творчых калектываў Культурнай сталіцы па рэспубліцы (у тым ліку ў Мінску), а, па магчымасці, гастролі замежных артыстаў ладзіліся б і ў горадзе, што мае такі высокі ганаровы статус.

Хацелася б, каб аказвалася падтрымка ў выданні найлепшых твораў пісьменнікаў Культурнай сталіцы краіны, а таксама былі арганізаваны прэзентацыі і дэбютныя паказы твораў айчыннай кінематаграфіі.

Мяркую, адметнай рысай акцыі мог стаць фестываль, эстафета правядзення якога перадавалася б ад адной Культурнай сталіцы да іншай. Пажадана, каб прэзентацыйныя мерапрыемствы праводзіліся ў Мінску, а месцы правядзення вызначаліся яшчэ на пачатковым этапе цыкла.

Прапануем таксама кожнаму гораду, якому нададзены статус "Культурная сталіца Беларусі", зрабіць свой арыгінальны ўнёсак у рэспубліканскі праект (да прыкладу, Полацкам быў створаны гімн акцыі).

Полацк, лічым, паспяхова пранёс статус першай Культурнай сталіцы краіны, і ўдзячны Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскаму абласному выканаўчаму камітэту, Полацкаму зямляцтву і ўсім, хто меў дачыненне да агульнай справы, за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў на высокім мастацкім і арганізацыйным узроўні.

Наступным этапам у культурным жыцці Полацка стануць шырокамаштабныя мерапрыемствы, прысвечаныя 1150-годдзю горада. Балазе вопыт у распрацоўцы канцэпцыі буйных святаў на рэспубліканскім узроўні ў нас ёсць.

Фота Юрыя ІВАНОВА