І прызнанне, і “аванс”

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Тэатральныя шэрагі “заслужаных” папоўніліся: яшчэ адным калектывам, што атрымаў гэтае ганаровае званне, стаў днямі Гродзенскі абласны драматычны тэатр.

Ва ўрачыстай атмасферы пад час сходу калектыву тэатра начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка ўручыў дырэктару тэатра Васілю Маркаўцу загад аб наданні ўстанове звання "Заслужаны калектыў".

Каменціруючы гэтае рашэнне Савета Міністраў, дырэктар тэатра зазначыў, што для трупы гэта - не толькі прызнанне яе высокага творчага ўзроўню, але і вялікі "аванс" для далейшай творчай дзейнасці.

Дарэчы, літаральна днямі тэатр прадставіў сваім прыхільнікам новую прэм'еру - спектакль "К'ёджынскія перабрэхі" Карла Гальдоні ў рэжысуры Генадзя Мушперта. Вясёлая і дасціпная італьянская камедыя пра тэмпераментных рыбацкіх жонак, у якой заняты вядучыя акцёры тэатра рознага узросту, у інтэрпрэтацыі гродзенцаў, не пакіне абыякавым нікога, хто трапіць у глядзельную залу. А на "парадку" дня - рэпетыцыі яшчэ дзвюх новых пастановак: казкі для дзяцей "Прынцэса без гарошыны" і "хіта" сучасных беларускіх тэатраў - "№ 13" Рэя Куні.