Пераход на лічбу

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Сталічныя кінатэатры зведаюць далейшую мадэрнізацыю.

Як паведамілі "К" ва УП "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама, у бягучым годзе чакаецца мадэрнізацыя абсталявання ў кінатэатрах "Перамога", "Бярэсце". Таксама запланаваны пачатак будаўніцтва новага лічбавага кінакомплексу на некалькі залаў - на месцы былога кінатэатра "Авангард" у мікрараёне "Грушаўка".

Што да новага "Авангарда", то гэта будзе чатырохзальны мультыплекс. Прадугледжваецца і спецыяльная дзіцячая пляцоўка, дзе бацькі змогуць пакінуць сваіх малых, пакуль самі будуць глядзець кіно.

На думку кіраўніцтва сталічнага пракату, поўны пераход мінскіх кінатэатраў на лічбавую апаратуру адбудзецца цягам бліжэйшых некалькіх гадоў. Усе залы плануецца абсталяваць апаратурай "DOLBY-3D", якая дазваляе паказваць стужкі са стэрэавыявай. Пры гэтым у Мінску павінна застацца некалькі ўстаноў, разлічаных на звычайную плёнку, каб дэманстраваць фільмы з запаснікаў.

Нагадаем, што лічбавыя тэхналогіі імкліва захопліваюць беларускія кінатэатры. Напрыканцы мінулага года 3D-кінатэатр адкрыў свае дзверы ў Гомелі, таксама запланавана пераабсталяванне залаў лічбавым абсталяваннем і ў іншых абласных цэнтрах краіны.