Кніга ўяўляе з сябе збор казак, што напісалі беларускія дзеці ў рамках конкурсу, які арганізаваў Беларускі фонд "Мы - дзецям". Малюнкі Цімохавай можна паглядзець, пагартаўшы яркае выданне. У экспазіцыі ж прадстаўлены асобныя акварэльныя аркушы і ілюстрацыі да кнігі "Вершы пра птушак".
Мастачка валодае майстэрствам быць рознай: кніжныя ілюстрацыі для дзіцячай аўдыторыі - экспрэсіўныя, напоўненыя радасцю, а работы для дарослых падаюцца ў нечым тужлівымі і спакойнымі. Дадае апошнім меланхалічнага настрою і шэра-карычневая манахромія. Падаецца, што героі твораў Цімохавай - вельмі крохкія, безабаронныя: дакранешся - і яны рассыплюцца са звонам крыштальных ільдзінак...
Жанчыны тут падобныя да птушак, а птушкі маюць жаноцкасць. Свет фантазій Рыты Цімохавай - своеасаблівы: тут няма месца грубасці, жарсцям - толькі медытацыя, гармонія, паглыбленне ў сябе, выяўленне асоб герояў і крышку чараўніцтва. Мастачка ўмее выдатна перадаваць дробныя дэталі і адценні, а яшчэ - "наваражыць" так, каб усё патанала ў лёгкім тумане.