Мелодыя і патэнцыял

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Ідэі для Культурнай сталіцы Беларусі-2011

/i/content/pi/cult/308/5280/pic_10.jpgПасля гомельскіх сустрэч Уладзімір ПРАКАПЦОЎ завітаў у рэдакцыю "Культуры", дзе распавёў аб сваіх уражаннях ад першага мерапрыемства ў рамках акцыі "Культурная сталіца Беларусі-2011":

- Палатно "Бацькоўскі дом" прысвечана Добрушскаму краю - маёй малой радзіме. Я закончыў гэтую карціну акурат да правядзення акцыі "Культурная сталіца Беларусі". А ўжо ў рамках прэзентацыі перадаў у дар Гомельскаму палацава-паркаваму ансамблю твор "Вуліца майго дзяцінства". Зазначу, што гэта першая такая выстаўка - прысвячэнне роднаму краю, хаця напісаў аб тым ужо не адну работу: "У бацькоўскім садзе", "Лазенка", "На Радаўніцу. Памяці бацькі", "Мелодыя надыходзячай раніцы", "Калядная раніца"...

У адкрыцці выстаўкі, што стала першым мерапрыемствам рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі", прынялі ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі Роберт Ландарскі і Мікалай Казакевіч, пісьменнік Анатоль Бутэвіч, землякі з Добрушчыны, дзе, дарэчы, існуе мая персанальная карцінная галерэя ў Раённым краязнаўчым музеі, якой у 2008 годзе перадаў звыш сарака твораў са сваёй майстэрні і ўласнай прыватнай калекцыі.

Так сталася, што перадача работ у рамках гэтай рэспубліканскай акцыі стала своеасаблівай традыцыяй для мяне. Летась свой твор "Святы дзень. Полацк" падарыў Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку. Таксама пад час святкавання 600годдзя перамогі ў Грунвальдскай бітве ў прысутнасці шырокай грамадскасці ў фонд Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку перадаў работу "Адам Міцкевіч. Боль паэта".

Зразумела, што і Нацыянальны мастацкі музей таксама далучыцца да мерапрыемстваў у Культурнай сталіцы. На маю думку, гэты статус нададзены не толькі Гомелю, які днямі атрымаў яшчэ і званне Культурнай сталіцы СНД, але і фактычна ўсяму рэгіёну. Хацелася б пашырыць кантэкст акцыі не толькі за кошт правядзення выставак, спектакляў, канцэртаў. Варта, лічу, ладзіць культурныя імпрэзы і ў вобласці. Скажам, паралельна з адкрыццём маёй выстаўкі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі пачынала працаваць экспазіцыя, прысвечаная Івану Шамякіну. Я прапанаваў недзе ў маі правесці выязное мерапрыемства Культурнай сталіцы на радзіме Івана Пятровіча - у Карме, паказаць работу, скажам, Нінэль Шчаснай "Снежныя зімы". Зазначу, дарэчы, што мясцовы краязнаўчы музей мае такія экспанаты, якіх няма ў сталіцы.

Нацыянальны ж мастацкі плануе правесці ў Рагачове ўнікальную выстаўку сусветна вядомага сёння графіка Анатоля Каплана, ёсць праекты па Добрушы. Мяркую, немагчыма абмінуць і той жа старажытны Тураў, багатую на традыцыі Ветку... Як бачым, многія раёны Гомельшчыны маюць ужо закладзены патэнцыял для атрымання статуса "Культурная сталіца Беларусі". І многае залежыць ад пазіцыі мясцовага кіраўніцтва.

Лічу таксама, што ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі павінна абавязкова прайсці вялікая выстаўка сучасных беларускіх мастакоў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах