Опера ў палацы

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Сёлета ў Нясвіжы пройдуць чарговыя вечары для аматараў оперы і балета.

/i/content/pi/cult/308/5269/pic_3.jpgЯк вядома, у чэрвені мінулага года ў Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблі адбыліся прэм'ерныя вечары з удзелам артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У праграму мерапрыемстваў увайшлі опера "Чужое багацце нікому не служыць", балет "Шапэніяна" і гала-канцэрт.

Вечары ў Нясвіжскім замку выклікалі сапраўдны фурор і захапленне шматлікіх гледачоў. Яны і цяпер з нецярплівасцю чакаюць чарговага прыезду славутых сталічных гасцей і мараць аб тым, каб такія вечары сталіся больш частымі і працяглымі.

Як распавёў "К" намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Валерый Гедройц, сёлета гэтае мерапрыемства зноў пройдзе ля сцен Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля.

- Плануем прадставіць жыхарам і гасцям горада спектакль "Дзікае паляванне караля Стаха", - адзначыў ён, - балет "Трыстан і Ізольда" і некаторыя іншыя. У Нясвіжскай ратушы адбудзецца камерны канцэрт артыстаў аркестра і салістаў оперы нашага Вялікага тэатра, а гала-канцэрт напрыканцы мерапрыемства пройдзе ў самім палацы Радзівілаў...

Таксама летам, але ўжо ў Мінску, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета плануе правесці Міжнародны фестываль балета. Ён будзе доўжыцца прыкладна тыдзень, і, як зазначыў Валерый Гедройц, папярэднюю згоду ўдзельнічаць у гэтым форуме балетнага майстэрства ўжо далі тэатры з Расіі, Украіны, Грузіі.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"