Скажаце, толькі настальгія?

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Пра “Бацькоўскі дом” і ноў-хау Уладзіміра Пракапцова

/i/content/pi/cult/308/5279/pic_9.jpgНа мінулым тыдні ў выставачнай зале Гомельскага палацава-паркавага комплексу ў рамках акцыі "Культурная сталіца Беларусі" адбылася незвычайная мастацкая акцыя. Тут была адкрыта выстаўка... адной карціны. Яе аўтар - член Беларускага саюза мастакоў, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў, лаўрэат прэміі "За духоўнае адраджэнне" Уладзімір Пракапцоў.

Ён жа - генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, аўтар і куратар шматлікіх музейных праектаў, мастацтвазнаўчых каталогаў, манаграфій і артыкулаў. Словам, асоба ў краіне вядомая.

Дарэчы, такі незвычайны мастацкі праект у Беларусі, як выстаўка адной карціны, - ноў-хау Уладзіміра Іванавіча, па ідэі якога ў Нацыянальным мастацкім музеі "Дом Ваньковічаў" і ў Віцебскім мастацкім музеі ўжо адбыліся падобныя.

Карціна, што носіць назву "Бацькоўскі дом", прысвечана вёсцы Жгунская Буда Добрушскага раёна, радзіме мастака і ягоных бацькоў. Тут, у вёсцы, ён скончыў васьмігадовую школу, побач, у Добрушы, прадоўжыў вучобу ў сярэдняй школе № 2. А потым быў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, вучоба ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, абарона кандыдацкай дысертацыі па праблемах манументальнага жывапісу. З таго ўсё і пачалося: праца ў ЦК ЛКСМБ, Савеце Міністраў краіны, кіраўніцтва Мастацкім музеем...

Але, дзе б Пракапцоў ні працаваў, жывапіс заўсёды заставаўся яго шчырай любоўю, і, нягледзячы на вялікую загружанасць музейнымі і грамадскімі справамі, ён кожную вольную гадзіну - у майстэрні: і ўвечары, і ў выхадныя дні, і ў перыяд водпускаў...

Што цікава, галоўныя тэмы жывапісу - пастаянныя. Гэта пейзаж Радзімы, фігуратыўныя і партрэтныя палотны, звязаныя з вобразамі бацькоў і землякоў, славутыя асобы беларускай зямлі: А.Міцкевіч, М.Багдановіч, В.Бялыніцкі-Біруля...

Палатно "Бацькоўскі дом", над якім мастак пачаў працаваць яшчэ пяць гадоў таму,- таксама з гэтай настальгічнай памяці. Думаю, ён уклаў у карціну не толькі ўсяго сябе як жывапісца, але і сканцэнтраваў у ёй ўнутраны смутак, журбу, сум па прамінулым дзяцінстве, якое так часта прыходзіць яму ў сне... Гэта, скажаце, толькі пранізлівая настальгія? Патрэба душы не забываць тую зямлю, што цябе нарадзіла? Сыноўская ўдзячнасць бацькам, якіх ужо няма?

Вось гэтая вуліца, вось гэты дом... Залатая восень. Таполі скідваюць лістоту. На шырокай вуліцы- нікога; дом з вокнамі над аранжава-жоўтым дахам і суседнія хаткі ў глыбіні прасторы; светла-блакітнае неба... Усё- жывапісна, густа, амаль фактурна. З усяго гэтага нараджаецца складаная вобразна-пластычная сістэма: тут- і развітанне з бацькоўскім краем, і тэма адвечнасці пачаткаў быцця, і асаблівая ўяўнасць, і пранікнёнасць успрымання рэчаіснасці, якая даецца як найвышэйшы дар душы аўтара...

На здымку: У.Пракапцоў пад час прэзентацыі ў Гомелі.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"