Шлях да пазабюджэту: пра вопыт аднаго раёна

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Аляксандр ЧАГАН, намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама

/i/content/pi/cult/308/5289/pic_28.jpg- Паважаныя калегі! Дазволю сабе так да вас звярнуцца, бо больш за 20 гадоў узначальваў раённы аддзел культуры. Таму ведаю вашу працу і ўсе праблемы на падставе асабістага вопыту.

Як вядома, у Дзяржынскім раёне пражывае больш за 60 тысяч чалавек, а культурнае абслугоўванне ажыццяўляюць 69 устаноў культуры. Пазабюджэтныя паступленні галіны раёна летась склалі больш за 10 тысяч рублёў на аднаго жыхара. Калі ж весці гаворку пра бюджэтнае фінансаванне ўстаноў культуры Дзяржыншчыны, дык летась яно склала блізу 8 мільярдаў рублёў, спонсарскія паступленні выйшлі на рубеж 76 мільёнаў рублёў. А пазабюджэтных сродкаў атрымана каля 660 мільёнаў рублёў.

Прывяду структуру расходаў бюджэтных сродкаў у 2010 годзе: заробак з налічэннямі - 55 працэнтаў, аплата камунальных і транспартных паслуг, паслуг сувязі і камплектаванне бібліятэчных фондаў - 20 працэнтаў, аплата рамонтаў будынкаў аграгарадкоў - крыху больш за 23 працэнты, набыццё абсталявання і расходных матэрыялаў - амаль 2 працэнты.

А цяпер прадстаўлю лічбы праекта бюджэту на 2011 год: заробак з налічэннямі - 64 працэнты, аплата камунальных і транспартных паслуг, паслуг сувязі і камплектаванне фондаў - 27 працэнтаў, аплата рамонтаў будынкаў і набыццё абсталявання - 2,6 працэнта, выкананне мерапрыемстваў праграм - 0,7 працэнта, іншыя выдаткі - 5,7 працэнта.

Як бачна, бюджэт на бягучы год - так званы зарплатны. У дадзенай сітуацыі крыніцай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры застаюцца заробленыя сродкі ад аказання платных паслуг насельніцтву і спонсарскія адлічэнні, гэта значыць - асабістыя інвестыцыі.

Не сакрэт: штогод установы культуры Дзяржынскага раёна выплачваюць прыблізна 60 мільёнаў рублёў падаткаў. Здавалася б, у маштабах дзяржавы - і нават раёна - сума не такая і вялікая, але за гэтыя сродкі можна набыць новы бібліобус, або 6 камплектаў сучаснага гукавога абсталявання, гэткім чынам мадэрнізаваўшы базу клубных устаноў сваімі сіламі. Бо на бюджэт разлічваць не даводзіцца. Аналагічная сітуацыя - і з вяртаннем у бюджэт кошту камунальных паслуг. Фактычна гэтая сума складае прыкладна 71 мільён рублёў.

Тая сістэма падаткаабкладання, якая існуе на сённяшні дзень, на жаль, не стымулюе развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры. У тых абставінах, якія склаліся - у вострай нястачы бюджэтных сродкаў на развіццё базы ўстаноў, - бачыцца мэтазгодным прыняцце рашэння на рэспубліканскім узроўні аб вызваленні ўстаноў культуры ад выплаты падатку на дададзеную вартасць і падатку на прыбытак пры ўмове накіравання сум падаткаабкладання на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. Такая практыка існавала ў 2001 - 2002 гадах і была вельмі канструктыўнай. Можна было ажыццяўляць закупкі ў лізінг. У тыя гады ў ра-ёне была створана сучасная база, на аснове якой магчымая рэалізацыя інавацыйных праектаў.

Вялікі рэзананс выклікаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 457 "Аб падтрымцы асобных арганізацый культуры". Вельмі важна, што гэты дакумент стварае новыя фінансавыя магчымасці для стымулявання дзейсных і ініцыятыўных супрацоўнікаў, рэалізацыі смелых праектаў. Але, на жаль, распаўсюджваецца ён толькі на некаторыя віды ўстаноў культуры і не закрануў устаноў культуры базавага раённага ўзроўню.

А між тым, адмена асобных падаткаў і рэгулявання коштаў на білеты ва ўстановах культуры можа мець выключна дадатныя вынікі. Прафесіяналы могуць устанавіць кошты, якія, з аднаго боку, адпавядалі б эканамічным інтарэсам установы, а з іншага боку - не адштурхоўвалі б і наведвальнікаў.

Рэфармаванне сістэмы падаткаабкладання ўстаноў культуры дазволіць дынамічна, па інавацыйным шляху развівацца галіне культуры на месцах, будзе актыўна стымуляваць ініцыятыву супрацоўнікаў у справе заробку пазабюджэтных сродкаў і інвеставання іх у развіццё галіны.

 У сваю чаргу, менавіта стварэнне ўмоў, што адпавядаюць высокім запытам наведвальнікаў, з'яўляецца важным фактарам запатрабаванасці паслуг. Бо іначай атрымліваецца наступнае кола: пасля выплаты падаткаў, кампенсацыі ў бюджэт 30 працэнтаў аплаты камунальны паслуг, выплаты заработнай платы - сродкаў на абнаўленне матэрыяльнай базы не застаецца. Як, у прынцыпе, не застаецца сродкаў на прывядзенне клубных устаноў у адпаведнасць з пастановай Савета Міністраў № 582 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб правядзенні дыскатэк і работы культурназабаўляльных клубаў".

Бо, згодна з гэтым дакументам, патрабаванні да арганізатараў дыскатэк як для сталічных начных клубаў з сотнямі наведвальнікаў і мільённымі даходамі, так і да сельскіх клубаў з 20 наведвальнікамі абсалютна аднолькавыя. Таму паўстае лагічнае пытанне: за кошт якіх сродкаў абсталяваць відэаназіранне, трымаць ахову і гэтак далей? Або, выконваючы закон, закрыць 90 працэнтаў сельскіх дыскатэк? Тады як арганізоўваць вольны час моладзі і выконваць сацыяльны стандарт, калі дыскатэкі і канцэрты ў структуры паслуг - самыя запатрабаваныя?

З 12 студзеня 2011 года ўступілі ў дзеянне змяненні ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. У прыватнасці, раздзел 17, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за правапарушэнні супраць грамадскага парадку і маральнасці, дапоўнены новым артыкулам 17.12 "Допуск на начныя дыскатэкі і ў забаўляльныя клубы непаўналетніх". Згодна з ім, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы могуць быць аштрафаваны на суму ад 10 да 50 базавых велічынь за з'яўленне ў начным клубе або на дыскатэцы асоб, якім менш за 18 гадоў.

Згодна са згаданай пастановай № 582 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб арганізацыі правядзення дыскатэк і работы культурна-забаўляльных (начных) клубаў у Рэспубліцы Беларусь", якой рэгулююцца адносіны, што звязаны з дзейнасцю па арганізацыі і правядзенні дыскатэк (незалежна ад форм уласнасці) у іншыя дні, усе мерапрыемствы, што праводзяцца з удзелам непаўналетніх, павінны заканчвацца а 22-й гадзіне. Уваход на дыскатэку, што мае статус начной, дапускаецца толькі пры наяўнасці білета і па прад'яўленні пасведчання асобы.

Куды ж падзецца 17-гадоваму навучэнцу каледжа ў вячэрні час на канікулах? Або тым, хто пасля заканчэння школы ў 16 - 17 гадоў пайшоў працаваць і самастойна забяспечвае сябе? Якая альтэрнатыва ў моладзі ў раённым цэнтры або на сяле? Дзе яны змогуць выплеснуць энергію, пад чый уплыў яны трапяць і ў якой кампаніі акажуцца, калі мы "выставім" іх а 22-й з установы культуры?

Мне падаецца, што ставіцца да арганізатараў дыскатэк неабходна дыферэнцавана. І не падводзіць пад адну рысу начныя клубы з барамі і дзяржаўныя ўстановы культуры, дзе ладзяцца тэматычныя дыскатэкі і дзе забяспечана дзяжурства настаўніцка-бацькоўскага патруля. Не стымулююць развіццё ініцыятывы і прыходу ў культуру дасведчаных спецыялістаў, што валодаюць новымі сучаснымі тэхналогіямі, тыпавыя штаты 1996 года. У праекце новых тыпавых штатаў неабходна прадугледзець пасады гукаі відэарэжысёраў, інжынерную службу.

У першую чаргу, на мой погляд, неабходна накіраваць сумесныя намаганні на ўдасканаленне заканадаўчай базы ў сферы культуры. Атрыманне прэферэнцый па падатках, дыферэнцыяцыі патрабаванняў да арганізатараў дыскатэк дазволіла б павысіць якасць работы ўстаноў культуры, стварыць больш камфортныя ўмовы працы і стымуляваць далейшае развіццё.

Фота Юрыя ІВАНОВА