Рыгор Мікалаевіч - выхаванец Мінскага мастацкага вучылішча і БДТМІ. З 1976 года ўдзельнічае ў айчынных і замежных выстаўках, працуе не толькі ў станковым жывапісе, але і ў галіне медальернага мастацтва. Яго палотны "Водбліскі мінулага", "Сустрэча з аднарогам", "Гукі флейты", "Выхад з лабірынта", "Азірніся назад", "Вястун красавіка" на розных выстаўках мінулых гадоў мелі поспех у гледача.
Гэтым разам Р.Іваноў прадставіў новыя творы. Сутнасць іх аўтар цудоўна выявіў у наступных словах: "Уначы, гледзячы на велізарнае неба, уяўляеш, што знаходзішся ў вялікай цёмнай пуні, і як зоркі свецяць на небе, так і яе сцены працяты мноствам зіхатлівых шчылін. Ты прыпадаеш да іх вачыма і разумееш, што за бачнай цемрай знаходзіцца ў тысячу разоў большая прастора святла. І кожная шчылінка - зорачка, прасвет у іншы свет. Прасвет - гэта тонкая палоска святла, якая прабіваецца скрозь ледзь прачыненыя дзверы. Толькі намаганнем волі і сілай уяўлення яе можна прачыніць усё шырэй і шырэй. І вось дзверы адчыняюцца. Гучыць цудоўная музыка далёкіх сфер, і патокі зіхатлівага радаснага святла накіроўваюцца насустрач, і ты раствараешся ў гэтай прасторы. Гэта цуд святла! Пра што выстаўка? Пра свет, сведкай якога ты з'яўляешся".
Наш кар.