Разнастайнасць, даступнасць і якасць

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Тадэуш СТРУЖЭЦКІ, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/308/5285/pic_17.jpg- У рэалізацыі сучаснай сацыяльнай палітыкі дзяржавы, дарэчы, як і Праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады, адной з найважнейшых задач з'яўляецца забеспячэнне даступнасці і разнастайнасці культурных паслуг для ўсіх слаёў насельніцтва. І вельмі важную ролю ў гэтым выконваюць самыя масавыя ўстановы галіны: бібліятэкі, музеі, клубы розных тыпаў, установы адукацыі, сістэмы аматарскай творчасці.

Сёння нашы ўстановы культуры аказваюць звыш ста відаў культурных паслуг на платнай і бясплатнай аснове. Дзесьці больш за 80% - гэта традыцыйныя паслугі, і толькі менш чым 20% - паслугі, якія ўкараняюцца ў сучасны перыяд у сувязі з сённяшнімі запатрабаваннямі насельніцтва. Безумоўна, мы маем пэўныя рэзервы, аб якіх павінны больш канкрэтна казаць. У нас ёсць вопыт, дасягненні, але, аналізуючы рэальную практыку і існуючыя праблемы, мы павінны фарміраваць сістэмныя і новыя падыходы па іх рэалізацыі.

Менавіта з пункта гледжання рэалізацыі прынцыпу даступнасці для людзей культурных здабыткаў і яркіх дасягненняў мастацтва, Міністэрствам культуры быў ажыццёўлены праект "Культурная сталіца Беларусі". Сёння можна сцвярджаць, што яго рэалізацыя ў Полацку значна ўзбагаціла культурнае жыццё, актывізавала дзейнасць органаў мясцовага кіравання і грамадскасці. Вельмі важна, што на 25 пасяджэнні Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД была падтрымана ініцыятыва Міністэрства культуры рэалізаваць у 2011 годзе ўводны праект "Культурная сталіца Садружнасці" на базе горада Гомеля. Нам ужо сёння трэба думаць аб кандыдатах на будучыя гады, каб праект стаў традыцыйным і прыцягальным для многіх гарадоў.

Галоўнай мэтай правядзення Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў таксама было прадастаўленне дадатковых магчымасцей для выяўлення творчых талентаў, фарміраванне сістэмы дзеянняў па далейшай падтрымцы творчага лёсу пераможцаў.

І вельмі коратка - па асноўных накірунках.

Музейная справа. Працягвалася станоўчая тэндэнцыя развіцця дзяржаўнай музейнай сеткі. У мінулым годзе адкрылася аж пяць музеяў: Музей гісторыі горада Мінска, Астравецкі і Старадарожскі гісторыка-этнаграфічныя, Валожынскі краязнаўчы, Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя Тышкевіча, Музей крыміналістыкі ў горадзе Гомелі. Прыняты рашэнні райвыканкамаў аб стварэнні гісторыка-мемарыяльнага музеясядзібы Нямцэвічаў і ружанскага палацавага ансамбля Сапегаў.

Неабходна адзначыць, што менавіта дзяржаўныя музеі фарміруюць сёння музейную палітыку і практычны вопыт, з'яўляюцца навукова-метадычнымі цэнтрамі для школьных, ведамасных, прыватных музеяў, а гэта каля 1700. У мінулым годзе працягвалася работа па дапрацоўцы канцэпцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, рэалізацыі канцэпцыі новай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, музеефікацыі палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы, па стварэнні Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Над стварэннем новых экспазіцый плённа працавалі і іншыя музеі. Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрыў для наведвальнікаў Мемарыяльны кабінет народнага артыста Беларусі, кампазітара Яўгена Глебава, створаны экспазіцыі Віцебскага абласнога музея імя Шнурова, Брэсцкага і Мінскага абласных краязнаўчых музеяў, Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі імя Румянцавых-Паскевічаў сфарміравана экспазіцыя адкрытага захоўвання археалагічных фондаў.

Новая экспазіцыя створана таксама да Дня беларускага пісьменства ў Хойніцкім краязнаўчым музеі, які сёння найбольш адпавядае сучасным патрабаванням музейных устаноў Палескага рэгіёна.

Усе дзяржаўныя музеі ў мінулым годзе актыўна ўключыліся ў адзначэнне 65-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Стабільна найлепшых паказчыкаў сёння дасягаюць музеі Гомельшчыны. А найбольш яркімі прыкладамі музейнай дзейнасці з'яўляюцца Гомельскі палацава-паркавы ансамбль імя Румянцавых-Паскевічаў і Гомельскі абласны музей ваеннай славы. Апошні быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі не толькі ў нашай краіне, але і ў іншых.

Неабходна адзначыць, што над тэматыкай і якасцю музейных выставак трэба працаваць больш сістэмна, і перш за ўсё - адпрацоўваць новыя падыходы на буйных выставачных пляцоўках нацыянальных і абласных музеяў, якія з'яўляюцца важнымі навукова-метадычнымі цэнтрамі. Не можа быць прымальным, калі няпрофільныя камерцыйныя выстаўкі складаюць большую частку, а мала арганізуецца выставак з фондавай калекцыі, калекцыі новых экспанатаў, экспазіцыі новых паступленняў.

Слаба выкарыстоўваюцца сучасныя інтэрактыўныя сродкі, не прапануецца віртуальнае наведванне музеяў. Можна сцвярджаць, што не новай формай працы, а надзённай і патрэбнай - з'яўляецца выкарыстанне новых інфармацыйных тэхналогій і стварэнне ў музеях гандлёвых зон рэкламна-сувенірнай прадукцыі па сваім профілі. Абсалютная большасць нашых музеяў не мае дастатковага асартыменту рэкламна-сувенірнай прадукцыі. Гэтыя праблемы неаднаразова абмяркоўваліся на Рэспубліканскім музейным савеце, аднак сур'ёзных зрухаў пакуль няма.

Многім вядома, што, напрыклад, у замежных музеях рэалізацыя сувенірнай прадукцыі з'яўляецца важнай крыніцай даходаў. Нашы музеі мала прапануюць спецыялізаваных турыстычных маршрутаў, у тым ліку і візуальных, амаль не займаюцца арганізацыяй культурна-гістарычнага турызму. Такія праекты могуць паспяхова рэалізоўвацца сумесна з клубнымі і бібліятэчнымі ўстановамі, выкарыстоўваючы для гэтага мясцовыя творчыя калектывы, прыцягваючы краязнаўцаў, народных майстроў.

Надзённай задачай з'яўляецца функцыянаванне Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Пакуль пройдзены толькі першы этап: распрацавана навукова-тэхнічная дакументацыя. Аднак перадача звестак аб музейных прадметах у агульную базу пакуль ідзе вельмі марудна. На сёння ўключана толькі 200 прадметаў з амаль 830 тысяч унесеных у электронную базу. А значыць, Нацыянальнаму гістарычнаму музею, Цэнтру дзяржкаталога, упраўленням культуры аблвыканкамаў неабходна аператыўна арганізаваць працу так, каб перадача звестак аб музейных прадметах, уключаных у Музейны фонд, была ажыццёўлена ў вызначаныя Урадам тэрміны на працягу 2011 - 2012 гадоў.

Наогул, рээкспазіцыя музеяў краіны з'яўляецца надзвычай актуальнай, але большасць музеяў да гэтай справы яшчэ не падступае. Новыя, якасныя, цікавыя экспазіцыі і выстаўкі - гэта магчымасць прыцягнення дадатковых патэнцыйных наведвальнікаў. Спашлюся на прыклад Замкавага комплексу "Мір": на студзень гэтага года, у параўнанні з мінулым, музей наведалі звыш 9 тысяч чалавек. Гэта амаль на 90% больш. Атрыманыя даходы павялічыліся з 10,9 мільёна да 65.

Праблемным застаецца пытанне захавання музейных фондаў. Большасць рэспубліканскіх і мясцовых музеяў маюць патрэбу у сучасных фондасховішчах і спецыялізаваным абсталяванні для захавання музейнага фонду. Міністэрства культуры прапрацоўвае праблемы стварэння або будаўніцтва сучасных фондасховішчаў і дэпазітарыяў у Мінску для некалькіх музеяў, што дазволіць стварыць належныя ўмовы захавання і зэканоміць сродкі, вызваліць дадатковыя плошчы музеяў пад экспазіцыі і выстаўкі. Мне падаецца, што такім падыходам можна вырашыць праблему і ў абласных цэнтрах.

Плануем унясенне змяненняў і дапаўненняў у праект Закону Рэспублікі Беларусь "Аб музеях і Музейным фондзе", які паспрыяе ўпарадкаванню дзейнасці музейнай сеткі па фарміраванні Музейнага фонду, дазволіць музеям самастойна планаваць атрыманне даходаў.

Будзем працаваць над стварэннем інфраструктуры, накіраванай на фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы на прынцыпах карпаратыўнага ўзаемадзеяння. Да прыкладу, за перыяд рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла пачалі функцыянаваць абсталяваныя па сучасных патрабаваннях 837 бібліятэк у аграгарадках.

Сёння камп'ютарызавана трэцяя частка публічных бібліятэк рэспублікі: цэнтральныя, абласныя, гарадскія, раённыя, у тым ліку больш за чвэрць - сельскіх. У аўтаматызаваным рэжыме функцыянуюць усе галіновыя рэспубліканскія і абласныя бібліятэкі, цэнтральныя бібліятэкі мясцовых органаў улады. Забяспечана іх падключэнне аптавалаконнымі сувязямі ў адзіную карпаратыўную сетку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Падключана да сеткі Інтэрнэт 23,4% публічных бібліятэк, у тым ліку - кожная пятая сельская.

Атрымала актыўнае жыццё інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне ў электронным асяроддзі. Сумеснымі намаганнямі рэгіянальных і абласных бібліятэк ствараюцца электронныя базы даных, фарміруюцца цікавыя базы ўласнай генерацыі. Інавацыйнай стала арганізацыя інфармацыйна-даведачнага абслугоўвання на базе віртуальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, даступнай у сарака бібліятэках краіны, што дазволіла значна пашырыць выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў. Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры ўдзеле Нацыянальнай кніжнай палаты і найбуйнейшых бібліятэк краіны распрацавала Праграму развіцця нацыянальнай бібліяграфіі на 2011 - 2015 гады, фарміруецца электронная бібліятэка Беларусі.

Аднак, безумоўна, застаюцца і праблемы: не завершана аўтаматызацыя бібліятэк, па-ранейшаму актуальнымі застаюцца пытанні аднаўлення фондаў шляхам павелічэння новых паступленняў, у тым ліку і сацыяльна значнай літаратуры. На сёння Гродзенская вобласць не выконвае даведзеных паказчыкаў, а ў некаторых раёнах абласцей працэнт набыцця сацыяльна значнай літаратуры складае 6 - 8% замест 15%, устаноўленых нашай дзяржавай. Спадзяёмся, што завяршэнне фарміравання сеткі бібліобусаў у многіх раёнах дазволіць у бліжэйшы час вырашыць праблему абслугоўвання маланаселеных пунктаў нашай краіны.

Патрабуе паляпшэння агульны стан матэрыяльнай базы і тэхнічнага абсталявання, забеспячэнне захаванасці бібліятэчных фондаў. Не вырашана ў поўнай меры і кадравая праблема.

Некалькі слоў - аб установах культуры клубнага тыпу. Безумоўна, што яны сёння з'яўляюцца найбольш даступнымі і распаўсюджанымі. За апошнія гады прайшла адпаведная рэфармацыя, створаны новыя, больш адаптаваныя да сучасных умоў, тыпы і віды ўстаноў культуры. На базе ўстаноў культуры працягваюць працаваць гурткі і калектывы мастацкай самадзейнасці: менавіта яны забяспечваюць актыўную канцэртна-выставачную дзейнасць устаноў культуры. Падкрэслю, што менавіта традыцыйная культура і народнае мастацтва ствараюць адметнасць і самабытнасць нацыянальнай беларускай культуры, самым непасрэдным чынам спрыяюць перадачы традыцый з пакалення ў пакаленне. А роля носьбітаў традыцыйнай культуры, як і спецыялістаў ўстаноў галіны становіцца вызначальнай.

Масавасць, уласцівая народнай творчасці, дазваляе ёй лічыцца паказчыкам патэнцыйных магчымасцей культурна-творчай дзейнасці ў грамадстве. У такім кантэксце арганізаваная аматарская творчасць - на абшары Еўропы, яна з'яўляецца ўнікальнай, выступае як самастойная падсістэма адукацыі і выхавання асобы, патрабуе пастаяннай увагі і падтрымкі.

У апошнія гады ва ўсіх рэгіёнах асаблівая ўвага надаецца аднаўленню і развіццю розных відаў мастацкіх промыслаў і рамёстваў. У галіне культуры працуе 93 дамы і цэнтры рамёстваў, больш за 2,5 тысячы гурткоў і майстэрняў. І сёння мы бачым, як традыцыйныя народныя рамёствы актыўна скарыстоўваюцца пры афармленні грамадскіх, жылых пабудоў, якім попытам карыстаюцца ў нашых турыстаў. Гэтаму спрыяюць рэалізацыя рэгіянальных мэтавых праграм, стварэнне дамоў рамёстваў, салона па рэалізацыі вырабаў, правядзенне, напрыклад, у Мінскай вобласці, сістэмных святаў традыцыйных рамёстваў, рэспубліканскай выстаўкі "Вясновы букет" і г. д.

Аб павышэнні творчага ўзроўню ансамбляў мастацкай самадзейнасці сведчыць рост колькасці калектываў з найменнямі "народны", "узорны", "заслужаны". Але тут мы можам задаць сабе шэраг пытанняў: а ці трэба нам гнацца за колькасцю? Ці ўсе калектывы адпавядаюць гэтым найменням? Ці ў кожнай вобласці сфарміравана сістэма пацвярджэння званняў атэстацыі? І гэтак далей. Мы маем вялікі пласт народнай культуры, але павінны вельмі разумна гэтым багаццем распараджацца.

Эфектыўнай формай падтрымкі народнай творчасці застаецца правядзенне фестывальных мерапрыемстваў. Сёння прымаюцца дадатковыя меры па ўдасканальванні правядзення і дыферэнцаваны падыходы да іх фінансавання. Міністэрства культуры будзе і надалей актыўна падтрымліваць найбольш значныя і вядомыя міжнародныя і рэспубліканскія фестывалі: дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" ў Клімавічах, "Зямля пад белымі крыламі" ў Мазыры, нацыянальных культур у Гродне, "Звіняць цымбалы і гармонік" у Паставах, фальклорна-мастацкі "Берагіня" і іншыя, якія сталі творчымі лабараторыямі адпаведных жанраў мастацтва, візітоўкамі рэгіёнаў і краіны. Упэўнены, што пры зацікаўленым падыходзе спецыялістаў і мясцовых органаў улады праведзены Першы Фестываль этнакультурных традыцый "Покліч Палесся" ў Петрыкаўскім раёне стане ў перспектыве яркім і адметным фестывалем найбагацейшай культуры Палескага рэгіёна.

Разам з тым, у нашай краіне не хапае самабытных рэгіянальных і сельскіх фестываляў, якія не толькі прадстаўляюць мясцовыя культурныя традыцыі, але і вучаць людзей працаваць на адну цікавую ідэю, з'яўляюцца платформай для фарміравання патнёрства мясцовых улад, бізнесу і мясцовай супольнасці, папулярызацыі і захаванню рэгіянальнай традыцыйнай культуры, штуршком для развіцця тэрыторыі, як гэта адбываецца ў Польшчы, Францыі і іншых краінах. Дарэчы, можна прывесці ў якасці цікавага прыкладу фестываль "Мотальскія прысмакі" ў Іванаўскім раёне, што прыцягнуў шырокую ўвагу мясцовых прадпрымальнікаў, шматлікіх турыстаў з Беларусі і суседніх краін.

 Развіццю культуры ў сельскай мясцовасці ў апошнія гады значна паспрыяла Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла на 2005 - 2010 гады. Сёння ўжо можна сказаць, што практычна ўсе паказчыкі па развіцці культурна-дасугавай дзейнасці ў сельскай мясцовасці выкананы, але яшчэ ў кастрычніку мінулага года пад пагрозай выканання многіх паказчыкаў знаходзіліся Віцебская, Магілёўская, Мінская вобласці. Сёння мы можам выказаць упраўленням і аддзелам удзячнасць за выкананне праграмы, што стала сапраўдным прарывам у падтрымцы сельскай культуры. Працягам гэтай сістэмнай працы павінна стаць выкананне Дзяржаўнай праграмы развіцця сельскіх тэрыторый на 2011 - 2015 гады. Гэта павінна стварыць дадатковыя ўмовы для далейшага развіцця культуры ў сельскай мясцовасці. Сучасныя інавацыйныя падыходы патрабуюць прааналізаваць эфектыўнасць сістэмы кіравання сферай культуры ў разрэзе рэгіёнаў, сфарміраваць новыя мадэлі комплексных устаноў культуры, якія могуць спалучаць традыцыйныя функцыі з сучаснымі запатрабаванымі. Карысным будзе таксама вывучэнне вопыту рэгіёнаў Расіі - стварэнне аўтаномных устаноў культуры, Польшчы - разнастайных крыніц фінансавання, і іншых краін.

Міністэрства мае "доўг" перад рэгіёнамі па тыпавых штатах устаноў культуры, патрабуюць перапрацоўкі некаторыя іншыя нарматыўныя дакументы. Нам трэба рэгулярна сустракацца з прадстаўнікамі фінансавых органаў і аргументавана адстойваць інтарэсы сваёй галіны. Але трэба сказаць, што многія праблемныя пытанні могуць і павінны ўзнімацца на ўзроўні раёнаў і абласцей.

Колькі слоў - аб кадравай сітуацыі ў сферы культуры. Сёння ў сістэме культуры працуюць 63,8 тысячы чалавек. Пераважная большасць работнікаў культуры ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў мае значны стаж працы ў сферы, і толькі 11% працуюць менш за тры гады. Лепшы паказчык укамплетаванасці спецыялістамі з адпаведнай адукацыяй - ва ўстаноў культуры і мастацтва горада Мінска і Гродзенскай вобласці. Узровень адукацыі кадраў культуры ў Гомельскай, Віцебскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях ніжэйшы за рэспубліканскі паказчык. Вырашэнне гэтай праблемы залежыць ад многіх складнікаў: пачынаючы ад накіравання ў навучальныя ўстановы і заканчваючы стварэннем належных умоў працы. У кожнай кіраўнічай структуры тут маецца шэраг задач.

Працягвалі ўмацоўвацца станоўчыя тэндэнцыі ў сферы адукацыі галіны. За апошнія два гады на 4,5% павялічылася колькасць студэнтаў у ВНУ культуры і мастацтва. Рэарганізаваны ў каледжы пяць устаноў адукацыі. Праводзілася работа па пераўтварэнні вузкапрофільных устаноў у школы мастацтваў - іх колькасць павялічылася на 5%. ВНУ і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы распачалі работу па распрацоўцы сістэмы менеджменту якасці з мэтай іх далейшай сертыфікацыі. Да 2015 года плануецца правесці сертыфікацыю 15 навучальных устаноў.

На завяршэнне хачу звярнуцца да Праграмы "Культура Беларусі", аб якой казаў міністр. Гэта базавы праграмны дакумент з канкрэтнымі паказчыкамі, мы іх разам з вамі фарміравалі. Сёння на ўсіх нас ускладзена адказнасць не толькі ў дасягненні гэтых паказчыкаў: яны зусім рэальныя, а многія проста невысокія. Яны створаны для таго, каб мець магчымасці пашырыць, разнастаіць нашы культурныя паслугі. Мы маем для гэтага магчымасці, базу, адпаведныя кадры і агульнымі намаганнямі зможам гэтага дасягнуць.

Фота Юрыя ІВАНОВА