Філасофія інавацый творчай адукацыі

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Міхаіл БАРАЗНА, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў

/i/content/pi/cult/308/5294/pic_43.jpg- У 2010 годзе быў створаны Рэспубліканскі грамадскі савет па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Тыдзень таму ў Мірскім замку праведзена першае яго пасяджэннне. Там была сфарміравана рабочая група "Адукацыя, літаратура, бібліятэчная справа, народная творчасць і клубная дзейнасць", якую ўзначаліў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат філасофскіх навук Б.У. Святлоў.

У склад групы ўвайшлі вопытныя спецыялісты ў галіне адукацыі, культуры і мастацтва нашай краіны: загадчык кафедры акцёрскага майстэрства Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Л.А. Манакова, а таксама дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Ю.А. Ляйко, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа А.М. Саладухін. Мяркую, што адно з пасяджэнняў Савета, а не толькі рабочай групы, будзе прысвечана праблемам адукацыі ў галіне мастацтва.

Летась мастацкая адукацыя і творчая практыка адзначылі важныя даты сваёй дзейнасці. Споўнілася 15 гадоў з дня заснавання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, 65 - асноўнай "кузні" кадраў вышэйшай ступені адукацыі ў краіне - Акадэміі мастацтваў. Гэтыя важныя падзеі адлюстраваны ў шматлікіх справаздачных творчых мерапрыемствах.

Рэспубліканская выстаўка "Зямля пад белымі крыламі" паказала выніковасць падтрымкі таленавітай моладзі, якая асвойвае вышыні выяўленчага мастацтва. Уся экспазіцыя і яе раздзел, у якім былі прадстаўлены творы стыпендыятаў і лаўрэатаў фонду, былі ацэнены Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Магу выказаць меркаванне, што юныя мастакі - навучэнцы сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў культуры і мастацтваў цяпер складаюць канкурэнцыю многім прафесійным майстрам мастацтва. Назаву хаця б прозвішчы Вольгі Мельнік, Алесі Скарабагатай, Ганны Конанавай. Маё меркаванне грунтуецца не толькі на ацэнках экспертаў, але і на водгуках музейных супрацоўнікаў ды наведвальнікаў экспазіцыі.

Сёння адукацыя ў гэтай сферы павінна стаць неад'емнай часткай філасофіі інавацыйнага развіцця. Зразумела, маладому пакаленню, якому давядзецца адыграць найважнейшую ролю ў эканамічным развіцці краіны, неабходна і адноўленае гарманічнае эстэтычнае асяроддзе, якое адпавядае патрабаванням сусветнага ўзроўню. Гэтае асяроддзе застанецца звязаным з гістарычнай спадчынай, яе архітэктурай, паданнямі, музейнымі зборамі. Але гэта і тое новае сучаснае мастацтва, якое адлюстроўвае час духоўнай рэалізацыі сённяшняга маладога пакалення, магчыма, не заўсёды зразумелага асобнымі старэйшымі калегамі.

Традыцыі неабходна захоўваць, матэрыяльную спадчыну трэба кваліфікавана рэстаўраваць. У Акадэміі мастацтваў тры гады таму ажыццявілі першы за гісторыю набор рэстаўратараў твораў выяўленчага мастацтва. За гэты час група студэнтаў разам са сваімі выкладчыкамі атрымала шэраг станоўчых водгукаў сярод спецыялістаў, у тым ліку і з боку кіраўніцтва Нясвіжскага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Ёсць магчымасць і надалей працаваць на гэтым аб'екце студэнтам кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Сярод экспанатаў Мірскага замка таксама ёсць прыклады работ студэнтаў Акадэміі мастацтваў.

Развіваецца навучанне ў галіне рэстаўрацыі. Спрыянне аказаў і спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ў набыцці абсталявання і праходжанні стажыроўкі за межамі нашай краіны. Але нельга забывацца: рэстаўрацыйныя работы маюць не толькі маштабны характар, але і патрабуюць спецыялістаў рознай кваліфікацыі, у тым ліку і выпускнікоў ССНУ. Лічу, што для паспяховага выканання мяркуемай Дзяржаўнай праграмы "Замкі" неабходна фарміраваць на такіх спецыялістаў заяўкі для іх падрыхтоўкі на базе мастацкіх вучылішчаў краіны.

Сучасныя мастацкія практыкі цесна звязаны з патрабаваннямі не толькі самых актуальных праяў непасрэдна выяўленчага мастацтва, але і з формамі, дзе актуалізавана неабходнасць працы мастака: гэта кіно, тэатр і экранныя мастацтвы. Акадэмія мастацтваў ажыццяўляе раз на пяць гадоў набор студэнтаў па спецыяльнасцях "Тэатральна-дэкарацыйны жывапіс" і "Мастацкае рашэнне фільма", але нашы тэатры і кінастудыя маглі б больш эфектыўна выкарыстоўваць спецыялістаў, якіх таксама могуць рыхтаваць і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы адукацыі. Падобная знітаванасць падрыхтоўкі спецыялістаў дазволіць не толькі выконваць практычныя задачы фарміравання гарманічнага эстэтычнага асяроддзя, але і прадуктыўна фарміраваць новыя мастацкія школы, што сваім аўтарытэтам забяспечаць экспарт паслуг у гэтай галіне.

Для захавання дасягнутага высокага ўзроўню школы выяўленчага мастацтва ў краіне і далейшага яго паспяховага развіцця неабходна прыняць шэраг мер.

Сярод іх - захаванне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы прафесійнай мастацкай творчасці і мастацкай адукацыі. Зразумела, важную ролю адыгрывае павышэнне сацыяльнага статуса мастакоў і педагогаў у галіне мастацтва, забеспячэнне неабходных умоў для творчасці і аховы прафесійных правоў.

Неабходным бачыцца развіццё інавацыйнага менеджменту ў галіне мастацтва, удасканаленне прапаганды дасягненняў беларускай мастацкай творчасці ў краіне і за яе межамі, а таксама пашырэнне міжнароднай інтэграцыі выяўленчага мастацтва праз выставачную дзейнасць і абмен у галіне мастацкай адукацыі. Безумоўна, адметным стане садзейнічанне развіццю разнастайнасці форм і тэндэнцый беларускага выяўленчага мастацтва, пошукам сінтэтычных, інтэрдысцыплінарных форм, развіццю сувязі сучаснага мастацтва з іншымі формамі сацыяльнай актыўнасці насельніцтва.

Фота Юрыя ІВАНОВА