Ідзе акцёр па горадзе…

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Касцяк і… спакуса, або Дваццаць гадоў тэатральнай Птушкі Фенікс

/i/content/pi/cult/308/5278/pic_8.jpgПрынята лічыць, што магчымасць рэгулярна спрычыняцца да ўзораў прафесійнага тэатральнага мастацтва - прывілея жыхароў сталічных ды буйных абласных гарадоў. Ды толькі любое "правіла", як вядома, мае свае выключэнні. Акурат такім прыемным і шмат у чым паказальным выключэннем з'яўляецца Мінскі абласны драматычны тэатр у Маладзечне. Не смуткуючы з прычыны несталічнай прапіскі, ён, створаны два дзясяткі гадоў таму, літаральна за некалькі сезонаў стаў не проста чарговай "кропкай" на тэатральнай карце краіны, а ўнікальным творчым арганізмам. І - выбітнай з'явай айчыннага мастацтва, што прыцягнула да сябе, тэатра-пачаткоўца, увагу і павагу папраўдзе ўсяго нашага тэатральнага грамадства. Яшчэ б, "на перыферыі" з'явіўся і расквітнеў тэатр, які даваў фору многім сталічным калектывам ці ж магло гэткае "чарадзейства" (дададзім, што з пункту гледжання арганізацыйных і іншых вытворча-творчых умоў - пастаўленае з першых жа гадоў працы на выключна прафесійныя рэйкі) не выклікаць шчырай прафесійнай зайздрасці?! Творчы імпэт, якім гарэлі маладзечанцы, бы магніт, вабіў сюды яркіх і цікавых рэжысёраў з усіх куточкаў нашай краіны - на пастаноўкі, акцёраў вядучых сталічных тэатраў - сыграць тую ці іншую ролю на гэтай сцэне з маладой трупай, і практычна ўсіх - на культавы ў свой час тэатральны фестываль "Маладзечанская сакавіца". Акурат у сценах гэтага тэатра і я, выпускніца Акадэміі мастацтваў, упершыню выйшла на шырокую публіку з "крытычным разборам" айчынных прэм'ер, уключаных у фестывальную афішу.   

І вось 18 лютага Мінскі абласны драматычны тэатр адзначае сваё 20-годдзе. У чаканні гэтай даты, радаснай не толькі для калектыву, але і для ўсяго горада Маладзечна, мы з вядучымі акцёрамі Барысам Доніным, Аляксандрам Пашкевічам, Алегам Чэчаневым, Аленай Рахмангулавай, Ірынай Камышавай і Таццянай Грасевіч, што працуюць тут практычна з самага пачатку, размясціліся ў акцёрскім фае тэатра для таго, каб акінуць позіркам той шлях, які быў адолены за гэтыя два дзясяткі творчага жыцця пад адным дахам.

Аляксандр ПАШКЕВІЧ:

 - Так, наш тэатр узнік дваццаць гадоў таму, ды толькі - не на пустым месцы. На той момант у горадзе быў моцны народны тэатр, які выступаў і быў вядомы не толькі ў Беларусі, але і на прасторах тагачаснага Савецкага Саюза. У той жа час, Мінская вобласць, як аказалася, - адзіная, што не мела прафесійнага абласнога драмтэатра. Вось і было вырашана стварыць яго на базе народнага.

- Але ж адна справа - удзел у аматарскіх пастаноўках, і зусім іншая - прафесійная тэатральная дзейнасць. Думаецца, далёка не ўсе былі гатовыя да таго, каб карэнным чынам змяніць уласнае жыццё і тэатр пераставіць на першае месца?

 Барыс ДОНІН:

- Маеце рацыю, акурат гэтак і было. "Раптам" аказалася, што змяніўся не толькі статус - з'явіліся планы, абавязацельствы, урэшце, іншыя прафесійныя патрабаванні і да нас саміх. І выбіраць было нялёгка. Я доўга думаў, вагаўся - усё-такі да таго моманту кожны з нас меў сваю прафесію, наладжанае жыццё. Але... зараз я тут.

Аляксандр ПАШКЕВІЧ:

- Але гэта не значыць, што мы закінулі свае прафесіі. Я, да прыкладу, доўгі час працаваў у тэатры на палову стаўкі па сумяшчальніцтве. Але з цягам часу тэатр зацягнуў мяне цалкам, і цяпер палова стаўкі "перакачавала" ў вучылішча, бо і з гэтым заняткам не магу расстацца.

Алена РАХМАНГУЛАВА:

- А я, разам з сямёркай маіх аднакурснікаў, прыехала ў Маладзечна адразу пасля інстытута культуры, па размеркаванні. Памятаю, як усе хваляваліся перад праслухоўваннем. А ў камісіі былі і Барыс Ільіч Донін, і Эма Ларыёнава... Але мне тады "пашчасціла" - балела горла, і не давялося нічога чытаць. Узялі на веру. З чаго для мяне пачынаўся тэатр? З таго, як расчышчалі наш будынак ад смецця. Недзе ёсць нават фотаздымкі, на якіх мы, бы будаўнікі, вывозім адсюль тачкамі ўсялякі друз. А першым спектаклем, пастаўленым адмыслова да адкрыцця тэатра, была "Зямля" па Якубу Коласу ў рэжысуры Мікалая Мацкевіча. Я там іграла дзяўчыну з вянком у масоўцы.

Аляксандр ПАШКЕВІЧ:

- Мацкевіч у "Зямлі" заняў літаральна ўсіх! Было шмат масавых сцэн: адны касілі, другія жабравалі...

Алег ЧЭЧАНЕЎ:

- А я, памятаю, - вазіў у спектаклі фурку. Адмыслова дзеля гэтага прыязджаў у Маладзечна з Мінску, так што ўся гэтая мая роля разам з дарогай туды-назад займала 6 гадзін! Але мне было важна і дорага іграць у тым спектаклі.

- З іншых спектакляў, што паўсталі на вашай сцэне за 20 гадоў, якія яшчэ вы згадваеце з асабівай цеплынёй?

Барыс ДОНІН:

- Пэўна, "Камедыю" ў пастаноўцы Андрэя Андросіка. Яна да гэтага часу ў нас ідзе, хаця пастаўленая ў 1992 годзе! І глядач любіць спектакль і кожны раз цёпла ўспрымае, ды і мы самі да гэтага часу атрымліваем асалоду ад ігры ў ім.

Алег ЧЭЧАНЕЎ:

 - Быў у нас цудоўны спектакль "Караль" Славаміра Мрожака ў пастаноўцы Венедыкта Расстрыжэнкава, які тады працаваў у тэатры чарговым рэжысёрам, - для мяне гэта была сустрэча з іншым тыпам тэатральнага мыслення, з цікавым і складаным матэрыялам, які вымагаў і ад акцёраў глыбокай унутранай аддачы... Некалькі гадоў таму, калі рэжысёр Ігар Блінкоў ставіў у нас іншы твор Мрожака - "Забаву", я, працуючы з ім, адчуў нейкае своеасаблівае вяртанне ў той, былы спектакль - нібыта сёння, праз пэўны час я маю шанц яшчэ раз вярнуцца ў сваю маладосць і адказаць на тыя творчыя пытанні, што здаваліся мне складанымі для разумення.

 Ірына КАМЫШАВА:

- Думаю, калегі пагодзяцца, нам шчасціла са спектаклямі і ролямі. Любы сталічны акцёр мог бы пазайздросціць таму, колькі ўсяго мы сыгралі. На адсутнасць роляў ніхто ў нашым тэатры не скардзіўся! Больш за тое, у нас была ўнікальная магчымасць працаваць з самымі рознымі рэжысёрамі, з усімі, хто, па сутнасці, былі "заканадаўцамі моды" ў беларускім тэатры. Акрамя нашага галоўнага рэжысёра Мікалая Мацкевіча ў тэатры ставілі Віталь Баркоўскі, Рыд Таліпаў, Валерый Раеўскі, Венедыкт Растрыжэнкаў, Генадзь Мушперт, Ала Палухіна... Складана ўсіх пералічыць. І гэта давала нам унікальную магчымасць сутыкнуцца з рознымі прынцыпамі работы, з яркімі рэжысёрскімі індывідуальнасцямі! Ну як тут не пазайздросціць самім сабе!

Алег ЧЭЧАНЕЎ:

 - І ў нас была выдатная магчымасць вучыцца, расці прафесійна. Колькі нашаму тэатру аддала Марыя Георгіеўна Захарэвіч, якая знаходзіла час у сваім купалаўскім раскладзе і прыязджала з Мінска ў Маладзечна, займалася з акцёрамі мовай, ставіла спектаклі і нават іграла з намі на адной сцэне... Такія ўрокі дарагога вартыя!

- Але ж, пэўна, блізкасць Мінска ва ўсе часы таіла ў сабе і спакусу з'ехаць у сталічныя тэатры?

Ірына РАХМАНГУЛАВА:

 - Натуральна. І часам падавалася, што наш тэатр успрымаецца як "перавалачная станцыя". Ды толькі тыя, хто так ставіўся да яго, у выніку самі знікалі з творчага поля. Але многія з тых, хто сёння працуе ў іншых тэатрах краіны, сапраўды пачыналі на маладзечанскай сцэне: Таццяна Юрык з Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, у Мінску - Ігар Падлівальчаў з Новага драматычнага, Яўген Іўковіч з Маладзёжнага, Віктар Багушэвіч - з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Раман Цыркін зараз - галоўны рэжысёр у Мазырскім драматычным тэатры... Усё гэта - "нашы" людзі!

Таццяна ГРАСЕВІЧ:

- Так, былі тыя, што прыходзілі і вельмі хутка сыходзілі з тэатра. Але ж касцяк наш захаваўся. І сёння мы, па сутнасці, - адна вялікая сям'я. І хаця ў любой сям'і маюцца свае нюансы і не заўсёды простыя ўзаемаадносіны, але ж важна, што ўсе ў нашым калектыве - не чужыя адзін аднаму.

Алена РАХМАНГУЛАВА:

- Вельмі клапаціўся аб гэтым наш колішні дырэктар тэатра Сяргей Барысавіч Вальковіч. І таму дзякуючы яму ўсе мы любілі гэтую сямейную атмасферу: для кожнага ў яго знаходзілася добрае слова, цёплая парада. На дзень нараджэння ён заўсёды дарыў нам кветкі, і калі ты ў гэты дзень не заняты ў спектаклі, прыходзіў дадому. І любыя святы былі нашымі агульнымі. Думаю, дзякуючы гэтай закладзенай ім атмасферы мы і застаемся - Тэатрам. І з намі - наш глядач.

- Дарэчы, які ён - маладзечанскі тэатрал?

Таццяна ГРАСЕВІЧ:

- Абсалютна розны, але заўсёды - прыхільны і ўдзячны. Ёсць і такія, што ходзяць на адзін і той жа спектакль шмат разоў. Адмыслова на той ці іншы акцёрскі склад.

Алена РАХМАНГУЛАВА:

- Так, часам прыходзяць у касу, не могуць вымавіць маё прозвішча і проста пытаюцца: "Няруская ваша сёння іграе"?

Алег ЧЭЧАНЕЎ: - А на "Камедыю" ходзіць жанчына, якую мы пазнаем ужо па смеху ў зале: ён узнікае літаральна за імгненне да таго, як мы прамаўляем той ці іншы жарт.

Ірына КАМЫШАВА:

 - Ды ўсё ж вельмі прыемна, калі, трапляючы ў госці, хто-небудзь з маладых хлопцаў альбо дзяўчат, часам зусім падлеткаў, кажа: а я ў вашым тэатры люблю таго альбо іншага акцёра...

 

Што дарагога каштуе?

Новы дырэктар тэатра Юрый Крывенькі - чалавек малады, але да атрыманага напрыканцы мінулага сезона "руля" ставіцца сур'ёзна:

- Наш гонар - гэта калектыў, той творчы акцёрскі касцяк, які сфарміраваўся за гэтыя гады і які сёння вызначае аблічча Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Акурат дзякуючы яму фарміруецца і сам тэатр, і стратэгія яго дзейнасці.

Для кагосьці дваццаць гадоў пакажацца зусім невялікай датай, але для нашага тэатра гэта важны адрэзак лёсу, які калектыў прайшоў годна, з разуменнем сваёй творчай місіі. І таму для нас гэта - надзвычай трапятлівая падзея.

Для мяне галоўным паказчыкам запатрабаванасці тэатральнага мастацтва ў невялікім Маладзечне з'яўляецца вось што: ідзе акцёр па горадзе - і яго пазнаюць, вітаюцца, дзякуюць за спектакль, цікавяцца новым у тэатры. Але ж я разумею, што неабходна клапаціцца і пра маладое папаўненне трупы - без свежых уліванняў проста нельга доўгі час падтрымліваць творчую бадзёрасць і імпэт.

- Зрэшты, вельмі важна каб і шэрагі тэатральных прыхільнікаў таксама "падпітваліся" моладдзю.

- Безумоўна, у нашым горадзе шмат моладзі, якая вучыцца ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. І ў нашых перспектыўных планах мэтанакіраваная праца акурат з гэтай, не да канца ахопленай намі глядацкай катэгорыяй. Вельмі ж хочацца дайсці і да іх душаў.

- Дарэчы, а які са спектакляў тэатра на вас зрабіў незабыўнае ўражанне?

- У свой час вельмі крануў "Вечар". Ды, зрэшты, гэты спектакль кранае ўсіх - нават тыя гледачы, якія бачаць яго не ў першы раз, усё роўна выходзяць з залы са слязамі на вачах. І гэта дарагога каштуе!