Новая тыпалогія з прыкідкай на прафесію

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Аляксандр ЖЫГУН, начальнік аддзела культуры Горацкага райвыканкама

/i/content/pi/cult/308/5290/pic_34.jpg- За апошнія пяць гадоў самыя значныя пераўтварэнні ў сферы культуры Горацкага раёна адбыліся ў сістэме мастацкай адукацыі, прычым - як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці.

Параўнайце: калі ў 2004 - 2005 навучальным годзе пры аддзеле функцыянавала ўсяго дзве школы, то ў цяперашні час - сем школ з філіяламі і класамі ў сельскай мясцовасці. Там, на базе філіялаў школ мастацтваў і рамёстваў, былі створаны школы новага тыпу: яны аб'ядноўваюць у сабе музычную адукацыю і навучанне мастацкім рамёствам. Гаворка - пра Ленінскую, Копцеўскую і Дамброўскую школы мастацтваў і рамёстваў, Ракцянскую школу народнай творчасці. Такім чынам, па стане на 1 верасня 2010 г. функцыянуе дзевяць філіялаў і дзесяць класаў у сельскай мясцовасці.

Новыя тыпы ўстаноў далі магчымасць прадаставіць вялікі выбар аддзяленняў, а гэта дазволіла ахапіць значна большую колькасць вучняў на сяле (50,4%).

Хочацца адзначыць, што матэрыяльна-тэхнічная база школ у сельскай мясцовасці збольшага здавальняючая: усе яны размешчаны на базе дамоў і цэнтраў культуры, якія за апошнія гады былі капітальна адрамантаваны і рэканструяваны, забяспечаны новай мэбляй. А далейшую працу скіруем на паступовую замену музычных інструментаў.

Некалькі слоў хацелася б сказаць і пра нашы гарадскія школы. У найстарэйшай з іх - Горацкай ДШМ - цяпер навучанне вядзецца на чатырох аддзяленнях: музычным (дзецьмі асвойваецца адзінаццаць інструментаў), мастацкім, харэаграфічным, тэатральным. Выкладчыкі і навучэнцы ДШМ - пастаянныя ўдзельнікі раённых і гарадскіх мерапрыемстваў і канцэртаў. Пры Горацкай школе мастацтваў створаны дзіцячы аркестр беларускіх народных інструментаў, якому ў 2005 годзе было прысвоена званне "ўзорны". Рэпертуар яго складаецца ў асноўным з беларускіх твораў. А ў 2010-м аналагічным званнем уганараваны інструментальны ансамбль ДШМ "Тарантэла", чые нумары выклікаюць цікавасць у айчыннага і замежнага гледача.

Пастаянна ўдасканальваецца і пашыраецца дзейнасць Дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў - своеасаблівай візітоўкі нашага горада і раёна. Навучанне там вядзецца на дзевяці аддзяленнях. Дзеці з ранняга ўзросту атрымліваюць уяўленне аб традыцыйных народных рамёствах, гісторыі іх узнікнення, пра тое, чым займаліся нашы продкі, а таксама вучацца ствараць прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сваімі рукамі. Для тых жа, хто плануе звязаць жыццё з мастацтвам, працуюць класы прафесійнай падрыхтоўкі.

Штогод на базе ДШМР ад раённага Цэнтра занятасці арганізуецца часовая занятасць студэнцкай і навучэнскай моладзі. У 2010м для набыцця матэрыялаў і на заработную плату навучэнцам выдзелена 6 000 000 рублёў. А ў 2003 годзе адкрыўся і паспяхова працуе па сёння салон-магазін "Вясёлка", дзе вучні і педагогі маюць магчымасць рэалізаваць свае вырабы.

У 2005-м у Горках была адкрыта дзіцячая вакальнахаравая школа, дзе працуюць тры аддзяленні: харавое, эстраднае і эстэтычнае. Галоўнае ў яе рабоце - індывідуальны падыход да кожнага вучня, адкрыццё і падтрымка найбольш адораных з іх.

Лік навучэнцаў у школах - стабільны, мае тэндэнцыю да павелічэння. Калі ў 2007 годзе агульны працэнт ахопу дзяцей школамі мастацтваў складаў 23,7%, то ў 2010-м - 29,3%, а ў сельскай мясцовасці паказчык дасягае 50,4%. У значнай ступені гэта дазваляе прадухіліць рост асацыяльных з'яў і спрыяе фарміраванню ўсебакова развітай асобы.

У адукацыйных установах горада і раёна вядзецца сістэматычная работа па прафесійнай падрыхтоўцы вучняў. Штогод выпускнікі школ паступаюць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы культуры і мастацтва. Многія з іх вяртаюцца ўжо ў якасці выкладчыкаў. Хочацца адзначыць і павелічэнне колькасці дзяцей, што паступілі, з сельскай мясцовасці. Калі ж казаць пра канкрэтныя лічбы, дык за апошнія тры гады ў Горацкі раён накіравана 18 выпускнікоў ВНУ і ССНУ (дзевяць з іх скончылі спецыялізаваныя школы аддзела культуры), якія былі размеркаваны ў адукацыйныя ўстановы аддзела культуры, і яшчэ палова з іх была працаўладкавана ў сельскія ўстановы і аграгарадкі. Штогод і самі выкладчыкі павышаюць сваю кваліфікацыю, паступаючы на завочнае навучанне ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

Вынікам планамернай сістэматычнай працы па эстэтычным выхаванні і развіцці дзяцей з'яўляецца стварэнне на базе адукацыйных устаноў дзіцячых творчых калектываў рознай накіраванасці. Усяго іх 27, а 5 з іх маюць званні "народны" і "ўзорны".

Гонар аддзела культуры - стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Імі сталі 27 вучняў (з іх 1 - выкладчык дзіцячай вакальна-харавой школы, 3 - навучэнцы з сельскай мясцовасці). За перамогі ў міжнародных конкурсах у 2010 годзе чатыры юныя таленты з ДШМР былі заахвочаны матэрыяльнай дапамогай фонду.

І, вядома, самая значная падзея 2009 - 2010 навучальнага года - уручэнне калектыву школы рамёстваў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Высокая ўзнагарода абавязвае да яшчэ большай адказнасці і з'яўляецца стымулам для іншых устаноў аддзела культуры.

Далейшая перспектыва развіцця адукацыйных устаноў аддзела культуры накіравана на павелічэнне калектываў са званнямі "народны", "узорны", узрастанне ліку стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, паляпшэнне якасці навучання.

Фота Юрыя ІВАНОВА