Нацыянальная спадчына — прастора для інвестыцый

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Віктар КУРАШ, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/308/5287/pic_23.jpg- Сёння вельмі шмат і правільна гаворыцца аб месцы і ролі культуры ў жыцці чалавека і грамадства, адметнасці беларускай культуры ў сусветнай, яе дасягненнях і задачах на будучыню.

Цяжка выбіраць прыярытэты ў культуры, бо тады на іх рэалізацыі неабходна сканцэнтраваць значныя рэсурсы.

Тым не менш, пры вырашэнні пытанняў дзяржаўнай падтрымкі і далейшага развіцця нацыянальнай культуры вялікая ўвага надаецца ахове гісторыка-культурнай спадчыны і ўмацаванню матэрыяльнай базы ўстаноў культуры і мастацтва, стварэнню ўмоў для развіцця творчых здольнасцей чалавека.

Асноўнымі накірункамі дзейнасці Міністэрства культуры ў сферы аховы гісторыкакультурнай спадчыны з'яўляецца рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі па выяўленні, уліку, забеспячэнні належнага ўтрымання і выкарыстання гісторыка-культурных каштоўнасцей, вырашэнні арганізацыйных пытанняў пры выкананні рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ і перамяшчэнні культурных каштоўнасцей праз мытную граніцу краіны.

Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе папоўніўся на 472 матэрыяльныя аб'екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека і ўключае 5382 аб'екты спадчыны.

Актывізавалася работа па наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека, 6 з якіх летась папоўнілі Спіс.

Падрыхтаваны і накіраваны ў штаб-кватэру UNESCO матэрыялы па ўключэнні ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва рамеснай традыцыі "Творчасць майстроў-шапавалаў Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці". Тым самым зроблены новы якасны крок па прадстаўленні нацыянальнага культурнага набытку міжнароднай супольнасці.

У 2010 годзе распачата мадэрнізацыя Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь, прадоўжылася інвентарызацыя помнікаў археалогіі. Міністэрства культуры ўнесла прапанову аб стварэнні Цэнтра захавання аб'ектаў сусветнай спадчыны дзяржаў - удзельніц СНД.

Адным з найбольш адказных накірункаў дзейнасці ў сферы аховы спадчыны з'яўляецца правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях. У 2010 годзе Міністэрствам культуры выдадзена 520 дазволаў на выкананне навукова-даследчых работ і рэстаўрацыйную вытворчасць (у 2009-м - 415 дазволаў). Падрыхтавана 965 заключэнняў Міністэрства культуры па навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях, што на 24 працэнты больш, чым у 2009 годзе.

Разгледжаны і ўзгоднены 362 эскізы і пашпарты рэкламы, што размяшчаецца на гісторыка-культурных каштоўнасцях. Выдадзена 70 заключэнняў па аб'ектах або этапах работ, на якіх завершаны рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы.

Было праведзена 13 пасяджэнняў Беларускай навуковаметадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, на якіх разгледжана 68 праектаў на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, іншыя актуальныя пытанні ў сферы аховы спадчыны.

Забяспечана долевае фінансаванне ў аб'ёме амаль 6,5 мільярда рублёў рэспубліканскага бюджэту ў выкананні работ на 10 помніках архітэктуры камунальнай уласнасці.

У мінулым годзе арганізаваныя Міністэрствам культуры дзеянні па канцэнтрацыі бюджэтных сродкаў на найбольш значных аб'ектах дазволілі асвоіць прадугледжаныя Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай амаль 92 мільярды рублёў. Дарэчы, выдзяленне дадатковага фінансавання ў 2010-м (14,5 мільярда рублёў) паспрыяла завяршэнню работ і ўводу ў эксплуатацыю Мірскага замка.

Разам з тым, увод у дзеянне гэтага аб'екта паказаў як нашы лепшыя дасягненні - уменне за кароткі час сканцэнтраваць намаганні і прыцягнуць лепшых спецыялістаў для аднаўлення гэтага ўнікальнага комплексу, - так і існуючыя праблемы: недахоп практычнага вопыту ў рэстаўрацыі, адсутнасць дастатковай колькасці рабочых-рэстаўратараў. Не хапае сіл сёння і ў нашага інстытута "Праектрэстаўрацыя".

У бліжэйшы час кіраўнікам "Белрэстаўрацыі", "Праектрэстаўрацыі" неабходна вызначыцца па спецыялістах, якіх не хапае, і сумесна з Мінкультуры, Мінадукацыі выправіць стан спраў з кадрамі. Актыўна працягваюцца работы па рэстаўрацыі Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля XVI - XVIII стагоддзяў, і ўжо ў ліпені бягучага года мы плануем таксама ўвесці яго ў эксплуатацыю.

Найбольш значнымі аб'ектамі, на якіх праводзіліся работы, з'яўляюцца палацы ў Косаве Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці і Жылічах Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, манастыры ў Юравічах Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці і Пустынках Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці, Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, іншыя знакавыя гісторыка-культурныя каштоўнасці. Распачаты работы над праектнай дакументацыяй на выкананне работ на замку ў Навагрудку, касцёле Божага Цела ў Нясвіжы.

У 2011 годзе будуць працягвацца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на аб'ектах культуры, на якія прадугледжана Дзяржінвестпраграмай 174,3 мільярда рублёў, што амаль у два разы больш, чым у 2010-м. Гэта рэканструкцыя паркаў у Мірскім замку, Нясвіжы, тэатр імя Янкі Купалы, кінастудыя "Беларусьфільм", мастацкае вучылішча імя Глебава, Нацыянальны гістарычны музей, Культурна-спартыўны цэнтр БДУКіМ і іншыя.

У мэтах больш шырокага ўдзелу зацікаўленых у мерапрыемствах па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, прыцягнення дадатковых сродкаў на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ Міністэрствам культуры сумесна з Гродзенскім абласным і Навагрудскім раённым выканкамамі арганізавана акцыя "Рэстаўрацыя Навагрудскага замка".

Для яе ажыццяўлення, апроч сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў аб'ёме 41,1 мільёна рублёў, накіраваны асігнаванні ад рэалізацыі латарэі "Скарбніца" ў суме 39,1 мільёна рублёў і ахвяраванні юрыдычных асоб і грамадзян, што склалі 20,2 мільёна рублёў.

Ёсць першыя вынікі перадачы інвестарам гістарычных сядзіб у вёсках Краскі, Поразава Ваўкавыскага раёна і Свяцк Гродзенскага раёна, вёсцы Лынтупы Пастаўскага раёна, якія ўваходзяць у пералік 46 помнікаў архітэктуры, зацверджаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Рыхтуюцца для прадстаўлення на аўкцыёны сядзібы ў вёсках Пламя Сенненскага раёна Віцебскай вобласці і Альшэва Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Разам з тым, работа па перадачы сядзіб інвестарам патрабуе больш актыўных дзеянняў з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія з'яўляюцца ўласнікамі гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей. Неабходна забяспечыць давядзенне інфармацыі аб іх да канкрэтных зацікаўленых асоб, патлумачыць ім механізм вырашэння арганізацыйных пытанняў і садзейнічаць таму, каб аб'ект спадчыны набыў новага гаспадара, які не толькі выканае яго рэстаўрацыю, але і створыць працоўныя месцы ў канкрэтным рэгіёне краіны. З мэтай садзейнічання ў правядзенні гэтай работы Міністэрствам культуры падрыхтаваны рэкамендацыі па перадачы суб'ектам аграэкатурызму сядзіб у сельскай мясцовасці (рэкамендацыі накіраваны 27 студзеня 2011 года мясцовым органам кіравання для выкарыстання ў працы).

3 - 5 верасня 2010 года ў Рэспубліцы Беларусь упершыню маштабна праведзена міжнародная акцыя "Дні Еўрапейскай спадчыны" па тэме "Новае жыццё сядзібна-паркавых комплексаў Беларусі". У яе рамках рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў, якія раскрываюць ролю Беларусі ў агульнаеўрапейскім руху па захаванні культурнага набытку.

Зразумела, мной названа толькі частка мерапрыемстваў, ажыццёўленых у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Несумненна, што праца спецыялістаў мела шматлікія станоўчыя вынікі.

Аднак застаецца актуальным пытанне забеспячэння належнага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове спадчыны. З улікам палажэнняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.10.2009 г. № 510 "Аб удасканальванні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" Міністэрства культуры ў другой палове 2010 года правяло 19 праверак выканання заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны на 41 помніку архітэктуры. Ва ўсіх выпадках падрыхтаваны акты па выяўленых фактах парушэнняў заканадаўства, якія накіраваны ўласнікам гісторыка-культурных каштоўнасцей і ў адпаведныя органы мясцовага кіравання з указаннем прывядзення дзейнасці ў адпаведнасць з прававымі нормамі.

Акрамя таго, складзена 25 прадпісанняў з указаннем канкрэтных мер па прадухіленні парушэнняў заканадаўства і 4 пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях па фактах парушэння парадку і ўмоў работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.

Недахопы ў арганізацыі работы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны адзначаны ў Прадстаўленні Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая правярала выкананне заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай абласцях і ў горадзе Мінску. Калегіяй Міністэрства культуры, якая адбылася 27 кастрычніка 2010 года, быў вызначаны актуальны пералік арганізацыйных, метадычных і прававых захадаў па недапушчэнні і прадухіленні парушэнняў прававых норм.

У іх шэрагу найбольш важным з'яўляецца ўдасканаленне сістэмы дзяржаўных органаў аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прапануецца разгледзець магчымасць увядзення ў апарат аддзелаў культуры гарі райвыканкамаў адзінкі спецыяліста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны для гарадоў і раёнаў, на тэрыторыі якіх размешчана 50 і больш гісторыкакультурных каштоўнасцей. Застаецца актуальным зацвярджэнне рашэннямі гарадскіх або раённых выканкамаў функцыянальных абавязкаў спецыялістаў па ахове гісторыкакультурнай спадчыны і парадку іх выканання. Тым самым ствараецца прававы механізм рэалізацыі пункта 2 артыкула 10 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", якім устаноўлена кампетэнцыя мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Па нашым меркаванні, ключавым пытаннем з'яўляецца ўвядзенне эфектыўнага механізма нагляду ў сферы аховы спадчыны, што можа быць вырашана са стварэннем Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, падпарадкаванай Міністэрству культуры.

Гэтая ідэя была падтрымана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам у ходзе наведання Замкавага комплексу "Мір" 16 снежня 2010 года. На ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры, упраўленні культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама ўскладаецца важная задача па фарміраванні ў гэтым годзе новых падыходаў дзяржаўнага рэгулявання ў такой важнай сферы дзейнасці.

Па-ранейшаму вострым пытаннем застаецца распрацоўка і зацвярджэнне ва ўстаноўленым парадку праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Фактычна сітуацыя выглядае такім чынам, што, паводле пункта 3 артыкула 29 Закону аб ахове спадчыны, без наяўнасці праекта зон аховы на тэрыторыях размяшчэння гісторыка-культурных каштоўнасцей архітэктурная і будаўнічая дзейнасць павінна быць забаронена. Упраўленням культуры належыць давесці да зацікаўленых гэтую прававую норму і разам з Міністэрствам культуры забяспечыць яе выкананне.

У 2011 годзе пачынаецца рэалізацыя дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі", якой прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў у сферы аховы спадчыны, у тым ліку выкананне работ на 34 гісторыкакультурных каштоўнасцях.

Важным з'яўляецца якаснае фарміраванне праграмы дзеянняў "Замкі Беларусі", стварэнне якой адобрана Кіраўніком дзяржавы.

Адным з накірункаў дзейнасці ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны з'яўляецца падрыхтоўка матэрыялаў для ўключэння аб'ектаў у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO.

У чарговы раз прашу ўпраўленні культуры Брэсцкага, Віцебскага, Гомельскага і Гродзенскага аблвыканкамаў актыўна ўключыцца ў падрыхтоўку матэрыялаў для напісання дасье "Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся", "Культурныя ландшафты басейна Дняпра", "Фартыфікацыйныя збудаванні Брэсцкай крэпасці", "Культавыя збудаванні абарончага тыпу", садзейнічаць дапрацоўцы дасье "Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Ефрасінні Полацкай" і "Аўгустоўскі канал - твор чалавека і прыроды".

Асаблівая ўвага Міністэрства культуры, органаў мясцовага кіравання, у першую чаргу - упраўленняў і аддзелаў культуры, павінна быць нададзена падрыхтоўцы змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", работа над якім распачата паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2011 г. № 10 "Аб зацвярджэнні плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2011 год". Якасная падрыхтоўка найважнейшага нарматыўнага прававога акта з'яўляецца асновай арганізацыі належнай работы па захаванні і эфектыўным выкарыстанні культурнага набытку народа Беларусі.

Ключавой задачай сённяшняга пакалення з'яўляецца зберажэнне багатага патэнцыялу гісторыка-культурнай спадчыны для нашчадкаў. Помнікі даўніны - трывалы падмурак развіцця нашага народа, беларускай дзяржаўнасці, сведчанне высокага ўзроўню развіцця нацыі.

У 2010 годзе была прадоўжана праца па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры рэспубліканскага падпарадкавання.

У адпаведнасці з вылучанымі сродкамі ўстановамі культуры летась былі закуплены музычныя інструменты, кінатэхналагічнае абсталяванне, гукаўзмацняльная і асвятляльная апаратура на агульную суму 4,6 мільярда рублёў. Значныя сродкі былі накіраваны на мадэрнізацыю Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" (3,2 мільярда рублёў).

Стала правілам набыццё абсталявання для сельскіх устаноў культуры ў рамках правядзення традыцыйнага фестывалю "Майстры мастацтваў - працаўнікам сяла". Кожнаму раёну, дзе праводзіўся форум, перададзена бязвыплатна па 2 камплекты гукаўзмацняльнай апаратуры, дадаткова - 5 камплектаў бібліятэчнай мэблі, усяго - на суму больш за 130 мільёнаў рублёў.

На капітальны рамонт у 2010 годзе для ўстаноў культуры былі вылучаны і асвоены сродкі ў суме 5 мільярдаў 56 мільёнаў рублёў. Эфектыўна выкарыстоўваюцца бюджэтныя сродкі на рамонтныя работы ў Гомельскім дзяржаўным цырку, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага, Мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэспасць - герой".

На капітальны рамонт у 2011-м прадугледжана 27,6 мільярда рублёў, што ў 5,4 разы больш, чым у 2010 годзе. Давайце разам накіруем усе нашы намаганні, каб эфектыўна выкарыстаць выдзеленыя фінансавыя сродкі!

Значная работа праведзена ў 2010 годзе па ўладкаванні аб'ектаў культуры, размешчаных у аграгарадках. Рамонтнабудаўнічыя работы выкананы на 331 аб'екце сельскай культуры. На гэтыя мэты накіравана і асвоена больш за 75 мільярдаў рублёў. Амаль усе паказчыкі Дзяржаўнай праграмы "Адраджэнне і развіццё сяла" выкананы.

Вытворчыя прадпрыемствы Міністэрства культуры прадоўжылі работу па ўдасканаленні паслуг установам культуры. Так, летась на прадпрыемстве "Музрэм" ажыццяўляліся капітальны рамонт і рэстаўрацыя цымбалаў.

Акрамя таго, існуе дамоўленасць з уласным прадпрыемствам аб вырабе цымбалаў для ўстаноў культуры, пачынаючы з 2011 года. Ужо сёння прадпрыемства гатова паставіць 15 адзінак цымбалаў.

У 2010 годзе АТ "ВіцебскБелпрамкультура" прыступіла да вырабу сцэнічных комплексаў. Першы такі комплекс зроблены для Замкавага комплексу "Мір". Другі плануецца ўстанавіць у Нясвіжскім замку ў маі бягучага года.

Шмат працавалі над выкананнем мэтавага паказчыка па энергазберажэнні, даведзенага ўстановам культуры рэспубліканскага падпарадкавання. У 2010 годзе, пры заданні -6 працэнтаў, ён склаў у супастаўных умовах -6,1 працэнта. Планавыя заданні па выкананні мэтавага паказчыка выкананы таксама ўсімі ўпраўленнямі культуры аблвыканкамаў. Асабліва хацелася б адзначыць упраўленні культуры Мінскай (-12,8 працэнта), Віцебскай (10,8 працэнта), Гродзенскай (8,2 працэнта), Брэсцкай (-8 працэнтаў) абласцей.

У 2010 годзе затрачана 27,7 мільярда рублёў на выкананне мерапрыемстваў па энергазберажэнні. За кошт названых сродкаў устаноўлена больш за 12 тысяч энергазберагальных свяцільнікаў, 12,5 тысяч кв. м. энергаэфектыўных шклопакетаў, выканана амаль 80 тысяч кв. м. цеплавой мадэрнізацыі фасадаў будынкаў і ўцяплення даху, праведзена замена 1914 п. м. зношаных трубаправодаў цеплатрас, у кацельнях - замена 42 састарэлых катлоў на больш эканамічныя.

Эканомія паліўна-энэргетычных рэсурсаў летась склала 2530 тон умоўнага паліва, у тым ліку па ўстановах культуры рэспубліканскай уласнасці - 446 тон.

Доля выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў у балансе кацельнапячнога паліва, пры гадавым заданні -89,5 працэнта, дасягнула -89,8 працэнта.

У 2010 годзе выкананы даведзены аб'ём дзяржзаказу па чорных металах - 267 тон, пры плане 250 тон (106,8 працэнта), па каштоўных металах - 27, 2 кг срэбра, пры плане 25 кг, а таксама здадзена 38 гр золата.

Паказчыкі, даведзеныя Міністэрству культуры на 2010-ы па аб'ёме інвестыцый у асноўны капітал у памеры 125 працэнтаў, выкананы на 135,3 працэнта, аб'ёмы будаўніча-мантажных работ склалі 55 мільярдаў рублёў, пры плане 45 мільярдаў рублёў.

Пытанні аховы працы, стану вытворчага траўматызму, працоўнай дысцыпліны ў галіне культуры знаходзяцца на пастаянным кантролі Міністэрства. Аднак, нягледзячы на меры, якія прымаюцца, цягам апошніх пяці гадоў узровень траўматызму, на жаль, не зніжаецца.

Варта адзначыць, што большасць рэкамендаваных намі мерапрыемстваў па прадухіленні няшчасных выпадкаў на вытворчасці асобнымі кіраўнікамі не выканана, што прывяло ў 2010 годзе да 12 няшчасных выпадкаў, з іх з цяжкім зыходам - 7 (за 2009-ы - 9 і 3 адпаведна). Прычынамі ў 8 выпадках траўмаў з'явілася парушэнне пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны, патрабаванняў інструкцый па ахове працы, неасцярожныя паводзіны ва ўмовах працы па прафесіі.

Парушэнні патрабаванняў па ахове працы выяўлены на кінастудыі "Беларусьфільм", у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, ва ўпраўленнях культуры Мінскага гарадскога і Гродзенскага абласнога выканкамаў. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у мэтах недапушчэння росту траўматызму сярод працуючых яшчэ раз звяртае вашу ўвагу на неабходнасць абавязковага перагляду стану спраў па гэтым пытанні ў кожнай арганізацыі культуры і ПАТРАБУЕ выканання заканадаўства аб ахове працы ў краіне і Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2004 № 1 "Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны".

Паважаныя калегі! У сваім выступленні я закрануў толькі невялікую частку існуючых праблем і задач, якія маюць месца ў справе аховы гісторыкакультурнай спадчыны, узмацненні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры. Спадзяюся, што ў сваіх выступленнях вы дапоўніце мяне. Спадзяюся таксама, што наша агульнае ўсведамленне важнасці акрэсленых задач, наша сумесная праца па іх вырашэнні прывядуць да вынікаў, якіх чакае ад нас дзяржава. Дзякуй за ўвагу!

Фота Юрыя ІВАНОВА